Страница 8 из 14
Булай у гэтыя дні амаль не пакідаў завод. Ён быў заўсёды там, дзе цяжка, падказваў, падбадзёрваў:
— Не сумуйце, хлопцы, мы ў наступным месяцы дакажам скептыкам і малаверам. У нас ёсць свая сакрэтная зброя.
Булай стараўся не зганьбіць сваё добрае імя выхавальніка і заступніка новага, перадавога. Для яго гэта азначала не толькі падтрымаць рацыяналізатарскую прапанову, удалы пачын. Трэба было яшчэ даказаць, што толькі ён адзін здольны прабіць новаму дарогу. Так паяўляліся малаверы, скептыкі, раўнадушныя. У механічным іх чамусьці было заўсёды многа, што б хто ні прыдумаў цікавае або карыснае, болей, чым дзе б то ні было. Праўда, Булай ніколі не называў імёнаў, гаварыў, што жыццё само пасарамаціць кансерватараў.
Не прапускаючы нічога міма сваёй увагі, унікаючы ў кожную дробязь цэхавога жыцця, падмяняючы дзе трэба і дзе не трэба намеснікаў, інжынераў, майстроў, Булай не паспеў своечасова ўкараніць прапанову Дзікуна, выкарыстаць задуму Ганаковай, хаця добра разумеў, якую выгаду атрымаў бы ад гэтага цэх. Але прызнавацца ў сваім бяссіллі не хацелася таксама, нават сабе. Выручылі скептыкі, малаверы і кансерватары. Ён так іх граміў у тыя дні, калі план апынуўся перад пагрозай, што сам паверыў у іх існаванне, у тое, што дзейнічае ў імя праўды. Але ён не спаў у шапку. 3 дапамогай Кібрыка зноў перасунуў графікі выпуску новых валоў, замяніў іх старымі асвоенымі мадэлямі.
Алесь асцярожна быў папракнуў Булая, што паўтараецца ранейшае, а прагрэсіўныя метады працы занядбаныя.
— I цябе аблыталі,— з жалем сказаў Булай.
— Хто? Чым?
— Хіба я не гаварыў табе пра крыкуноў? — Булай пацёр далонямі скроні, стомлена апусціў вейкі.
— Стаміліся вы, Васіль Міхайлавіч.
— Інакш працаваць не ўмею, і табе не раю.— Булай усё яшчэ падазрона глядзеў на Алеся.
— Таму і гавару, Васіль Міхайлавіч. У вас няма нічога даражэйшага за работу, вы мяне зразумееце. Ніхто мяне не падвучваў. Сам хачу сумненні высветліць.
— Мала табе адной ініцыятывы? Другую прыдумаў: мяне крытыкаваць. Крытыкуй. Дзеля карысці справе ўсё стрываю. Я праінфармаваў кіраўніцтва завода. I мне сказалі, што можам тое-сёе са старой наменклатуры прапусціць. Так што дзейнічаю ў інтарэсах дзяржавы. Не думай, я дысцыпліну разумею. Вось што,— Булай быў пайшоў, потым вярнуўся.— Слухай, Саша, ледзьве не забыўся. 3 першага пойдзеш за старшага майстра, замест Ганаковай.
— А яна куды? — лёс Ніны цікавіў Алеся больш за свой.
— Зменным інжынерам. Задаволены?
— Ведаеце, Васіль Міхайлавіч, толькі не крыўдуйце. Мне не хацелася б. Здружыўся са сваімі брыгадамі, асабліва з Дубасавым. Толькі асвойтаўся, і на іншае месца. Не хацелася б.
— Не настойваю, але, думаю, так лепей. Мы з табой гаварылі ўжо. Трэба думаць пра інтарэсы дзяржавы... Усё будзе залежаць ад цябе.
«Зноў інтарэсы дзяржавы,— думаў Алесь, застаўшыся адзін.— Булай пра іх напамінае пры кожным выпадку. А як жа тады сумненні? Ці развеяліся яны? Цэх жа мог зрабіць большае».
Але вінаваціць Булая, як спачатку, не адважваўся. Алесь заўсёды захапляўся людзьмі, якія мелі сваю адзіную мэту і жылі дзеля яе. А Булай быў такі.
«Трэба будзе памагчы яму,— рашыў Алесь,— навалімся разам — рушым хутчэй».
X
Апошнія дні Алесь быў амаль шчаслівы. Была работа, была Ніна. Шчасце поўніла грудзі, хацелася зрабіць нешта вялікае-вялікае. Ён дабіўся нарэшце, каб паводле прапановы Сямёна Дзікуна, працавалі ўсе лініі, якія апрацоўвалі каленчатыя валы. Вытворчасць прадукцыі расла. Булай касавурыўся, стараючыся не паказаць выгляду, што незадаволены Алесевай настойлівасцю. Але Алеся ўжо не задавальняла зробленае. Ён насіўся з ідэяй, каб выконваць зменнае заданне за шэсць гадзін, а сёмую працаваць звыш плана.
I раптам першая хмурынка на чыстым небасхіле. Ніну пасылалі ў камандзіроўку на такое ж прадпрыемства, як і іхняе.
— Нашто табе ехаць? — пытаўся Алесь.
У адказ Ніна толькі весела смяялася. Расстанне яна не брала блізка да сэрца. А калі ён занадта настойліва прасіў застацца, казала:
— Ты — феадал!
Алесь не ведаў, ці кахае Ніна яго. Ён спадзяваўся. «Ты феадал» — у Нініных вуснах гучала для яго як прызнанне. Але спакою не прыбаўляла.
Поезд на Маскву адыходзіў позна ўвечары. Аднак Алесь прымчаўся да Ганаковых адразу пасля дзённай змены. Прымасціўшыся ў кутку на тахце, паныла глядзеў, як Ганна Сцяпанаўна збірае Ніну ў дарогу. 3 ім спрабавалі загаварыць, развесяліць, асабліва старалася Ганна Сцяпанаўна. Ён пакрыўджана маўчаў.
Ніна хадзіла па пакоі, нешта брала, нешта клала, часам жартавала. Ёй было весела, надавала жвавасці блізкая дарога, якой яна жыла, напэўна, з таго самага моманту, калі даведалася пра камандзіроўку.
Алесь адчуваў, як з кожнай хвілінай ён нібы аддаляўся ад Ніны ўсё болей і болей.
Ганна Сцяпанаўна заўважыла гэта, уздыхнула, падышла да Алеся, жартаўліва сказала:
— Не звяртайце на яе ўвагі, Саша. Мы тут з вамі такі занятак знойдзем... Яна яшчэ пазайздросціць. Вы будзеце наведваць мяне, старую?
— Што ты, мама!..— высунула галаву з-за дзвярэй Ніна,— у яго такая дзяўчына, наша табельшчыца. А ты...
Алесь хацеў быў запратэставаць і нечакана сказаў:
— Не дзяўчына — золата. Але вас, Ганна Сцяпацаўна, не забуду.
— Вось чуеш, мама,— Ніна нібы жартавала, але маці пачула ў яе голасе трывожныя ноткі. Яна паглядзела на дачку, уздыхнула, потым перавяла задумлівы позірк на Алеся.
На вакзал прыехалі перад пасадкай. Уся дэлегацыя завода была ўжо ў зборы. Ніна адразу пакінула маці і Алеся, далучылася да тых, хто ад’язджаў.
— Не паспееш, ці што? — строга сказала Ганна Сцяпанаўна.
Ніна толькі адмахнулася. Дарога вабіла, хвалявала, дык навошта быць з тымі, хто застаецца?
Алесь, які трохі развесяліўся, пакуль дабіраліся да вакзала, зноў спахмурнеў. Прыхінуўшыся да калоны, ён назіраў, як Ніна снавала ад аднаго са сваіх спадарожнікаў да другога, ажыўлена размаўляла, смяялася. Вось яна падышла да Кібрыка, нешта сказала. Кібрык падміргнуў, узяў яе далікатна пад локаць, падвёў да буфета.
Абвясцілі пасадку. Ніна на хвіліну падбегла, хацела ўзяць чамаданчык.
— Данясу,— буркнуў Алесь. А маці непрыкметна тузанула Ніну за рукаў.
Ніна прытворна ўздыхнула і сціпла пайшла побач. Затрымаўшыся ў тамбуры роўна на столькі, каб сказаць бывайце, Ніна адразу схавалася за чыёйсьці шырокай спіной.
Ганна Сцяпанаўна прабавала развесяліць Алеся. Ён адказваў, бо маўчаць было няёмка, і не заўважаў, што адказвае недарэчы. Ён не думаў, што так цяжка будзе расстацца з Нінай, хоць на кароткі, але такі доўгі тыдзень. Як то яму будзе без яе?
Пасля ён увесь час адчуваў, як нестае яму Ніны. На рабоце было яшчэ нічога. А ў вольную хвіліну не ведаў, куды дзець сябе. Не мог ні чытаць, ні ў кіно схадзіць. Ганну Сцяпанаўну наведаў назаўтра ж, як паехала Ніна. Карцела пайсці да Ганаковых і ў наступны вечар. Там было лягчэй. Але палічыў няёмкім надакучаць штодня.
XI
Ніна прыехала, не папярэдзіўшы Алеся. Ён сустрэўся з ёю толькі на заводзе. Ўзбуджаная, гаваркая, яна расказвала сябрам пра паездку. Алесь падышоў, прыслухаўся. Ніна заўважыла яго і, нібы яны развіталіся ўчора ўвечары, кіўнула галавой, не перастаючы расказваць пра балетны спектакль, які бачыла ў Маскве ў Вялікім тэатры.
У гэты час падышоў Булай. Ніна пайшла яму насустрач.
— Я так удзячна вам, Васіль Міхайлавіч, за камандзіроўку. Мы столькі пабачылі...
Не слухаючы, што ўбачыла Ніна яшчэ, Алесь з цяжкім сэрцам адышоў. У Ніны для яго не знайшлося ані слова. «Ну і няхай, я не падыду больш да яе»,— думаў ён.
Але варта было Ніне ў канцы дня прапанаваць яму схадзіць разам на вечар у заводскі Палац культуры, як ён забыўся на ўсе крыўды.
— Ты не заходзь па мяне, — спачувальна сказала яна. — Лепш адпачні. У цябе стомлены выгляд. Сустрэнемся там.
Ён заявіўся ў Палац адным з першых. Шырокая лесвіца, што вяла на другі паверх у файе, засцеленая прыгожай дывановай дарожкай, была яшчэ пустая. Алесь падняўся ў файе. Там ён сутыкнуўся з Сямёнам і Зінай. У чорнай, глыбока дэкальтаванай сукенцы, з белымі каралямі на шыі, Зіна была вельмі прыгожая. Сямён, пэўна, адчуваючы гэта, крочыў побач з ёй нясмела, раз-пораз беручы дзяўчыну пад руку і тут жа адпускаючы.