Страница 13 из 14
Алесь гатовы быў палезці ў бойку. Пракоп тузануў яго за крысо пінжака:
— Можа выцягнем, навошта на ражон перці?
— Што, я не разумею, ці што? — пачаў астываць Алесь.— Аднак усё можа здарыцца... Тады як? На чым той план выбіваць будзем? На гэтым загадзе?
У прыёмным пакоі начальніка цэха Ніна сама падышла да Алеся. Сказала, нібы рассталіся толькі ўчора:
— Сустрэнемся пасля работы? Пагуляем. Сонца вунь якое пякучае,— яна гаварыла, і ўсмешка, нясмелая, дрыготкая, трапятала на яе вуснах.
Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі. Сасновы водар туманіў галаву. Як даўно чакаў Алесь хвіліны, калі зноў побач з ім будзе ісці Ніна. I вось Ніна тут. Яе плячо кранаецца яго пляча. Яму хораша, чамусьці сумна і зусім не хочацца ні гаварыць, ні думаць. Ішоў бы, пасміхаўся сонцу і адчуваў бы побач Ніну.
— Ты маўклівы сёння,— Ніна падскочыла, сарвала з маладой сасонкі свежы парастак.— Перажываеш?
— Сядзем...
— Навошта ты сварышся з Васілём Міхайлавічам? Маўчыш? Ты наогул вельмі скрытны. Хаця б раз раскрыў сваю душу.
Напамін пра нядаўнюю сварку з Булаём, тон, занадта спакойны, будзённы, якім яна гэта сказала, непрыемна разанулі Алеся. Ён спытаў:
— Табе сапраўды гэтага хочацца?
— Не можаш супакоіцца? — Ніне зрабілася не па сабе ад гэтага калючага позірку.
— Я забыў, а ты напомніла. Гэта была толькі так сабе — прыстрэлка. Мне не хацелася лезці ў бойку перад усімі. Думаў сказаць яму аднаму, што, ганяючыся за працэнтамі, ён наносіць шкоду абсталяванню, а яшчэ большую — людзям. Так жа любую светлую думку загубіць можна. А гэта страшна, Ніна.
— Гучна. Нічога не скажаш.— Ніна кінула сасновую галінку.— Я табе вось што скажу, Саша. Хочаш сябраваць са мной — не гавары благое пра Булая. Ён усяго сябе аддае рабоце. А ты нагаворваеш на яго. Не трэба,— Ніна дакранулася да яго рукі.— Давай паходзім, не сядзіцца мне.
Вузенькія сцяжынкі між дрэў, пратаптаныя ў траве, пружынілі пад нагамі, як пластыкавы дыван.
— Дома ў нас таксама вялікі парк,— сказаў Алесь,— вясной мы заўсёды ў ім у вайну гулялі.
— Вясна ў тваім жыцці — гэта бойкі,— насмешліва сказала Ніна.— Цяпер я ведаю, чаму ты з Булаём схапіўся... Табе цяжка жылося?
— Чаму ты думаеш так? Жылося не горш, чым усім. Пасляваенная разруха. Пагарэлая вёска, многа дзяцей у сям’і,— Алесь усміхнуўся.— Я малы бегаў у гарод бацяна праганяць. Казалі, што ён дзяцей падкідае. Вось і баяўся, што прынясе яшчэ аднаго. Мне ж, старэйшаму, даводзілася іх глядзець.
— Каб ты заўсёды быў такі, — Ніна любавалася Алесем, — вясёлы, гаваркі. А то больш хмурышся...
— Гэта ад няпэўнасці. Люблю цябе, Нінка... — раптам сказаў ён.
— Хіба так гавораць пра каханне? — Ніна на імгненне запнулася і перавяла яго словы на жарт.— Трэба стаць на калені, цалаваць рукі... I гаварыць, гаварыць кампліменты, каб аглушыць, збіць з толку.
— А я сказаў сур’ёзна...
— Будзем сябрамі, Саша?..
Што ж, так гавораць заўсёды, калі не могуць сказаць большае.
— Прабач, Ніна. Я гавару зараз не ад крыўды. Наўрад ці ёсць такое сяброўства. Я не прызнаю яго. Такі ўжо, відаць, характар. Пакуль будзе каханне, я не падыду да цябе. I, мусіць, потым не падыду, бо ўбачу цябе такую, якая ты ёсць. Яшчэ раз даруй. Гэта, можа, непаслядоўна, але шчыра...
Ніна стаяла, апусціўшы галаву, і чакала, што ён перастане гаварыць крыўдныя словы, палагаднее. Але ён толькі паўтарыў «прабач» і пайшоў, прамы, спакойны.
XVII
Дабіваючыся чаго-небудзь, Булай не мог спыніцца на паўдарозе. Ён павінен быў дзейнічаць, даводзіць справу да канца. Цяпер у яго была адна мэта — зберагчы свой аўтарытэт, даказаць, што можа добра кіраваць нават цэхам-гігантам. Ён лічыў, што ва ўсіх недахопах, якія ёсць у рабоце цэха, вінаваты яго ворагі. Думалася, што, калі разграміць іх, дырэкцыя завода нарэшце пераканаецца ў яго выключных здольнасцях, верне былое давер'е.
— Ты чуў? — зайшоў ён у партбюро да Паўлаўца.— Наш Баравік самы сапраўдны распуснік.
Нічога падобнага пра Баравіка Паўлавец не ведаў, дый паверыць не мог, таму ён спытаў не без іроніі:
— Нешта ты ў маралісты запісаўся?
Упершыню ён звярнуўся да начальніка цэха, як роўны, і гэта непрыемна ўразіла Булая.
— Дрэнна, калі з сардэчнымі скаргамі людзі ідуць не да парторга, а да адміністратара. Да мяне, таварыш Паўлавец,— Булай гаварыў падкрэслена зняважліва.— Гэта зусім не садзейнічае вашаму аўтарытэту, як партыйнага важака. Баравік у Сямёна Дзікуна дзяўчыну адбіў. Ды нічога. Я яму пакажу...
— Любіш ты, Васіль Міхайлавіч, у чужую душу стаптаным лапцем залезці,— паморшчыўся Паўлавец.— Як на маю думку, дык трэба спачатку разабрацца,— і, каб скончыць прыкрую размову, спытаў: — У цябе ўсё?
— Стану я такой дробяззю займацца. Я гэты клубок сам разблытаю. А да цябе ў мяне вось што. Давай правядзём партыйны сход, закрыты. Абмяркуем, як выконваецца перадсвяточнае абавязацельства. Тое-сёе трэба падкруціць. Нешта балбатуноў у нас развялося...
Размова ішла спакойна. Аднак Булай выйшаў ад Паўлаўца ў дрэнным настроі. Ён быў дастаткова вопытны, каб адчуць, што парваўся яшчэ адзін моцны канат, які звязваў яго з цэхам. Непакоіла, што Паўлавец зусім не такі, як здавалася, што ён меў сваю думку, невядомую Булаю.
Канчалася змена. Булай ішоў па цэнтральным пралёце, гаспадарліва пазіраючы па баках. I ўпершыню адчуў глыбока-глыбока захаваны страх перад гэтымі людзьмі, што стаялі за станкамі і яшчэ ўчора ўяўляліся паслухмянымі і ўдзячнымі. Што ўрэшце здарылася?
Заўважыўшы начальніка цэха, Алесь узрадаваўся, што можа, нарэшце, пагаварыць пра Зініну просьбу.
— Та-ак...— Булай хіснуўся з наскоў на абцасы сваіх чаравікаў на тоўстай каўчукавай падэшве.— А брыгада?
— Прасілі.
— Прасілі? I Дзікун?
— I Дзікун,— пацвердзіў Алесь.
Булай крутнуў галавой, быццам каўнер сарочкі адразу стаў яму цесны.
— А што яны робяць? — раптам спытаў ён.
— Хто? — павярнуўся Алесь у той бок, куды паказваў начальнік цэха. — Ды гэта станок забарахліў к канцу работы. Але вы не турбуйцеся. Хлопцы пастараліся, план згодна графіка далі, вось і рашылі...
— Загад! — закрычаў Булай.— Вы падпісваліся пад маім загадам?
— Васіль Міхайлавіч, навошта фармалізм?..
Пэўна, не трэба было гаварыць пра фармалізм. Булай яшчэ ніколі не ўсумніўся ў правільнасці сваіх рашэнняў. I, тым больш, не цярпеў пярэчанняў ад падначаленых, калі быў раззлаваны.
— Блазнюк! Распуснік! — Булай не знаходзіў слоў.— Не дазволю тут шашні разводзіць!..
Скончылася змена. На некалькі хвілін спыніўся шум матораў. У цэху ўсталявалася нязвыклая цішыня.
Убачыўшы, што ля яго сабраліся людзі, Булай раптам супакоіўся і сказаў, нібы скардзячыся і просячы падтрымкі:
— Мала яму працоўную дысцыпліну парушаць, дык ён яшчэ дзевак спакушаць надумаў? Зіну Шалягейку. Але я разбяруся. Правільна?
На яго глядзелі са здзіўленнем, некаторыя нават з цікавасцю, аднак падтрымкі ці адабрэння ён не заўважаў. I тут ззаду праціснуўся Сямён.
— Як вам не сорамна? Гэта ж мана! — сказаў ён шэптам, які чуваць было лепш за нядаўні Булаёў крык.
— Та-ак...— Булай пераступіў з нагі на нагу.— Адступаеш? Нічога. Я помню, што і як ты надоечы мне гаварыў. Справа перастала ўжо быць асабістай.— I пайшоў, грозны, уладарны, поўны пачуцця ўласнай годнасці.
— Я не вінаваты, Алесь Мікалаевіч,— у роспачы Сямён кінуўся да Баравіка,— гэта ён усё перакруціў.
— Веру, веру,— Алесь абняў таварыша за плечы,— і рады, што ты мне паверыў...
* * *
Партыйны сход сабраўся на другі дзень пасля таго, як Булай аблаяў у цэху Алеся. Сакратар паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры ў прэзідыум.
— Паўлавец!
— Баравік!
— Падвесці рысу!
— Прашу слова для паведамлення,— парушыў парадак Булай.— Даю адвод Баравіку. Ён — звольнены па майму загаду.