Страница 11 из 14
Але Баравік не апраўдаў спадзяванняў. Булай пагартаў нарады, падпісаныя Баравіком, шукаючы, да чаго б можна было прычапіцца. Але і тут было ўсё чыста. Праўдалюбца... А капяні глыбей, дык і акажацца, што пакрыўдзіўся. Не назначылі старшым майстрам, як паабяцалі. Ну, нічога. Яшчэ пашкадуе!
Булай рашыў паставіць Баравіка на месца. Ён умеў гэта рабіць, кіруючыся тым, што нібыта дзейнічае на карысць справе. Булай умеў падпусціць туману ў вочы. Аднак у апошні час нешта нібы зламалася ў добра наладжанай сістэме. Прыходзілася траціць шмат сіл, каб даказаць, што ён дзейнічае правільна, бо камуністы цэха, прафсаюзная арганізацыя далёка не заўсёды лічыліся з яго аўтарытэтам. Але і ён быў не лыкам шыты. Да таго ж, думалася, з Баравіком будзе лягчэй: чалавек новы, за яго асабліва трымацца не стануць. А між тым яго прыклад паслужыць перасцярогай і таму-сяму іншаму.
Булай адкінуўся на спінку крэсла, расправіў плечы. Ёсць яшчэ порах у парахоўніцах! Старая гвардыя не здаецца. Булай націснуў кнопку званка. Калі з’явілася сакратарка, сказаў:
— Пасля работы чакаю Паўлаўца!
Булай выйшаў з-за стала насустрач Паўлаўцу. Правёў да мяккага крэсла, сам сеў насупраць.
— Ты прабач, Макар Сяргеевіч, што не я да цябе. Справы, многа спраў...— ён стомлена пацёр далонямі скроні.
— Што вы, Васіль Міхайлавіч, ці мне цяжка?
— Сам ведаеш, яшчэ скажуць, што Булай парушае партыйную этыку. Але, думаю, дзеля карысці справы...— Памаўчаўшы, сказаў: — Дзень і ноч не сплю. I так прыкідваю, і гэтак. Хачу параіцца і партыйнай падтрымкай заручыцца.
— Падтрымкай? — Паўлавец дапытліва зірнуў на Булая.
— Не думай, закон парушаць не збіраюся. Ломку наважыўся правесці.
— Цікава,— Паўлавец нахіліўся да субяседніка, каб было лепш чуваць — Булай гаварыў нягучна, паказваючы, што стомлены, увесь у думках.
— Падлічваў я неяк і прыйшоў да вываду,— Булай падбадзёрыўся, узяў чысты аркуш паперы, аловак. Расказваючы, маляваў квадрацікі, прамавугольнікі, злучаў іх паміж сабой прамымі лініямі.— У нашым цэху празмерна раздута сярэдняе звяно. Нас папракаюць, што цэх вялікі, плануюць нават раздзяліць. А мы ўзбуйнім участкі, брыгады, і тым самым выб’ем з рук прыхільнікаў падзелу галоўны козыр. Колькасць участкаў і брыгад у нас будзе такая ж, як і ў іншых цэхах. Кіраваць імі будзе прасцей, сабекошт прадукцыі панізіцца.
— Бадай, слушна,— зазначыў Паўлавец.
— Канечне, некаторыя расстануцца са сваімі партфелямі. Для кар’ерыстаў гэта можа і ўдар. А для сумленных працаўнікоў інтарэсы дзяржавы даражэй за асабістыя.— Нібы пабаяўшыся, што парторг не так зразумеў, паўтарыў: — Разумееш, якая выгода! Хай будзе больш рабочых, тых, хто дае матэрыяльныя каштоўнасці.
Булая быццам прарвала. Ён загаварыў узнёсла, натхнёна, бо зараз сам верыў, што задумаў перабудову цэха толькі дзеля карысці дзяржавы. I словы яго былі надзвычай пераканаўчыя. Паўлавец падаў яму руку:
— Падтрымліваю!
XIV
Побач з інтэрнатам рос рэдкі сасоннік — усё, што засталося ад лесу, які гадоў дваццаць таму назад грозна шумеў на гэтым месцы. Цяпер паміж дрэў праляглі дарожкі, на палянках паявіліся спартыўныя пляцоўкі. Зімой жыццё тут заціхала. А вясной, ледзь сыходзіў снег і падсыхала зямля, сасоннік ажываў, поўніўся людскім гоманам. Асабліва шумна было надвячоркамі. Збіраліся валейбалісты, і тады да цямна адтуль несліся гулкія ўдары па мячу, звонкія маладыя галасы, смех, крыкі.
Пасля работы Алесь пераапранаўся і садзіўся або ля акна, або выбіраў дзе-небудзь ціхі закутак і адтуль, зайздросцячы, пазіраў на валейбалістаў. Булай, думаў ён, узвёў на яго сур’ёзныя абвінавачанні. Здавалася, на заводзе паверылі Булаю, а на яго пазіраюць са знявагай. Брала крыўда на сваіх сяброў. Іх было нямнога, але, здавалася, яны былі шчырыя. Як жа яны маглі пакінуць яго, паверыць у беспрычынныя абвінавачанні! Ён прывык да шчырасці, адкрыта выказваў думкі. У арміі здаралася на партыйных сходах крытыкаваць старэйшых у чыне камандзіраў. Ніхто з іх не таіў крыўды, не трымаў пасля каменя за пазухай. Булая ж ён нават не крытыкаваў. Ён адчуваў, што нешта робіцца не так, як трэба, і хацеў зразумець, чаму гэта. Ён стараўся не на сваю карысць, і гэта было відаць кожнаму. Дык чаму раптам паверылі Булаю?
Прыгрэўшыся на вячэрнім сонейку, Алесь задумаўся аб сваіх нягодах і не пачуў, што да яго падышлі хлопцы. Пракоп паскардзіўся:
— Б’юць нас, Алесь Мікалаевіч. Выручайце.
— Але... — ён хацеў быў адмовіцца і не змог, імкліва ўсхапіўся.— Пойдзем.
На сэрцы заныла: там жа многа знаёмых. Прыйшоўшы на пляцоўку, з выклікам агледзеў валейбалістаў і збянтэжана апусціў вочы. Да яго ніхто не праявіў асаблівай цікавасці.
3 Алесевым прыходам гульня ажывілася. Ён стараўся перахапіць кожную падачу, падаў, адбіваючы моцны ўдар, спрытна біў сам. Калі гульня скончылася, ён быў потны і шчаслівы. Забыўся на Булая, на яго пагрозы. Ён быў малады і зноў адчуваў, што яго цела набіралася сілы.
— Дзякую, хлопцы, што выцягнулі, а то занудзіўся быў, — прызнаўся ён.
— Вы самі нешта пачалі цурацца нас, — сказаў Пракоп. — Булай не можа жыць, каб не накінуцца на каго. Цяпер на вас, заўтра можа — на мяне, ці яшчэ на каго. Ваюе, не спіць у шапку. Мы гэта ведаем, і да сэрца не бяром. Пакрычыць, пакрычыць — дый перастане...
— Як той казаў: а караван сабе ідзе... — растлумачыў Алег.
— Бог-Пярун патрабуе ахвяры... Так, ці што? — насмешліва запытаў Алесь. Яму ўжо не было справы да таго, што ахвярай зараз з’яўляецца менавіта ён. Яго абурыла лёгкасць, з якой Пракоп згаджаўся з гэтым.
— Во, хацеў супакоіць, падбадзёрыць, — пакрыўдзіўся Пракоп.
Алесь засмяяўся. Дарэмна ён кепска падумаў пра гэтых хлопцаў.
— А ну яго! — сказаў ён.— Пайшлі да мяне. Такую каву прыгатую.
Не паспелі дайсці да пад’езда, як іх аклікнулі. Ішоў Сямён з Зінай. Убачыўшы Алеся, Зіна спынілася, вырвала з Сямёнавай рукі сваю.
— Чулі? — Сямён быў узбуджаны, гаварыў гучна, ледзь не крычаў. — Чулі, што яна надумала?
— Сціхні! — узмалілася Зіна.
— А што, чаго сціхні? — Сямён пераможна глядзеў на сяброў: — Яна хоча да нас у брыгаду. Возьмем, га?
— Ты ўгаварыў? — усміхнуўся Пракоп, можа ўпершыню пазіраючы на дзяўчыну без іроніі.
— Сама, — Зіна раўнадушна адвярнулася, нібы гэта была не бог ведае якая падзея.
Пракоп наморшчыў пераноссе. У брыгадзе не было свабоднага месца. А як аб гэтым сказаць, каб не пакрыўдзіць дзяўчыну.
— Уладзім, — зразумеў яго ваганні Алесь і сказаў Зіне: — Я рады за вас.
— Дзякую! — яна ўспыхнула, бы макаў цвет.
— Чаго ж мы стаім? — апомніўся Алесь. — Сямён, Зіна, хадзем да мяне!
Сямён пакруціў галавой, але адмовіцца не паспеў: Зіна ўжо ўзышла на прыступкі. Сямён нешта буркнуў і паплёўся следам.
Пакой, дзе жыў Алесь, быў такі ж, як і ў хлопцаў, — звычайны пакой інтэрната, з адным акном, вузкі і даўгаваты. Толькі хлопцы жылі па тры чалавекі, а Алесь адзін. У яго было больш прасторна. Замест ложка стаяла тахта, ля другой сценкі — невялічкі стол, побач са столікам — крэслы. Сённяшнія госці — былі яго першыя. I ён чакаў, што яны скажуць.
— А ў вас няблага, — Зіна з цікавасцю агледзелася, адышла ад парога, правяла пальцам па стале. На лакавай паверхні стала засталася чорная бліскучая палоска. Зіна паківала галавой:— А ну, усе адсюль. Алесь Мікалаевіч, дзе ў вас вада і ануча?
Хлопцы пастаялі ў калідоры, пакурылі, прыслухоўваючыся, як Зіна перасоўвае мэблю, плёскае вадой. Затое пакоя было не пазнаць. Зіна не толькі прыбрала, але і па-свойму пераставіла і стол, і крэслы, і тахту, Пакой нібы зрабіўся шырэйшы, пасвятлеў.
— Вось гэта парадак, га? — Алесь збянтэжыўся.
— Можа больш пастараецеся, каб у брыгаду перавялі? — насмешліва сказала яна.
Каву Алесь прыгатаваў добрую, духмяную, густую.
— Аказваецца, можна і без віна абысціся,— сказала Зіна, — кава таксама на размову выклікае.
— Толькі не на нашым вяселлі, Зіна, — Сямён гэта сказаў спаважна, па-гаспадарску. — Там мы будзем піць віно...