Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 16



Аркадзь Панядзелак між тым расказаў усё, што ведаў пра Першамайку, і чакаў, што будзе з ім далей. Ён стаяў і калаціўся. Усе маўчалі.

— Дык на чыім жа баку ты цяпер будзеш? — жорстка спытаў Алёша.

— Ні на чыім, — усхліпнуў Аркадзь. — Даю чэснае слова, што не перайду да Косці.

Алёша зарагатаў. Ён паднёс кулак да самага носа Аркадзя.

— А гэта бачыў! — сказаў ён. — Са мной звязаўся, то цяпер не адвяжашся. Ты заўтра пойдзеш да копанкі і скажаш гэтаму Косцю, што назусім перайшоў да яго. Але як толькі я пачну наступленне, перабяжыш да мяне. Зразумеў?

Аркадзь маўчаў. Ён не ведаў, што гаварыць. Яму не хацелася падводзіць Косцю, і ён баяўся рудога Алёшы.

А калі Косця дазнаецца пра ўсё? — нясмела перапытаў ён.

Не скажаш, дык і не дазнаецца. I сваіх хлопцаў папярэдзь. Калі хто застанецца ў першамайцаў, то шкуру здзяру. Няхай зарубяць сабе на носе. Заўтра я гэтага Косцю распатлашу ў пух і прах... — Алёша пераможна зірнуў на хлопцаў.

Аркадзь стаяў, апусціўшы галаву. Выбіраць яму не прыходзілася. Ён, мабыць, праклінаў тую хвіліну, калі даў згоду ўступіць у слабадское войска і звязаўся з рудым Алёшам.

— Добра, — нарэшце згадзіўся Аркадзь. — Я зраблю, як ты гаварыў. Адцавайце мне штаны.

Алёша зноў зарагатаў. Ён, напэўна, прыдумаў нешта вясёлае, бо ледзь не качаўся па зямлі ад смеху.

— Я табе не веру, — сказаў Алёша. — Таму штаны аддам заўтра, як разаб'ю Косцю. Пачакаеш да заўтра...

Аркадзь зарумзаў. Ён плакаў, нікога не саромячыся, як дзяўчына.

— Калашкан, — падазваў Алёша камандзіра першага палка. — Знімі свае штаггы і аддай гэтаму ваяку. А заўтра, як разаб'ём Першамайку, зноў пераменіцеся. У тваіх штанах ён да Косці не перабяжыць.

Калашканавы штаны былі дзірка на дзірцы, але выбіраць не прыходзілася, і Аркадзь надзеў іх...

Назаўтра грымнуў бой. Усё адбылося амаль так, як намеціў Алёша. Першамайцы, якія ні аб чым не здагадваліся, плёскаліся ў Цітавай копанцы. Аркадзь у падраных Калашканавых штанах сядзеў на беразе. Станцыйныя хлопцы не купаліся.

— Шаляй-страца! — яшчэ на поплаве перад копанкай зароў Цярэшка Лузанік. Яша разам з другім старшым бамбардзірам бухнулі са сваіх гармат.

— У шатаку-аца! — аддаў агульны загад руды Алёша. Слабодка кінулася ў наступленне. Як толькі пачаўся бой, станцыйныя хлопцы на чале з Аркадзем перабеглі на бок Слабодкі і пачалі біць з рагатак па копанцы. Гэта адразу дало колькасную перавагу рудому Алёшу.

— Шавайцеся-здаца! Шавайцеся-здаца! — крычала ўсё слабадское войска.

Але першамайцы замацаваліся на другім беразе і паспрабавалі адбівацца. Боепрыпасы ім падносілі дзяўчаты. Доўгаў трымацца яны ўсё ж не змаглі. Руды Алёша паслаў частку сваіх сіл для абходу копанкі з тылу. Яша папоўз на жываце да кусцікаў, адкуль лёгка было ўдарыць першамайцам у спіну. Ён падкраўся да іх і падняўся на ўвесь рост. Раптам нехта стукнуў яму па назе. Хлопец азірнуўся і ўбачыў Лізу. У прыполе яна трымала грудкі гліны. Ліза, значыць, таксама ваявала.

— Стой! Ні з месца! — закрычаў Яша. — Ты палонная! Ліза зусім разгубілася. Яна глядзела на Яшу спалоханымі

вачамі і не ведала, што сказаць. Дзяўчынка хацела ўцякаць, але Яша схапіў яе за руку.

— Пусці мяне, Яша, — Ліза раптам заплакала. — Я не хачу ў палон.

Але Яша яе не слухаў. Ён моцна трымаў сваю палонную за руку. У гэты час ён зусім забываўся на тое, што вучыцца з Лізай у адным класе, што яна дае яму кніжкі, сябруе з ім, што яна, калі была на Новы год Дзедам Марозам, дала яму цукерак больш, чым каму. Яша не помніў у гэтыя хвіліны баявога ўзрушэння нічога таго добрага, што зрабіла для яго Ліза.

Становішча першамайцаў было між тым нявыкрутным. На іх насядалі з двух бакоў. Войска белагаловага Косці кінулася наўцёкі. Наўздагон яму прыпусціла слабадская лёгкая кавалерыя. Але нікога дагнаць не ўдалося. Палоннай была адна толькі Ліза.



На Лізу спачатку ніхто не глядзеў. Усе хваляваліся, расказвалі адзін аднаму пра свае подзвігі. Аркадзь Панядзелак адразу ж аддаў дзіравыя штаны Калашкану і надзеў свае. Калі бой скончыўся, Яша адпусціў Лізіну руку. Ён стаяў побач і маўчаў. Яму было няёмка.

Нарэшце да Лізы падышоў Алёша.

— Палонная? — запытаў ён. — Вось зараз мы табе ўсыплем. Будзеш ведаць, як лезці да нас...

Лізу акружылі і разглядалі, як нейкага звярка. Яшу стала крыўдна.

— Палонных не б'юць, — сказаў ён цвёрда. — Яе трэба адпусціць. Бой ужо скончыўся.

Гэта ж яго нявеста. Гы-гы-гы, — заржаў Аркадзь Панядзелак. — Яны яшчэ з першага класа шэпчуцца.

Кроў ударыла Яшу ў твар, і ён ужо не памятаў сябе. Ён схапіў Аркадзя за грудзі, і яны абодва пакаціліся па зямлі. Яша без літасці дубасіў Аркадзя па чым папала. Хлопцы кінуліся іх разбараняць. Ліза стаяла з белым як палатно тварам.

— А ты бяжы адсюль! — закрычаў на Лізу Алёша — Чаго вылупілася?!

Ліза пабегла. Яна не паспела адбегчы і дзесяці крокаў, як Алёша загадаў Калашкану:

Смальні па ёй з рагаткі. Будзе ведаць, як бегаць з хлопцамі.

— З дзяўчатамі я не ваюю. — Калашкан пры ўсіх схаваў сваю рагатку ў кішэню.

Ліза, адбегшы, нешта крычала і пагражала. Але яе слоў нельга было разабраць.

Яшчэ ніколі так не здаралася, каб Калашкан не выканаў Алёшавага загаду. Усе прымоўклі і чакалі, што будзе рабіць Тарабан. Але ён маўчаў. Ён, напэўна, сам адчуваў, што паводзіць сябе не так, як трэба.

Перамога была невясёлая. Не паспелі разбіць першамайцаў, як самі перасварыліся. Панядзелак румзаў і пагражаў Яшу. Калашкан стаяў надзьмуты. Ніякіх трафеяў, якімі б можна было ганарыцца, Слабодка не ўзяла.

— Будзем купацца, — сказаў Алёша. — Цяпер яны сюды і носа не пакажуць.

Але купанне не развесяліла. Хлопцы боўталіся ў вадзе, як нежывыя. Ніхто не хацеў ныраць, не пырскаўся і не пішчаў. Ніколі, мабыць, у час купання не было на Цітавай копанцы так ціха. Руды Алёша бачыў, што трэба нешта зрабіць, каб войска павесялела. Але што зрабіць, ён не ведаў...

У гэты час Змітрок Калашкан, які першы палез на бераг, незнарок скінуў у ваду Алёшава адзенне. Тарабанавы штаны адразу патанулі, бо ў іх у кішэнях было поўна розных жалязяк, а шапка без казырка паплыла па хвалях. Голы Тарабан кінуўся на Змітрака. У гэты час ён, пэўна, зусім забыў пра тое, што Калашкан — камандзір палка. Ён лупцаваў яго без літасці. Усю сваю злосць Алёша спагнаў на Калашкане. Змітрок не плакаў. Ён моўчкі выцер з разбітага носа кроў і надзеў свае дзіравыя штаны.

— Ты яшчэ папомніш мяне, Тарабан, — сказаў ён. — Ваюй цяпер адзін. Цалуйся са сваім Панядзелкам.

Калашкан пайшоў. Хлопцам было няёмка. Яны бачылі, што Алёша пакрыўдзіў Змітрака дарэмна. Але ніхто за яго не заступіўся. Усе маўчалі, таму што баяліся рудога Алёшы.

— Вельмі ганарлівы стаў, — сказаў Тарабан пра Змітрака. — Не слухае. Не трэба мне такія.

Алёшу падтакнуў толькі Аркадзь Панядзелак. Хлопцы моўчкі папляліся дадому. Першамайку разбілі, але ніякай радасці не было. Яша ішоў ад копанкі сумны і змрочны. Яго душа працівілася парадку, які ўстанавіў у сваім войску руды Алёша. Ён рабіў што хацеў і ніколі ні з кім не лічыўся. Ён зневажаў усіх, хто сам ішоў за ім. Летась гэтак жа ён збіў і Яшу, і ніхто яго тады не абараніў. Перад вачамі Яшы паўставаў разгублены твар Лізы. «Можа, і сапраўды яе трэба было пусціць, — думаў ён. — Яна ж так прасілася. Гэты дурны Тарабан яшчэ хацеў яе набіць. А Змітрок малайчына, ён не паслухаў Тарабана...»

Назаўтра ў Цітавай копанцы плавала дохлая кошка. Яша адразу здагадаўся, хто яе туды ўкінуў, і яму стала лягчэй на сэрцы. Гэта зрабіла, вядома, Ліза. Яна па-свойму адпомсціла і Яшу, і рудому Алёшу за сваю ўчарашнюю ганьбу. Але Яша не крыўдаваў на Лізу. Яна ўсё-такі здорава прыдумала. Няхай цяпер Тарабан кусае сябе за локці. Цэлы месяц рыхтаваліся да бою, разбілі Першамайку, а ў копанцы ўсё роўна купацца нельга. Ніхто ж не паіезе ў ваду, дзе плавае гэтая смярдзючая кошка.

Тарабан пагражаў Першамайцы, белагаловаму Косцю, абяцаў сцерці яго ў парашок, а Яша толькі ўсміхаўся. Ён ведаў, што Косця тут ні пры чым. Калашкан да копанкі зусім не прыйшоў, і Алёша прызначыў новым камандзірам палка Цярэшку Лузаніка.