Страница 88 из 98
Тады калона на полі стала распаўзацца ўшыр, загаварылі нявідныя адсюль нямецкія гарматы і мінамёты. Яны найбольш абстрэльвалі батарэю, каля якой цяпер увесь час не сціхаў грукат.
Калона ішла проста па полі, мнучы і топчучы збажыну. З-за пагорка выпаўзлі яшчэ некалькі танкаў, за якімі варушыліся густыя рады і купкі пехацінцаў, ледзьве бачных у жыце. «Адкуль іх столькі сабралася!» — падумаў здзіўлена і ўстрывожана Юрый. Шарыфутдзінаў штосьці сказаў, але Юрый не разабраў тых слоў, і казах паўтарыў у другі раз:
— Як саранча, кажу... Яны — як саранча!.. Паўзуць. Многа.
Там, каля ўзгорка, было, напэўна, разы ў два больш, як нашых.
— Нічога, мы ўжо бачылі такіх, — Юрый сказаў з ноткай пагарды і знарок спакойна.
— Бачылі! С-саранча...
Юрыю ўжо не раз даводзілася біць гітлераўцаў і бачыць, як яны — няхай часам пасля вялікага бою — уздымаюць паслухмяна рукі. Спрактыкаваным вокам франтавіка Юрый заўважыў, што ў тых, хто хацеў прарвацца, цяпер было менш, як калі-небудзь раней, парадку і зладжанасці...
Аднак ён адчуў, што справіцца з такою сілай будзе нялёгка. Вельмі ж багата іх тут. Ды і, акрамя таго, лезуць яны вельмі настырна, быццам ашалелыя. Напралом пруць...
Юрый махнуў кулямётчыку:
— Давай!..
Ён мільгам зірнуў у бок бранябойшчыка. Цэлы, страляе. Стаў пазіраць туды, куды б'е кулямётчык: гітлераўцы беглі насустрач. Падалі — адны назаўсёды, другія, каб перадыхнуць: праз хвіліну яны зноў уздымаліся і беглі... Падалі і беглі.
На полі дымела ўжо некалькі машын, было там нямала параненых і забітых, але постаці ў зялёных мундзірах па-ранейшаму ірваліся наперад... Тры танкі, да паловы схаваныя жытам, віляючы, б'ючы з кулямётаў, беглі хутка на акопы ўзвода Праворнага.
— Гранаты!.. Адбіваць танкі!.. — крыкнуў Юрый, голас якога патануў у грукаце. Ён выцягнуў з гранаты вусікі чакі, сціснуў колькі сілы пальцамі ручку.
Але адзін з танкаў ужо замёр, прашыты навылёт у вежу артылерыйскімі снарадамі, а хутка нехта — ці артылерысты, ці, можа, хто-небудзь з бранябойшчыкаў — спаліў і другі. Куля ці снарад папалі, напэўна, у бак з гаручым, бо над танкам адразу высока выбухнуў клуб дыму... Трэці танк, які крыху адстаў, хаваючыся за дымам, адстрэльваючыся, не разварочваючыся, пачаў адступаць назад...
Потым з боку немцаў пачаўся шалёны абстрэл з гармат. Адзін снарад упаў на край суседняга з Юрыем акопа, пасекшы ўшчэнт байца-астраханца, які сядзеў там. «Вось бязглузда — калі загіну цяпер», — падумаў мімаволі сержант. Яму на нейкую хвіліну ўспомніўся Вася Крайко, размова з ім пра бацьку і тая надзея хутка ўбачыцца з бацькам, з якой Юрый жыў гэтыя два дні... Не, не, яны абавязкова пабачацца!..
Праз некаторы час сюды падышло некалькі «кацюш». Калі снарады «кацюш» пачалі з грукатам ірвацца ў радах гітлераўцаў, націск іх прыкметна паслабеў. Дзе-ні-дзе салдаты сталі разбягацца. Пасля трох — чатырох залпаў «кацюш» над жытам пачалі з'яўляцца першыя шматкі белых тканін.
— Спыніць агонь! Спыніць! — пачуў Юрый голас Праворнага, заўважыўшы, што «кацюшы» і гарматы ўжо сціхлі. Азірнуўшыся на ўзводнага, Юрый убачыў, што малодшы лейтэнант, устаўшы ў поўны рост, зграбны, стомлены, выцірае пілоткай спатнелы твар. Каля Праворнага быў сувязны ад камандзіра роты, які штосьці гаварыў.
— Другое і трэцяе аддзяленні — да мяне!.. Пойдзем браць фашыста ў палон!..
Юрый загадаў сваім байцам, каб перасталі страляць. Яго аддзяленне павінна было застацца пакуль тут. «На ўсякі выпадак», — як сказаў малодшы лейтэнант.
Гукнуўшы на дапамогу Шарыфутдзінава, Юрый разам з ім выцягнуў з акопа забітага байца. Трэба было пахаваць яго.
— Чаму яны стралялі? — ні то пытаўся, ні то разважаў сам з сабою Шарыфутдзінаў, робячы даўжэйшым акоп, у якім быў забіты баец. — Ім трэба было здавацца, а яны — стралялі! Навошта яны стралялі,— бескарысна стралялі?..
Так, біліся яны бескарысна. Азірнуўшыся на поле, Юрый бачыў, як гурты немцаў, узняўшы рукі, паспешліва выбіраюцца на дарогу, як пехацінцы і яго «землякі» прачосваюць жыта, абяззбройваючы тых, хто хацеў схавацца. На дарозе расла гара трафейнай зброі, якая цяпер не магла ўжо нікому пагражаць, а побач з ёй пакорліва ціснуўся натоўп палонных.
Ён хутка павялічваўся...
3...
Сустрэча Баумволя з рускімі каля пасёлка была трагічнай для генерала. Адразу, ледзь толькі група завязала бой, генерал з некалькімі афіцэрамі аддзяліўся ад яе, аднак уцячы непрыкметна не ўдалося: Баумволя і яго паплечнікаў неўзабаве акружылі, і генералу, хочаш не хочаш, прышлося падняць рукі.
Апоўдні Баумволя прывялі да камандзіра гвардзейскай дывізіі генерал-маёра Шчарбацюка.
Шчарбацюк сядзеў за сталом. Ён дазволіў генералу сесці на сялянскі ўслон па другі бок стала, запытаўся:
— Як генерал адчувае сябе?
Баумволь хвіліну маўчаў, як бы ў роздуме, потым расшчапіў губы і панура прамармытаў, што вельмі стаміўся. Апошнімі начамі яму даводзілася мала спаць, — ён цяпер пакутуе ад моцнага галаўнога болю. Баумволь пакутліва наморшчыў лоб.
Генерал-маёр папрасіў, каб прынеслі пірамідону. Маёр-перакладчык працягнуў панураму генералу пакецік з парашком. Баумволь разгарнуў яго і, прыплюшчваючы вочы з пачырванелымі павекамі, стаў недаверліва прыглядацца да парашку. Крывячы губы, трывожна прамовіў:
— Дзіўны колер у пірамідона...
Шчарбацюк супакоіў яго. Генерал запіў парашок глытком вады.
Тады пачаліся іншыя скаргі. Баумволь пашкадаваў, што згубіў акуляры. Скардзіўся, што няма некаторых дарагіх яму асабістых рэчаў, што няма змены бялізны і абмундзіравання, якія ён, ідучы з групаю, пакінуў пры штабе войск. Ён хацеў бы, каб рускія, калі можна будзе, знайшлі гэтыя рэчы і перадалі яму.
Баумволь папрасіў пакінуць пры ім дзеншчыка, які быў узяты ў палон разам з ім.
— Добра. Я загадаю, каб дзяншчык быў пры вас, — адказаў уступчывы Шчарбацюк. — Больш няма просьб?
О, не, — у генерала ёсць яшчэ адна просьба. Можна сказаць, самая жаданая.
— Я даўно збіраўся наведаць сям'ю і адпачыць. Мой дом у Мюнхене бамбардзіроўшчыкі разбілі,— мая сям'я пераехала ў Кётцынген. Амаль цэлы год яна ўжо ў Кётцынгене... Я хацеў бы, каб рускае камандаванне дазволіла мне паехаць на некаторы час... у Германію. Мне трэба наведаць сям'ю і адпачыць...
Генерал-маёр, пачуўшы гэта, паглядзеў на свайго палоннага з падазронасцю: ці не адбілі ў яго апошнія баі рэшткі розуму? У Германію захацеў, адпачыць!
Што адказаць яму, гэтаму нахабе? Шчарбацюк на хвіліну задумаўся.
— Наша камандаванне, я спадзяюся, магло б даць згоду на гэта. Мы хацелі б, каб у Германіі ведалі аб становішчы ў рускім палоне. Але... відаць, нямецкае камандаванне не дазволіць...
Генерал-маёр, якому хацелася хутчэй перайсці да справы, каб не траціць марна часу, рэзка змяніў кірунак размовы:
— Як вы ацэньваеце становішча германскіх войск у Беларусі?
— Нашы войскі перажываюць вялізны ўдар. Я павінен сказаць, — становішча іх вельмі цяжкае... Аднак не безнадзейнае,— дадаў пасля паузы Баумволь.
— Што ж, вы лічыце, неабходна вашым войскам?
Твар Баумволя стаў жорсткім і цвёрдым.
— Біцца да канца!
Генерал-маёр, стрымліваючы іранічную ўсмешку, пацікавіўся, чаму ў такім разе Баумволь кінуў войскі.
— Ці не думалі вы, кінуўшы дывізіі ў смяротнай небяспецы, аб тым, каб выратаваць сваё жыццё?
— Не, я хацеў прабрацца да сваіх, каб... стварыць новую дывізію.
— Але ж вы кінулі на смерць ранейшыя... Тысячы салдат!..
— Гэта не мае значэння. Вайна не абыходзіцца без ахвяр...
— Без гэтых, я думаю, яна абышлася б. Іх ахвяры не патрэбны ні вайне, ні Германіі... — Шчарбацюк памаўчаў. — Вы можаце жыццё многіх з іх выратаваць. Перад імі стаіць небяспека — бязглузда загінуць. Бязглузда, паўтараю, таму што становішча іх — і ўсіх вашых войск — безнадзейнае. Мы не выпусцім адсюль ніводнага салдата ці афіцэра. Ніводзін з іх не вырвецца з акружэння. Або ў палон — або смерць. Палон цяпер — самае разумнае. Вы добра ведаеце гэта... — камандарм адразу сурова скончыў: — Камандаванне арміі даручыла мне прапанаваць, каб вы звярнуліся да акружаных войск з заклікам спыніць супраціўленне.