Страница 81 из 98
Так, гэта была яшчэ як бы партызанская сустрэча, што збоку амаль нічым не адрознівалася ад якой-небудзь нарады перад баявой аперацыяй. Партызаны яшчэ нярэдка, калі іх пытаўся Малінін, станавіліся смірна, адказвалі потка, залішне галосна. Але самі людзі і нават Туравец гэтага не заўважалі, — іх хвалявала і радавала іншае, нязвычнае, якое прымушала ўсіх, хто сядзеў у гэтым кабінеце, адчуваць сябе неяк асабліва, па-святочнаму, нават урачыста. Малінін кожнага распытваў пра даўнія мірныя спецыяльнасці, пра тое, што звычайна было недзе толькі ў памяці, у мінулым або хіба ў марах... А самае хвалюючае падыходзіла тады, калі сакратар гаркома гаварыў:
— Гарком рашыў вас накіраваць на працу...
І тады людзі проста, нібы ў казцы, перайначваліся: хто станавіўся дырэктарам электрастанцыі, школы, хто — начальнікам пашпартнага стала, хто — загадчыкам аддзела камунальнай гаспадаркі. Уставалі, калі сакратар гаркома выклікаў іх, партызанамі, а сядалі зноў на сваё месца «мірнымі» начальнікамі...
«Загадчык аддзела!— здзіўляўся Шашура.— Быў разведчыкам, а цяпер загадчык аддзела камунальнай гаспадаркі. І трэба ж, каб такую пасаду далі разведчыку!.. Эх, дарэчы,— схамянуўся падрыўнік, — трэба заўтра забегчы да яго, папрасіць хоць пакой. Дасць ці не дасць? Ліха яго ведае, якім ён сябе пакажа на гэтай новай пасадзе... Павінен даць, душа з яго!» — падрыўнік прыгадаў Аксінню, уявіў сябе з ёю ў гэтым будучым пакоі, — ад чаго ў грудзях яго прыемна пацяплела.
Потым неспакойнага падрыўніка захапіла праблема: а куды ж яго пашлюць! Слесарам, сталяром? На начальніка пашпартнага стала, ён, напрыклад, не падыдзе — вельмі вёрткі. Там трэба сядзець многа... Шашура такім спосабам перабраў некалькі пасад, як паклікалі да стала яго.
— Табе, Шашура, прыдзецца заняцца арганізацыяй харчавання, — сказаў яму Туравец, які сядзеў збоку ад Малініна. — Будзеш дырэктарам вялікай сталоўкі. Што табе трэба? Даць харчаванне рабочым, служачым. Справа вельмі пачэсная!.. Памяшканне...
Туравец глянуў на сакратара. Той устаў з-за стала і загаварыў да Шашуры:
— Памяшканне ёсць. Праўда, таварыш Шашура, трэба будзе яго падрамантаваць... Падабраць кухараў, афіцыянтак. Знайсці мэблю, пасуду, — мэблю можна, дарэчы, узяць у рэстаранах, якія тут працавалі... Там яна, кажуць, засталася... Прадукты — будуць, але першымі днямі, пакуль не наладзім падвоз, вы атрымаеце вельмі мала. З тых складаў, што ўдалося захапіць... Адным словам, патрэбна добрая гаспадарлівасць, ініцыятыва. Ну, вядома, і знаходлівасць партызанская!.. Так, так — знаходлівасць! Не здымайце яе з узбраення... Ну, вось усё. Задача, па-мойму, ясная? Ясная. Тады — астаноўка за вамі.
— Калі можна што-небудзь зрабіць, таварыш сакратар, за мной астаноўкі не будзе...
— Пабачым...
Так былы падрыўнік атрымаў першае мірнае заданне.
3...
Калі партызаны разышліся, Малінін правёў Тураўца і паказаў загадчыку аддзела кадраў яго «кабінет». Гэта быў даўгаваты пакойчык з адным акном, каля якога стаяў стол і два табурэты, а каля сцяны — зеленаватая нямецкая шафа. Пакойчык быў ужо чыста вымецены і нават памыты. Застаўшыся адзін, Туравец вышаў і хутка вярнуўся з рэчавым мяшком і курткаю.
Павесіўшы куртку на цвічок, а мяшок паклаўшы каля дзвярэй, ён падышоў да акна, паглядзеў на асветленую сонцам вуліцу, на пустыры з абодвух бакоў яе. Расчыніў акно...
Трэба пачынаць. З чаго? Ён ведаў, з чаго: гораду патрэбны і дырэктары заводаў, і інжынеры па электрычнасці, і добрыя фінансісты, і старшыні арцеляў, і клубныя работнікі. Дзесяткі важных устаноў і прадпрыемстваў чакаюць людзей...
Чакаюць. Але людзей гэтых пакуль — на бяду — мала. Вельмі мала. Амаль няма... Туравец пачуў, што ззаду расчыніліся дзверы, і азірнуўся.
— Выбачайце,— сказаў, уваходзячы, хударлявы, прыгожы, немалады чалавек. — Думаў, што нікога няма. Не пастукаў... Голуб, урач...
— Помню вас, таварыш Голуб. Добры дзень! Вы ў мяне — першы, самы пачэсны, значыць, госць...
Цяжка давялося «самаму пачэснаму госцю». Успомніўшы тое-сёе з Голубам, парадаваўшыся сустрэчы, даведаўшыся, дзе ўрач быў,— аказалася, у партызанскім шпіталі,— Туравец запытаўся:
— Значыцца, думаеце заняцца практыкай: лячыць вушныя хваробы і пісаць дысертацыю?
— Так-так, дысертацыю. Абавязкова. Мне ўжо даўно трэба было напісаць яе, ды, ведаеце самі — вайна...
— Так, дысертацыя — добрая справа,— падтрымаў Голуба Туравец. — Матэрыял цікавы, праўда?
— Многа цікавага накапілася. Тры гады як-ніяк...
— Вопыт, напэўна, вельмі каштоўны?
— Каштоўны!
— Гэта добра, вельмі добра!
І такім жа лагодным, зачараваным тонам раптам запытаўся:
— А ці не ўзяліся б вы, таварыш Голуб, — часова, вядома, — за такую справу: загадваць аддзелам аховы здароўя, а? Часова, паўтараю, на некалькі месяцаў... Вельмі патрэбная справа! А?
— Патрэбная, — згадзіўся ўрач.
— Вельмі патрэбная, — падхапіў Туравец, пераходзячы на той асобы прыяцельскі тон, у якім было і давер'е, і надзея, і пры якім субяседніку, як ведаў Туравец, цяжка станавілася адмаўляцца. — Нават — неабходная!
Голуб спахмурнеў, задумаўся і адказаў, як бы просячы выбачэння, што не можа ўзяцца за гэтую справу.
— Чаму?
— Не магу. Не спраўлюся.
— Вы не справіцеся? Я, прызнаюся, не веру ў гэта.
— Як гэта не верыце?
— Не веру, што вы не справіцеся! Адзінае, што я адчуваю з вашага адказу, будзем гаварыць шчыра: вы не хочаце мяняць сваіх планаў... так? — Туравец узняўся.— Я, Ціхан Сяргеевіч, разумею ваш настрой. Пісаць дысертацыю, аб якой столькі год думалі... Больш таго, я лічу, што вы маеце на гэта поўнае права. Але,— загаварыў неяк асабліва ўзрушана Туравец,— нам патрэбны людзі на некаторых, найбольш важных участках. Вы разумееце? Вельмі патрэбны, дазарэзу! У тым ліку і там, куды мы хочам вас паслаць. Там павінен быць сёння-заўтра чалавек, інакш сарвецца вельмі важная справа... Наладзіць медабслугоўванне трэба як мага хутчэй. Чым раней, тым лепш!.. У Мінску цяпер тысячы хворых і скалечаных, вы разумееце?..
Туравец неспакойна прайшоўся. Голуб падумаў пра Тураўца: які ўчэплівы! — крыху няўпэўнена прамовіў:
— Вы так гаворыце, быццам я абавязаны пайсці.
— Так, вы не памыліліся. Я лічу, што вы, Ціхан Сяргеевіч, абавязаны пайсці, — пераканана сказаў Туравец. — Калі вы адчуваеце, у якім становішчы горад — а вы адчуваеце гэта — і калі вы ведаеце важнасць вашай працы, вы павінны пайсці...
Голуб, нарэшце, згадзіўся. Хіба можна ўтрымацца перад логікай гэтых довадаў? А Туравец, расказаўшы Голубу пра яго абавязкі і развітваючыся, загаварыў інакш:
— Прыдзе час — будзеце пісаць. Што ж зробіш,— давядзецца пакуль пачакаць. А падшукаем іншага чалавека — адпусцім... Толькі ўмова, Ціхан Сяргеевіч,— да той пары працаваць па-сапраўднаму. Ніякай скідкі на тое, што мала вопыту ў кіраванні, не будзе. Не дадзім спуску!
— Ну, ды ўжо, калі ўзяўся... то колькі здолею!
У гэты час у пакой ступіў чалавек у вайсковай форме, але без пагонаў. Ён быў вельмі запылены,— відаць, чалавек прышоў сюды проста з дарогі. Падарожны адразу накіраваўся да Тураўца.
— Міхалап, — адрэкамендаваўся ён, сочачы за выразам твару Тураўца: — помніць ці не?
Туравец успомніў, узрадавана, ад душы паціснуў руку.
— Які вецер занёс сюды?! З партызан? Не, ты нешта больш нібыта на ваеннага падобны...
— Ваенны. Са шпіталя паслалі ў распараджэнне ЦК КП(б) Беларусі, а адтуль — сюды... За наступаючымі войскамі, можна сказаць, з другім эшалонам. А ты?
— А я? Ат, што я! У лесе ўсё быў...
— Ну-ну, па-ранейшаму ўсё любіш скромнічаць?.. Ага, — успомніў Міхалап,— дарэчы кіламетраў восемдзесят падвёз твой сын...
Туравец узрушана пачаў распытваць, дзе гэта было і што сын расказваў, і якім здаўся ён Міхалапу ў вайсковых абставінах. Туравец быў вельмі шчаслівы, чуючы, што сына таварышы паважаюць...
Потым ён запытаўся, дзе давялося быць Міхалапу за гады вайны. Ён слухаў расказ пра гэта з захапленнем: слаўны шлях прайшоў зямляк: абараняў Севастопаль і Сталінград, вызваляў многія гарады. Біяграфія яго, Тураўца, у гады вайны куды бяднейшая...