Страница 79 из 98
«Няўжо я дома? У Мінску?» Ён прыгадаў сваіх таварышаў і здзівіўся, што яны сёння ідуць недзе без яго...
4...
Аляксей прачнуўся і па сваёй звычцы намерыўся адразу ўскочыць, але ўспомніў, што сёння спяшацца няма куды. Можна крыху паляжаць. Сонца было яшчэ невысока, аднак Наталля Міхайлаўна ўжо гаспадарыла ў кухні, адкуль чуўся трэск палаючых дроў. Аляксей не ведаў, калі яна легла і калі ўстала,— можа, яна і наогул не лажылася.
Аляксей бачыў, як Наталля Міхайлаўна, вышаўшы з кухні ў суседні пакойчык, дзе была некалі спальня, стала цішком пераглядаць Нініна плацце, якое дастала са сховішча з-пад падлогі. Гэтае светла-зялёнае плацце, на якім, нібы вясною ў садзе, весела цвілі бялюткія кветачкі і якое асабліва любіла Ніна, яна зберагла праз усю вайну, быццам самы дарагі скарб, марачы аб тым дні, калі Ніна зможа надзець яго зноў.
Маці пяшчотна разгладзіла тканіну маршчыністаю рукою, уздыхнула і павесіла плацце ў шафу.
Раптам Наталля Міхайлаўна ўбачыла, што паўз акно прайшла Залеская. Старая вярнулася на кухню, каб спаткаць яе. Ступіўшы ў хату, Залеская прывіталася з сяброўкаю і павяла, як бы кагосьці шукаючы, нецярплівым позіркам у расчыненыя дзверы пакоя, дзе цяпер спалі Аляксей і Люда.
— Ніны вашай яшчэ няма?..
Даведаўшыся, што Ніна не вярнулася, Залеская паспакайнела.
— І Валькі маёй таксама няма! Відаць, пакуль не адпускаюць. У іх цяпер там начальства, — як скажуць ім, так яны і робяць. Хоць і партызаны, а парадкі ўсё-ткі — ваенныя...
— Няхай бы жанчын ужо не затрымлівалі! Мужчыны — тыя яшчэ могуць застацца, а нашто жанчын трымаць?.. Асабліва тых, у каторых дзеці дома... Ды і дзяўчат таксама! — паправілася Наталля Міхайлаўна, падумаўшы пра Валю.
— Ох, мая Валька, напэўна, засумавала па мне! Яна ж яшчэ дзіця, не раўняць з тваёй...
Пагаманіўшы некалькі хвілін пра тое, пра сее, перш як развітацца, папрасіла:
— Калі, Наталля, прыдзе ваша, перадайце мне адразу...
— Добра. Перадам...
Наталля Міхайлаўна вышла разам з ёю на двор. Аляксей, адразу ўстаўшы, падцягнуў да ложка боты, каб абуцца, але аказалася, што анучы некуды зніклі,— ён надзеў боты на голыя ногі і падаўся ў кухню.
— Што ж ты так рана ўстаў?— запыталася, вярнуўшыся, Наталля Міхайлаўна. — Мусіць, я цябе разбудзіла?..
— Не, я ўжо выспаўся...
— А я табе вось анучкі памыла і высушыла. На, вазьмі, — яна зняла з вяровачкі пабялелыя, чыстыя анучы. — Я табе яшчэ сякую-такую бялізну сабрала,— на акне там ляжыць. Ты пераадзенься, а я тым часам тваю памыю.
Аляксей убачыў на акне старую, але чыстую бялізну. Ён успомніў, што Наталля Міхайлаўна, колькі ён ведаў, толькі тым і жыла, што клапацілася пра ўсіх, перш за ўсё пра Ніну і яго. Без гэтых клопатаў нельга было ўявіць яе жыцця.
Неўзабаве яна прынесла снеданне і запрасіла Аляксея за стол.
— От толькі Ніны не хапае... — прамовіла яна, пазіраючы на Аляксея.
Аляксей таксама чакаў Ніну. Ён, праўда, думаў, што Ніна, можа, і не прыдае сёння, на другі дзень пасля вызвалення горада: яна чалавек амаль ваенны, і яе могуць затрымаць у атрадзе.
Калі паснедалі, Аляксей заўважыў, што старая пакінула частку снедання ў печы, прыгарнуўшы каструльку жарай.
Наталля Міхайлаўна раз-по-раз пазірала ў акно, з якога быў відаць адрэзак вуліцы, яе позірк быццам магнітам прыцягвала да шыб. Калі на дашчаным тратуары пад акном чуўся стук крокаў, яна насцярожвалася.
Дзяўчынка рэзка павярнулася і скінула з сябе коўдру, палажыўшы на яе маленькую ножку. Аляксей яшчэ раней заўважыў, што спіць яна вельмі неспакойна. Ён схіліўся над яе ложкам і паправіў коўдру, баючыся якім-небудзь неасцярожным рухам разбудзіць.
Дачушка спала на баку, выставіўшы наперад круглы падбародачак і кірпаты носік; твар яе з паўадкрытымі пухлымі губкамі быў бесклапотна-спакойны. Аляксей заўважыў цяпер, што шчочкі яе нездарова блеклыя, быццам яны не ведалі сонца ці паветра; рука, што ляжала каля шчакі, была худзенькай, локцік завостраны, пальчыкі тонкія.
«Трэба падправіць дзяўчынку», — падумаў ён з пяшчотаю і з жалем.
Люда ў гэты час пачала прачынацца. Павярнуўшыся, яна паспрабавала адкрыць вочы, але ад яркага святла адразу прышлося заплюшчыцца. Відаць, яна ўсё ж заўважыла каля сябе Аляксея, бо даверліва, шчасліва ўсміхнулася; цёмныя доўгія вейкі ледзь прыкметна затрапяталі.
Бацька мякка дакрануўся да яе бялявых валасоў рукою, бязмерна ўсцешаны яе ўсмешкаю. А Люда павярнулася на другі бок, потым на спіну, адкінула рашуча нагою коўдру і, нарэшце, прачнулася. Яна пацерла кулачком павекі і стала пазіраць на Аляксея, але цяпер ужо незадаволена, хмурачы ледзь прыкметныя залацістыя броўкі. Яна паклікала ўстрывожана:
— Баб...
Наталля Міхайлаўна была яшчэ на двары. Аляксей нахіліўся да дачкі.
— Што табе, Люда?
— Баб! — паклікала дачка мацней, і тут бацька заўважыў, што яна пазірала на яго цяпер са спалохам, як на незнаёмага чалавека. «Забыла», — здагадаўся Аляксей.
— Што з табою, унучка?!— убегла ў пакой Наталля Міхайлаўна.
Ледзь толькі яна, схіліўшыся над ложкам, пяшчотна прыгарнула малую да сябе, Люда адразу супакоілася.
— Нічога, — адказала яна і строгімі няласкавымі вачыма зірнула скоса на бацьку.
— Не прывыкла яшчэ...
Старая сказала Аляксею такім голасам, нібы прасіла ў яго прабачэння.
А Аляксей і не думаў крыўдзіцца: як жа інакш яна павінна адносіцца да невядомага чалавека? А ён пакуль для яе невядомы...
5...
Неўзабаве пасля гэтага Аляксей вышаў з хаты,— хацелася паглядзець, якім стаў цяпер цэнтр Мінска. Учора ў баі яму быць у цэнтры не давялося.
Аляксею адразу кінулася ў вочы, што каля дамоў тут і там працавалі старанныя асцярожныя сапёры: выносілі з дамоў, з сутарэнняў бомбы, міны, скрынкі з толам.
Перад Домам Урада, што быў агароджаны калючым дротам, ляжаў цэлы штабель толу і гара бомб, выцягнутых з будынка. Каля іх Аляксей сустрэў групку ўзрушаных мінчан, — адзін з іх сказаў, што вынеслі ўжо сто восемдзесят бомб і шэсцьсот пяцьдзесят кілаграмаў толу.
Тут жа капітан пачуў, што ў горадзе ўзарвалася за гэтыя суткі некалькі дамоў, замініраваных мінамі замаруджанага дзеяння. У немалых дамах — гаварылі — баяцца людзі сяліцца.
Амаль на кожным пакінутым фашыстамі будынку чарнелі перасцерагальныя надпісы сапёраў: «Увага! Мініраваны», «Мінны каранцін».
Тое, што Аляксей пабачыў за гэтым, яго ўзрушыла яшчэ больш. Яму прышлося прайсці нямала разбітых, знявечаных гарадоў, але Мінск усё ж усхваляваў асабліва, бо такіх разбурэнняў Аляксей не бачыў нідзе, акрамя хіба Смаленска. Уся Савецкая вуліца, калісьці самая шумлівая, прыбраная і жывая, на якой амаль бесперапынку зіхацелі з двух бакоў шырокія вітрыны і шыльды, цяпер ляжала ў жахлівых руінах. Яе абступалі пустыя, мёртвыя, абадраныя каробкі дамоў, кучы запляснелага камення, адзінокія каміны; на ўсім працягу яе ўцалеў, акрамя Дома Урада, яшчэ толькі адзін вялікі будынак — Дом Чырвонай Арміі.
У сярэдзіне цэнтральнага ўнівермага ў пустыя вялізныя праломы вокан віднеліся жалезабетонныя столі, якія прагнуліся і абвіслі важкімі глыбамі і былі гатовы вось-вось рынуць уніз.
У Аляксея, калі ён бачыў усё гэта, рос даўкі смутак, а разам з ім уздымаўся гнеў. Гады, нелюдзі, што яны зрабілі з Мінскам, як яны знявечылі, разбурылі цудоўныя кварталы!.. Але і гэтага ім было мала,— што ж яшчэ гэтае звяр'ё намервалася зрабіць?.. Гады, гады,— нібы кляўся ў думках Аляксей,— я вам не дарую гэтага. Я вам прыпомню кожную вуліцу скалечаную, кожны разбіты дом, кожны каменьчык руін. Усё прыпомню. Вось толькі вярнуся ў брыгаду.
Усюды яшчэ былі відаць чужыя надпісы і шыльды; Аляксею хацелася ўзяць якую-небудзь дошку ды пачаць сашкрабаць гэтыя ненавісныя надпісы, зрываць і кідаць шыльды.
Адзіным, што ажыўляла гэтую вуліцу, былі рухавыя, неспакойныя натоўпы людзей ды вайсковыя машыны, што каціліся па бруку, амаль усе на захад...