Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 75 из 98

Танкі Бяссонава стаялі каля агародчыкаў і хатак ускраіны, прыціснуўшыся да платоў, выстаўляючы гарматы, выглядвалі з-пад цёмнага запыленага галля вішняку і клёнаў. Многія танкісты корпаліся каля «трыццацьчацвёрак» — чысцілі машыны, перацягвалі гусеніцы, запраўлялі бакі гаручым з бензацыстэрн. Бяссонаў загадзя наказаў камандзірам, што хутка будзе загад выступаць. Нямала каго з танкістаў можна было бачыць і дзе-небудзь каля веснічак з дзяўчатамі. Тут размова ішла вясёлая, з жартамі, звінеў малады смех. Некаторыя паважна гаманілі з пажылымі людзьмі, слухалі іх горкія апавяданні аб трох страшных гадах няволі, расказвалі самі — пра Маскву, пра свае ваенныя прыгоды.

Было ўжо каля поўдня. Сонца зіхацела, здавалася, проста над горадам. Высока ўздымалася яснае блакітнае неба, на якім толькі дзе-ні-дзе бялелі недасяжныя воблачкі.

2...

Аляксей увайшоў у светлы, з пафарбаванымі охраю аканіцамі дамок, у якім пасяліўся цяпер камандзір брыгады. Палкоўнік быў без кіцеля, у нябеснага колеру шаўковай сподняй сарочцы з кароткімі рукавамі, якая шчыльна абліпала поўныя моцныя плечы, круглыя, крутыя грудзі. У выразе над каўняром віднелася белая, тонкая, як у жанчыны, скура. Яна рэзка адрознівалася ад тоўстай, барвовай, загарэлай і абветранай скуры твару.

— Заходзь, заходзь, капітан,— сказаў Бяссонаў Аляксею, які, парыўна казырнуўшы, запыніўся на парозе. Палкоўнік крыкнуў у бок акна:

— Гатовы?

— Гатовы, таварыш гвардыі палкоўнік, — пачуўся са двара голас ардзінарца.

Бяссонаў зняў сарочку, узяў салдацкі вафельны ручнік, што ляжаў на стале, закінуў яго на плячо і вышаў. На двары ён доўга мыўся, расплёскваў ваду, са смакам пырхаючы. Калі палкоўнік вярнуўся, то выціраў ручніком грудзі. Скура на яго целе паружавела. Дужы, без гімнасцёркі, з ручніком, ён здаваўся ў тую хвіліну падобным да нейкага барца ці цяжкаатлета, які рыхтуецца да блізкага выступлення.

— Прыемна. Вада — што лёд. Як нованароджаны адчуваю сябе,— гурчаў яго голас.— Сядай. Чаго стаіш!

Усцягнуўшы на поўнае цела нябеснага колеру сарочку, запытаўся:

— Як рана? Дапякае?

— Трываць можна, таварыш гвардыі палкоўнік...

— А ваяваць — не воін ты цяпер, капітан... Не падабаецца мне — яшчэ аднаго камбата трачу. А ў мяне вас, камбатаў, сам ведаеш, лішніх няма. Няма — ніводнага... Глядзі, каб хутчэй паправіўся! Ваяваць трэба!— раптам сказаў ён так, нібы рабіў вымову капітану.

Лагуновіч выпрастаўся.

— Колькі будзеш лячыцца?

— Дзён шэсць, сем...

Ардінарац, жвавы, быстры хлопец з Чарнігаўшчыны, унёс на талерцы закуску, алюмініевы корчык і фляжку ў чахле.

— Сем дзён мала. Інваліды мне не патрэбны... У санбаце камісія колькі табе дала — тры тыдні? Ну, вот, так бы і казаў. Пакажы іх заключэнне, што яны там напісалі?.. М-да-а, менш як двума тыднямі гэта, ясна, не абыдзецца. Пападзешся ў рукі якому-небудзь фармалісту, дык ён цябе на два месяцы затрымае. Глядзі, каб не залежваўся вельмі, ну і не ехаў назад інвалідам! Ясна?.. Добра папраўляйся, уладзь справы. — Палкоўнік загадаў ардзінарцу, які пры словах камбрыга адразу ўстрапянуўся:

— Яшчэ шклянку прынясі. Давай сюды, капітан.

Ардзінарац адразу шмыгнуў у дзверы.

Бяссонаў чокнуўся з капітанам, які сеў побач з ім, прамовіў:

— За наш Мінск! І за тваю блізкую сустрэчу, Лагуновіч, таксама. — І, выпіўшы, дадаў: — Я тут пад Мінскам хрысціўся ў сорак першым. Толькі што з-пад Смаленска, з лагераў, прывёў батальён. Землякі, выходзіць.



Аляксей, заўсёды нецярплівы, быў цяпер думкаю далёка, — палкоўнік хутка адчуў, што Лагуновічу не сядзіцца.

— Ну, што-ж, капітан, не затрымліваю. Ідзі. Скажы ў штабе, няхай аформяць усё. Батальён перадасі Аліеву... Пачакай,— успомніў ён раптам. Вышаў з пакоя і неўзабаве вярнуўся з пакункам, загорнутым у газету. — Вот, жонцы ад мяне. Калі быў у Маскве, купіў на плацце — думаў Ірыне, дачцы, пашлю... Вазьмі. Нельга вяртацца дадому пасля такой разлукі без падарунка.

— Дзякую. Перадам... Хоць яна і так будзе рада, таварыш гвардыі палкоўнік.

— Рада, то рада, але ёй прыемна будзе падарунак атрымаць. Жанчыны любяць, каб ім на справе даводзілі пашану. Я ведаю іх.

Працягнуў шырокую шурпатую далонь. На вуліцы Аляксей спаткаў Гогабярыдзе, які чакаў капітана каля веснічак. Гогабярыдзе быў чыста паголены, у новай, недзе ўжо выпрасаванай чысценькай гімнасцёрцы.

— Значыцца, развітанне? Ах, Аляксей, як я рады, што ты будзеш дома! Дома, пасля такіх баёў, пасля такой вялікай дарогі!.. Помніш, як ты чакаў пісьмо ад Ніны, а яго ўсё не было. А цяпер яно і не патрэбна... Шкадую, што мне не прыдзецца ўбачыць гэтую сустрэчу...

— Я — каб ты не шкадаваў — пастараюся ўявіць тады, быццам ты стаіш поруч з намі. Добра?

— Ты, Аляксей, забудзеш пра гэта... Ты, як усе вельмі шчаслівыя людзі, станеш на той час эгаістам. Я толькі адно папрашу — не забудзь перадаць ад мяне прывітанне Ніне і малому. Не забудзеш? І наогул пра нас ўсіх не забывай!..

— Буду помніць, Сандро, — жартаўліва-ўрачыста пакляўся Аляксей.

3...

Дом, у якім некалі жыў Аляксей, быў недалёка ад таго месца, дзе спыніліся танкі. Здаўшы камандаванне, развітаўшыся хутка з афіцэрамі і байцамі, Лагуновіч накіраваўся дадому. Гогабярыдзе. праводзіў яго да канца вуліцы, штосьці гаварыў, але ўсё, што ён казаў, амаль не даходзіла да Аляксея. Ён і слухаў, і нешта адказваў, але не ведаў і не помніў што. Ён цяпер жыў адным — будучаю сустрэчаю, — пачуццём, у якім перамешваліся чаканне радасці і халодная трывога, няўрымслівая нецярплівасць і стрыманасць. Думкі блыталіся і былі нібы агорнуты туманам.

— Я разумею цябе, Аляксей. Табе не да таго, каб слухаць маю пустую балбатню, — схамянуўся Гогабярыдзе. — Калі ў сэрцы поўна, хочацца маўчаць... Не буду перашкаджаць табе, вярнуся назад. Мы будзем цябе, дружа, помніць і чакаць! Дамовіліся? Бывай, Аляксей!.. Жадаю, каб дома ўсё шчасліва было!..

Ён па-братэрску абняў капітана.

Аляксей кепска заўважаў тое, што акружала яго. Дамы, узрушаныя шумлівыя людзі, аўтамашыны, панурыя натоўпы палонных — усё гэта праходзіла перад ім, нібы ў сне...

Ён не заўважаў, што ўвесь час паскарае хаду. Павярнуўшы на «сваю» вуліцу, пайшоў амаль уподбег. «Цэлая»,— бліснула ў галаве заспакойлівая думка, калі перад вачыма ўзніклі два рады дамочкаў. Ён нецярпліва глядзеў наперад, дзе з-за павароту павінен вось-вось з'явіцца знаёмы абрыс яго дома.

Дом быў таксама цэлы! Аляксей убачыў гэта здалёк, яшчэ крыху не дайшоўшы да павароту. Праз некалькі крокаў ён заўважыў, што плот і веснічкі ляжаць на зямлі. Аляксей цяпер нічога не думаў. Ён толькі глядзеў нязводна, пільна і ляцеў, не заўважаючы перад сабою ні бруку, ні ям.

Пераступіў праз слупок ад веснічак, зірнуў на дзверы і раптам разгублена спыніўся. Замок! Як бы не верачы, Аляксей падышоў да дзвярэй і пакратаў яго. Замок быў замкнуты.

Падышоў да акна, скінуўшы фуражку, прыціснуўся тонкім, з гарбінкаю носам да шыбы, зірнуў у сярэдзіну — там было пуста; у адным пакоі стаяў толькі знаёмы голы стол, з меднай жоўтай клямкаю на скрынцы, і валяліся шматкі газет, у другім — ложак з нікелевымі папярэчынамі, таксама голы. У кутку каля акна стаяў высокі шыракалісты фікус. Аляксей успомніў, што Ніна любіла, каб у яе пакоі былі фікусы.

Пабелка на сценах пацямнела ад даўнасці. Пакоі мелі нежылы выгляд, нібы іх даўно-даўно пакінулі. Яны здаліся чужымі, — такімі незнаёмымі былі запусценне і бязладдзе ў гэтых рупліва прыбраных калісьці пакоях. Толькі ў кухні на століку ляжаў нейкі клуначак, і па ім Аляксей здагадаўся, што нехта ўсё ж тут быў. «І замок, напэўна, нядаўна павешаны, бо інакш дасюль ён не вісеў бы». Яму не цярпелася хутчэй даведацца, хто тут быў, — Ніна ці маці. Куды яны пайшлі, што з імі?

Ён вышаў на вуліцу. Мяў рукамі фуражку, якую забыўся надзець. Куды б пайсці, каго спытацца?

На вуліцы наводдалек стаяла тры ваенныя грузавікі, каля аднаго з якіх былі салдаты, — выгружалі нейкія скрынкі. Ішоў у гэты бок пажылы кульгавы чалавек з рыдлёўкаю — невядомы. Аляксей, аглядзеўшыся навокал, рашыў пайсці да суседзяў: хто-хто, а яны могуць ведаць, куды пайшлі Ніна ці Наталля Міхайлаўна, або хоць дзе яны былі ў гэты час.