Страница 1 из 2
Іван Мележ
На скрыжаванні
Цягнік спыняўся.
Усё павольней стукалі колы пад падлогай. Цішэй і цішэй плылі будынкі за вокнамі. Людзі замітусіліся, заспяшаліся так, быццам неспадзеўкі здарыўся пажар, і праз момант амаль увесь вагон, з мяшэчкамі, чамаданамі, клункамі, ужо тоўпіўся каля дзвярэй.
Яна таксама заспяшалася. Завязала звыкла, па-вясковаму, хустку, узяла круглы фанерны чамаданчык і пачала праціскацца да выхаду.
На пероне былі яшчэ большая мітусня, шум і неспакой, і яна разгубілася. Як бы чакаючы падтрымкі, жанчына нейкі час стаяла нерухома, азіраючыся па баках. Вочы яе, па-старэчаму выцвілыя, цьмяныя, калісьці шэрыя, ажыўляла прыкметная трывога і надзея, — яна кагосьці выглядвала ў незнаёмым натоўпе.
Калі перон сціх, апусцеў, старая, маленькая, з храшчаватым носам, абпаленым сонцам, у просценькай суконнай жакетцы і кірзавых ботах, услед за апошнімі пасажырамі выйшла на прывакзальную плошчу. У нейкага сустрэчнага жанчына нясмела запыталася, дзе знайсці вуліцу Рэволюцыйную. Чалавек буркнуў у адказ, што ён праезджы і нічога тут не ведае.
Ёй параілі даведацца ў міліцыянера, што стаяў па другі бок плошчы каля круглай шкляной будкі. Краем тратуара старая нясмела падышла да гэтай дзіўнай збудовы, падобнай на казачна вялікую шклянку. Міліцыянер ужо сядзеў у «шклянцы». Старая знакамі папрасіла яго выйсці і, калі ён вылез са «шклянкі», запыталася, дзе тут знайсці вуліцу Рэвалюцыйную.
— Рэвалюцыйная тут недалёка, грамадзянка, — аглядваючы яе, павучальна, тонам настаўніка, адказаў міліцыянер. — Вось пройдзеце па гэтай вуліцы квартал, потым налева квартал — адзін, потым другі. Трэцяя вуліца якраз і будзе ваша.
Яна падзякавала, намерылася ўжо ісці, але, хвіліну павагаўшыся, прамовіла няўпэўнена:
— Скажыце, добры чалавек, а можа, вы ведаеце часам Кульбіцкага Трахіма?..
— Кульбіцкага? — перапытаў міліцыянер. — Ведаю аднаго такога. На Рэвалюцыйнай якраз жыве. Трахім Андрэевіч зваць?
— Трахім!.. Трахім Андрэевіч, — паправілася ўзрадавана старая.
Ёй захацелася з вясковай простасардэчнасцю расказаць, хто яна Трахіму і чаго едзе, але міліцыянер, відаць, не меў ахвоты ўдавацца ў лірыку, — ён казырнуў старой і павярнуўся да «шклянкі». Яна не пакрыўдзілася на гэту няветлівасць, — старая адчувала сябе шчасліваю. Вось і знайшліся сляды сына!..
Цяпер яна ішла па гораду ўжо з інакшым настроем: яна нібы бачыла яго поруч з сабою, свайго Трахіма. Ён нібы вёў яе па гэтым шумлівым тратуары. Чуючы яго поруч, яна спакайней пазірала навокал, на ўсе цуды і дзівы вірлівай незнаёмай вуліцы. Яна акідвала позіркам стракатую аздобу вітрын, зацікаўлена праводзіла вачыма тралейбусы, дзівілася мноству народу на вуліцах, чысціні тратуараў, вопраткам і кволасці жанчын.
За ўсё сваё жыццё ёй не даводзілася быць у такім вялікім горадзе. Яна жыла сярод лясоў і палёў, у ціхай вёсачцы. Адразу за хатамі там пачыналіся зараснікі хвойніку, за якім наводдалек было балота, аксамітны, заўсёды зялёны луг; з аднаго боку да хат падступала разлеглае поле, на якім, як і ў лесе, ёй усё да самай малой драбніцы было знаёма. Ганна або Андрэіха, як яе звалі суседзі па імені нябожчыка-мужа, неахвотна і рэдка пераступала гэты звыклы ёй абсяг. Амаль усё, што трэба было, ёй маглі даць у суседняй вёсцы, дзе быў сельсавет, — там яна магла купіць, што трэба, узяць даведку, схадзіць да доктара. Была яна многа разоў у райцэнтры, разоў пяць у Бабруйску, але ні раённы гарадок, ні нават Бабруйск ніяк не маглі раўняцца з гэтым агромністым, такім неспакойным горадам.
Яна ступала на вуліцы, што перабівалі ёй шлях, кожны раз з асцярогай. Ці з аднаго, ці з другога боку імчаліся да яе аўтамабілі, і яна непакоілася, як бы каторы з іх не зачапіў.
Але ўсё абышлося добра. Неўзабаве жанчына ўжо ўваходзіла на двор таго дома, дзе жыў Трахім. Дом быў невялікі, стары, на два паверхі, ашаляваны на другім паверсе дошкамі, пацямнелымі ад дажджоў і часу. Убачыўшы непадалёк маладога чалавека ў міліцэйскай форме, старая запыталася, ці не ведае ён, дзе тут жыве Трахім Кульбіцкі.
— Ведаю, — адказаў смуглявы, загарэлы, чорнабровы, падобны на грузіна хлопец. — Вось у гэтыя дзверы, на другі паверх. — Яна ўжо намерылася была падацца туды, але хлопец папярэдзіў: — Яго зараз дома няма. На пасту ён…
— А-а, — пашкадавала старая.
— А вы, дазвольце, хто яму будзеце?
— Маці.
— Чаго ж ён не сустрэў вас? Дзіўна проста…
— Ён не ведаў, што сёння…
Хлопец запрасіў яе да сябе ў пакой, пазнаёміў са сваёй жонкай. Ён пажартаваў, што каб Трахім быў жанаты, то ёй, маці, не давялося б прыйсці да пустога пакоя, параіў жаніць сына. Міліцыянер амаль адразу ж падаўся па нейкіх сваіх справах, і старая Ганна засталася ўдваіх з жанчынаю, маладою, поўнацелаю, з бялявымі, гладка зачэсанымі назад валасамі. Яна была прыкладна ў сярэдзіне цяжарнасці, хадзіла мякка, перавальваючыся з боку на бок, як гусыня. Гаспадыня аказалася простаю і ветліваю, і старая неўзабаве адчула сябе як дома.
Піла чай, апавядала пра тое, які быў Трахім маленькі, як дабіралася сюды.
— От, шкада, што не застала! — уздыхнула раптам старая, перапыніўшы сваю гаворку. — А можа, пайсці туды можна, да яго, паглядзець?
— Ды чаму ж не? Ён на вуліцы стаіць, на скрыжаванні… Усе глядзяць. Толькі вы не спяшайцеся. Ён, мусіць, хутка зменіцца.
— Карціць мне, донечка. Даўненька не бачыліся, — прамовіла старая, просячы вачыма. — Можа б, правяла?
Гаспадыня згадзілася, і старая, пакінуўшы чамаданчык, заспяшалася на вуліцу.
Ідучы поруч з жанчынай, старая думала пра Трахіма, думала пра яго жыццё, пра свае даўнія клопаты і скруху… Думкі пра Трахіма заўсёды абуджалі ў ёй трывогу. Не адзін Трахім быў у яе, але шасцёра другіх дзяцей матчына сэрца мала непакоілі, — не таму, што яны менш дарагімі былі яму, а таму, што жыццё ў іх ішло роўнае, яснае. Два старэйшых сыны ажаніліся, дочкі павыходзілі замуж, яна ўжо мела ўнукаў. Усе жылі каля яе, на прыглядзе, хаты іх стаялі амаль побач, і не мінала такога дня, каб яны не бачыліся, не мінала такой падзеі ў іх жыцці, якой яна не заўважыла б. Была і ў іх свая скруха, няўдачы, але часовыя, а наогул усё ішло як звычайна, як у другіх людзей.
У Трахіма жыццё не ладзілася. Толькі тры гады правучыўся ў школе, як найшла, напала вайна, — давялося хавацца па лесе, па балоце. У апошні год Трахім ужо вінтоўку насіў, у партызаны падаўся, рослым быў, чубок адпусціў нават. І калі вайна сышла, у школу вярнуўся неахвотна. Правучыўшыся год, паехаў на лесанарыхтоўкі, потым перабраўся ў горад. Ад таго часу і пачалося тое жыццё, якое заўсёды трывожыла яе. Кім ён толькі не быў, якой працы не паспрабаваў — нідзе не затрымліваўся доўга. У сяле яго ахрысцілі «шалапутным». «Трахімка, дакуль жа ты будзеш такім?» — запытала яна, калі сын прыехаў у госці. «Усё, мама, канец таму! Не да душы раней было, цяпер — знайшоў… Усё будзе інакш!..» Трахім сказаў ёй пра сваю надзею-мару паступіць на курсы шафёраў; па тым, як сын казаў, яна адчула, што гэта ў ім глыбока, надоўга. «Дай божа табе ўдачы!» — пажадала ўсцешана яна.
Але яму не пашанцавала. Трахім, чула яна, «зрэзаўся», не вытрымаў экзаменаў. Хутка прыйшла пара служыць у арміі, а пасля службы Трахім напісаў, што паступіў рабіць у міліцыю, у нейкае Оруд, што праца добрая і нібыта падабаецца яму. Задаволеная, маці паказала пісьмо зяцю, гародніку, чалавеку сур'ёзнаму, паважанаму, і той зноў пасяліў у сэрцы маці вечны непакой за Трахіма. «Праца! — працадзіў зяць. — Няма чаго сказаць — праца!» Маці пачула нядобрае. «Паганая?» Зяць толькі сказаў: «Оруд!» Па тым, як ён прамовіў гэтае дзіўнае слова, яна зразумела, што і пытацца няма чаго. Па сяле зноў пайшло поўзабытае празванне «шалапутны». Шалапутны быў, шалапутны і застаўся.
«Сыночак, чаго ж ты? Дакуль жа?..» — са скрухай думала Андрэіха, стомлена тупаючы па нагрэтым асфальце.
Неўзабаве яны падыходзілі ўжо да скрыжавання двух шумлівых прыгожых вуліц. Гэта было адно з важнейшых месц горада: тут, каля вежы з гадзіннікам, перасякаліся дзве галоўных магістралі горада — прамы, шырокі праспект і зялёны, малады Комсамольскі бульвар. На абедзвюх вуліцах, асабліва на праспекце, было людна і шумна. Калі жанчыны падышлі да скрыжавання, паўз іх паважна праплылі адзін за адным тралейбус і жоўты, з чырвонай паскай аўтобус. Нібы навыперадкі, праносіліся хуткія аўтамабілі.