Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 1 из 5



Іван Мележ

У гарах дажджы

І. Карабутэнку

Даліна ляжала між шасэ і ракою. З аднаго боку гула мутная жаўтаватая плынь Стрыя, з другога — дыбіўся круты схіл невысокай гары, што кучаравіўся знізу хмызняком, а вышэй — галлём сосен. Гару, самае падножжа, абгінала шасэ, — гладкая істужка яго неўзабаве, нібы радуючыся таму, што вырвалася з горнай цеснаты, выпроствалася і весела бегла па бяскрайняй, здавалася, раўніне. Тут канчаліся горы, канчалася апошняя града сіне-зялёных Карпат.

Па даліне — найбольш усцяж берагу — было раскідана некалькі дробных густых хмызнячкоў, у адным месцы ўздоўж пераразаў яе амаль высахлы, глеісты на дне раўчак. На ўсім астатнім прасцягу шаўковы ад вільготнай травы, дзе-нідзе купісты дыван быў роўны і трывалы. У карпацкім краі на многія кіламетры цяжка было б знайсці мясцінку, больш прыдатную для жыцця і заняткаў артылерыстаў, што рыхтаваліся да вайсковага вучэння ў гарах.

Артылерысты прыехалі сюды з глыбіні Карпат. Гэта быў дывізіён горнага артылерыйскага палка, іншыя падраздзяленні якога размяшчаліся паблізу на схілах другіх гор, а штаб у невялічкай гуцульскай вёсцы над ракою.

Летнія лагеры артылерыстаў былі за трыццаць пяць — сорак кіламетраў адсюль, на высокім беразе гэтай жа ракі. Там засталіся акуратныя рады белых палатак, густа настоены пах сасновых галін, шум вялікага лесу; засталіся зручныя, добра падрыхтаваныя парк для гармат і канавязі.

У даліну артылерысты прыехалі хмурным надвячоркам, прытомленыя нялёгкім маршам па звілістай і камяністай горнай дарозе. Адчапіўшы і ўладаваўшы маленькія гарняшкі — горныя гарматы, — да позняй ночы ў важкай цемры ўкопвалі на беразе слупы, прыбівалі бярвенні канавязей, кармілі аўсом з палатняных торб і паілі халоднай вадой са Стрыя коней.

Стрый тут — заўважылі — паводзіў сябе інакш, чым сярод гор, адкуль яны прыехалі. Рака тут не раўла па каменні. Яшчэ да таго, як выпусціць яе зусім на волю, на прастор раўніны, горы патроху адступалі ад яе, і яна ўсё шырэла ў нізкіх гліністых берагах. Яна гнала ваду не так бурна, без дзікага шалу, але больш магутна і велічна…

Жыллё сабе артылерысты абсталёўвалі каля хмызняку, блізка ад грэбня шасэ. Зрабіць простыя буданчыкі, каб прыкрыцца ад дажджу, буданчыкі з галля і плашч-палатак, было хоць справай і звычайнай, але не такой ужо лёгкай у цемры, пасля немалога паходу і ўсіх клопатаў мінулага дня. Людзі змарыліся. Калі, атрымаўшы вячэру, чародкі салдат з кацялкамі разышліся, пераклікаючыся, па сваіх буданах, даліна пачала хутка сціхаць. Праз якія пяць хвілін на ўсім беразе не спалі толькі вартавыя ды днявальныя на канюшні.

З наступнага дня пачаліся заняткі. Седзячы паўкругам, хто наўколенцах, хто — абняўшы калені, слухалі палітрукоў, што расказвалі пра міжнародныя навіны (у той час вельмі непакоіў Гітлер), пра справы роднай бацькаўшчыны. На выгане па-над ракою тапталі падбітымі жалезам кірзавымі ботамі траву, крочылі па загаду камандзіра «па-страявому», рабілі на хаду павароты налева, направа, кругом. Жыццё ішло такое, як і ў лагеры, звычайнае салдацкае жыццё ў летнюю пару.

На прасторным пляцы, каля прырэчнага хмызняку, займаліся з гарматамі. Заняткамі гэтымі ў першым узводзе кіраваў няўрымслівы, галасісты памкамузвода, старшы сержант Запара. Худы, з рудаватым чубком, з кірпатым носам, ноздры якога неспакойна хадзілі, у пілотцы, надзетай глыбока, на самыя вушы, ён насіўся на маленькім махнатым коніку па поплаву і крычаў:

— Ры-ы-ыссю, мар-рш!

Упражкі, на якіх сядзелі ездавыя і частка разліку, дробныя горныя гарматкі, рэшта прыслугі, што была за гарматкамі таксама на конях, коні са снараднымі скрынкамі — усё гэта зрывалася з месца і з такім грукатам, ад якога аж дрыжаў, стагнаў купісты пляц, імчалася што было духу берагам Стрыя. Ездавыя люта ўзмахвалі бізунамі, совалі заднікамі ботаў у конскія бакі, прыпадалі да грыў, якія ўзбіваў, раскідаў шалёны бег.

Памкамузвода ў напятай пілотцы, раздзімаючы тонкія ноздры, таксама ляцеў на сваім махнатым коніку. На ўсім ляту ён паварочваўся і, нацягнуўшы повад так, што ашчэраны конік задзіраў галаву і заміраў адразу, камандаваў:

— Гарматы-ы-і-і, к бою!!!

Негусты голас яго, што нярэдка пераходзіў у фальцэт, быў на дзіва моцны. Калі Запара крычаў, салдаты, якія былі за кіламетр, без памылкі разбіралі ўсе яго каманды. Чуючы гэты галасок, увесь дывізіён ведаў: Запара займаецца.

Артылерысты яшчэ на скаку саскоўзвалі з коней і ўвішна кідаліся да прыземістых гарняшак. Запара, стрымліваючы дзікаватага каня, дробнымі няласкавымі вачыма паглядваў то на салдат, што адчэплівалі і ўстанаўлівалі гарматкі, то на выстаўленую, з жоўтымі валаскамі руку з вялікім срэбраным гадзіннікам. Звычайна пасля гэтага ўсё пачыналася спачатку. Незадаволены памкамузвода загадваў зноў прычапіць гарматы, і коні зноў ляцелі па беразе, сапучы і ўскідваючы грывы.

— Гарматы-ы, к бою!..

Амаль кожны раз вочы старшага сержанта з непрыхільнасцю заўважалі, што апошні з каня злез, апошні, перавальваючыся, падаўся да гарматкі Макоўчык. Маруда, таўсцель, ён нібы знарок не спяшаецца, нібы пасмейваецца з сержанта, трухае, як мяшок, робіць выгляд, што бяжыць, але хіба ж гэта бег? І колькі ўжо разоў адно і тое ж, колькі разоў памкамузвода ўшчуваў яго, гразіўся яму вымовамі, — ніякай перамены.

— Макоўчык, вы сёння снедалі? — грозна паварушыў тонкімі ноздрамі Запара, хвацкі саскочыўшы з каня.



Макоўчык, поўны, рыхлаваты, з тоўстай шыяй, нязграбны ў ваеннай гімнасцёрцы, яснымі нявіннымі вачыма паглядзеў на памкамузвода.

— Як жа. Снедаў, таварыш старшы сержант.

— Не відаць! Вы так ходзіце, быццам суткі не елі!

— Я, таварыш старшы сержант, заўсёды быў такі.

— Мне не цікава, які вы былі!

— Тады выбачайце, таварыш старшы сержант, я думаў…

Макоўчык гаварыў з самай сур'ёзнай мінай, але Запару ў яго словах чуўся прытоены смех.

— Я ведаю, што вы думаеце!.. Адпраўлю дняваліць!..

— Воля ваша, таварыш старшы сержант, — спакойна павёў крутымі плячыма баец.

Старшы сержант з раздражненнем падумаў, што праз аднаго такога можа на вучэннях праваліцца ўвесь узвод. «Куды б яго прыладзіць, у ездавыя — там таксама патрэбна паваротлівасць, а больш, куды можна больш перавесці ва ўзводзе?» Гэта праблема, трэба сказаць, неаднойчы ўжо займала памкамузвода.

Запара быў чалавек, які не ведаў кампрамісаў у сваіх вывадах. Закаханы ў вайсковую службу, адданы ёй усімі сваімі пачуццямі і думкамі, старанны, ён любіў і цаніў у другіх таксама стараннасць і адданасць службе.

«Збыў жа хтосьці скарб гэтакі, — думаў ён, правяраючы, як падрыхтавана гармата да «бою». — Узнагародзіў…»

Усё было як належыць. Панарама ўстаноўлена правільна, — ртутныя кроплі ўзроўняў між рысак, замок адчынен, чахол са ствала зняты. Прыслуга стаяла на сваіх месцах, іменна так, як належала па статуту. Нават Макоўчык быў гатовы: прыгнуўшы галаву, трымаў у шырокіх, з кароткімі пальцамі руках працягнуты да зараджаючага снарад. Невысокі, але плячысты, ён амаль не згінаўся, згіналася толькі яго мяккая нізкая шыя.

— Першым жа снарадам вас забіла б, — кінуўшы пагардлівы позірк, прарочым голасам упэўнена прамовіў Запара.

— Гэта яшчэ невядома…

Плечы Макоўчыка ніяк не хацелі хавацца за шчыт гарматкі.

— Прыгніцеся! — загадаў старшы сержант, ружавеючы ад гневу. Макоўчык неахвотна прысеў, з выглядам чалавека, які не ведае, чаму да яго чапляюцца.

Запара стаў камандаваць вугламеры, прыцэлы, і гэты клопат на нейкі час адвёў яго ўвагу ад Макоўчыка. Але калі памкамузвода загадаў змяніць пазіцыю, калі коні на ўсю сілу памчаліся да гармат, Макоўчык зноў увёў старшага сержанта ў гнеў. Пакуль ён узлез на сядло, другая гарматка бегла ўжо на дальнім канцы пляцу.

Дзень быў хмурны, невясёлы. У сініх гарбінах гор, што цямнелі наводдаль у пройме стрыйскай даліны, збіраліся, дымячыся, навальнічныя хмары. Шчэць лясоў на вяршынях, на вышэйшых схілах то там, то тут танула ў клубах дыму, знікала з вачэй. Раз-поразу адтуль даносіліся глухія пагрозныя грымоты.