Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 6 из 12



Анея. Мяне ж заўсёды бараніў Ізяслаў.

Рагнеда. Ізяслаў на паляванні.

Анея. Дык вернецца!

Рагнеда. Ты слухайся мяне. Калі я кажу так, значыць, іначай зрабіць нельга. Забірай яе, нянька. Пераапранеш, затым звядзеш з прэсвітэрам. I каб нікому ні слова. (Да служанкі.) Ты таксама язык свой доўгі прыкусі на нейкі час, бо можаш…

Служанка. Слухаю, княгіня.

Рагнеда. А ты, Анея, даруй, што іначай не можам. Прэсвітэр будзе клапаціцца ў дарозе пра цябе. У Кіеве ён пакажа табе, дзе жывуць Ізяслававы браты і сёстры. Будзеш пакуль з імі жыць.

Анея плача.

Ну, дурніца, што ты?..

Анея (уголас). А мамулечка ж мая, а татулечка!..

Рагнеда. Сціхні!.. (Гладзіць дзяўчыну па галаве.) Бывай, Анея.

Нянька выводзіць Анею з пакоя.

(Да служанкі.) Ну, што маўчыш?

Служанка. Успомніла Кіеў. Раптам нагарнулася на сэрца. Захацелася туды. Вось ты, княгіня, пра дзяцей сваіх затрывожылася, а я бацькоў згадала.

Рагнеда. А я — Полацк. Хачу ў Полацк. I не маю дарогі туды. Нездарма ж князь Уладзімір пасяліў нас на краі бацькавай зямлі. Бацьку з маці забіў, а мяне з сынам пасяліў на краі зямлі.

Служанка. Анея ўбачыць Кіеў!.. Зайздрошчу ёй.

Рагнеда. Знайшла каму зайздросціць! Гэта калі яна дабярэцца туды, а так — бяглянка. Таксама ж бацькі застаюцца тут…

Праз расчыненае акно чуваць, як зноў пачынае падаваць голас ваўчыца. Рагнеда ўстае, падыходзіць да акна. Слухае.

(Да служанкі.) Ты можаш ісці. Але заначуй сёння блізка ад маёй спальні.

Служанка. Дабранач, княгіня.

Рагнеда. Але не засынай, пакуль не вернецца нянька. Няхай скажа, як у іх там. Прызнацца, я гэту Анею мела ўвесь час на прыкмеце для княжыча. Бо як жыццё далей пойдзе — успомніць пра яго бацька ці не. Ладна, ступай. Гэта не твая справа.

Служанка выходзіць. Княгіня ўсё яшчэ стаіць каля расчыненага акна. Чуваць, як ваўчыца то сціхне, то зноў завые…

(Уздыхае.) Ах ты, няшчасная!..

Вельмі здалёку прыходзіць з’явішча, бы насланнё… Спіць на ложку вялікі князь Уладзімір. Рагнеда ўстае з той жа пасцелі, бярэ прыхаваны нож, замахваецца ім на мужа. Але той прачынаецца, хутка адводзіць ад свайго горла нож. Крычыць — кліча ахоўніка-варага. Той становіцца ля дзвярэй. Уладзімір у споднім імкліва выходзіць. У княскую спальню тым часам забягае малы Ізяслаў. Маці шэпчацца з ім. Ізяслаў павісае на шыі маці. У гэты момант у спальню прыходзяць дзве жанчыны. Пачынаюць рыхтаваць Рагнеду да пакарання. Затым сюды ўваходзіць вялікі князь, з ім — Дабрыня і другія княскія людзі. I раптам паміж Рагнедай і гэтым натоўпам, загароджваючы вялікаму князю шлях да Рагнеды, становіцца Ізяслаў. Заступаючыся за маці, малы крычыць на бацьку, тупае малымі ножкамі. Здзіўлены, Уладзімір адхінаецца назад, адступае, а тады выходзіць з усёй світай са спальні. Ахоўнік-вараг таксама пакідае пакой, дзе адбывалася ў цяперашнім уяўленні Рагнеды маўклівая дзея. Пасля гэтага Рагнеда кідаецца да сына, абдымае яго і горка плача…

…Ноч. Лес. Ад вогнішча, якое палае паміж дрэў на паляне, лятуць іскры… Хрумстаюць у торбах авёс коні. Ля вогнішча сядзяць Ізяслаў і лоўчы. Трохі далей яшчэ — паляўнічыя.

Лоўчы. Княжыч, нарэшце ты хочаш даведацца праўду пра свайго дзеда Рагвалода, полацкага князя… Я ўсяго адзін раз бачыў яго. Другога твайго дзеда, Святаслава, якога забіў печанег Кура, не ведаў.

Ізяслаў. I гэта праўда, што з чэрапа майго дзеда печанегі зрабілі чашу, каб піць з яе віно?

Лоўчы. Так расказалі. Але я сюды, на Русь, прыйшоў ужо з тваім бацькам.

Iзяслаў. Адкуль?

Лоўчы. З-за мора. З варагаў. Адзін час бацька твой шукаў там паратунку ад свайго брата Яраполка.

Ізяслаў. У майго бацькі яшчэ быў адзін брат.



Лоўчы. Так, княжыў у зямлі драўлянай Алег Святаславіч.

Ізяслаў. А хто яго забіў? Штосьці маці мне блытана гаварыла.

Лоўчы. Я ж кажу, гэта не пры мне было. Але чуў, што нібыта яго спіхнулі з моста свае ж воіны, калі ўцякалі ад Яраполкавай дружыны.

Ізяслаў. Незайздросны лёс!.. Можа, на Святаслававых дзецях пракляцце ляжыць?!

Лоўчы. Так, быць князем у вашай зямлі нялёгка. Ну, а наконт пракляцця, дык… Ты папрасі, каб табе прыслалі з Кіева старыя кнігі, якія пісаны яшчэ пры тваёй прабабцы княгіні Вользе. Мне давялося бачыць іх у вялікага князя. Там пра ўсё напісана. Але ці поўная праўда ў іх, не скажу, бо я прыйшоў на Русь з тваім бацькам з-за паўночнага мора, ад скандынаваў. Няхай табе тыя кнігі нанова пісцы перапішуць. Адкуль пайшла чыя зямля і хто жыў у ёй, хто правіў ёй.

Да вогнішча падыходзіць паляўнічы.

Паляўнічы. Нешта даўно не чуваць загоншчыкаў.

Лоўчы. А яны не будуць гнаць сюды мядзведзіцу. Як высачаць яе, Гарабой адразу прышле чалавека. Яна ж не ў берлагу. Увесь час рухаецца.

Ізяслаў. Добра было б, калі б адшукалі яе па той бок Свіслачы. Сабакі б пагналі сюды праз раку. А мы — насустрач.

Паляўнічы. Дрэнна, што яна цяпер лютая.

Iзяслаў. Станеш лютай.

Лоўчы. Я пра гэту мядзведзіцу чуў даўно. Але не сустракаў у лесе. Недзе ж і мядзведзь прыходзіў сюды, раз дзіця ў яе з’явілася.

Паляўнічы. Гэта пэўна ўжо. (Адыходзіць ад вогнішча.)

Лоўчы. Ты б заснуў, княжыч, пакуль што да чаго.

Ізяслаў. Паспім пасля палявання. Ты вось гаварыў пра кніжкі. Помню, бацька любіў, каб яму чыталі іх манахі.

Лоўчы. Кніг цікавых, княжыч, сапраўды шмат. Але пра тутэйшую зямлю мала. Таму і расказваюць аб адным і тым жа кожны па-рознаму. Я вось раскажу табе, княжыч, калі не спіцца, як пасылаў сватоў твой бацька з Ноўгарада ў Полацк. Гэта на маіх вачах было. Я і сам адзін раз ездзіў у такім пасольстве разам з іншымі отракамі да твайго дзеда Рагвалода, каб аддаў за нашага князя сваю дачку, цяперашнюю тваю маці.

Ізяслаў. Расказвай. (Узяў палена, паварушыў ім у вогнішчы; зноў снапом паляцелі ўгору іскры.)

Лоўчы. Да маці тваёй сватаўся вялікі князь Яраполк, які сядзеў тады на стале ў Кіеве. I яна давала згоду пайсці за яго. Уладзімір таксама дачуўся пра яе прыгажосць. А найбольш, можа, хацеў выступіць супроць брата Яраполка, бо пасля вяртання з-за мора меў моцную дружыну і пасягаў у думках на Кіеўскі стол. Было гэта якраз перад паходам на Кіеў.

Iзяслаў. Браты заўсёды варагавалі?

Лоўчы. Можа, таму, што яны толькі па бацьку браты. Маці ў іх былі розныя. Нават з розных земляў.

Iзяслаў. Мы таксама ад розных маці. Мсціслаў з Усеваладам мае адзінаўтробныя браты. Святаполка нарадзіла грачанка, Вышаслава — чахіня, балгарыня — Барыса і Глеба, а ёсць яшчэ Святаслаў і яшчэ адзін Мсціслаў. Бачыш, усіх нават пералічыць цяжка!

Лоўчы. Так, вялікі князь мае моцны корань. Але калі хочаш, княжыч, то слухай, як прыязджалі мы ў Полацк да твайго дзеда Рагвалода.

Ізяслаў. Расказвай.

Лоўчы. Прыйшлі мы да Рагвалода ў замак і кажам: «Князь ноўгарадскі Уладзімір паслаў нас да цябе сказаць, што хоча дачку тваю Рагнеду ўзяць сабе ў жонкі». А дзед твой адказвае: «Трэба спытаць у дачкі». Паклікаў княжну, пытае яе пры нас: «Хочаш за Уладзіміра?» — «Не, — кажа княжна, — не стану разуваць сына рабыні, хачу за Яраполка».

Да вогнішча падбягае Гарабой.

Гарабой. Дзе княжыч?

Лоўчы. Ну вось, не далі дагаварыць. А можа, гэта к лепшаму, княжыч. У тваім узросце не пра ўсё належыць ведаць. Пасталееш — тады ўжо. Міма нічога не праляціць. I добрае, і благое. (Да Гарабоя.) Дык што там у вас здарылася?

Гарабой. Поблізу замка зноў мядзведзіца ходзіць!