Страница 74 из 77
Такія натуры, як Чубар, звычайна добра адчуваюць сябе ў калектыве. Яны аднолькава здольны кіраваць калектывам і падпарадкоўвацца яму. Гэта ўсё роўна як тыя шасцяронкі ў вялікім механізме, якія па адной толькі стаяць ды ржавеюць. Каб прыйсці ў рух, ім неабходна сувязь паміж сабой, узаемнае вярчэнне, калі наогул можна гаварыць так у дачыненні да людзей. Словам, Чубар недзе ўжо гатовы быў нават шкадаваць, што напаткаў за Іпуццю палкавога камісара з яго байцамі, што выходзілі з акружэння. Калі б тады праехаў на кані міма іхняга вайсковага лагера, цяпер не стаяў бы непрыкаяны тут, на верамейкаўскім полі, зусім не было б патрэбы думаць ды непакоіцца шмат пра якія істотныя і менш істотныя рэчы, у тым ліку і пра тое, што паспяшаўся паклікаць да сябе ў Мамонаўку Мікіту Драніцу. Няма чаго і сумнявацца, што ён, паблукаўшы блізка ці далёка ў наваколлі, павярнуў бы тады назад да абараняльнага рубяжа, каб паспрабаваць зноў выйсці к запаветным Журынічам, дзе фарміравалася апалчэнне. А так...
Ідучы ў забяседдзе, Чубар не спадзяваўся знайсці ў калгасе вялікія перамены. Для гэтага яму давала падставы тое, што бачыў у іншых месцах. Напрыклад, Чубар не мог нават і ўявіць сабе, што калгаса ў Верамейках каторы дзень няма ўжо, што ў вёсцы, таксама як і ў абодвух пасёлках, якія ўваходзяць у калгас, сяляне зноў пачалі рабіць паасобку, падзяліўшы засеяную зямлю. І ўжо зусім не мог здагадацца Чубар, што гэтак хутка, на другі дзень пасля прыходу ў Бабінавічы немцаў, Верамейкі абзавядуцца паліцэйскім у асобе Брава-Жыватоўскага. Пра вясковыя навіны Чубару расказала спярша Гапка, а тады Дзяніс Зазыба. Але з усяго найбольш уразіў Чубара спрыт Брава-Жыватоўскага. Разлічваць пасля гэтага, што былы махновец (і пра гэта Чубару стала вядома ад Гапкі), які сам, добраахвотна, стаў паліцэйскім, будзе маўчаць пра Чубарава з’яўленне, ніяк не даводзілася. Атрымаўшы зброю ад немцаў, Брава-Жыватоўскі зрабіўся ворагам...
Згаданыя думкі прыйшлі да Чубара не ў адзін час, не на працягу адной хвіліны, а паступова, адна за адной, па меры таго як ён знаёміўся з абставінамі, што склаліся за яго адсутнасць, аднак самая апошняя ўзнікла ў галаве толькі цяпер, ужо калі стаяў, прыхінуўшыся спіной да капы і зацята глядзеў паперад сябе на прыцямковую вёску; яна і зрабіла нечакана перамену ў Чубаравым унутраным стане, у ягоных пачуццях. Даволі было ўспомніць пра Жыватоўшчыка і пра тое, што паліцай ператварыўся ў сур’ёзную і, можа, пакуль адзіную перашкоду на яго цяперашнім шляху, як зусім нядаўняя Чубарава пахіснутая ўпэўненасць перайшла ў сваю процілегласць — здавалася, толькі ўжо дзеля аднаго гэтага, каб абясшкодзіць Брава-Жыватоўскага, варта было апынуцца зноў тут, у забяседдзі. Непрыкметна гэтая злосць, якая была выяўленнем канкрэтнай рэальнасці, пачала распаўсюджвацца і на другія, не менш рэальныя з’явы. А праз нейкі час, які вылічаўся, вядома, хвілінамі, не даўжэй, яна ператварылася ў агульную злосць, таму безразважную, бадай, ужо на ўсё... З яе і ўзнік, дакладней, вынік, пажар у Паддубішчы. Раптам Чубару прыйшла ў галаву сённяшняя размова з Зазыбам, тая яе частка, што датычыла калгаснай маёмасці, якую належала даўно, яшчэ да акупацыі, знішчыць па дырэктыве. Зайшла гаворка, нават спрэчка паміж іх, і пра гэтае жыта, якое Чубар, па праўдзе кажучы, не спадзяваўся ўбачыць у копах, бо, адыходзячы з Верамеек, аддаў Зазыбу зусім выразнае распараджэнне. Апраўдваючыся, Зазыба спасылаўся на сакратара райкома Маштакова, аднак Чубар схільны быў тлумачыць намеснікава непаслушэнства хутчэй нерашучасцю, гэта па меншай меры, калі наогул не бояззю ўзяць на сябе адказнасць. Ды і пры чым тут Маштакоў? Урэшце, сакратар райкома сам знаёміў раённы актыў з дырэктывай СНК СССР і ЦК ВКП(б), і Чубар помніць, якімі словамі суправаджалася яна тады, таму наўрад ці мог пасля Маштакоў памяняць думку. Цяпер, калі Чубар вярнуўся ў забяседдзе, адказнасць за ўсе калгасныя справы зноў лажылася непасрэдна на яго, значыць, і спагнанне будзе з яго. Знаходзячыся цалкам ва ўладзе пачуццяў, адпаведных гэтым разважанням, якія не ўтаймоўвалі, а, наадварот, узмацнялі ў ім злосць, Чубар ледзь не машынальна сунуў руку ў бакавую кішэню «талстоўкі», намацаў там карабок з запалкамі, якія засталіся яшчэ ад таго, калі ён, Шпакевіч і Халадзілаў падпальвалі на Дзяражні мост. Чубар разумеў, што больш зручнага выпадку, чым цяпер, у яго, бадай, не будзе для такой справы: варта было ўжо адно выняць з каробкі запалку ды чыркнуць ёй па сярністым баку, каб у момант запалала першая капа. Чубар адпіхнуўся локцем ад калянай капы, снапы з якой былі ўкладзены калоссем усярэдзіну, і выйшаў з зацішку. Хоць і не моцны, але вецер дзьмуў з поля. Трэба было адысціся далей, ну, хоць на сярэдзіну палетка, каб адтуль вецер потым пагнаў полымя па ржэўніку. Падкідваючы, быццам усяго толькі забаўляючыся, карабок на далоні, Чубар прайшоў метраў чатырыста ўздоўж гуцянскай дарогі, павярнуў рэзка направа і рушыў па ржэўніку, прастуючы ўгору па схіле кургана. Для падпалу капу ён выбраў нечую бухматую, амаль як сцірту, мусіць, сюды былі пазношаны снапы з усяе паласы. Побач, акурат знарок падрыхтаваны, туліўся бабак. Чубар ударыў нагой па ім, падхапіў з зямлі два снапы, якія разляцеліся ад яго ўдару, паклаў каласкамі адзін да аднаго. Заставалася толькі падпаліць. Але перш чым зрабіць гэта, Чубар азірнуўся па баках, быццам баяўся, што яго раптам заспеюць за такой справай. Нічога падазронага вакол не было. Тады Чубар намацаў у карабку запалку, чыркнуў збоч. Пачакаўшы трохі, пакуль згарыць сера і зоймецца дрэўка, ён тут жа паднёс агеньчык да снапоў, акурат у тым месцы, дзе былі састыкаваны каласкі, і лёгкае полымя адразу пабегла па саломе, а затым, у наступны момант, пераскочыла на капу. Недарэмна сёлета жыта доўга стаяла ў полі. Салома, таксама як і ржэўнік, была даўно ажно выпетраная, і пажар не прымусіў чакаць ды лішне завіхацца вакол сябе. Зразумеўшы, што тут, каля гэтай бухматай капы, больш няма чаго рабіць, Чубар высмагнуў за самы каляны ніз палаючы сноп і, спяшаючыся, каб полымя, якое раздзімаў вецер, не апякло рукі, пабег з ім да другой капы. Пасля, такім жа чынам выхопліваючы новы сноп, ён бег да наступнай капы, усё далей па зжатым палетку, цаляючы патрапляць сярэдзінай яго, балазе было відна ад месяца, а полымя, якое ў цёмную ноч магло б проста сляпіць вочы, сёння зусім не перашкаджала разбіраць усё навокал. Твар Чубараў ад агню хутка зрабіўся гарачы, рукі, хоць ён і стараўся берагчы іх ад апёкаў, ужо таксама ажно смылелі, быццам скура на іх пабралася пухірамі. Рабіў Чубар гэтую справу спакойна і ўжо зусім без нядаўняй злосці, як нешта самае звычайнае, быццам збіраўся пачынаць тут ляда і перад тым падпальваў лаўжы. Нарэшце кінуў апошні палаючы сноп яшчэ на адну капу, выцер аб «талстоўку» рукі, быццам хацеў пазбавіцца ад сажы, якая наліпла на іх, і азірнуўся на тое, што гэтак лёгка зрабіў, нават не запыхаўшыся ў рабоце. Разлік быў правільны. Агонь ужо ахапіў не толькі тыя копы, што Чубар падпаліў снапамі, але імкнуўся таксама па схіле ўніз, падбіраючыся да ўсё новых і новых. Здавалася, гэта расцякалася ва ўсе бакі палаючая смала. Больш тут, у Паддубішчы, не было чаго рабіць, і Чубар, паправіўшы штуршком, акурат мяшок на спіне, вінтоўку, якая вісела накрыж, рушыў прэч, абмінаючы з тыльнага боку курган. Хоць назаўтра ў вёсцы і гаварыў сёй-той, што нібыта чуў, як хтосьці страляў на пажары, аднак да самай Мамонаўкі ён вінтоўкі не здымаў...
Пастаяўшы на Гапчыным падворку, Чубар ціха, каб лішне не ляскаць, зайшоў у хату і лёг, не распранаючыся, на ложак. Засынаў ён хоць і не дужа хутка, але з такім спакойным настроем, быццам не з пажару вярнуўся, а прынамсі з млына, дзе ўвесь дзень засыпаў у жорны зерне, носячы адным часам зверху ўніз і наадварот поўныя мяшкі на плячах. Чубар быў цалкам упэўнены, што зрабіў у Паддубішчы тое, што край неабходна было зрабіць і што ў ягоным становішчы ніяк нельга было не зрабіць. Словам, засынаючы, ён далёкі быў ад думкі, што, спаліўшы жыта, нанёс гэтым шкоду, таксама як далёкі ён быў і ад таго, што на гэты конт можа быць у каго-небудзь іншая, процілеглая ад яго, думка. Аднак нягледзячы на ўнутраную задаволенасць зробленым, спаў Чубар усё-ткі дрэнна. Дакладней, спярша спаў не так добра, як трэба было чакаць з ягоным настроем. Позняе Чубарава прачынанне якраз і выклікана было вось гэтай акалічнасцю, зноў, як і тады, на пажары ў Паддубішчы, пякло яму твар, пад заплюшчанымі павекамі білася трапяткое полымя. Але найбольш, здаецца, перашкаджаў заснуць моцна адзін і той жа сон, нават не сон — звычайны кашмар... Даволі было Чубару на момант забыцца, як адразу бачылася — з-пад палаючых копаў кідаліся, разбягаючыся па ржэўніку ва ўсе бакі, палявыя мышы, у якіх чамусьці былі чалавечыя галовы, і ўсе як адна падобныя на Мікіту Драніцу... Нарэшце, недзе пад раніцу ўжо, твар Чубараў паступова ахалодаў, перастала трапятаць пад павекамі полымя, і Чубар моцна заснуў.