Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 71 из 77



— А што, з лагера ўцячы нельга?

Настаўнік крута павярнуўся тварам да яго, загадкава ўсміхнуўся, але адказаў проста і, можа, нечакана для Зазыбы:

— Чаму ж нельга? Я ж вось уцёк! — Пры гэтым ён колькі часу нібы выпрабоўваў Зазыбу, не адводзіў вачэй ад яго, няйначай, жадаючы бачыць, як той паставіўся да гэтакага прызнання.

Зазыба таксама ўсміхнуўся.

— Я адразу падумаў,— сказаў ён,— наўрад ці так было на самай справе, як вы гаварылі спярша. Словам, я не надта паверыў, што немцы выпусцілі з лагера вас.

— Чаму ж?

— Ды так.

— А ўсё-ткі?

— Ну, не паверыў, і ўсё.

— Хіба што,— неяк невыразна паставіўся да Зазыбавай настойлівасці настаўнік.

Тады Зазыба яшчэ спытаў:

— Ну, а раз вы здолелі ўцячы, значыць, і другія могуць?

— У прынцыпе, так,— адказаў Мурач.— Але справа ў тым, што адны ўжо не могуць рашыцца на ўцёкі, проста не маюць фізічных сіл, а другія ўсё роўна як чаго чакаюць. Вось-вось, спадзяюцца, нешта пераменіцца. А я не стаў чакаць. Не стаў пасля таго, як зразумеў, што, няйначай, прападу. Не выжыву. Бо трэба ведаць, якія там, у лагеры, умовы. Я недарма кажу: сапраўднае пекла. Такога здзеку над чалавекам нават уявіць цяжка. Трэба пабыць там, каб ведаць. І вось гэты, увогуле-то вельмі невясёлы, вывад, як ні дзіўна, прыдаў мне сілы. Я рашыў — калі паміраць ужо, то неяк іначай, а не так, як паміраюць у лагеры — з голаду ці ад хваробы.

— Ну, а чаму раптам,— спытаў Зазыба,— у лагерах апынулася столькі народу?



— Звычайна. Дарэчы, вы самі ваявалі калі-небудзь?

— Ваяваў. І ў тую германскую, і на грамадзянскай быў.

— Значыць, павінны ведаць.

— Павінен-то павінен, але не зусім. У германскую я на румынскім фронце ваяваў. І асабліва не помню, каб нас вельмі бралі там у палон. Бывала, канечне, на вайне не без таго, але ж не параўнаеш... Не параўнаеш з тым, што робіцца цяпер.

— Ну, на румынскім фронце, дапусцім,— запярэчыў настаўнік,— румыны ды чэхі самі траплялі ў палон. А вось на другіх франтах... Дарэчы, каб ведалі,— у тую вайну нашых палонных было ў Германіі і Аўстра-Венгрыі ў агульным ліку каля трох мільёнаў.

— Але ж нямала іх было і ў нас, аўстрыйцаў ды немцаў,— раўніва сказаў Зазыба.

— Гэта таксама праўда.

— Ну, а ў грамадзянскую?

— Тады чырвонаармейцаў мала бралі белыя ў палон. Адразу шашкамі, калі што.

— У тым-то і справа. Помню, у дзевятнаццатым у Армавіры нашых тыфозных многа ляжала. А белыя якраз наступалі на горад, дак якая там паніка «была ў шпіталях — нават тыфозныя хворыя баяліся заставацца ў горадзе. Давялося ў горы перавозіць, ратаваць. Таму мне і цікава, як гэта цяпер выходзіць, што адно толькі і чуеш ад баб — і там лагер ваеннапалонных, і там...

— Цяпер немцы і самі раскідваюць лістоўкі, моў, здавайцеся ў палон, будзеце і накормлены, і жыццё ўратуеце.

— Гм,— прытоена ўсміхнуўся Зазыба,— чытаў я, будучы ў Бабінавічах, у іхняй газеце пра гэта. Дак там нават пропуск у палон надрукаваны. Па ўсёй форме. Толькі выраж ды прад’яві. Але я не пра тое. Вы ж адукаваны чалавек, дак ведаеце, белыя таксама не супраць былі, каб мы ўсе пакідалі зброю...

— Я разумею, што вы маеце на ўвазе,— сказаў нецярпліва настаўнік.— Але ж у палон трапляюць не таму, што хтосьці раскідвае лістоўкі ды пропускі друкуе. Усё не так проста, як можа здавацца. Звычайна, прычыны да канца становяцца зразумелыя пасля вайны. Тады толькі людзі пачынаюць разбірацца, што да чаго. А пакуль ідзе вайна, ці мала да чаго можна дадумацца. У тую вайну, напрыклад, палонных было багата альбо тады, калі войскі дрэнна наступалі, узяць хоць бы генерала Самсонава з яго арміяй, альбо тады, калі наогул усе павальна адступалі, як, напрыклад, у пятнаццатым годзе, у час так званага «вялікага адступлення». А пра лістоўкі я к слову сказаў. Хоць, можа, хто-небудзь і паддаецца на іхнія заклікі. Толькі, думаю, гэта адзінкі будуць сярод палонных. Урэшце, такія і ў лагеры паводзяць сябе не так, як астатнія, стараюцца ўладкавацца то ў санчасць, то на кухню, а то і проста ідуць у памагатыя да нямецкай аховы. Немцы ж ад паслуг таксама не адмаўляюцца. Ну, яны і лезуць у кожную шчыліну, абы чуць-чуць засвіцілася дзе. Але нельга меркаваць па іх аб усіх палонных. Вось вы пачалі гаворку пра лагеры, моў, чаму іх багата? Не ведаю, ці настолькі іх багата, як нам здаецца, сам я падлікамі не займаўся. Але раз ужо ў нас зайшла такая гаворка, дык раскажу пра сябе. Раскажу, як апынуўся сам у палоне. Думаю, гэта дасць вам нейкае ўяўленне пра ўсё. Я ўжо казаў, фарміравалася наша дывізія, як водзіцца, і накіравалі яе на чыгуначную станцыю. Мы не ведалі, што к гэтаму часу на фронце варожыя танкі ўтварылі прарыў і што нам загадана стаць ледзь не на вастрыні іх галоўнага ўдару. Як і трэба, са станцыі палкі ўжо сваім ходам рушылі на прызначаныя рубяжы. Наш полк спыніўся каля моста на рацэ Няруса, гэта амаль пры ўпадзенні яе ў Дзясну. Кіламетраў за колькі па той бок Дзясны яшчэ ішлі баі, і войскі нашы знаходзіліся ў міжрэччы. Я добра помню, што Трубчэўск тады не быў заняты фашыстамі. Можа, нават і Унеча заставалася не пад акупацыяй. Канечне, камандаванне вышэйшае пра ўсё гэта ведала лепей, чым мы, салдаты. Аднак і чырвонаармейцы збольшага арыентаваліся ў агульнай абстаноўцы. У кожным разе ўсе ў нашым палку разумелі, што ў бой уступіць нам перш за ўсё давядзецца з танкамі, якія вось-вось выйдуць у гэтым месцы да Нярусы. Пакуль батальёны акопваліся ўздоўж ракі, у небе ўвесь час віселі нямецкія самалёты-карэкціроўшчыкі. Рамы. Кажуць, яны не цалкам нямецкія, гэтыя самалёты, выпускаюць іх нібыта італьянцы ў сябе, але на ўзбраенні «рамы» знаходзяцца і ў немцаў. Я камандаваў аддзяленнем, і маім байцам выпала займаць абарону трохі збоч моста. Акопы рылі, як кажуць, добрасумленна, каб можна было стаяць на дне. Не забыліся таксама і пра траншэю, якая вяла ад агульнай лініі абароны ў лес, што знаходзіўся метраў за чатырыста ад ракі: туды і мы пракапалі свой ход злучэння: словам, здаецца, падрыхтаваліся, як і паложана ў абароне. Але ў той дзень нямецкія танкі не паявіліся. Рокат іхні мы пачулі ўжо ўранні, праз ноч. Танкі падыходзілі да ракі ў тумане. Здавалася, вось-вось першая машына выскача на мост. Але не. Відаць, самалёты-карэкціроўшчыкі добра высачылі зверху ўвесь гэты бераг, таму немцы мелі дакладныя дадзеныя пра нашу абарону. Наступаць яны пачалі толькі тады, як рассеяўся туман па абодва бакі Нярусы. На нашы акопы раптам адтуль, з-за пагорка, абрынуўся шквальны агонь артылерыі. Няйначай, стралялі з танкаў. Выпадкова ці як, але акопы майго аддзялення гэты шквал неяк абмінуў, снарады чамусьці рваліся толькі вакол. Кананада такая працягвалася хвілін дваццаць. За гэты час снарады паспелі літаральна ўзарваць і луг, як бачылася воку, і ўзлесак, і сам лес патрушчылі далёка ўглыбіню. Нарэшце ўсё аціхла, дакладней, спярша сапраўды аціхла, а затым і зусім зрабілася ціха. Аднекуль з-за дарогі, быццам з-за высокага насыпу, выскачыў наш камбат і пабег, прыгінаючыся, уздоўж акопаў, відаць, хацеў упэўніцца, ці засталося што пасля такой калатэчы ад батальёна. Дабег да нас, крыкнуў, нібыта глухі ўжо: «Падрыхтавацца, зараз танкі пойдуць!» Мы пачалі азірацца, атрэсваць камякі зямлі, папраўляць на галовах каскі, выкладваць на брустверы акопаў звязаныя ручныя гранаты, бутэлькі з запальнай сумессю. Так і выйшла, як папярэджваў камбат: танкі не прымусілі доўга чакаць. Зноў за пагоркам пачуўся рокат матораў, і мы ўбачылі, як адтуль пачалі выпаўзаць танкі. Рухаліся яны не адзін за адным, а франтальна, захопліваючы па той бок ракі ўвесь шырокі пагорак. Здавалася, што танкі і рынуцца так, фронтам, на нашы пазіцыі, спрабуючы адразу фарсіраваць Нярусу. Аднак ужо ў наступную хвіліну яны пачалі выцягвацца клінам, кіруючыся к масту па адным. Перад самым мастом запаволілі рух, нібыта палохаючыся чаго. І вось у гэты момант нашы саракапяткі, схаваныя за кустамі, робяць першы залп. Затым другі, трэці. Адзін танк пачынае дыміцца, спыняецца якраз насупраць маста. Але ёсць месца рухацца далей, і палаючы танк абмінаюць другія, спяшаюцца ўз’ехаць на мост. Зноў страляюць нашы саракапяткі. Аднак цяпер снарады чамусьці ўзрываюцца побач. Тады пачынаем дзейнічаць мы, стралкі. Кідаем на танкі бутэлькі з запальнай сумессю, гранаты. Некалькі танкаў загараюцца на дарозе, па гэты бок ракі. Але ўсе мы ўжо разумеем, што нашымі сродкамі — бутэлькамі ды гранатамі — не стрымаць іх. Спраўныя танкі спаўзаюць з дарогі, імчацца кудысьці па лузе... Пад іхнімі гусеніцамі гінуць палкавыя саракапяткі. А неўзабаве ўсё навокал пусцее, танкі знікаюць і ваяваць ужо быццам няма з кім, бо пяхоты на танках зусім не было. Выходзіць, што за якія-небудзь лічаныя хвіліны апынуліся мы нечакана калі не ў акружэнні, то адрэзаныя ад свайго тылу. Нарэшце прыйшла каманда выбірацца з акопаў. Хутка мы далучыліся да іншых падраздзяленняў. Разам усе рушылі праз лес. Там быў і палкавы абоз. Доўга наша калона прабіралася па вузкіх, мала наезджаных дарогах, ажно пакуль на другія суткі не выйшла да нейкай вялікай вёскі. У гэтым населеным пункце знаходзіліся батальёны другіх двух палкоў нашай дывізіі з артылерыяй, а таксама частка эскадронаў кавалерыйскай дывізіі, што рыхтавалася да нейкага прарыву. Зрабілі і мы прывал. Нам тут жа выдалі па кавалку сырога мяса; інтэнданты казалі, што мясцовы калгас парэзаў знарок для нас сваіх валоў, ажно па пятнаццаць пачак махоркі і яшчэ таго-сяго з недатыкальнага запасу. Не паспелі мы хоць трошкі параскашаваць, зноў пачулася каманда — стройся. Праз некалькі хвілін ужо зусім вялікая калона з артылерыяй на коннай цязе, здаецца, толькі дзве ці тры цяжкія гарматы былі прычэплены да трактараў, кранулася з вёскі. Кіраваліся ўсе чамусьці на паўночны захад. Помню, чырвоны дыск заходзячага сонца вісеў трохі лявей нашай калоны. Дзесьці апоўначы ў полі раптам загарэліся сцірты саломы. І тут жа пайшоў погалас — моў, варожыя карэкціроўшчыкі падаюць умоўны знак сваім. Сапраўды, не прайшло і чатырох хвілін, як здалёку пачуліся гарматныя стрэлы, а на дарозе, па якой толькі што прайшоў ар’ергард калоны, пачалі рвацца снарады. Артылерысты спазніліся, і снарады патрапілі ў прамежак паміж ар’ергардам і канцом калоны. Ахвяр, вядома, на такой адлегласці, не было. Затое ўзнікла паніка, нібыта ўжо за кожным пагоркам, за кожным ляском стаялі немцы. На світанні пачалі акопвацца. Маё аддзяленне неспадзявана апынулася побач з камандным пунктам камандзіра дывізіі. Можа, таму, што былі мы ў поўным складзе і мелі яшчэ зусім зухаваты выгляд, палкоўнік спыніў свой выбар на нас. «Ваша аддзяленне,— загадаў ён мне,— перадаецца каменданцкаму ўзводу. Вартуйце КП і НП, назірайце вунь за тым лесам». Было відаць, як у той бок, куды паказваў камдзіў, рухалася вялікая група нашай пяхоты. Неўзабаве адтуль пачуліся стрэлы. Падобна было, што там ушчынаўся бой. І раптам з лесу выпаўзлі нямецкія танкі. Штаб дывізіі, перад якім не было артылерыі, тут жа зняўся з месца і перамясціўся на край вёскі, метраў за паўтараста па правы бок яе. А тым часам мы не атрымалі на гэты конт ніякага загаду, таму разам з каменданцкім узводам засталіся на ранейшай пазіцыі. Уся ўвага была скіравана цяпер на танкі. Без артылерыі, канечне, мы не маглі затрымаць іх, затое дружна расстралялі ўсе абоймы, спрабуючы паразіць глядзельныя шчыліны. І калі нарэшце ўбачылі: вакол немцы, ужо не было чым страляць нават па пяхоце. Уласна кажучы, нас бралі ў палон безаружных. Пасля, ужо ў калоне ваеннапалонных, я часта думаў — чаму гэтак нечакана здарылася, што мы апынуліся ў немцаў, бо ніхто ж з нас перад тым і не думаў, што ўсё можа скончыцца палонам. Я кажу за сваё аддзяленне. Немцы тут жа загадалі нам скласці пустыя вінтоўкі ў адну кучу і пагналі па той самай дарозе, якая вяла да маста па Нярусе. Здавалася, кружылі па лясах многа, а далёка не адышліся. Дарэчы, мы толькі цяпер як след убачылі, колькі падбілі варожых танкаў. І як вы думаеце, колькі мы іх танкаў падбілі там, а?