Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 69 из 77



О, як даўно гэта было!..

У атрадзе, які прыходзіў тады з Унечы ў забяседдзе, былі дзве кулямётныя тачанкі і адна гармата на драўляных, відаць, самаробных колах. Накіроўваючыся сюды, Шчорс меў на мэце ўсяго набраць у сваё войска добраахвотнікаў. Аднак для гарматы нечакана знайшлася баявая справа. Бабінавіцкія эсэры якраз стварылі ў воласці «рэспубліку», якая дзейнічала, як яны гаварылі, «на савецкай платформе», але была «самастойная і незалежная». Павятовай улады ў мястэчку не прызнавалі, а прадстаўнікоў рэўкома, якія прыязджалі з Чэрыкава, арыштоўвалі, трымаючы ў царкоўным сутарэнні. Шчорсаў атрад таксама паспрабавалі не пусціць за Бесядзь, паставілі баявыя заслоны на ўсіх дарогах, якія вялі ў Бабінавічы. Але дарэмна. Даволі было артылерыстам паставіць насупраць Прудка гармату і зрабіць некалькі стрэлаў з яе, як «рэспубліканская армія» разбеглася па дварах. І калі Шчорсаў атрад уступіў у мястэчка, там ужо не было не толькі «рэспублікі», але ніводнага эсэраўскага завадатара — кудысьці жвавенька збеглі ў Чарнігаўшчыну, можа, загадзя напытаўшы сабе прытулак. Сяляне з навакольных вёсак пасля доўга смяяліся з гэтай бабінавіцкай рэспублікі, а местачкоўцаў яшчэ і цяпер часам дражнілі на ўкраінскі манер — «самасційнікамі». Усё гэта Зазыба пабачыў на свае вочы, бо ўжо к таму часу запісаўся ў атрад к Шчорсу і, як былы кулямётчык, ездзіў па вёсках на тачанцы. Ён нават трохі пастрачыў тады з кулямёта, але не цэлячыся: загад быў ад Шчорса адно паўз галовы папалохаць абаронцаў «самастойнай рэспублікі»...

Нарэшце верамейкаўскі абоз выкіраваўся па звілістай лугавой дарозе да броду супраць Гончы, і першыя падводы пачалі пераязджаць шырокую ў гэтым месцы, але не дужа плыткую Бесядзь. На тым беразе, акурат у глыбокай каляіне, стаяў чалавек, усё роўна як выйшаўшы напярэймы. Аднак спыняць ён нікога не збіраўся, адразу перад першай падводай сышоў збоч дарогі і, на моцна затравянелым высокім бугорчыку,— дарма, што не было канца,— чакаў, пакуль праедуць астатнія. Параўнаўшыся з ім, Зазыба раптам пазнаў па абліччы таго смуглявага чалавека, што надоечы на нарадзе ў Бабінавічах пытаўся ў каменданта Гуфельда, ці будуць пры немцах навучаць у школах дзяцей беларускай мове.

Зазыба яшчэ тады, на нарадзе, памеў цікавасць да гэтага чалавека, здагадаўшыся, няйначай,— чалавек з «ідэяй»; хацеў даведацца хоць што пра яго, але не знайшлося ў каго спытаць. Чалавек таксама хутка пазнаў Зазыбу, хапіла толькі спыніцца на ім позірку, ён тут жа заўсміхаўся, можа, спадзеючыся на ўзаемнасць, затым паспешліва, каб, крый бог, не спазніцца, спытаў скрозь ляскат колаў:

— Куды гэта вы, мужыкі?

— У Белую Гліну! — круцячы за складзены канец лейцы над галавой, акурат пахваліўся з воза Мікіта Драніца.

— Вы з Верамеек? — ужо наўздагон гукнуў чалавек і саскочыў з бугорчыка на дарогу, кінуўся даганяць абоз.— А я гэта збіраўся да вас у Верамейкі,— сказаў ён Зазыбу, сядаючы з другога боку да яго на калёсы.— Добра, што перастрэў вас. Не трэба будзе лішняга круга даваць ды ногі дарэмна трапаць. А мы з вамі, здаецца, ужо бачыліся, праўда?

— Праўда,— прыязна ўсміхнуўся Зазыба.

— У камендатуры?

— У камендатуры. А якая патрэба вам у Верамейках? — спытаў Зазыба, крутануўшы цераз правае плячо галавой, каб лепей было чуць.

— Хацеў пабачыць жонку Бутрымы, дырэктара вашай сямігодкі.

— Дык яна ў эвакуацыі даўно. А што? Навошта яна вам?

— Бачыце, справа такая. Я — Мурач. Можа, чулі? Настаўнікам быў у Бабінавічах, а тады, год перад вайной, працаваў у Бялынкавічах. Дык я таму Бутрыму вашага добра ведаю, яшчэ з даваеннага. А цяпер у палоне разам былі, у адным лагеры сядзелі. Вось я і хацеў, каб жонка туды скора падышла.

— Дак... няма яе цяпер у Верамейках. Адразу, як прызвалі Бутрыму, падалася з дзецьмі ў бежанцы.— Зазыба памаўчаў.— Але што шкадаваць цяпер, некаторыя нашы салдаткі пайшлі па мужыкоў у лагер, можа, і Бутрыму пабачаць. Так што...

— А куды яны пайшлі?

— Здаецца, у Яшніцу.

— Не,— дробна куснуў ніжнюю губу Мурач.— Вашых, Верамейкаўскіх, у Яшніцы не павінна быць. Хіба, можа, тыя, што пайшлі па першай мабілізацыі. А так не павінна быць. Крутагорскія былі сабраны ў адну дывізію, што фарміравалася ў Яльцы. Усе, хто падпаў пад другую мабілізацыю, з Кручкоўскага гаю сёмага ліпеня пайшлі да Яльца — праз Вялікі Хоцімск і далей туды. Таму я і кажу, што вельмі малая верагоднасць, каб у Яшніцы вашы апынуліся. Адразу трэба было падказаць жанкам ісці ў Зёрнава.

— Дзе гэта Зёрнава, я не чуў?

— Каля горада Сярэдзіна-Буда. Чыгуначная станцыя завецца так. Дык там вось і зрабілі немцы вялікі лагер для нашых палонных.



— Ну і як там?

— Дзе? — не адразу зразумеў Мурач.— А-а, у лагеры?

— Але.

— Як у чорта за пазухай.

— Не ведаю, як гэта,— усміхнуўся Зазыба.— Ніколі не трапляў да чорта ў запазуху.

— Ну што тут ведаць! — акурат раззлаваўся настаўнік.— Пекла і ёсць пекла.

— Кажаце, пекла? А як жа вы вырваліся з таго пекла? Па-мойму, з пекла яшчэ ніхто не вяртаўся? Нават у казках і то гэта цяжка даецца.

— Мяне адпусцілі.

— А чаму тады Бутрыму затрымалі?

Зазыба хоць і свядома задаў гэтае сваё пытанне, аднак непрыязнасці да чалавека пакуль не адчуваў. Справа ў тым, што ён не даў веры настаўніку, не паверыў у тое, што немцы ўзялі вось так проста ды адпусцілі яго з лагера ваеннапалонных. На чым была заснавана гэтая вера ў адваротнае, сказаць цяжка, можа, на адной ранейшай прыхільнасці, бо для Зазыбы такога пачуцця звычайна хапала, каб не кідацца ў крайнасці і не мяняць крута думку пра чалавека нават тады, калі той, здавалася б, і даваў ужо для гэтага падставу. З другога боку, маўчанне, раптоўная збянтэжанасць, у якую прывяло настаўніка Зазыбава запытанне, таксама сведчыла на карысць апошняга. Хутчэй за ўсё, чалавек некалі вырашыў для сябе гэтак адказваць людзям, якія пыталіся ў яго, бо тут была для яго нейкая пэўная рацыя, а Зазыба раптам вельмі лёгка і нечакана разбурыў логіку ягонай версіі — на самай справе, чаму толькі цябе аднаго, чаму Бутрыма не ўдастоіўся ў акупантаў такога?

Было відаць, як білася ад унутранай натугі ў Мурача ў адным месцы на патыліцы, туды бліжэй да вуха, жылка, акурат спрабавала прабіцца там дзюбачкай з-пад скуры маленькая жывая істота...

Ніхто Мурача не выпускаў з таго зёрнаўскага лагера, што побач з горадам Сярэдзіна-Буда. Ён сам уцёк. Але каму цяпер пахвалішся гэтым, бо можа адразу дайсці да немцаў, і тым нядоўга будзе арыштаваць яго, зноў пасадзіць за калючы дрот.

У палоне Мурач прабыў усяго дванаццаць дзён.

Новую калону, у якой быў і ён, немцы прыгналі на чыгуначную станцыю Зёрнава пад вечар. Але перад тым як пусціць палонных у лагер, наладзілі кіназдымкі. Спярша акупанты ўзмацнілі канвой — абапал калоны пасталі дужыя аўтаматчыкі, якія пасаскоквалі з двух крытых грузавікоў, што стаялі непадалёк ад варот лагера. На трэці грузавік, у кузаве якога блішчаў лінзамі на трынозе кінаапарат, залез, паставіўшы нагу на металічную прыступку, афіцэр.

— Зараз мы будзем раздаваць вам хлеб! — сказаў ён картава па-руску.

Два другія немцы, што сядзелі на бакавой лаўцы, ускочылі і пачалі прымервацца да кінаапарата, а трэці і сапраўды дастаў аднекуль з-пад ног у сябе буханку хлеба.

Прызнацца, палонныя на нейкі час паверылі ў гэта. Думалася, адна справа — у дарозе, там, калі б і хацеў нават, то ці накарміў столькі народу. А тут — лагер. Няйначай, пры ім працуе ўжо кухня. Можа, нават пякарня... Словам, галодным ды знясіленым дарогай палонным на момант здалося, што пакуты нарэшце скончыліся, прынамсі, хоць галадаць не давядзецца, раз апынуліся на месцы. На кінаапарат мала хто звярнуў увагу, бо ў кузаве мог стаяць проста які-небудзь прыбор, напрыклад, артылерыйская бусоль, а тым больш не падумаў, што гэтая раздача хлеба прыдумана немцамі знарок, каб зняць яе на плёнку і потым паказваць у якасці хронікі ў кінатэатрах рэйха.

Побач з Мурачам стаяў калгаснік з Сібіры, Пятро Самуцін. Некалі ён жыў у Беларусі, дзесьці ля Пухавіч, а ў дваццатым годзе, перад польскім наступленнем, падаўся з малодшым братам і маткай у Сібір, да дзядзькі, які пераехаў туды яшчэ задоўга да рэвалюцыі. Дык гэта сібірскі беларус усю дарогу чамусьці супакойваў Мурача. Здавалася, яго не бянтэжылі нават тыя здзекі, якія чынілі канваіры над палоннымі, а часам і проста выпадкі дзікай расправы — абы згаладалы палонны зрабіў забаронены крок ад дарогі, каб ухапіць на гародзе качан капусты ці бурак, як услед яму грымеў стрэл; адставаў хто-небудзь, знясілены, на недазволеныя некалькі крокаў ад калоны, зноў чуўся стрэл.