Страница 70 из 72
Ужо зусім на сконе быў жнівень, бо тыя колькі дзён, якія заставаліся ў ягоным календары, ці маглі дадаць яшчэ што важкае на нябачныя шалі, на якіх і ўпрыкмет, і неўпрыкмет сіліліся падолець адно аднаго сёлетнія лета і восень, але ў наваколлі зноў было, як улетку, нават там, дзе не пашархала вакол кустоў прыткая каса, па-ранейшаму чырванелі, жаўцелі і сінелі ў высокай траве лугавыя краскі. Пахла мёдам, нібыта паблізу дзе была пасека, хоць Чубар ведаў, што ніводнага вулля за паўтара кіламетра на ўсе бакі не павінна стаяць, значыць, усё яшчэ паўнюткія і моцныя былі меданосы, што як нанава пачыналі духмяніць пасля нядаўняе золі.
Неяк самахоць успомнілася раптам, што недалёка адсюль, на пячышчы, дзе ў старыя гады гналі каланіцу з бяросты, была верамейкаўская лупільня — станок з зубчатым колам і невялікая, аршынаў на пяць, хатка. Будавалі лупільню пры калгасе, але да Чубара, калі ў Верамейках кіраваў Зазыба: тады якраз выйшла забарона смаліць свіней, каб кожны гаспадар здаваў скуру дзяржаве. Але ж ці гэта сала ў вёсцы, калі без паджоўклае шкуркі, прапахлай саламяным дымам? І вось паступова, азіраючыся двор на двор, але не выдаючы адзін аднаго, верамейкаўцы занядбалі гэтай забаронай, прынамсі, за свае гады, якія пражыў у Верамейках, Чубар не помніць, каб хто-небудзь з калгаснікаў прывозіў па сваёй ахвоце на лупільню хоць заняпалага парсюка. Што ж датычыла калгасных, то тут рабілася ўсё па закону, як і належыць... Цяпер недзе хатка тая стаяла вольная, і ў ёй, няйначай, можна было перабыць да вечара.
А ўчора Чубар не збіраўся адразу ісці ў Верамейкі.
Яму рупіла тады пахаваць забітага чырвонаармейца, якога знайшоў ля бальшака ў жыце, і ён пайшоў дзеля аднаго гэтага ў вёску, што была таксама па правы бок ад ракі, каб папрасіць там у каго рыдлёўку. Але пажылы, з неспакойнымі вачамі селянін, якога Чубар сустрэў за дварамі, не пусціў назад аднаго — ці пашкадаваў, што незнаёмы чалавек знясе рыдлёўку з двара, ці сапраўды захацеў памагчы яму.
У Чубара было жаданне выкапаць магілу побач з тым пясчаным грудком, дзе, па ягоным меркаванні, ляжаў старшы палітрук. І ён сказаў пра гэта селяніну. А той нядобра пажартаваў, цыўкаючы вачамі:
— Ну, а як немцы паедуць зараз па дарозе? Мне-то яны што? Мне, можа, і нічога не будзе ад іх за гэта. Трупы ж усё роўна каму-небудзь трэба закопваць. А вось ты, што табе яны загадаюць, калі заспеюць з вінтоўкай?
Тады Чубар, як са злосці, вырваў з рук у селяніна рыдлёўку і моўчкі, націскаючы ботам на загнуты брыж, пачаў капаць зямлю проста ў жыце, крокі за два ад скурчанага чырвонаармейца.
Селянін трапіўся пранырлівы — не стаў чакаць, каб хутчэй падмяніць далакопа, а кінуўся адразу да бальшака, пабегаў там, быццам ганчак, па слядах, і калі вярнуўся да Чубара, то ўжо нёс на сабе казацкае сядло.
— Вось, знайшоў! — сказаў ён, не хаваючы здаволенасці.
Але Чубар не павярнуў галавы і не паглядзеў на яго.
Тады селянін зноў сказаў:
— З яго падэшвы — насіць не перанасіць. — І калупнуў чорным пазногцем крыло.
Чубар адчуў, што селянін будзе стаяць гэтак над ямай і гаварыць пра сядло бясконца, таму разагнуў спіну, паказаў на рыдлёўку:
— На-тка, пакідай і ты зямлю...
Селянін кіўнуў галавой:
— Угу.
Чубар выцер крысом талстоўкі гарачы лоб, сеў на жвір.
Селянін тут жа заняў яго месца ў яме, але, перад тым як працаваць, спытаў:
— Ведаеш яго?
— Не.
— А то ж учора тут цэлы бой быў. Нездарма ж вунь крыжоў ля дарогі колькі. Бранявік таксама падбілі...
І ён пачаў расказваць, як чулі яны са свае вёскі гэты бой і як пасля туды наскочылі раз’ятраныя фашысты, пагражалі спаліць да аднае хаты, калі, не дай бог, знойдуць у каго схаванага чырвонаармейца ці камандзіра.
Чубар слухаў селяніна і зноў нібыта шэрхнуў сам — надта багата давялося яму за адзін дзень наслухацца, пабачыць і перажыць, ужо не ўсё нават успрымалася так, як хацелася б таго нармальнаму чалавеку; ён сядзеў з апушчанымі плячамі, талопіў позірк на растапыранае сядло, якое абеглівы селянін клапатліва паклаў зводдаль, але з усяго там выразна бачыў толькі шрамок, які быў зроблены пазногцем на крыле: скура жаўцела, як незагрубелая кара на сасне.
У яме скрыгнула раз і другі рыдлёўка па камені, і Чубар па гуку зразумеў, што селянін капае зямлю.
— Можаш узяць яго сабе, — быццам падахвочваючы таго, сказаў Чубар пра сядло.
Селянін выпрастаўся, бліснуў вачамі.
— Вось дзякуй табе! — У душы ён дагэтуль, няйначай, спадзяваўся, што сядло дастанецца яму, а як пачуў ад Чубара дазвол, то і наогул несхавана ўзрадаваўся.
— І торбу таксама бяры, — сказаў далей Чубар. — Там паперчына адна ёсць, дык не выкінь калі. Пасушыць трэба...
Хвілін праз колькі ён глянуў уніз, на самае дно:
— Бадай, хопіць ужо...
— А і дос, — не прымусіў сябе чакаць селянін. — Тут і зямлі яе столькі трэба.
Пакуль ён падчышчаў рыдлёўкай дно, Чубар падышоў да чырвонаармейца, бо падумаў абшукаць таго — калі раптам знойдуцца ў кішэнях якія дакументы, то і іх можна будзе сунуць у торбу, каб пасля, як вернуцца свае, паказаць каму трэба. Але ў кішэнях гімнасцёркі было пуста. Тады Чубар успомніў, што вайскоўцы звычайна хаваюць самае «найпершае» на выпадак смерці ў патаемную кішэньку, што на поясе штаноў. Ён адкінуў край закарэлай гімнасцёркі і далікатна, быццам то быў не мёртвы, а жывы чалавек, стаў мацаць пальцамі, складзенымі ў шчопаць, абапал брызентавага пасака. Тут таксама нічога не было. Заставалася абшукаць кішэні, з якіх тырчалі макароны. Чубар павярнуў мерцвяка дагары і, перасільваючы ў сабе гідлівы страх, але баючыся глянуць на зашклянелыя вочы, пачаў патрохі выграбаць макароны рукой. Кроў у кішэні нацякла густа, ды ўжо зусім засохла, нават пабралася шорсткімі камячкамі, таму цяжка было адрозніць, калі сыпаліся на зямлю пакрышаныя на дробныя кавалачкі і акрываўленыя макароніны, а калі сама зацвярдзелая кроў...
Селяніну, мусіць, няўцям было, чаму Чубар гэтак шнарыў па кішэнях забітага, бо раптам падаў як не насмешлівы голас:
— Што ў яго магло быць? Відаць, салдат жа... калі, вядома, не надзеў салдацкае...
Селянін вылез з ямы, атрос запэцканыя ў гліну картовыя штаны, якія дудурыліся ў яго, быццам у малога, на каленях, таксама падышоў да забітага. Чубар чакаў, што селянін сапраўды стане ззуваць чаравікі, і рыхтаваўся ўжо накрычаць тады на яго, але той раптам здзіўлена войкнуў і сеў.
— Немцы! — шапнуў ён.
Чубар ад нечаканасці ледзь не ўсхапіўся, аднак стрымаў сябе і ў той жа момант кінуўся, бы малпа, на чатырох, да сваёй вінтоўкі, якую паклаў на кучомістую траву яшчэ да таго, як брацца за рыдлёўку.
— Не гоцай! — сыкнуў на яго селянін.
— Дзе яны? — шэптам спытаў Чубар.
— Не чуеш, па дарозе едуць!..
І праўда, на бальшаку гуло ўжо ад матораў, і гул, здавалася, станавіўся да неба, нават дзіўна, што Чубар не пачуў яго раней...
— Як думаеш, ці ўбачылі яны цябе?
Селянін у адказ адно зрабіў дурнаваты твар ды паціснуў плячамі. Гусіным крокам, каб не вытыркацца з жыта, Чубар вярнуўся да селяніна і, кладучыся, прыткнуўся левым плячом побач, акурат выконваў гэтым на агнявым рубяжы першую вайсковую каманду.
Ці то на твары ў яго была рашучасць, якая не пакідала сумнення, ці, можа, уражанне зрабіла тое, як браў ён, быццам напагатоўку, зброю, але селянін раптам ухапіўся за Чубараву штаніну і пачаў тармасіць:
— Ты што гэта надумаў? Хочаш пагубіць нас? Не страляй, кажу!
Чубар вырваў з рук штаніну, пасунуўся трохі далей. Да гэтага яму і ў галаве не стаяла страляць адсюль: па-першае, скрозь жыта не праглядваўся бальшак, на якім гулі машыны, а па-другое, станавіцца на ногі ды вытыркацца і зусім нельга было — не паспееш падняць вінтоўку, як цябе апярэдзяць. Тым часам побач, бы дакор, ляжаў мёртвы чырвонаармеец, які, мусіць, таксама мог адсядзецца ў гэтым жыце, каб толькі захацеў, а вось жа не стаў хавацца... Аднак Чубар ужо нібыта прырос да зямлі, і ў яго не было рашучасці выпаўзці на край поля альбо стаць на ногі...