Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 68 из 72



«Бог ты мой, што ета сянні на мяне наважджэнне такое?» — жахнулася Ганна і, нібыта паддаючыся татарынавай настырнасці і пэўна ўжо нечалавечай заюшанасці, пачала патроху адступаць да ложка, які стаяў з неразабранай пасцеллю пры сцяне паміж сталом і перагародкай. І тады заплакаў за перагародкай меншы хлопчык.

— Ма-а-ма-а-а...

Татарын раптам спыніў свой націск, а Ганна, нібыта ўспомніўшы аб нечым і адным часам жахнуўшыся гэтага ж, зноў штурхнула з усяе моцы гвалтаўніка. Дзіва, але гэты раз той таксама адляцеў — аж на сярэдзіну хаты, падкаўзнуўся там і гахнуўся ніцам на падлогу.

Малы яшчэ больш заплакаў за перагародкай. Тады прачнуўся — мусіць, ад ягонага плачу — і Петрачок.

— Мама! — паклікаў ён Ганну і, саскочыўшы з ложка, выбег з-за перагародкі на хату.

— Ідзі, дзіцятка, ідзі, спі, — сказала яму расчырванелая і запыханая Ганна, а сама не зводзіла вачэй з паліцая, які ўжо станавіўся на карачкі: ёй бы цяпер што-небудзь у рукі, але ўзяць нечага было.

Тым часам паліцэйскі гопнуўся на ногі і неяк утрапёна, нібыта аглавушчаны ці з вялікае п’янкі, павадзіў галавой па хаце, затым патупаў да ўслона, дзе ляжала яго вінтоўка. Бачачы гэта, Ганна яшчэ больш жахнулася, схапіла за плечыкі Петрачка і як не запіхнула за перагародку. Але паліцай нават не дакрануўся да зброі. Адно сеў на ўслоне ды насцярожана сцішыўся, нібыта атрымаў дазвол на перадышку.

Ганна таксама адышлася да ложка, спярша села там на самы край, а тады павярнулася бокам і ціха, без голасу, заплакала, уткнуўшыся галавой у падушку. Ёй шкада было сябе, якую няма каму нават абараніць, і таму ці мала хто можа рашыцца пакрыўдзіць. У горкай і бездапаможнай роспачы, здаецца, упершыню яна праклінала сваё так званае саламянае ўдоўства.

Лёс да яе чамусьці быў вельмі ж нелітасцівы — пра гэта звычайна перш за ўсё і лепш ад усіх ведаеш сам, а тут, у Верамейках, і кожны, каму не бракавала сэрца і розуму, мог паспагадаць, што жыццё ў маладой кабеты сапраўды не склалася па-людску, адно што бог даў (калі гэта сапраўды неяк ад яго залежала) не апошнюю зусім прыгажосць, якую ці абмінала чыё вока, ды лагодную, быццам назнарок выхаваную душу, можа, якраз з тым, каб у ёй неўпрыкмет патаналі нават чужыя заганы: іншая справа, што Ганна сама не скардзілася ні на лёс, ні на жыццё, але то ўжо было, бадай, прычынай яе характару.



Бацька ў Ганны, Карпіла Самбук, быў чалавек, як кажуць, тутэйшы, хоць і не з Верамеек — жыў ён да хлопцавых гадоў па той, не лясны, бок Бесядзі, недзе за Вітунём, затое маці Ганчына паходзіла з мяшаных чарнігаўскіх хахлоў: браў яе бацька тады, як працаваў на будаўніцтве цяперашняй чыгункі Унеча — Орша, што павінна была найкарацей злучыць вугальны поўдзень краіны з другой сталіцай. Чыгунка пачыналася ад Унечы. Але да Оршы здолелі давесці яе толькі ў савецкі час. Тады ж, перад вайной з кайзерам (ды і ў самую вайну), будаўнікі паклалі рэйкі з таго канца адно да Клімавіч. Вядома, як і паўсюль на гэтакім будаўніцтве, землякопы і возчыкі з цяглом набіраліся найперш з навакольных вёсак — нарэшце тым, хто меў пільную патрэбу, хоць не трэба было ехаць далёка на заробкі, а то дзе яшчэ шукаць тыя цукровыя заводы ды шахты, і мужыкі з ахвотай (пакуль не пачалася гужавая павіннасць пад час вайны) наймаліся там на розныя работы, асабліва ў каго былі свае фурманкі. Падаўся на будаўніцтва чыгункі і Карпіла Самбук — гаспадарка ў іх была невялікая, і бацька з ёй упраўляўся адзін. Спярша арцель, да якой дзесятнік неўзабаве далучыў хлопца, вазіла пясок да чыгуначнага насыпу з-за Бялынкавіч, пасля арцельшчыкі пераехалі на работу да Суража, а ў пятнаццатым годзе сталі ездзіць па будаўнічы камень і па смалу бліжэй да Чарнігава. Там Карпіла Самбук і ўпадабаў сабе жонку. Здаецца, ці не за трэцім ужо разам прывёз яе ў Сураж, дзе тады быў на сезонным пастоі. Тут маладыя пражылі да таго дня, як былі спынены будаўнічыя работы на чыгунцы. Але дамоў, у сваю вёску, Карпіла не павёз цяжарную жонку, палічыў за лепшае падацца да жончыных бацькоў. Там, у вялікім сяле за Сновам, нарадзілася ў іх Ганначка. З таго часу, ажно да трыццаць трэцяга года, Карпіла Самбук і не наведваўся ўжо на радзіму. Прывёў яго зноў за Бесядзь голад, які пачаўся тады на ўсім поўдні, таксама і на Чарнігаўшчыне. Карпіла паклаў у мяшок найлепшыя рэчы, якія можна было абмяняць на харчы, дабраўся пехатою да Унечы, а адтуль паехаў далей цягніком па чыгунцы, якую некалі будаваў. Ён не дужа каб спадзяваўся на свае рэчы, затое меў надзею разжыцца збожжам, няйначай, у бацькоў ці родзічаў, што жылі ў вёсцы. Але напаткала няўдача — у вёсцы калгаснікі ўжо таксама ледзь перабіваліся з мякіны на лебяду, і толькі касцам — была ж пятроўка, значыць, касавіца — да рэдзенькага крупніку давалі па кавалачку «пушнога» хлеба, які яны ўвесь прыносілі дамоў дзецям. Карпіла тады нібыта ўпершыню зразумеў, як далёка пайшоў голад. Аднак тут, у беларускіх вёсках, у адрозненне ад украінскіх сёл хоць не паміралі людзі... Адно што па ўсім наваколлі хадзіла багата старцоў, асабліва тых, што неяк датэпалі сюды з паўднёвых раёнаў. Тым часам Карпіла таксама павінен быў хоць што якое прывезці дамоў. І ён пацёгся са сваёй колішняй хаты па знаёмых вёсках, спрабуючы ўсё ж выменяць што на рэчы. У Прусінскай Будзе яму пашанцавала: тамашні аднаасобнік насыпаў у мяшок за пяць аршынаў сукна пуд грэчкі. Нарэшце, можна было хоць з гэтым вяртацца назад. І ён перадаў цераз знаёмага мужыка бацькам, што пойдзе ўжо на станцыю, каб ехаць дамоў. Але на другі ці нават на трэці дзень небараку знялі нежывога з бярозы, што на Чортавай гары паміж Крутагор’ем і Збужарам. Ніхто не ведаў, чаму павесіўся чалавек, — дарэчы, яго ўсе называлі «ўкраінцам». Аднак прайшоў пагалас, што перад гэтым яго «вадзілі» ў Крутагор’е ў міліцыю: казалі самыя дасведчаныя (а такія заўсёды знойдуцца), што «ўкраінец» нібыта ўкраў нешта ў Прусінскай Будзе... Як бы там ні было, а старшыні мясцовага сельсавета давялося выклікаць тэлеграмай Самбукову жонку з Чарнігаўшчыны. Прыехала з семнаццацігадовай дачкой Ганнай, калі мужа даўно пахавалі. Прыехаць неяк прыехала, а назад вярнуцца ўжо не ставала сілы ў яе. Тады і прывёз Дзяніс Зазыба з Бялынкавіч у Верамейкі дзвюх незнаёмых жанчын, якіх падабраў нядужых на чыгуначнай станцыі. У Верамейках ужо каторы год стаяла пустой хата — пераехаўшы жыць у другое месца, гаспадары, аднак, не прадалі яе, і Зазыба на сваю адказнасць пасяліў Карпілавых жанок у тую хату.

Але на гэтым пакуты не скончыліся...

І ўжо зусім як нешта надзвычай кашмарнае ўспаміналася Ганне тая вясенняя ноч, калі яна ішла ў вёску з хатомкаю бульбы на плячах. Тады яшчэ была жывая маці, і дачка ратавала яе як магла. Хоць верамейкаўцы і дужа спагадліва ставіліся да іх, аднак жа маці пасля бацькавай смерці ўвесь час хварэла сама, і на Ганне адной ляжаў клопат пракарміць дзве душы, асабліва калі ўлічыць, што вынікі галоднага года не адразу мінуліся. Даць у хатомку бульбы паабяцаў дзяўчыне з калгаснага кагату палявы вартаўнік Пахом Палабок. І яна, дурніца, пайшла ўначы па ломкім лядку да кагату, бо не здагадвалася, чым павінна была заплаціць за бульбу...

Калі ўжо Ганна зацяжарыла, Палабок спалохаўся, што ўсё можа высветліцца і наўрад ці даруюць тады яму ў вёсцы за гвалт над дзяўчынай, таму завербаваўся кудысьці на шахты і перавёз туды сям’ю.

Але Ганна не выдала, хто бацька яе большага хлопчыка, дарэчы, як не гаварыла таксама пазней, ад каго ў яе быў і меншы сын.

...У лямпе дарэмна выгарала газа, і Ганне шкада было яе, бо другім разам ужо не будзе чым нават пасвяціць дзецям за вячэрай, але яна не адважвалася тушыць святло: паліцай усё сядзеў на ўслоне, бы сыч, адно не кугакаў.

Няйначай, гэтая ноч была недзе на хуткім сконе, а Ганна яшчэ не прылягла нават на гадзіну. Але яна рада была, што хоць не захварэў меншы хлопчык — цяпер галава ў таго больш не гарэла, мусіць, усё ж перастаяў ён трохі на сонцы. Пасля ёй прыйшло ў галаву, што нядрэнна было б заўтра (калі ўжо не сягоння) таксама прачнуцца як раней ды разам з іншымі верамейкаўцамі пайсці ў поле... Чым больш галаву займалі звычайныя жыццёвыя турботы, тым далей яны адсоўвалі ад яе крыўду на лёс, які хвіліну назад здаваўся надта нелітасцівым; і неўзабаве Ганна неўпрыкмет забралася з нагамі на ложак і яшчэ больш неўпрыкмет заснула, хоць гэтаму працівілася ўсё, што было свядомага ў ёй. Яна не ведала, колькі праспала гэтак, але раптам пачала адчуваць, што на яе хтосьці наваліўся і душыць. Тады Ганна расплюшчыла вочы. Першае, што ўбачыла яна над сабой, быў Рахімаў твар. Але не гэта было самае жахлівае — яна не магла паварушыць рукамі, бо тыя былі прывязаны дзягай да ложка. Змагацца з татарынам, пэўна, ужо не было як. Нават закрычаць Ганна не мела магчымасці: з-за перагародкі тады на яе голас прыбеглі б дзеці, а яна не магла дапусціць, каб тыя пабачылі яе ў такім стане...