Страница 2 из 6
— Баюся могілак, — сказала Алеся. — Дрыжу, калі іду паўз іх адна. Ведаю, што нічога страшнага на свеце няма, ніякай нячыстай сілы, а ўсё адно баюся...
Яна вучылася ў педагагічным тэхнікуме, на другім курсе, хоць была маладзей за мяне на два гады. Мы вельмі хутка, за нейкія лічаныя дні, сышліся ў поглядах на жыццё, у сваіх сімпатыях і антыпатыях. Мы любілі адны і тыя ж кнігі, адных і тых пісьменнікаў. Тыдні праз два пасля першага знаёмства я ўжо ведаў, што не магу без Алесі жыць.
Была яна, як дзіця: непасрэдная, шчырая, даверлівая і зусім не ўмела таіць сваіх пачуццяў. I хоць па адукацыі яна ішла вышэй за мяне (у іх тэхнікуме прайшлі ўжо прагрэсіі, адносіны і лагарыфмы, а я толькі планаваў іх вывучэнне ў сваім календары), героем у яе вачах быў я. Я ж ужо настаўнік, а яна толькі вучыцца!..
Восень у той год была цёплая, бабіна лета зацягнулася ледзь не да самага лістапада. Горад блізка, за дваццаць кіламетраў, і Алеся прыязджала дамоў па два, а то і тры разы на тыдзень. Я ведаў, што гэта дзеля мяне. Колькі было іх, незабыўных вечароў, калі мы марылі і цалаваліся!
Мары сягалі высока. Я развіваў перад дзяўчынай самыя смелыя планы, у ажыццяўленні якіх галоўнай дзеючай асобай рабіў самога сябе. То я экстэрнам канчаў тэхнікум і смела ступаў у вышэйшую навуку, рабіў пераварот у педагогіцы, то ішоў у армію, станавіўся камандзірам, здзяйсняў подзвіг, пра які пісалі ў газетах. Бясконцая чарга гераічных спраў была намечана ў тыя памятныя цёплыя вечары...
Алеся сагравала мае летуценні. Са сваім каханнем яна звязала ўсё лепшае, да чаго сама імкнулася ў жыцці. Дзяўчына баялася толькі, што я паеду здзяйсняць запланаваныя подзвігі адзін, без яе, і мне будзе цяжка. Я стаў яе героем і рыцарам. У вянок сваіх мар яна ўпляла самыя прыгожыя кветкі і гэты вянок усклала на мае плечы...
Калі разбірацца глыбей, то мы былі дзеці свайго часу і ў нашых марах было шмат ад яго героікі: перад вачамі стаялі подзвігі папанінцаў, абаронцаў граніцы ля возера Хасан і ракі Халхін-Гол, праслаўленых лётчыкаў.
На гэтай агульнай хвалі мы і плылі, не заўважаючы і нават адварочваючыся ад звычайнай будзённасці і друзу жыцця.
У тыя самыя вечары, калі, затуліўшыся ў засені школьнай бярозы, мы трызнілі ўслых аб будучым, на вуліцы раўлі і галёкалі п'яныя галасы, нясліся дзікія выгукі і лаянка. Але мы гэтага не чулі, праўдзівей кажучы, не хацелі чуць. Мы лічылі гэта дробязямі, перажыткам мінуўшчыны, што хутка само сабой знікне. Мы былі ідэалістамі і рамантыкамі.
Вядома, хутка я стаў хадзіць у хату да Алесі, там мяне лічылі сваім. Маці нават звала зяцем. Апорай сям'і была яна, жанчына практычная, з цвярозым розумам і разлікам, а не бацька, мяккі, бязвольны і вялікі дзівак.
— Я, брат, чапаевец, — пахваліўся мне пры першым жа знаёмстве Максім Пацалуйка, Алесін бацька. — Толькі заціскаюць мае заслугі. Вось каб жыў быў Васіль Іванавіч, ён бы такога не дапусціў...
— М-а-а-ксім! — азвалася жонка. — Не хлусі ты хоць пры чалавеку. Які ты чапаевец, ты ж і страляць не ўмееш. Не верце вы яму: малоціць гэтая малатарня, сама не ведае што...
Потым высветлілася, што нейкае дачыненне да Чапаева Пацалуйка ўсё ж меў. Мабілізаваны ён быў ужо ў дваццатым годзе і жывога Чапаева, вядома, не бачыў, але служыў нібыта ў той часці, якой раней камандаваў герой грамадзянскай вайны. Максім лічыў сябе чапаеўцам на той падставе, што Чапаеў, калі б ён быў жывы, не абмінуў бы яго, зацікавіўся б ім і нават пасябраваў бы з ім асабіста.
Пацалуйка ў ліку нямногіх у вёсцы не належаў да адыходнікаў. 3 калгаса ён атрымліваў мізэрны заробак, лічаныя пуды збажыны і бульбы, але на працу ішоў дзень у дзень. Яго галава пастаянна была заклапочана нейкімі планамі, праектамі, удасканаленнямі, хоць у бедных Дзеўках асабліва ўдасканальваць і не было чаго.
— Платон! — аклікнуў мяне аднойчы Пацалуйка на вуліцы.
Я падышоў, думаючы, што ён скажа што-небудзь пра Алесю. Яна якраз здавала залікі і больш тыдня не прыязджала. Але пра дачку Максім нават не ўспомніў.
— Ты геаметрыю ведаеш? — спытаўся ён з нейкім змоўніцкім выглядам.
3 гэтай навукі я ведаў не шмат. Нешта пра трохвугольнікі, пра суму іх вуглоў, пра тое, што паралельныя ніколі не перасякуцца. Пытанне Пацалуйкі здзівіла мяне.
— Навошта вам, дзядзька, геаметрыя?
— Без яе, брат, як без рук. Задумаў я адну штуку, але ж трэба разлік.
Спрабаваў сам чытаць, Алеся кніжку прывезла, але літары там нейкія не нашы...
Ён ад прыроды быў вынаходнік, меў залатую галаву і рукі. У гэтым прыйшлося пераканацца пазней. У тыя перадваенныя гады ў калгасах пачыналі сеяць кок-сагыз. Спецыяльнай тэхнікі не было ніякай. Сеялі гэтую паўдзікую расліну страшэнна прымітыўным спосабам: пальцамі ў глебе рабілі лункі, апускалі туды шчапоць дробных, нібы макавых, зерняў, потым рукамі заграбалі ямачку.
I вось Максім Пацалуйка сваім одумам сканструяваў кок-сагызную сеялку. Яе пусцілі ў ход і не маглі нахваліцца: машынай за дзень засеялі ўсю плошчу, вызначаную калгасу.
Сеялку паказвалі на раённай выстаўцы, яе чарцяжы пасылалі ў наркамат. Адказу Пацалуйка не атрымаў, пачалася вайна.
Пасля вайны ўжо мне давялося бачыць заводскую сеялку, сканструяваную інжынерамі. Гэта была сапраўдная машына, а не драўляны кораб на жалезных колах, якой здавалася пацалуйкава. Але сам прынцып дзеяння быў той самы.
Пацалуйкава сеялка, калгас, парадкі ў вёсцы, нават вайна, якая ўжо ішла на свеце, — усё гэта не займала вялікага месца ў маіх думках.
Восень, зіму, вясну — мой першы настаўніцкі год — уладна захапіла Алеся. Яна кожнае хвіліны прысутнічала ва ўсім, што я рабіў і аб чым думаў. У вушах звінелі радкі Купалавага верша пра дзяўчыну Алесю, якая лёгкакрылай птушкай узвілася ў неба. Мелодыю да гэтых радкоў прыдумаў я сам„ і было ў ёй, памятаю, нешта сумнае і нешта ледзь
улоўна трывожнае. Жыве, мабыць, у чалавеку тое, што звычайна называюць прадчуваннем...
Па прыездзе ў Дзеўкі я меціў кватараваць і сталавацца ў цёткі, стрыечнай сястры маці. Яна мела прасторную хату, агарод, сад і жыла, па расказах маці, не блага. У кватаранты да сябе яна мяне, аднак, не ўзяла. Прычына тут была, бадай, простая: цётка, як і многія іншыя, часта ездзіла на базар, ведала цану капейцы і справядліва разважыла, што каля настаўніка, ды яшчэ родзіча, не вельмі пагрэешся.
Кватараваць мне прыйшлося ў чужых. Мае гаспадары жылі неяк неўладкавана, неахайна, як цыганы. Сам гаспадар, кульгавы Міна, цяжкай работы рабіць не мог, з сям’ёй быў не ў ладах. Летам ён прападаў у шалашы, вартуючы калгасную капусту і буракі, а зімой — на ферме, начуючы і харчуючыся, як прыдзецца.
Гаспадыня, кабета гадоў за сорак, на мужа не зважала. Была яна бежанка, як гаварылі, з «мазуроў», любіла выпіць і павесяліцца. Хадзілі чуткі, што да яе заляцаецца брыгадзір пуцейцаў. Цішком пасмейваліся нават, што Міна бацька сваім дочкам толькі па метрыках.
Старэйшая дачка, Феня, працавала на наступнай за нашым раз’ездам станцыі буфетчыцай. К майму прыезду яна пратаргавалася, і гэта каштавала сям’і нямала — каб вызваліць Феню з бяды, прыйшлося неадкладна прадаваць карову. 3 гандлем Феня развітвацца, аднак, не хацела. У нашай школе сельпо арганізавала невялікі буфецік, і яна — як быццам нічога не здарылася — заступіла за яго прылавак. Гэта была мажная дзяўчына, з вялікімі, нібы здзіўленымі, вачамі і густа падведзенымі брывамі. Яна любіла паказаць сябе выхаванай і далікатнай.
— На дэсерт сягодня кампот з сухафруктаў,— гаварыла Феня, уваходзячы вечарам у маю бакоўку і ставячы на стол кубак звычайнага ўзвару з ігруш-дзічак.
Малодшая, Лёдзя, з твару падобная на бацьку, была за вучаніцу ў кравецкай арцелі ў горадзе і наязджала дадому рэдка. Трымалася яна незалежна, да старэйшай сястры і маці адносілася абыякава і часамі нават варожа.
Я жыў у сваіх гаспадароў, мала цікавячыся жыццём і парадкам, які панаваў у іх доме. А тут адбывалася нешта нездаровае, нешта часамі агіднае і брыдкае. У хату іншы раз прыходзілі незнаёмыя мне мужчыны. Яны паяўляліся заўсёды вечарам, прыносілі сваю гарэлку і закуску. Наладжваліся выпіўкі, і ў іх прымалі ўдзел маці і старэйшая дачка. Мужчыны аставаліся начаваць. Зачыніўшыся ў сваёй бакоўцы, я стараўся не звяртаць на гэта ўвагі, або, калі прыязджала Алеся, ішоў на спатканне да яе.