Страница 6 из 14
Пясок хутка выпiваў ваду, i мы асуджана паварочвалi назад да студнi. Дзяжурная амазонка здаганяла нас з пачкам соды i патрабавала як след вышараваць выварку, крыўдзiцелькi ж заходзiлiся воддаль смехам i абяцалi ператрахаць па чарзе спярша нас, а тады i амазонак.
Урэшце экспедыцыi па ваду пачалi ладзiцца з аховаю: двое цягнулi выварку, а чацвёра адпрэчвалi плявакаў штыкецiнамi.
Удзень мы калупалi рыдлёўкамi дол, збiвалi апалубку, завiхалiся вакол вялiзнай вуркатлiвай бетонамяшалкi i аддавалiся крозам пра вечаровыя спатканнi.
Блiзу паўночы парачкi збiралiся каля раскладзенага на галявiне за "хiмкомплексам" вогнiшча i задуменна глядзелi на агонь.
З цемры выходзiлi i ветлiва падсаджвалiся на пакладзеныя пры вогнiшчы бёрны маладыя хiмiкi з гiтарай. Яны прыладкоўвалi на чырвоным вуголлi конаўкi або iмбрыкi на чыфiр i заводзiлi песню. Гучала "Прокурор затребовал расстрела", "Как над Томском опускается туман, никогда я не прощу тебе обман...", але найдушэўней атрымлiвалася ў iх "Здравствуй, Невский, здравствуй, Кировский", бо шмат хто з нашых суседзяў таксама быў з Пiцера.
Iдылiю гiтарных перабораў, пакладзеных на мулкiя мужчынскiя плечукi дзявочых галовак i мяккага чыфiравага кайфу руйнавала шумнае з'яўленне гурмы падлеткаў. Яны груба лаялiся, як па-пiсанаму часалi на блатным арго, хвалiлiся, хто колькi разоў "отодрал" сваю "чучундру", i дэманстратыўна забаўлялiся з кнопачнымi ножыкамi, з тронкаў якiх, цьмяна паблiскваючы, выляталi вузкiя клiнкi-джалы.
Спачатку мы мелi гэтую кампанiю за малалетнiх хiмiкаў, пагатоў падлеткi ахвотна апавядалi, за што i па якiм артыкуле сядзелi, ды сапраўдныя вольныя пасяленцы пагардлiва растлумачылi нам, што гэта ўсяго толькi пасялковая шпана, занятая пошукамi сваiх жыццёвых iдэалаў.
Ленiнградкi да вогнiшча не прыходзiлi. Трэба сказаць, што, хоць яны i чаплялiся да нас каля сталоўкi, мужчынскае ўвагi iм ставала. На кожную прыпадала ў сярэднiм па трое хiмiкаў-мужчынаў. Звычайна яны i сялiлiся па формуле 3 + 1, праўда, "бугры" мелi права выбару i маглi трымаць невялiкi гарэм, цi, па-мясцоваму, "курятник". Спецкамендатура праблемамi палiгамii не займалася.
Амаль кожны дзень нашага iснавання быў адзначаны адметнай падзеяю.
То "цяжкi" падлетак Вiця, зусiм ачмурэлы ад "трох сямёрак" i любошчаў з амазонкаўскiм кiраўнiцтвам, наловiць у мех з паўтузiна здзiчэлых катоў, падыме iх уначы разам з будатрадаўскiм сцягам на недарэчна высокi флагшток, а пасля перарэжа на блоку вяроўку, i каты будуць, не зацiхаючы нi на секунду, екатаць як рэзаныя, пакуль нейкi пiцерскi хлапец за пляшку "777-га" не ўзлезе, нацёршы рукi смалою, па слiзкiм шосце i не скiне жывой радыёкропкi на дол, а чацвераногiя вязнi не разбягуцца па наваколлi - усе як адзiн цалюткiя i гатовыя да новых прыгодаў.
То двое абхазцаў, якiм заставалiся лiчаныя днi да волi i ад'езду ў Сухумi, хопяцца ў пасялковай краме за нажы i заробяць новы тэрмiн.
То прыедзе маладая жонка начальнiка нiкалаеўскага порта, што "дахiмiчваў" у Ягадным за валютныя аперацыi.
Жонку валютчыка адразу ахрысцiлi Дзекабрысткай. Мяркуючы па кансервах (ужо ад адных назваў - крабы па-японску, суп з амараў - набягаў поўны рот слiны), якiя яна разагравала каля ганка на раскладзеным памiж дзвюма цаглiнамi цяпельцы, а таксама па мяняных штодня крымпленавых сукенках, партовы дзеяч паспеў сёе-тое прыхаваць.
Увечары шчаслiвая пара пад пахмурнымi зiркамi суседзяў пад ручку выходзiла на шпацыр.
Гэта была памылка. Калi валютчыка на два днi адправiлi на далёкi аб'ект у тайгу, сем хiмiкаў у поцемках прыйшлi да Дзекабрысткi i гвалцiлi яе (па-мясцоваму гэта далiкатна называлася "рэпетыцыяй хору", а недалiкатна "сходить на хорька") да самае ранiцы, папярэдзiўшы, што калi заявiць у спецкамендатуру, праз тры днi на пасялковых кладах з'явяцца дзве новыя магiлкi - ейная i - каб не сумавала - каханага мужа. Папярэджанне паўтарылi i начальнiку порта, якога дзеля прафiлактыкi завалiлi сярод белага дня ў пыл i нязлосна, але спрактыкавана i доўга - нiбыта рабiлi не надта прыемную, аднак абавязковую работу - бiлi нагамi. На тутэйшым жаргоне апiсаная працэдура менавалася "самавучкай". Мы якраз iшлi палуднаваць i ўсё бачылi, ды засталiся гледачамi, бо ўмяшанне ў разборкi абяцала "пику в бок".
Аднаго дня ў небе над пасёлкам з'явiўся пажарны верталёт, падобны да варанага рака з прапелерамi. Ён цягнуў на тросiку закручаны ў брызент лёгкi груз, што гайдаўся, быццам кiвач ад ходзiкаў. Верталёт скiнуў груз на падворку спецкамендатуры, i Ягаднае даведалася: пажарнiкi знайшлi на прасецы тое, што засталося ад пецярых зэкаў, якiя ў сакавiку рванулi на волю з недалёкай (у сiбiрскiх сумерах) зоны. Праляцеў почут, быццам пятага ўцекача таварышы бралi за "карову" - прасцей кажучы, каб па дарозе з'есцi. "Тайга - закон, медведь хозяин", - пракаментаваў падзею галоўны бугор хiмiкаў дзядзька Коля-масквiч з вытатуяваным на грудзях партрэтам Сталiна. Той дзядзька Коля, пра якога казалi, што ён жыве ў Сiбiры, чаргуючы зону з "хiмiяй", яшчэ з ваенных гадоў.
Увесь гэты час я марна выглядаў хiмiцу, з якой сустрэўся ў першы дзень. Яна нiколi не з'яўлялася нi сярод плявучых налётчыцаў у ваколiцах сталоўкi, нi сярод тых жанчын, што развешвалi на вяроўках памытую бялiзну сваiх уладароў або нешта гатавалi на цаглiнах. Нарэшце гаспадыня спеўнiка аб'явiлася сама.
"Эй, студент! - пачуў я аднойчы, цягнучы з Генiкам цяжкiя бляшаныя ношкi бетону. На сцежцы, засунуўшы рукi ў кiшэнi, пругка пераважвалася з пяткi на насок чароўная мацюкальнiца. - Пошли покурим, - з насмешлiвым выклiкам прапанавала яна i супакоiла: - Не боись, я нынче хорошая". Я не баяўся, бо адчуваў, што той, першы раз памiж намi праскочыла iскра, пасля якой ужо не ўчынiш адно аднаму анiякага кепства.
З цёплага пляскатага каменя на высокiм беразе было вiдно, як далёка ўнiзе паўзла па Кецi баржа-самаходка, i я падумаў, што, магчыма, на такой вось баржы сорак гадоў таму везлi на смерць майго галоднага завашыўленага дзеда Максiма.
Чамусьцi некаторыя людзi маюць схiльнасць расказваць мне свае гiсторыi.
Недзе на Васiльеўскай выспе бегала ў школу i ў лiтаратурную студыю дзяўчынка Iрына, якую ў дзесятым класе на школьным вечары ў гонар дня нараджэння камсамола запрасiў на танец незнаёмы юнак Юра, што адрэкамендаваўся фiлосафам.