Страница 2 из 14
"Казёл" загамаваў на цэнтральнай плошчы Бл. Яра, i Генiк - меў ён такую жарсць да партыйных i дзяржаўных устаноў - прапанаваў схадзiць за райкам партыi да ветру. Я прагна насычаўся сiбiрскiм каларытам, да якога апрача камар'я належалi старадаўнiя каржакаватыя дамы, што, несумнеўна, даўно пусцiлi ў зямлю каранi, а таксама вусцiшная гайня цi то свойскiх, цi то здзiчэлых сабак усiх магчымых масцяў, што гойсала вакол, не дазваляючы нам з Генiкам ажыццявiць за райкамам свой антыпартыйны намер.
Мы загрузiлiся ў аўто, i Генiк зноў задуменна паглядзеў на залацiстыя плады "Абрау Дюрсо". У вакне мiльгануўся глухi й высачэзны, на тры чалавечыя росты, плот з калючым дротам. "Зона", - лапiдарна патлумачыў загадчык гаспадаркi, i я паспеў заўважыць яшчэ адзiн лозунг - "Запомни сам, скажи другому, что честный труд - дорога к дому".
Данiну тутэйшаму захапленню лозунгамi аддаў i наш будатрад. "Колькi спраў цудоўных намi здзейснiцца!" - было напiсана на нацягнутым памiж дзвюма лiстоўнiцамi кумачовым пасе. Пад iм стаяў з алюмiнiевай мiскаю ў руках яшчэ адзiн мой сябрук Мiшка Чарнавец, вядомы чытачам нашага гiстфакаўскага самвыдавецкага альманаха "Мiлавiца" як паэт Мiхась Чарнiловiч. Мiхась то пiльна, як варажбiтка ў люстэрка, углядаўся ў мiску, то кiдаў хуткi позiрк на гадзiннiк. Гэткiм самым няўцямным клопатам былi занятыя яшчэ колькi байцоў СБА. "Сорак сем!" - выгукнуў Чарнiловiч i выплюнуў змесцiва мiскi ў хмызняк. "Пяцьдзесят!" - азваўся нехта, таксама апрастаўшы мiску. Як хутка высветлiлася, хлопцы лiчылi, колькi камароў уваб'ецца ў iхняе едзiва за хвiлiну. Рэшта байцоў эксперыментамi не займалася, а проста бегала з мiскамi i лыжкамi вакол недабудаванай сталоўкi, спрабуючы абагнаць даўгiя камарыныя шлейфы, што цягнулiся за кожным, i затаптаць у страўнiкi порцыю слiзкiх гумовых макаронаў. Той, хто быў з намi летась у казахстанскiм будатрадзе, вiдаць, тужлiва прыгадваў нашага кухара карэйца Кiма, якi на Дзень будаўнiка згатаваў нам фiрмовую тушонку з суслiкаў, па буднях жа штодня рэзаў барана, а калi барана не прывезлi, дык зарэзаў на гуляш аднаго са сваiх мясных карэйскiх сабакаў, i той гуляш атрымаўся найсмачнейшым за ўвесь сезон, вось толькi дарма Кiм адкрыў нам потым кулiнарную таямнiцу ды яшчэ i тады, як увесь атрад сядзеў за сталом.
Днi, адведзеныя нам на здзяйсненне цудоўных спраў, былi цiкавейшыя, чым ночы пад накамарнiкамi, якiя слаба ратавалi ад машкары, павутоў i iншае заедзi, што прагла ўзяць у нас аналiз крывi. Удзень мы заводзiлi знаёмствы з iстотамi больш адметнымi. На будаўнiцтве цагельнi разам з намi рабiлi зэкi з зоны i вольныя пасяленцы, або папросту хiмiкi. Зэкi былi падканвойныя, i даступiцца да iх мы не маглi, затое з хiмiкамi без цырымонiй перакурвалi, а то i выцэджвалi пляшку "777-га", што ў белаярскiм абыходку з любасцю зваўся "трыма сямёрачкамi".
У вынiку супольных перакураў, па-першае, выявiлася, што аэрадромны жывапiсец з казлiнаю бародкай у мiнулым быў дацэнтам (тут яго звалi Рэпiным) Ленiнградскай акадэмii мастацтваў i дацягваў на вольным пасяленнi тэрмiн за небескарыслiвую дапамогу будучым майстрам пэндзля ў выкананнi дыпломных прац. Апроч ленiнаў i брэжневых (Леанiда Iльiча ён дужа не любiў i называў казлом, расцягваючы гэтае слова, як жавальную гумку), дацэнт маляваў парадныя партрэты спецкамендатураўскiх чыноў, прычым кожнаму замоўцу неадменна "прышпiльваў" на пагоны лiшнюю зорачку. Ён быў страшэнны мацюкальнiк; нягледзячы на несамавiтую знешнасць, меў поспех у далёкiх ад мастацтва белаярскiх жанчын i збiраў, а можа, i сам выдумляў анекдоты пра "ментоў". Адна з ягоных показак, пра юнага скульптара, памятаецца мне да сёння. Мiлiцыянт пытаецца ў хлопчыка, што ён лепiць. "Дзядзю мiлiцыянера", - адказвае з пясочнiцы юны скульптар. "А з чаго?" - "З пясочку, з вадзiчкi i з гаўняшкi". Дзядзька ў форме, натуральна, дзярэ малому вушы, але назаўтра зноў заспявае таго ў пясочнiцы. На пагрозлiвае пытанне хлопчык адказвае, што лепiць дзядзю пажарнiка. Палагаднелы мiлiцыянт удакладняе - з чаго? "З вадзiчкi i з пясочку". - "А гаўняшка?" Тут юны скульптар хiтравата прымружвае вочы: "Э не, тады дзядзя мiлiцыянер атрымаецца".
З Рэпiным хадзiў, быццам злыганы, гэткi самы дробненькi, як i ягоны патрон, хiмiк Вася з вострымi блуклiвымi вачыма i з мянушкаю Iншапланецянiн. У вольным жыццi ён круцiў абаранку "МАЗа" i пацiху гандляваў руберойдам, цэментам ды iншымi дзяржаўнымi грузамi. Iншапланецянiн, што аддана цягаў за Рэпiным фарбы й пэндзлi, пакiдаў уражанне чалавека цалкам ураўнаважанага, пакуль не пранiкаўся да цябе даверам. Калi так здаралася, ён прапаноўваў адысцiся ўбок i, пачынаючы хвалявацца й блiскаць вачыма, тлумачыў, што ўсе непамыслоты накшталт гандлю руберойдам пасыпалiся на яго пасля сустрэчы на трасе з iншапланецянiнам.
Пасланец чужой цывiлiзацыi паўстаў перад спагадлiвым Васем у аблiччы адубелай iстоты, што галасавала ў марозную ноч на глухой таежнай паваротцы. У кабiне пасажыр хутаўся ў дзiўнаваты серабрысты балахон i трымаўся таксама дзiўна: сам маўчаў, а слухаючы анекдоты, не смяяўся. Прыгледзеўшыся да спадарожнiка, Вася з жахам убачыў у таго на месцы носа чорную дзiрку, адкуль штосьцi свяцiлася. Далей аповед рабiўся блытаным i няўцямным. У iм фiгуравалi нейкiя велiчэзныя срэбныя цылiндры, канцэнтрычныя кругi чыстай зямлi сярод сумётаў, украдзены цэмент i чамусьцi - падобны да старога стамлёнага габрэя сiвы дзядуля з вялiкiмi, шэрымi, як у начной мятлушкi, крыламi, што, палохаючы мантажнiкаў, лётаў у тайзе ўсцяж лiнiй электраперадач. (Самае неверагоднае, што пра гэтага дзеда з семiцкiмi рысамi я пачуў гадоў праз дзесяць ад аднаго зусiм нармальнага полацкага хлопца-вахтавiка, якога штомесяц на два тыднi закiдвалi самалётам кудысьцi пад Нафтаюганск.)
Перакуры звялi нас i з двума цiхiмi хлапцамi-блiзнятамi, якiх нiхто ўсё адно не мог адрознiць i таму мянушку яны мелi ў множным лiку - Зваршчыкi. На "хiмii" зварачных апаратаў у iх у руках нiколi не бачылi, але на волi браты сапраўды працавалi зваршчыкамi i недзе пад Цюменню пасадзiлi ў трубаправод i акуратна заварылi начальнiка ўчастка. Уперад галавою ён, разважаючы над праблемай справядлiвага закрыцця нарадаў, мог паўзцi да самай эўрапейскай часткi СССР, а ўперад нагамi - усяго нейкiх кiламетраў дваццаць. Начальнiк здолеў абраць правiльны маршрут i, нiбы прарок Iёна з чэрава левiяфана, выбраўся з трубаправода на свежы ветрык за дзень да таго, як у трубу пусцiлi газ. Дзякуючы гэтаму блiзняты атрымалi на судзе няшмат. Зрэшты, калi б начальнiк папоўз у Эўропу, мо не атрымалi б нiчога, бо сведкаў у тундры не было.