Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 3

Мая бабуля Аўгiньня, удава расстралянага ў 1933-м "врага народа", наконт тамтэйшых партызанаў выказвалася зь нязвычнай для яе цiхмянага характару экспрэсiўнасьцю. Найбольш запала мне ў памяць гiсторыя з апошняю кармiцелькай вялiкай сям'i маладой кароўкаю Цясюткай, якую хавалi ў адрыне за сенам, але сусед Апанас, колiшнi камбедавец, раскулачвальнiк i даносчык, штосьцi спасьцярог i прывёў у адрыну сябрукоў з карабiнамi, якiя слухалi, цi дыхае сена, ды толькi разумная рагуля, чуючы пагiбель, прытаiла дыханьне i ўратавалася, уратаваўшы гэтым маму зь яе сёстрамi, а маiмi будучымi цёткамi, што праз паўстагодзьдзя, калi мама ўжо будзе ў лепшым сьвеце, запытаюцца ў мяне, куды ж выбралi на самага галоўнага iх зямелю А.Р.Лукашэнку - у Маскву цi ў Менск?

Мне здаецца, сумневы накшталт маiх варушылiся ня толькi ў маёй душы, проста мы старанна хавалi iх, доўжачы сваю "вайнушку" зь яе бясспрэчным падзелам на "нашых" i "немцаў", "вайнушку", у якой клясе ў пятай у шэрагах байцоў нечакана зьявiлiся кулямётчыцы, разьведчыцы й мэдсястрычкi, i iм было наканавана ўжо зусiм хутка ператварыць нас з загрубелых ваякаў у людзей цалкам цывiльных, здатных хiба што на лякальную памежную сутычку з рэваншыстамi з ФРГ, што - па назову аднаго з полацкiх прадмесьцяў - расшыфроўвалася як Фэдэратыўная Рэспублiка Грамы.

А потым прыйшла завiрушная зiма, калi мы перабралiся жыць у Наваполацак i калi на стале ў музэi баявой славы гарэла сьвечка.

Я думаю, што адмовiўся падпiсаць прысягу ня толькi праз боязь крывi цi з гiгiенiчных меркаваньняў. Мне ўсё ж iшоў пятнаццаты год i пры ўсёй тагачаснай iнфантыльнасьцi я мог ужо зьвязаць некаторыя факты ў ня надта артадаксальныя сылягiзмы.

Мне, безумоўна, было яшчэ рана казаць кляснай кiраўнiчцы, што больш страшнай за вайну з гiтлераўцамi была вайна ўлады з уласным народам, а сьмерць у Курапатах, цi ў нашых полацкiх Бельчыцах была нашмат больш жудаснай за гераiчную сьмерць пад Сталiнградам цi ў апэрацыi "Багратыён". Аднак я добра ведаў, што я ўнук пасьмяротна рэабiлiтаванага дзеда Максiма. Ад бацькi я чуў, што сталiнскiя "перегибы" ацэньвалiся (тады) у дзясяткi тысяч жыцьцяў, i аднаго разу на ўгаворы кляснай усё-такi (няхай i бяскроўна) уступiць у сьледапыты, запрапанаваў зьбiраць зьвесткi ня толькi пра герояў Вялiкай Айчыннай, але i пра тых, каго замучылi ў НКВД. Клясная паглядзела на мяне быццам на жыхара паўдзённага паўшар'я Юпiтэру або як на чалавека, што ўцёк з колiшняга бэрнардынскага кляштару ў полацкiм Задзьвiньнi, дзе была вар'ятня i дзе прыкладна ў той час псыхiятарам спатрэбiлася цэгла, пасьля чаго бабiнец кляштарнага касьцёлу разабралi, а косткi з пахавальняў пад iм раскiдалi па двары пад нагамi ў хворых.

Вынiкам маёй прапановы сталася сур'ёзная размова кляснай з мацi. Я быў дэфiнiяваны iдэйна нявыхаваным падлеткам. Пагатоў, вылазка лiчылася ня першай. Аднойчы на ўроку гiсторыi, пачуўшы ад настаўнiцы, што Ленiн у эмiграцыi "жил впроголодь и ходил в бедной, поношенной одежде", мы з выдатнiкам Мiшам Пеньяўскiм, абурыўшыся гэткай мiталягiзацыяй, гучна зарагаталi. Другiм разам мы спрабавалi выступiць супраць рэпэтаваньня на ўроку лiтаратуры лiтмантажу да сустрэчы з чарговай дэлегацыяй вэтэранаў, дзе мы павiнны былi сядзець з гасьцямi на сцэне школьнае актавае залi вакол партызанскага вогнiшча, зладжанага з вэнтылятару й прывязаных да яго пiянэрскiх гальштукаў. (Трэба, праўда, прызнаць, што наш пратэст меў досыць банальную прычыну - мы ня вывучылi сваiх вершаваных тэкстаў, як, зрэшты, i заданьня зь лiтаратуры.)

Сярод тых, хто прыходзiў у нашую клясу i ў музэй баявой славы ў пiнжаках з планкамi баявых узнагародаў, траплялiся розныя людзi. Сiвы партызанскi камандзiр апавядаў, як адзiн перамог у баi прыкладна 47 фашыстаў i, паказваючы ў музэi на партрэт вядомага полацкага падпольшчыка, крычаў, што гэта "враг", якi, працуючы ў гарадзкой управе, выдаваў савецкiх людзей. Падпольшчык, у сваю чаргу, расказваў, што выдаваў не савецкiх людзей, а фальшывыя дакумэнты, зь якiмi палачане пазьбягалi арышту i вывазу на захад, а партрэт свайго ляснога апанэнта дапаўняў калярытнымi дэталямi кшталту пасылкi ардзiнарцаў у баявыя рэйды з заданьнем зьбiраць па вёсках прыгожых дзяўчат i маладзiцаў. Памятаю, найбольш мы паверылi бязрукаму вызвалiцелю Полацка, у якога вiсеў на грудзях усяго адзiн мэдаль "За отвагу", а яшчэ - партызанскаму мiнёру, што ўзгадаў, як дзень навылёт незварушна ляжаў зь мiнаю каля чыгуначнага насыпу пад носам у нямецкiх патрулёў i, абсiканы з галавы да ног ляснымi мурашкамi, бачыў, як у яго памiж пальцаў вырасла трава.

Здаецца, тады я пачуў магнiтафонавы запiс песьнi невядомага маскоўскага барда пра роту, празь якую ўвесну бягуць ручаi й цьвiтуць пралескi. Хрыпаты, пад Высоцкага, голас сьпяваў:

Ах эта рота, ах эта рота,

А кто привел ее сюда,

Кто положил ее на снег?

Ах эта рота, ах эта рота.

Нет, не проснется по весне,

Нет, не проснется по весне...

Прыпеў быў такi:

Наступала по болоту,

А потом пошла назад.

В сорок третьем эту роту

Расстрелял заградотряд.

Зьбiраць зьвесткi пра заградатрады я кляснай вырашыў не прапаноўваць. За лепшае палiчыў не распытваць яе i пра вёску, якую нiбыта спалiлi разам з жыхарамi не фашысты, а - за тое, што там на пачатку вайны напаiлi немцаў малаком - пераапранутыя ў iхную форму энкавэдысты, i пра тое, цi праўда, што быў загад лiквiдоўваць адчыненыя на акупаваным абшары беларускiя школкi, а заадно пускаць у расход беларускiх настаўнiкаў... Гэта мы чулi, калi пасьля афiцыйных выступаў вэтэраны бралi чарку й пачыналi адхiляцца ад генэральнай лiнii.

Карацей, чырвоным сьледапытам я ня стаў.

А раскруцiўся ўвесь гэты клубок ад таго, што я парэзаў лязом палец, а зусiм не сабраўся падступна кiнуць цень на вэтэранаў 2-й сусьветнай, у тым лiку й на таго яе двойчы параненага салдата, якога звалi Аляксеем Арловым. Я ведаю, што для вас (не ўважаючы на тое, што на вулiцах нашых ачышчаных ад немцаў гарадоў замест чорных гестапаўскiх машынаў адразу ж завуркаталi варанкi доблесных чэкiстаў, не ўважаючы на вяртаньне калгаснага прыгону, не ўважаючы на тое, што ў Сiбiр паехалi ўжо ня вёскi, а цэлыя народы, не ўважаючы на тое, што ўжо празь нейкiя два-тры гады пераможаныя аказалiся сыцейшымi й заможнейшымi за пераможцаў, не ўважаючы на тое, што краiна-пераможца Беларусь у вынiку 2-й сусьветнай вайны страцiла Вiленшчыну i Беласточчыну) паведамленьне пра разгром Гiтлера, пэўна, назаўсёды застанецца самым шчасьлiвым днём.