Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 4 из 4

Мы былi з Дайнiсам у 1986-м на водным ральлi пратэсту па Дзьвiне; яно пачыналася на мяжы, у Друi, а таму ў менскiх касах нiякiх квiтоў туды не было, хоць бесьперасадачныя вагоны "Менск-Друя" йшлi пустыя.

Я бачыў, як Дайнiс iрваўся да мiкрафону на канфэрэнцыi па абмеркаваньнi праекту ГЭС, калi аўтар праекту масквiч тав. Тверытнеў зь вясёлаю ўсьмешкай даводзiў тубыльцам, што iхнiя найбольш каштоўныя архiтэктурныя помнiкi ў зоне затапленьня вялiкiя белыя бацькi з Масквы абгародзяць бэтоннымi дамбамi i да iх можна будзе, калi заманецца, падплысьцi на чоўне.

Найперш дзякуючы Дайнiсу напалову рэалiзаваны праект пахавалi. Дзясяткi тысяч людзей у Латвii й Беларусi засталiся жыць у сваiх дамох, а тая барацьба сталася пачаткам руху, якi нарадзiў прыгожае й разумнае дзiця - Народны фронт Латвii.

Я памятаю, як Дайнiс дыктаваў па тэлефоне свой артыкул у "Комсомольскую правду" i колькi разоў паўтараў той самы сказ - "Моя Родина больше не желает быть колонией" - бо на другiм канцы проваду, вiдаць, упарта не хацелi разумець такога прыбалтыйскага акцэнту. Мы пiлi гарбату ў ягонай цеснай i сырой кватэрцы на першым паверсе нейкай паваеннай развалюхi, дзе Дайнiс тулiўся з жонкаю Эльвiрай i чатырма малымi дзецьмi. (Каб латышы ня вымерлi, кожная сям'я павiнна мець як мага больш дзяцей.)

На Каляды 1988 году ён званiў мне ў Наваполацак, шчасьлiвы, што ў Латвii гэты дзень абвешчаны выхадным, i я падумаў, што там, у Рызе, у мяне зьявiўся сябра.

Наступны раз мы пiлi гарбату ўжо ў штаб-кватэры НФ - у асабняку ў цэнтры старой Рыгi, над якiм быў узьняты чырвона-бела-чырвоны латыскi сьцяг. Потым мы йшлi зь Iвансам па вулiцы, i жанчыны ўсьмiхалiся яму й махалi з вокнаў тралейбусаў.

Пасьля гэтага я доўга бачыў старшыню НФ, а затым першага намесьнiка старшынi Вярхоўнага Савету Латвii толькi па тэлевiзары. Рыга, Масква, Брусэль, Жэнэва, Ню-Ёрк... Дазванiцца на новую Дайнiсаву кватэру было не лягчэй, чым у ягоны кабiнэт у парляманьце. Аднаго разу сакратарка не захацела разумець нiякiх тлумачэньняў i адказвала выключна па-латыску, нават тады, калi я, страшэнна напружыўшыся, здолеў ёй нешта растлумачыць па-ангельску. Напэўна, я нарваўся на Дзень латыскае мовы, калi дазванiцца да Вярхоўнага Савету можна было толькi латышам.

Паступова я скарыўся з тым, што калi твой сябра грунтоўна йдзе ў палiтыку, ён пакiдае быць тваiм сябрам.

Астанкiна ўжо даўно не выпускае Дайнiса на нашыя блакiтныя экраны. Дайнiс Iванс - у ганаровай ссылцы - не ў дыпляматычнай мiсii, як некаторыя, а на чацьвертым паверсе Мiнiстэрства культуры Латвii, дзе месьцiцца прадстаўнiцтва ЮНЕСКО. Я ня ведаю службовага тэлефону, а хатнi ўсе апошнiя днi глуха маўчыць, i застаецца спадзявацца, што тыя, хто змусiў Iванса падаць у адстаўку, з кватэры яго ўсё ж ня выселiлi.

Апошнiя зьвесткi, якiя я пра яго маю - з iнтэрвiю ў "Московских новостях". Былы старшыня НФ гаворыць пра "людзей з гумовымi пазваночнiкамi", што прыйшлi на зьмену iнтэлектуалам зь першае хвалi фронту i "атруцiлi народ прымiтыўнай iдэяй разьвязваньня любых праблемаў праз аднаўленьне колiшняй дзяржавы ў абсалюце - грамадзянства, права ўласнасьцi..."

Сёлета я зноў павiншую Дайнiса з Калядамi.

Электрычка грукоча па рыскiм Задзьвiньнi. Недзе тут жыве на вулiцы Талсу перакладчык Талрыд Рулiс - патомны курземец, падобны да невысокага Мэфiстофэля. Ён пераклаў i выдаў па-латыску столькi беларускiх кнiжак, што, прыгнуўшыся, можа схавацца за iхным стосам. Раманы Ул. Караткевiча "Каласы пад сярпом тваiм" i "Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi" выпусьцiць ён ужо не пасьпеў, бо, як яму растлумачылi ў выдавецтвах, Латвii гэткая лiтаратура ня трэба.

У студзенi 1991-га Талрыд быў на барыкадах каля парляманту. Цяпер у кампанii чатырох цi пяцi котачак ён вядзе бiтву за ўраджай на сваiм летнiку.

Цярусiць дождж, пад якiм адбываецца мая разьвiтальная праходка па бульвары Брывiбас. Каля манумэнту Свабоды мокра й пустэльна. Сёньня нiхто не патрабуе тут, як колькi дзён таму, гнаць зь Вярхоўнага Савету ягонага старшыню Анатоля Гарбунова - за тое, што ягоны бацька беларус; турнуць прэм'ера Годманiса, у якога дзядуля быў жыдом; даць пад зад мiнiстру замежных спраў Юркансу - за тое, што паводле пашпарту паляк; крыкнуць "Visо gеrо!" цяперашняму старшынi НФ Латвii летувiсу Ражукасу... Сёньня пiкетчыкi нацыянал-радыкалаў маюць, як i астатнiя грамадзяне, законны выхадны.

На пэроне мне на момант мроiцца, што цягнiк "Рыга-Менск-Гомель" ходзiць ужо толькi ў адным кiрунку. Я пераконваю сябе, што ўсё гэта - проста восень. Ляжа сьнег, загарыцца рэкляма, i Рыга зноў будзе ранейшая.

Праз гадзiну наш трансэўрапейскi экспрэс спыняецца на памежнай станцыi i, мне ставяць у пашпарт пячатку, што я пасьпяхова пакiнуў сувэрэнную Латвiйскую Рэспублiку.

Цяпер можна выцягнуцца да самага Менску на вагонным палку, каб прысьнiць мора, загадкавую Люку з халоднай гронкаю рабiны, абрабаванага амэрыканскага пасла, Вячкаву майстэрню i майго аднаклясьнiка Вiцю Скрыпкiна, якi быў вечным няўдачнiкам, пакуль ня зьехаў летась у Пiцер i не зрабiўся там мiльянэрам...

I ўвесь час у сьне мяне ня будзе пакiдаць трывожнае чаканьне: вось зараз зьлятуць са сьпiчакоў рыскiя пеўнi i возьмуцца дружна дзяўбсьцi мяне ў тое самае несамавiтае месца нiжэй сьпiны, бо няма ўва мне анi кроплi латыскае крывi, а ёсьць адно беларуская, ды яшчэ й разбаўленая кропляю цыганскай...

Кастрычнiк, 1992 г.


Понравилась книга?

Написать отзыв

Скачать книгу в формате:

Поделиться: