Страница 4 из 4
Не, нiкому зь iх - нi колiшняму александрыйцу, нi першаму касманаўту-беларусу Клiмуку, нi другому, Кавалёнку, у якога ў дэбютным палёце нешта ня зладзiлася i назаўтра ж з хаты ў ягонае мацi забралi прывезены напярэдаднi тэлевiзар - я, хоць забiце мяне, не зайздросьцiў.
Калi нейкая кропля зайздрасьцi i атруцiла маю iстоту, дык гэта да зусiм нянаскага касманаўта Нiла Армстронга. Вось у яго быў сапраўдны палёт. Гэта, ведаеце, як круцiцца вакол несусьветнае прыгажунi безьлiч залётнiкаў, цалуюць ручкi, падносяць падарункi, нехта за бачок ушчыкне i ня болей, а потым зьяўляецца той, што бавiць зь ёю ноч i застаецца першаадкрывальнiкам.
I кволiцца недзе ў заканурках душы мара - знайсьцi, калi зноў патраплю ў Амэрыку, старыну Нiла й запытацца, што ён там такое на Месяцы, у тым Моры Спакою, убачыў цi адчуў, што, кажуць, завязаў з космасам i нават схаваўся ад людзей i жыве самотнiкам.
Разумею, што шанцы на адказ блiзкiя да нуля. Але мне падабаецца думаць, што - калi б яшчэ жыла бабуля Аўгiньня - старына Нiл мог бы, замест iхнага нядошлага вiскi, хапянуць са мною чыстага, нiбыта сьляза дзiцяцi, перагону i, як некалi дзед Грыша, раскалоцца ды паслаць усю гэтую касманаўтыку на...