Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 8 из 60



- Сэм гаворыць, што справiцца, калi я дапамагу яму перагораць гэтую зiму, - сказаў Рой. Ён не збiраўся гэта гаварыць, але давялося.

- Што, застацца на ўсю зiму? - не стрывала яна.

- Так.

- Ён не мае права патрабаваць гэта, Рой!

Роя ўжо не турбавала, цi правiльна гэта. Яму неабходна рашэнне. Яна павiнна зразумець, што Сэму трэба атрымаць гэтыя грошы.

- Якi сэнс вам заставацца i працаваць на ферме для Сэма, - рэзка прамовiла яна. Перспектыва таго, што Рой трапiць у пастку i будзе вымушаны батрачыць, абурыла яе не менш, чым самога Роя. Адабраць яго ў лесу i замацаваць на ферме - гэта ўсё адно, што льва пасадзiць у клетку, - параўнанне, якое ўзнiкала ў яе ў галаве кожны раз, калi яна сама пачынала думаць пра тое, каб прасiць Роя кiнуць паляванне i застацца ў горадзе.

- Яму патрэбны грошы для гаспадаркi, - пераконваў Рой, - усё роўна, застануся я альбо не.

Яна па-ранейшаму лiчыла, што грошы не вырашаць усiх праблем Сэма, але не стала пярэчыць. Яна не хацела, каб Рой страцiў сямейны кут, бо ў гэтым хавалася яшчэ адна небяспека для яе. Джынi лiчыла, што, страцiўшы хату, Рой пойдзе яшчэ далей у лес i зусiм не будзе вяртацца ў горад. Яна ведала, якiя цяжкасцi чакаюць Роя, але ёй варта падумаць i пра сябе, пра свае справы i адчуваннi, а яна, са свайго боку, зусiм не хацела, каб Рой пайшоў на поўнач.

- Калi вы туды пойдзеце, вы ўжо не вернецеся, - сказала яна яму, калi аднойчы яны паспрабавалi цвяроза разабрацца ва ўсiм гэтым.

- Я вярнуся ў Сент-Элен, толькi калi мне будзе куды вярнуцца, - настойваў ён, - i на поўнач я не пайду, калi не буду мець прытулку тут.

- Гэта толькi словы, - сказала яна. - Я ж ведаю, што на поўнач вы пойдзеце менавiта тады, калi тут у вас нiчога не застанецца. Возьмеце i знiкнеце як леташнi снег.

- Не, Джынi. Не! - запэўнiваў ён. - Калi тут у мяне нiчога не будзе, я не пайду на поўнач, бо там я зусiм здзiчэю, стану сапраўдным лясным сычом. Я пайду, толькi калi мне будзе куды вярнуцца, i я абавязкова буду вяртацца. Але ўчастак спустошаны, Джынi, i рана цi позна мне ўсё адно давядзецца пайсцi на поўнач.

- Ну, а я тады вярнуся да сваiх у Таронта, - папярэдзiла яна. Не, яна яго не палохала. Яна спрабавала хоць нейкiм чынам прыстасавацца да яго складаных адносiн з Сент-Эленам i лесам. Яна разумела, як патрэбна яму апiрышча тут, каб прыняць рашэнне пайсцi на поўнач, але чым больш складана ўсё гэта станавiлася, тым больш рашуча яна адмаўлялася думаць пра гэта, i нарэшце яна заявiла яму: Рабiце як хочаце, але, калi вы пойдзеце на поўнач, я з'еду дамоў.

Гэта была iх адзiная сварка, i зараз яны баялiся паўтору яе. З маўклiвай згоды яны пазбягалi гэтай тэмы. Рой ведаў, што калi ён пойдзе на поўнач, яна сапраўды вернецца ў Таронта, але абое яны ўсведамлялi, што рана цi позна яму давядзецца iсцi глыбей у лес, далей на поўнач, iначай трэба кiдаць паляванне i фермерстваваць у Сент-Элене. Але ўсё гэта было для Джынi катастрофай, i яна не магла больш думаць пра гэта.

- Бярыце вашы грошы для Сэма, - сказала яна, - але толькi глупства гэта, Рой. Гэта вашы грошы, i калi-небудзь яны яшчэ спатрэбяцца вам.



- Спатрэбiлiся ўжо, - адказаў ён.

Больш на гэты конт яны не размаўлялi, пакiнуўшы пытанне не вырашаным.

Не вырашаным заставалася i пытанне пра Эндзi, бо нiводзiн з iх не мог уключыць Эндзi ў нясмелыя спробы хоць неяк вырашыць будучыню. У сваiх адносiнах яны моўчкi зыходзiлi з таго, што Эндзi пайшоў i нiколi не вернецца, але ва ўсiх iхнiх спробах цвёрда наладзiць сваё жыццё Эндзi адыгрываў пэўную, таемную ролю. З-за гэтага Джын ненавiдзела прывiд мужа нават больш, чым яна магла б ненавiдзець яго жывога, i яна ведала, што Роя таксама бянтэжыць няўпэўненасць у тым, як жа на самай справе складваецца сiтуацыя з Эндзi. Ён нiбыта блукаў па голай палярнай пустэчы, шукаючы адзiна правiльны шлях i не знаходзiў яго.

На пэўны час яны абое затаiлiся кожны са сваiмi развагамi.

Звычайна да гэтага часу Рой ужо дастаткова дабрэў, i Джын Эндрус магла спакойна церабiць i падражнiваць яго, паступова выклiкаючы на своеасаблiвыя праявы пачуццяў. Нават у лепшыя часiны гэта было нялёгкай справай, Рой належаў да тых мужчын, якiя не ўмеюць падысцi да жанчыны першымi. Ён не дакрануўся б да яе па сваёй уласнай iнiцыятыве. Ён не мог дазволiць сабе гэтую блiзкасць, пакуль дамашняя цеплыня i вабнасць гэтай адной-адзiнай жанчыны не растаплялi, не паглыналi яго цалкам. Джынi ведала, што сёння гэта будзе складана.

Яна не мела звычкi ласкава турзаць яго за вуха, калмацiць яго рэдкiя валасы i абдымаць яго моцную шыю, - у iх усё адбывалася iнакш.

Перш за ўсё яна падлiвала яму кавы. Неўзабаве ён турботна ўставаў. Тады яна здымала свой фартух i ўбiрала ў яго Роя - i ён браўся перамываць талеркi, слоiкi, чысцiць нажы i вiдэльцы, адным словам, усё, што трапляла пад руку. I тады яна пачынала пакеплiваць з яго ўбору i цясней завязваць тасьму фартуха, здзьмухваць з яго ўяўныя пылiнкi, наводзячы крытыку на чысцёху Роя. Ён адштурхоўваў яе, але яна не супакойвалася. Ён спрабаваў зняць фартух, але яна не дазваляла, злосна ашчаперваючы яго за плечы. Тады плечы яго абмякалi, тоўстыя кiсцi звiсалi па баках, i ён станавiўся такiм, якiм яна хацела: грубым альбо мяккiм, рэзкiм альбо пяшчотным, такiм, а зрэдзь часу i насмешлiвым, настойлiвым, дужым, нечаканым i ненадзейным. Тады ў iх не было слоў. Была толькi адна доўгая канадская ноч.

Раздзел другi

Ранiцай Рой згатаваў сняданак: напёк аладак, падсмажыў яечню з салам. Джок i сам Рой паснедалi ў задаволеным маўчаннi. Джын Эндрус ела са сваёй звыклай абыякавасцю да ежы. Яна была яшчэ пад уражаннем перажытага i так пiльна пазiрала на Роя, што яму было няёмка перад яе сынам. Калi Джок пайшоў у школу, ёй давялося асаблiва складана змагацца з сабой. Ёю яшчэ валодала невыразная прага стварэння, у той час як Рой адчуваў здаровае пачуццё закончанасцi i не заўважаў нiчога, акрамя цудоўнай ранiцы.

- Дык што, возьмеце грошы? - прымусiла яна сябе спытацца ў Роя, калi ён адыходзiў.

- Не ведаю, Джынi, - сказаў ён.

- I застанецеся на зiму?

- I гэтага не ведаю, - сказаў ён. - Пабачым. Я яшчэ вярнуся.

На iмгненне яна ўявiла, што Рой перадумаў даваць грошы Сэму i мо ўсё ж застанецца на зiму дапамагаць яму. Яна i радавалася i ўнутрана пратэставала супраць такога рашэння i доўга стаяла ля дзвярэй, назiраючы, як ён пераходзiў поле i пералазiў цераз загарадку, кiруючыся да фермы Сэма.