Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 44 из 76

- з моцнай душы, злучанай з пругкiм целам, якое гаворыць само за сябе, з целам-танцорам, сiмвалам i выразам якога служыць душа, якая радуецца сабе самой. Радасць такiх целаў i душаў называе сябе дабрачыннасцю, цнотаю.

Сваiмi казанямi пра благое i добрае абмяжоўвае сябе гэтая радасць, быццам свяшчэннымi гаямi, iмёнамi свайго шчасця аганяецца яна ад усяго пагарды вартага.

Яна гонiць прэч усё маладушнае; яна кажа: "Благое - гэта баязлiвае!" Вартым пагарды ёй здаецца кожны, хто ўвесь час турбуецца, уздыхае, скардзiцца i здабывае з усяго найменшую выгоду.

Яна пагарджае i любою панылаю мудрасцю: бо сапраўды ёсць мудрасць, якая расцвiтае ў змроку, мудрасць, якая, як начны цень, увесь час уздыхае: "Усё марнасць!"

Яна не любiць баязлiвай недаверлiвасцi i ўсiх тых, хто патрабуе прысяг замест позiркаў i працягнутых рук; i не любiць недаверлiвай мудрасцi, бо гэта - мудрасць баязлiвая.

Яшчэ нiжэй яна цэнiць дагодлiвага i пакорнага, таго, хто адразу, як сабака, кладзецца на спiну; ёсць мудрасць, якая па-сабачы дагодлiвая, пакорная, пабожная i паслужлiвая.

Ненавiсны i агiдны ёй той, хто нiколi не абараняецца, хто глытае атрутныя пляўкi i злосныя позiркi, хто надта цярплiвы, хто ўсё пераносiць i ўсiм задаволены: бо гэта - характар раба.

Хай гэта рабалепства перад багамi i слядамi ад iх выспяткаў, хай перад людзьмi з iх дурнымi меркаваннямi, - на ўсё рабскае яно плюе, гэтае вялiкае сябелюбства.

Благое: так называе яно ўсё, што баязлiва i па-рабску прынiжана, - вочы, што пакорлiва моргаюць, прыгнечаныя сэрцы i тую iлжывую, сагнутую людскую пароду, якая гатова цалаваць тоўстымi, баязлiвымi губамi.

I мудрасць заднiцы: так называе яна ўсё, над чым мудруюць рабы, старыя i стомленыя, а асаблiва - благое, недарэчнае, марнае мудраванне папоўскай дурасцi!

Усе гэтыя задамудрыя - гэтыя жрацы, усе гэтыя стомленыя ад свету i тыя, чые душы - бабскага альбо рабскага роду - як спрытна яны збэсцiлi сябелюбства.

Менавiта бо гэтая задняя мудрасць лiчылася цнотай i называлася яе iмем толькi дзеля таго, каб гнаць ад сябе сябелюбства! "Адмовiцца ад сябе" - вось чаго з поўнай падставай хацелi ўсе стомленыя жыццём баязлiўцы i павукi-крыжакi!

А сёння да iх наблiжаецца дзень, калi ўсё зменiцца: меч суддзi, Вялiкi Полудзень; i многае зробiцца тады яўным!

I хто славiць "Я" i асвячае сябелюбства, сапраўды, той кажа натхнёна, быццам прарок: "Вось настае ён, Вялiкi Полудзень, вось ён ужо блiзка!"

Так сказаў Заратустра.

Пра Дух Цяжару

1

"Мае вусны - вусны народа: лiшне груба i шчыра кажу я маiм шаўкавiстым трусiкам. I яшчэ больш чужое маё слова ўсiм чарнiльным душам i пiсучым лiсам.

Мая рука - рука дурня: гора ўсiм сталам i сценам i ўсяму, дзе ёсць месца пад пiсанiну i мазню!

Мае ногi - ногi каня; я iмi скачу i чвалую на злом галавы, па палях уздоўж i ўпоперак, як чорт рады хуткаму бегу.

Мой страўнiк - цi ж не страўнiк арла? Бо найбольш любiць ён ягнячае мяса. Далiбог, гэта страўнiк птушкi.

Выкармлены няшчодрай простай ежай, заўсёды гатовы да лёту, гатовы ў неба такi я: як жа мне быць не птушкай?

Да таго ж я варожы Духу Цяжару - гэта ўва мне таксама птушынае; праўда бо, смяротная, непрымiрная, спрадвечная мая варожасць! О, куды толькi не лётала i дзе толькi не блукала мая варожасць!



Цяпер я магу пра гэта спяваць i хачу спяваць: хоць я адзiн у пустым доме i давядзецца спяваць толькi сваiм вушам.

Ёсць, вядома, iншыя спевакi, у каго толькi ў поўным доме голас мякчэе, рука робiцца вымоўнай, позiрк - выразным, а сэрца - чуйным: але на iх я не падобны.

2

Той, хто навучыць людзей лётаць, зрушыць усе межавыя камянi; ён прымусiць самыя камянi лётаць, i новым iмем назаве зямлю - iмем "лёгкая".

Страўс бяжыць хутчэй за сама борздага каня, але ў цяжкую зямлю яшчэ хавае сваю галаву: так i чалавек, якi яшчэ не ўмее лётаць.

Цяжкiмi ён называе зямлю i жыццё: бо так хоча Дух Цяжару! А той, хто прагне стаць лёгкiм, павiнен любiць сябе самога: так вучу я.

Вядома, любiць не любоўю хворых i нямоглых, бо ў iх нават сябелюбнасць смярдзючая!

Так вучу я: трэба вучыцца любiць сябе - любоўю здаровай i святой, каб заставацца верным сабе i не лунаць марна.

Такое лунанне назвала сябе "любоўю да блiзкага"; гэтымi словамi дагэтуль iлгалi i крывадушылi больш за ўсё, асаблiва тыя, каго свет ледзьве трываў.

I праўда, гэта зусiм не запаведзь на сёння i на заўтра - вучыцца любiць сябе. Наадварот, з усiх мастацтваў гэта найтанчэйшае, наймудрэйшае i патрабуе найбольшай цярплiвасцi.

Бо свой здабытак заўсёды добра схаваны ад самога сябе, i з усiх скарбаў на астатку заўсёды выкопваецца свой скарб; такое ўздзеянне Духу Цяжару.

Ледзь не з калыскi нам даюць у спадчыну цяжкiя словы i каштоўнасцi: "дабро" i "зло" - так называюць гэтую спадчыну. I ў iмя яе даруюць нам наша жыццё.

I таму пускаюць дзяцей да сябе, каб своечасова не даць iм палюбiць самiх сябе: такое ўздзеянне Духу Цяжару.

I мы - даверлiва цягнем тое, што ўзбатуюць на нас, цягнем на агрубелых плячах па суровых гарах! I калi мы сплываем потам, нам кажуць: "Так, цяжка несцi жыццё!"

Не толькi чалавеку цяжка несцi i выносiць сябе! А ўсё таму, што цягне ён на сваiх плячах надта многа непатрэбшчыны. Як вярблюд, становiцца ён на каленi i даецца наўючыць.

I асаблiва цяжка таму, хто дужы, вынослiвы, здольны да шанавання, - надта шмат чужых, цяжкiх слоў i каштоўнасцяў наўючвае ён на сябе: i вось - жыццё яму здаецца пустэльняй!

Сапраўды! Нават многае са сваiх здабыткаў нялёгка несцi! Многае ў чалавеку падобнае да вустрыцы, агiднай i слiзкай, якую цяжка ўхапiць.

Потым знешняя абалонка павiнна быць размаляваная, каб выглядаць высакародна, быць як бы хадайнiкам за ўсё, што ўсярэдзiне.

Але i гэтай штуцы трэба яшчэ навучыцца: трэба мець скарлупу, i выдатны блiзiр, i мудрую слепату!

Але i тут магчымая памылка: бо тая цi iншая чалавечая абалонка была i панылая, i вельмi нагадвае шкарлупу. Шмат схаваных вартасцяў i сiлы застаюцца неразгаданымi; сама далiкатныя лагодкi не знаходзяць таго, хто iх ацэнiць!

Жанчыны гэта ведаюць, асаблiва тыя, якiя высока цэняцца: крыху таўсцейшыя, крыху танчэйшыя - так часта ўвесь лёс у гэтым "крыху"!

Цяжка адкрыць чалавека, а самога сябе - найцяжэй; ён часта манiць пра душу. Такое ўздзеянне Духу Цяжару.