Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 14 из 60

Тое, што было далей, можна добра аднавіць па ўспамінах Каванько. Каля 11-й гадзіны раніцы, калі з’явіўся аўстрыйскі аэраплан, Каванько быў у штабе арміі. Пачуўшы гук матора і крыкі «Ляціць! Ляціць!», ён выбег на пляц перад замкам. Аўстрыец зрабіў кола над горадам на вышыні 900–1000 метраў і пачаў рабіць другое. У горадзе пачалася бязладная страляніна з вінтовак. Калі Каванько пачуў знаёмы шум матора «Гном» і пабачыў маленькі монаплан Несцерава, то вырашыў, што Пётр Мікалаевіч хоча толькі прыстарашыць праціўніка. Каванько не мог нават падумаць, што Несцераў адразу пойдзе на таран. Аўстрыец жа, зрабіўшы кола, пайшоў на захад, злёгку набіраючы вышыню. Відавочна, усё, што яму было неабходна, ён пабачыў.

Несцераў абыходзіў горад з паўднёвага боку і, хутка ўздымаючыся, пайшоў на перарэз праціўніку, заўважна даганяючы яго. Было зразумела, што хуткасць «Марана» нашмат вышэйшая за хуткасць «Альбатроса» аўстрыйца. Вось яны ўжо на адной вышыні. Вось Несцераў уздымаецца над аўстрыйцам і робіць кола. Аўстрыец заўважыў з’яўленне ворага, было відаць, як яго аэраплан пачаў зніжацца на поўным газе. Але ўцячы ад хуткаснага «Марана» было нельга. Несцераў зайшоў ззаду, дагнаў ворага і, як сокал які нападае на чаплю, ударыў праціўніка.

Сакалоў апісвае ужо свае назіранні:

Бліснулі на сонцы серабрыстыя крылы «Марана», і ён урэзаўся ў аўстрыйскі аэраплан. Пасля ўдару «Маран» на імгненне быццам спыніўся ў паветры, а потым пачаў падаць носам уніз, павольна круцячыся вакол падоўжнай восі.

— Плануе! — ускрыкнуў нехта.

Але я разумеў, што аэраплан не кіруецца і гэтае падзенне — смяротнае. Аўстрыец жа пасля ўдару трымаўся ў паветры і ляцеў роўна некаторы час.

«Няўжо дарэмная ахвяра?!» — прамігнула ў мяне ў галаве.

Але вось грувасткі «Альбатрос» павольна перакуліўся на левы бок, потым павярнуўся носам уніз і пачаў імкліва падаць. Больш цяжкі за «Маран», ён хутка абагнаў яго ў паветры і ўпаў на зямлю першым.

Натоўп, які стаяў на плошчы і ціха і напружана сачыў за паветраным боем, раптам заварушыўся і закрычаў. З акна другога паверха замка вызірнуў камандуючы арміяй генерал Рузскі і, убачыўшы мяне, спытаў:

— Паручнік Сакалоў, што здарылася? (Камандуючы заўжды патрабаваў асабісты даклад лётчыкаў аб выніках разведкі і усіх нас ведаў асабіста).

— Капітан Несцераў тараніў аўстрыйскі аэраплан, збіў яго, але і сам упаў, — адказаў я.

Камандуючы ўхапіўся за галаву.

— Навоштна ён гэта зрабіў?! — ускрыкнуў ён.

Я ўскочыў у ад’язджаючы штабны аўтамабіль і памчаўся да месца катастрофы. Калі мы выехалі з горада, убачылі, што поле было запоўнена людзьмі, якія беглі да месца падзення самалётаў. Гэта было кіламетрах у пяці ад Жолкіева, з левага боку шашы ў накірунку Равы-Рускай… Каля разбітых самалётаў ужо сабраліся чалавек дваццаць салдатаў і казакоў. «Маран» Несцерава ляжаў у трыццаці кроках ад дарогі, на неўзараным полі. Яго шасі было разбіта, крылы склаліся, матора не было, рулі пагнутыя. Перад самалётам кроках у дваццаці ляжаў Несцераў. Нехта ўжо прыбраў яго на пакойніка, склаўшы яму рукі на грудзях. Яго цела, рукі і ногі былі цэлымі, нават вопратка нідзе не была падрана. Крыві нідзе не было. Толькі на правай скроні была бачна невялікая ямачка з кропелькай крыві.

Я адразу заўважыў, што на галаве ў Пятра Мікалаевіча не было шлема, а на нагах ботаў: ён ляжаў у ваўняных шкарпэтках.

Кроках у дзесяці ад «Марана» была невялікае балота, абмежаванае дарогай. Частка яго была пакрыта чаротам, сярод якога было відаць «Альбатрос» с задраным дагары адламаным хвастом. На беразе балота ў лужыне крыві ляжала тое, што засталося ад аўстрыйскага салдата. Ён, відавочна, выпаў з самалёта, пакуль той яшчэ пікіраваў. Хвілін праз пяць пасля нас пад’ехаў аўтамабіль з лётчыкамі з 11-га атрада Каванько і Перадковым і з лётчыкам-назіральнікам з генеральнага штаба Лазаравым.

Яны назіралі за боем з аэрадрома. Хутка пад’ехаў аўтамабіль з лётчыкамі і з нашага атрада. Мы моўчкі, са слязьмі ў вачах глядзелі на Несцерава, які ляжаў перад намі. Ён быў нашым сябрам і настаўнікам, якім мы ганарыліся і на якога мы стараліся быць падобнымі.

Праз некалькі хвілін маўчання я спытаў у Каванько, які пасля смерці Несцерава мусіў узяць камандаванне 11-м атрадам на сябе:

— Аляксандр Аляксандравіч, чаму Пётр Мікалаевіч без ботаў?

Каванько прыйшоў у сябе.

— Сапраўды… Дзіўна… Вылятаў ён у ботах.

— А дзе яго шлем? — спытаў Перадкоў.



— Незразумела… Я добра памятаю, што ён, адлятаючы, зашпіліў шлем, — сказаў, выціраючы слёзы, Каванько. — Трэба паглядзець дакументы.

Ён пачаў аглядаць кішэні на куртцы. Знайшоў запісную кніжку, насоўку, сцізорык, але пулярэса не было.

— Яго абрабавалі! Абрабавалі паскуды марадзёры! — закрычаў Аляксандр Аляксандравіч. — Пётр Мікалаевіч жа прыехаў на аэрадром проста з казначэйства, атрымаўшы грошы для атрада… Хто першым падбёг да аэраплана? — звярнуўся ён да натоўпу салдат.

Пасля апытання высветлілася, што першымі да «Марана» падбеглі чатыры абозныя салдаты, але яны не дакраналіся да Несцерава, які ляжаў у той самай паставе, што і цяпер. Здалёк яны ўбачылі двух чалавек, якія знаходзіліся ля цела лётчыка, таму пабеглі ў накірунку казацкага лагера. Але, падбегшы бліжэй і пабачыўшы акуратна пакладзенае цела са складзенымі на грудзях рукамі, абознікі падумалі, што тыя два, якія знаходзіліся ля лётчыка, і прыбіралі яго на пакойніка. Таму яны нават не паглядзелі, куды тыя падзеліся.

Гэтае паказанне пацвердзілі і іншыя салдаты, якія з’явіліся адразу пасля чатырох абознікаў. Некаторыя з іх заўважылі марадзёраў, што ўцякалі.

Пазней шлем знайшлі па дарозе ў казацкі лагер. Ён быў даволі незвычайным, на футры малпы, таму пэўна падаўся занадта заўважным доказам, і вор яго выкінуў. Зрэшты, палкоўнік Духонін, будучы вярхоўны галоўнакамандуючы, загадаў лётчыкам маўчаць аб факце рабавання мёртвага Несцерава, таму што «гэты эпізод ганьбіць рускае войска». І факт марадзёрства схавалі. Хоць абсалютна незразумела, каму прыйшло б да галавы меркаваць аб цэлай арміі па паводзінах двух псяюх-марадзёраў. Бонч-Бруевіч у сваёй кнізе ўвогуле панапрыдумляў наконт ботаў:

Потым распавядалі, што штабс-капітан, пачуўшы гук аўстрыйскага самалёта, выскочыў са свайго намёта і ў чым быў, у адных шкарпэтках, залез у самалёт і паляцеў на ворага, нават не прывязаўшы сябе рамянямі да сядзення.

Гэтыя радкі выклікалі ў Сокалава абурэнне. Ён шчыра абвяргаў словы Бонч-Бруевіча, кажучы, што ніякага намёта ў Несцерава не было, ён жыў у доме Разэнталя, і што ніхто з пілотаў ніколі ніякімі рамянямі да сядзення сябе не прывязваў.

Цела аўстрыйца пачалі абшукваць і знайшлі ў яго легітымацыйную картку.

— Унтер-афіцэр Франц Маліна, — прачытаў гучна Каванько.

— Наш брат славянін, — ціха адгукнуўся салдат, што стаяў побач са мной.

— У легітымацыі напісана, што ён механік, — паведаміў, прачытаўшы лігітымацыю, Перадкоў.

Прыйшоў грузавік 11-га атрада. На ім прыехалі матарысты. Нелідаў падышоў да цела Несцерава і гучна заплакаў. Астатнія матарысты, пастаяўшы каля «Марана», пайшлі да балота аглядаць «Альбатрос» і знайшлі ў брудзе матор «Гном» — падчас тарана ён адарваўся ад аэраплана Несцерава. Яго паклалі ў грузавік. Пасля на прывезеным дыване туды ж паклалі і цела Несцерава.

Салдаты і казакі, якіх ужо панабегла больш за сотню, палезлі ў балота выцягваць «Альбатрос». Ён да такой ступені заграз, што яго даволі доўга не маглі проста ссунуць з месца. Урэшце аэраплан пасунуўся, і ў той жа момант нехта з салдатаў закрычаў:

— Стойце, стойце! Тут чалавек ляжыць!

З балота выцягнулі аўстрыйца. У яго таксама знайшлі легітымацыю: «Лейтэнант барон Разэнталь, лётчык». У яго кішэнях знайшлі пулярэс з вялікай сумай грошай і фотаздымак, на якім былі засняты ён сам, малады і статны, жонка-прыгажуня і дзве сімпатычныя дзяўчынкі-дачушкі. Сям’я рабіла чароўнае ўражанне. У кішэні парткоў знайшлі невялікі скураны мяшочак з залатымі манетамі.

— Гэта на выпадак вымушанай пасадкі ў нашым распалажэнні, — заўважыў нехта.

Раптам адзін мясцовы жыхар, які знаходзіўся сярод салдацкага натоўпа, закрычаў:

— Дык гэта ж наш барон Разенталь! Наш памешчык! Яго маёнтак побач з вашым аэрадромам.

Сапраўды, потым, да нашага вялікага здзіўлення, выявілася незвычайнае супадзенне: 11-ты атрад стаяў у маёнтку Разэнталя, Несцераў жыў у яго доме і спаў на яго ложку. Разэнталь быў заможным памешчыкам, раней служыў у кавалерыі, потым перайшоў у авіацыю і стаў вядомым лётчыкам. Лятаў на ўласным самалёце, для якога ў маёнтку пабудаваў ангар, дзе Несцераў размясціў майстэрню атрада.