Страница 30 из 38
Мы рэзалi, укладваючы ў справу ўсю злосць. Бо кожны момант чакалi, што вось-вось адчыняцца вароты i ўвойдзе чорны канвой. "Тады будзе канец i Орвару, i нам, i ўсёй Далiне Дзiкай Ружы, тады ўжо забяруць не толькi яго аднаго, падумаў я, - да Катлы трапяць усе трое".
Я адчуў, што не магу больш трымацца. Мае рукi трэслiся так, што я ледзьве трымаў ножык. А Джанатан крычаў i злаваўся на гэтыя пруты, на гэтыя пераборкi, якiя не паддавалiся нiяк, хоць мы рэзалi iх так настойлiва. Ён грукаў па iх, крычаў i рэзаў зноў, i нарэшце адна пераборка трэснула, а потым другая. Гэтага было дастаткова.
- Зараз, Орвар, зараз, - казаў Джанатан. Але ў адказ прагучаў толькi стогн. Джанатан прасунуўся ў клетку i выцягнуў Орвара, якi не мог нi стаяць, нi iсцi. Ды i я таксама не мог ужо рухацца, але ўсё ж iшоў паперадзе з лiхтаром, а Джанатан пачаў цягнуць Орвара да нашай выратавальнай дзiркi. Ён, вядома, вельмi стамiўся i ажно задыхаўся, мы ўсе задыхалiся, як загнаныя жывёлiны.
Нарэшце Джанатану ўдалося перацягнуць Орвара ў пячору, працiснуўшыся праз дзiрку. Орвар быў нi жывы нi мёртвы - як i я, дарэчы. Настала мая чарга ўпаўзаць у дзiрку, але я не паспеў, бо пачулася рыпенне варот, i ўся энергiя пакiнула мяне, я не мог нават варухнуцца.
- Хутчэй, хутчэй, дай лiхтар, - прашаптаў Джанатан. Я перадаў яму лiхтар, хоць рукi ў мяне дрыжалi. Трэба было схаваць лiхтар, бо нават маленькае святло магло выкрыць нас.
Чорная ахова была ўжо ў пячоры, а з ёю яшчэ i салдаты Тэнджыла з лiхтарамi ў руках. У пячоры разлiлося святло, але ў нашым кутку было цёмна, i Джанатан нахiлiўся, схапiў мяне за рукi i ўцягнуў у дзiрку, у чорны праход. I вось мы ўтрох ляжым, задыхаючыся i слухаючы крыкi:
- Ён знiк! Ён знiк!
14
Усю ноч мы цягнулi Орвара падземнымi галерэямi. Дакладней, цягнуў Джанатан. Гэта было суцэльнае пекла, iначай такое не назавеш i не апiшаш. Я мог цягнуць толькi сам сябе.
"Ён знiк! Ён знiк!" - крычалi яны. Калi ўсё ацiхла, мы чакалi, што будзе пагоня, але яны чамусьцi не гналiся. Бо нават салдаты Тэнджыла, пэўна, разумелi, што ёсць другое выйсце з пячоры Катлы, праз якое мы пранiклi сюды, i таму нас будзе не так цяжка знайсцi. Але яны былi палахлiўцамi, нават калi iх было многа, тым больш яны не адважвалiся сустрэцца з незнаёмым ворагам, якi мог чакаць iх у цёмных закутках пячоры. Так, пэўна ж, яны былi вельмi палахлiвымi, бо чаму дазволiлi нам так лёгка знiкнуць? Нiхто ж раней не знiкаў з пячоры Катлы, i як яны растлумачаць знiкненне Орвара Тэнджылу? Але гэта быў ужо iх клопат, у нас было дастаткова сваiх турбот.
Пакуль не прайшлi ўвесь гэты доўгi, вузкi ход, мы не рызыкнулi спынiцца, каб адпачыць. Толькi ў самым канцы крыху перадыхнулi, i то дзеля Орвара. Джанатан даў яму казiнага малака - яно было ўжо кiслае, i хлеба, якi быў мокры, але, нягледзячы на тое, Орвар сказаў: "Я нiколi не еў нiчога лепшага".
Джанатан расцёр доўгiя ногi Орвара, каб хоць крыху ажывiць iх, i Орвар пачаў акрыйваць, хоць iсцi яшчэ не мог, а мог толькi паўзцi.
Джанатан растлумачыў яму, як мы пойдзем, i пацiкавiўся, цi зможа ён рухацца гэтай ноччу.
- Змагу, змагу! - усклiкнуў Орвар. - Калi трэба, я папаўзу да самага дому, да самай Далiны Дзiкай Ружы... Я не хачу ляжаць тут i чакаць, пакуль Тэнджылавы салдаты прыйдуць сюды шукаць нас.
Мы разглядвалi, якi ён, не зломлены палоннiк, мяцежнiк i змагар за свабоду, гэты Орвар з Далiны Дзiкай Ружы. Калi я ўбачыў яго вочы ў святле лiхтара, я зразумеў, чаму Тэнджыл баяўся яго. Хоць быў ён слабы целам, унутры ў яго гарэў агонь, i, магчыма, гэты агонь дапамог яму прайсцi пекла гэтай ночы.
Усё здавалася вечнасцю, вакол столькi жаху, але калi вы змучаны, то не звяртаеце ўвагi нават на тое, што за вамi iдзе пагоня. Так, вы чуеце, як яна iдзе, вые i брэша, але ў вас няма сiлы нават спалохацца. Проста вы спадзеяцеся, што яны хутка змоўкнуць, таму што нават салдаты не асмеляцца прабрацца туды, куды мы запаўзлi.
Мы доўга паўзлi i нарэшце выбралiся на святло недалёка ад Грыма i Ф'ялара падрапаныя i змучаныя, акрываўленыя i прамоклыя да касцей, стомленыя да смерцi. Ноч мiнула, i ўжо надыходзiла ранiца. Орвар працягнуў рукi, быццам абдымаючы зямлю, i неба, i ўсё, што ён мог бачыць, але нечакана рукi яго апусцiлiся, i ён заснуў. Мы былi ў непрытомнасцi - усе ўтрох. I знаходзiлiся ў такiм стане да самага вечара. Потым я прачнуўся. Ф'ялар штурхаў мяне сваёй пысай, ён, несумненна, вырашыў, што я надта доўга сплю.
Джанатан таксама прачнуўся.
- Мы павiнны з'ехаць з Карманьякi, пакуль не сцямнела, - прапанаваў ён. Калi сцямнее, мы не зможам знайсцi дарогi.
Ён пачаў будзiць Орвара. Нарэшце Орвар прачнуўся, сеў, паглядзеў вакол сябе i тады толькi зразумеў, што ён ужо не ў пячоры Катлы. На яго вачах паявiлiся слёзы.
- Свабода, - прашаптаў ён. - Я вольны, вольны...
Ён узяў Джанатана за рукi i доўга трымаў iх.
- Маё жыццё i мая свабода - ты даў мне iх зноў, - сказаў ён. - Дзякуй...
Орвар падзякаваў i мне, хоць я нiчога не зрабiў, хутчэй толькi замiнаў Джанатану.
Орвар, пэўна, адчуў, як многа перажыў я за той час, як вызвалiўся ад усiх хвароб i прыйшоў у Вiшнёвую Далiну. Мне вельмi хацелася, каб ён таксама дасягнуў сваёй далiны, але мы пакуль яшчэ туды не прыйшлi. Мы ўсё яшчэ былi ў гарах Карманьякi, дзе цяпер, магчыма, поўна салдат Тэнджыла, якiя гойсаюць у пошуках Орвара. На шчасце, яны не знайшлi нас у нашай цяснiне, пакуль мы спалi.
Мы сядзелi ў цяснiне, даядаючы апошнiя крошкi хлеба.
- Падумаць толькi, я жывы, я жывы i свабодны! - усё не мог супакоiцца Орвар.
Ён толькi адзiн з усiх вязняў пячоры Катлы застаўся жывы. Усiх астатнiх прынеслi ў ахвяру Катле.
- Будзьце ўпэўнены, Тэнджыл пастараецца, каб пячора Катлы не была пустой, - i слёзы зноў паявiлiся ў яго на вачах. - О мая Далiна Дзiкай Ружы, як доўга табе прыйдзецца стагнаць пад прыгнётам Тэнджыла.
Орвар хацеў ведаць усё, што адбылося ў далiнах Наджыялы за час яго зняволення. Ён пытаўся пра Сафiю, пра Мацiяса i пра ўсё, што ўдалося здзейснiць Джанатану. Джанатан расказаў яму i пра здраднiцтва Джосi. Я думаў, што Орвар, калi даведаецца, што пакутаваў так доўга з-за здраднiка Джосi, памрэ проста ў нас на вачах. Праўда, ён доўга маўчаў, не мог засяродзiцца, пакуль, нарэшце, загаварыў:
- Маё жыццё нiчога не значыць. Але тое, што Джосi зрабiў для Далiны Дзiкай Ружы, нельга дараваць i нельга апраўдаць.