Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 40 из 47

— Гэта ня немцы! — пачулася ў грамадзе. — Свае, дальбог свае!

З грудзей жаўнераў вырвалася песьня:

«У гушчарах затканых імглою… Беларусь, Беларусь залатая…»

— Свае! Эскадрон! Рагуляўцы! — штораз весялей чулася з грамады.

Кароценькі адпачынак. Жаўнеры частуюць сялянаў цыгаркамі. Дзецям раздаюць цукеркі, старанна адкладаныя дзеля гэтай мэты. Жанчыны частуюць малаком і пахучым чорным хлебам, печаным на сьвежым аеры.

— Куды ты з малаком сваім пхаешся, — адазваўся адзін вусаты дзядзька гадоў каля пяцьдзесяцёх. — Ім трэба малака ад шалёнай каровы, — хітра міргаючы жаўнерам, дадаў ён, дастаючы з-за пазухі пляшку самагонкі.

— Вып’ем хлопцы, а то й так немцы ці партызаны забяруць.

Жаўнеры крыху разгубіліся. Урэшце адзін здабыўся на адказ:

— Дзякуем, дзядзька, шчыра дзякуем, але нам нельга. Перад намі вялікая дарога. Хто ведае што нас яшче чакае ўперадзе. Лепш мець цьвярозую галаву. Вось ад малачка ды хлеба дык не адкажамся, — каб ня скрыўдзіць селяніна адмовай, злагодзіў ён.

Дзядзька шырака адчыніў вочы й зьдзіўлена глядзеў на жаўнераў. Ён прывык толькі й чуць: «Давай самагонку!» А гэтыя адмаўляюцца…

— Эх, хлопцы, вы нейкія іншыя ад другіх… — ен стаяў, ня ведаючы, куды дзець пляшку.

— Мы дзядзька, узялі зброю не па тое, каб грабіць, але каб бараніць сваіх.

— Цяжка вам давядзецца, хлопцы, — нейк задумана сказаў селянін. Аднак словы жаўнера падзеілі на яго відавочна.

— На ко-о-оней… — пачулася здалёк.

— Ну што-ж, нам ужо пара, — сказаў жаўнер і працягнуў руку. Шчыльна прыстала да яе мазольная долонь селяніна.

У Серамовічах эскадрон спыніўся на полудзень. І тут, як усюды, лёд першага недаверу хутка быў пераламаны. Жаўнераў акружылі групкі сялянаў. Пасыпаліся пытаньні. Эскадронаўцы адказвалі, выясьнялі, дыскутавалі.

— Мы хочам мець сваю дзяржаву, — чулася, прыкладам, з аднаго боку. — Хочам, каб на нашай зямлі былі гаспадарамі мы, нашы дзеці, як некалі нашы дзяды ды прадзеды…

Мір. Прыгожае беларускае местачка. Там яшчэ да сяньня стаіць прыгожы замак — былая сяліба мірскіх князёў. Мір ведамы ўсім у Беларусі з сваіх слаўных кірмашоў, куды зьяжджаліся купцы з усяе Эўропы дзеля закупу коней. Жыхарства, праўда крыху бунтарнае, але сьведамае свае мэты. Мір, Турэц, Карэлічы шмат далі сьведамай беларускай інтэлігенцыі.

У гэты ж вечар была наладжана на прасторным пляцы сустрэча эскадрону зь мясцовым баталёнам БКА. Жаўнеры баталёну выстраіліся на пляцы. Яны яшчэ ня мелі вайсковай вопраткі, не хапала зброі. Ня гледзячы на гэта, жаўнеры бадзёра глядзелі ў будучьшю, верачы, што тыя, хто іх паклікаў у імя Бацькаўшчыны, падумаў аб усім і ў хуткім часе яны атрымаюць усё патрэбнае.

На пляц уехаў эскадрон. Ён заняў трэйці бок квадрату. Камандзер выехаў перад фронт і гукнуў: «На чэсьць Мірскога Батальёну тройчы: Жыве!»



«Жыве! Жыве! Жыве!» — вырвалася дружна з грудзей наваградчан.

— На чэсьць Эскадрону, — адазваўся з вышыні трыбуны камандзер Мірскога Батальёну, — тройчы: Слава! — Рэхам пакацілася магутнае «слава».

Камандзер батальёну ў палкіх словах вітаў сваіх гасьцей. Далікатнае вуха магло аднак пачуць у іх тоны трывогі за будучы лёс сваіх жаўнераў, што прыйшлі сюды за клічам патрыятызму, але недастаткова забясьпечаных.

— Я веру, — канчаючы сваю прамову, сказаў ён, — што нашы высілкі, часамі здавалася б безнадзейныя, ня будуць дарэмнымі. Няхай Усемагутны дапаможа нашаму народу зісьціць ягоныя натуральныя дамаганьні дасягнуць тога, што Бог даў усім народам на адвечнае карыстаньне — Свабоду й Незалежнасьць!

Камандзер эскадрону, відавочна ўсхвалёваны словамі свайго сябры па зброі, моцна паціснуў яму руку. Ён узыйшоў на трыбуну й прывітаў ад імя эскадрону й наваградчан мірскі батальён. Цяжка ўспомніць увесь зьмест ягонай прамовы. Засталіся толькі некаторыя мамэнты.

«Нашае палажэньне, як і ўсяго нашага народу, нязвычайна цяжкое й скамплікаванае, гаварыў ён. Некалі мы спадзяваліся на немцаў, што яны задаволяць нашыя нацыянальныя дамаганьні, але пераканаліся, што моцна памыляліся. Бальшавіцкае панаваньне й іхныя хлусьлівыя лёзунгі ды абяцаньні мы пазналі дастаткова. Заходнія народы сяньня хаўрусьнікамі нашага найбольшага ворага — бальшавікоў. Хаўрусьнікаў ня маем. Ды зрэштай ніводзін хаўрусьнік не дароўвае дзяржавы. За яе трэба змагацца. У змаганьні галоўнае, гэта собскія сілы й вера ў сябе. Гэты хаўрусьнік ня зрадзіць. Маючы яго, мы знойдзем іншага, але страціўшы веру ў собскія сілы, у свой народ, мы нідзе ня знойдзем дапамогі…»

«Кажуць, што мы немцам служым, — у іншым месцы працягваў ён. — Мана! Няважна, што мундзіры аднаго колеру, але пад мундзірамі іншыя сэрцы б’юцца. Чыны нашы няхай будуць сьветкамі службы нашаму народу».

«Вораг наш кажны, хто супраць нашага ідэалу — Незалежнай Беларусі. Сяньня мы павіны выкарыстаць нагоду, каб давесьці нашаму народу, што ён мае яшчэ верных сыноў. Наше заданьне — вярнуць веру народу ў свайго жаўнера. Пераканаць стэрарызаванага селяніна, што стрэльба ў руках беларускага жаўнера не дзеля тэрору, а дзеля абароны Беларуса перад тэрорам чужынцаў. Гэта першая мэта нашага змаганьня. Дасягнем яе, дасягнем і іншых…»

Сустрэча двух беларускіх вайсковых адзінак моцна падняла на духу як жаўнераў, так і камандзераў гэых адзінак.

28-га красавіка эскадрон прыбыў у Турэц. Тут адбылася паважная нарада з бурмістрам і начальнікам мясцовай паліцыі што да далейшага маршу. Паводля іхных інфармацыяў, этап Турэц — Карэлічы — найбольш небясьпечны. Апошнім часам быў загледжаны ўзмоцнены рух партызанаў у гэтых ваколіцах. Як бурмістр, так і начальнік паліцыі перакананы, што Міцька, адзін з найздальнейшых партызанскіх камандзераў і маючы да свае дыспазыцыі вялізарныя сілы, не прапусьціць нагоды, каб не заатакаваць эскадрон пры пераправе цераз Сэрвач, найбольш небясьпечны пункт этапу. Паміж Турцом і Карэлічамі сувязь ужо ад даўжэйшага часу была зусім перарваная. Гаспадарамі ў раёне былі партызаны.

Плян маршу быў дэтальна распрацаваны: два цяжкія кулямёты з чатырох наяўных павінны быць усьцяж на становішчах; пераправа цераз Сэрвач мела адбывацца малымі групамі, пад аслонаю кулямётаў і мінамётаў.

Эскадрон гатовы да маршу. Шмат жаўнераў, улучна з камандзерам, былі родам з Турца. Таму разьвітаньне з гэтым утульным местачкам было мо крыху больш сантымэнтальным, як зь іншымі.

— Бывайце здаровы! З Богам хлопцы, з Богам, заглядайце часьцей! — чулася з розных бакоў.

Эскадрон паволі пасоўваўся наперад. Каля Тарасэвіч паказаліся першыя партызанскія конныя патрулі. Двух коньнікаў галёпам рвалі ў бок Слабодкі. На лева, з Навасёлак, два патрулі галяпавалі ў кірунку Бярозаўца. Трэба было лічыцца паважна з магчымасьцяй атакі на пераправе. Тэрэн быў адкрыты — гэта давала нам перавагу. Дзякуючы цяжкім кулямётам, мы мелі ўсе магчымасьці затрымаць праціўніка на належнай адлегласьці. Здалёк пала некалькі паасобных стрэлаў. Ізноў цішыня. Тымчасам пярэдняя ахова ўжо на Сэрвачы. Яна заняла выгадныя абаронныя пазыцыі. Неўзабаве кулямёты былі на сваіх месцах.

— Трэйці зьвяз дружынамі цераз Сэрвач! — паў загад. — Эскадрон з коней! — пакацілася па лініі.

Пачалася пераправа. Мамэнт напружанага чаканьня. Першая дружына ўжо на другім баку. Другая пачынае перапраўляцца. Раптам густы агонь з боку Карэліч. Што здарылася? Няўжо партызаны заляглі на тым баку, Сэрвачы? Тут жа пачуўся звон трывогі ў Карэлічах. Сытуацыя стала яснай: карэліцкая паліцыя прыняла нас за партызанаў.

— Ганец! Навязаць кантакт з карэліцкай паліцыяй за Сэрвачай!

Выцягнутым галёпам рваў коньнік у кірунку Карэліч. Агонь спыніўся. Праз колькі часінаў паказалася карэліцкая паліцыя. Пераправа прайшла спакойна, бяз выпадкаў: яшчэ раз партызаны не адважыліся ўступіць у вадкрыты бой з добра ўзброеным эскадронам.

У Карэлічах эскадрон спадзяваўся належнага адпачынку й багатага прыняцьця: ужо даўно бурмістар карэліцкага раёну запрашаў эскадрон да сябе ў госьці. Нядоўга аднак давялося цешыцца гэтай думкай. Яшчэ падарозе ў Карэлічы паліцыя паінфармавала аб апошніх выпадках: уначы з 26-га на 27-га красавіка, калі эскадрон быў у Гарадышчы, партызаны напалі на кашары, дзе былі ўжо закватэраваныя першыя кантынгенты батальёну БКА. У той час знаходзілася ў Карэлічах група жаўнераў эскадрону, заданьнем якой быў выбар кандыдатаў у плянаваны наваградзкі батальён. Кашары былі пад аховаю мясцовай паліцыі, паколькі батальён БКА не атрымаў яшчэ зброі. У гэную ноч у кашарах меў службу падахвіцэр К-кі з адным жаўнерам эскадрону. Нечакана ўварваліся ў службовы пакой партызаны. Геройска змагаўся К-кі. Ранены ад першага стрэлу ў галаву, ён, заліты крывёй, адстрэльваўся зь пісталету; калі ж ня стала патронаў, выхапіў гранату. Партызаны кінуліся на яго. Ен аднак пасьпеў адбясьпечыць і адпусьціць ручку: магутны ўзрыў закончыў ягонае жыцьцё, але разам зь ім на месцы засталося трох партызанаў.