Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 35 из 47

Сталін вельмі добра ведаў, чаго хоча беларускі народ, калі, скідаючы сваіх партызанаў, казаў ім:

«Забудзьцеся, хто вы былі. Ад сяньня вы беларускія патрыёты, што змагаюцца за вызваленьне Беларускай Рэспублікі ад нямецкага акупанта».

Савецкая прапаганда, кіраваная на Беларусь у беларускай мове, абяцае падняць Беларусь на ўзровень незалежнай дзяржавы з асобным міністэрствам замежных справаў. Абяцаньні дакладнага выкананьня параграфаў канстытуцыі аб праве выступу з Саюзу Рэспублікаў, паварот да рэлігіі, візія аграрнай рэформы — ўсё гэта аргумэнты, якія не сустрэліся зь ніякім паважным контраргумэнтам, за выняткам плякатаў: «Вас чакае зямля!» Аб гэтым ужо часткова пераканаўся беларускі селянін, бо сотні й тысячы ляглі ў зямлю ад нямецкай кулі.

Беларускі актыў аднак верыў яшчэ ў перамогу здаровай палітычнай думкі нямецкіх адказных дзейнікаў. Але мэмарыял за мэмарыялам бязь ніякіх вынікаў губляецца ў нямецкіх архівах. «Перш трэба выйграць вайну, а пасьля пабачым», — быў адзіны адказ немцаў. У іхнай праграме была толькі мэта нэгатыўная: змаганьне супраць бальшавізму. Поўнасьцяй адсутнічала другая і самая асноўная частка: за што.

Што да беларускага народу, дык яму ня было на каго спадзявацца. Заставалася адна надзея — гэта вера ў собскія сілы. Гэта быў адзіны мамэнт, які дамінаваў у Наваградзкім Эскадроне. Ягоныя маладыя жаўнеры былі люстрам народных пачуцьцяў. Іхная дзейнасьць сьветчыла аб гэтым. Дзе толькі пабываў эскадрон, усюды здабываў сэрцы беларусаў. Сяляне пераканаліся, што ня толькі бел-чырвона-белыя сьцяжкі на нямецкіх уніформах эскадрону розьнілі яго ад нямецкага акупанта. Пад гэтымі чужымі ўніформамі хавалася беларускае сэрца.

Жаўнеры гарэлі жаданьнем шырэйшай акцыі. Яны хацелі як найхутчэй ісьціць пастаўленую мэту: стацца запраўднымі абаронцамі свайго народу. На працягу студзеня й лютага плянава рабіліся маршы ў ваколіцы Наваградка, але ўжо ў поўным баявым парадку, з набітымі кулямаётнымі стужкамі ды дыскамі.

Першая маленькая сустрэча з ворагам была ў Сяльцы, падчас ночных заняткаў. Ціхая зімовая ноч. Эскадрон бясшумна мінае Сялец. Пярэдняе забясьпячэньне зьнікае ў густым лесе. Дрэвы, здаецца, дрэмляць, прыкрыўшы свае галіны пухам сьнегу. Гэтую цішыню парушае толькі раўнамерны скрып сьнегу пад нагамі жаўнераў. Раптам начную цішыню праразае сухі адрывісты рогат «фінкі» і тут-жа, у вадказ, некалькі паасобных стрэлаў ды ў сьлед за імі ўжо паважней адказаў «дзехцяр».

— Гэта мусіць нашы, гэта мусіць нашы, — пачуўся ціхі шэпат у радох эскадрону.

Пачуўся тупат жаўнера: пры выхадзе зь лесу перадавое забясьпячэньне сустрэлася з ворагам: трое саней з партызанамі. Яны ўцяклі ў кірунку Мотчы.

— Першы зьвяз далучыць да пярэднага забясьпячэньня. Кірунак Мотча. Перашукаць вёску і варочацца назад. Трэйці зьвяз: затрымацца ў Сяльцы і падрыхтаваць кватэры для першага. Другі зьвяз забясьпечыць пастой.

Ізноў усё пакрыла цішыня. Стратаў ня было ні з нашага боку, ні з боку партызанаў. Усю ноч солтыс Сяльца зь яшчэ колькі сялянамі правёў у сяброўскай гутарцы з камандзерам і жаўнерамі.

— Каб не эскадрон, дык сяньня ўначы нехта заплаціў бы жыцьцём, а мо й я сам. Дзякую вам, хлопцы. Шкада, што ня можаце застацца даўжэй…

Першыя чатыры месяцы 1944 году былі выпаўнены падобнымі большымі ці меншымі выбегамі ў тэрэн. Ваколічныя вёскі Лагадкі, Рутка, Ваўкавічы, Куравічы, Попкава, Лазьневічы, Жданавічы, Асмолава, Каменка былі чарговымі аб’ектамі нашага эскадрону. У сакавіку паасобныя зьвязы выяжджалі ў паветы, дзе ў гэтым часе падрыхтоўвалася і праводзілася мабілізацыя ў Беларускую Краёвую Абарону, загаданую Беларускай Цэнтральнай Радай.

БЦР мела пачаткава пераняць у свае рукі цывільнае судоўніцтва, школьніцтва, і пазьней адміністрацыю. Гэны твор быў вынікам нямецкіх няўдачаў на фронце і партызанскага руху, які ўсьцяж рос. Немцы думалі, што змогуць задаволіць незадаваленьне беларускіх масаў гэтым «эрзацам» улады. У практыцы аднак палажэньне не зьмянілася. Назначаныя на акругі Акруговыя Намесьнікі ня мелі практычна большага значэньня, як дасюлешнія кіраўнікі Самапомачы, ці Мужы Даверу. Немцы не хацелі выпускаць лейцаў з сваіх рук. Там, дзе мясцовы актыў здабыў сабе сякую-такую пазыцыю, там яе і ўтрьмаў: там дзе яе ня было, не памог і гэны штучны наватвор.

Абвешчаная мабілізацыя ў БКА выклікала шмат камэнтараў. Калі ставілася пад сумлеў мэтазгоднасьць фармаваньня эскадрону з гледзішча агульнага палітычнага палажэньня і ў васаблівасьці палажэньня на франтох, дык тым больш паўставала пытаньне дамэтнасьці падрываньня беларускіх масаў да згары асуджанага на няўдачу пачыну. Не на гэтым аднак месцы крытычны агляд таго пэрыяду ды й гэта было б адыходам ад тэмы. Мабілізацыя была агалошаная. Набор у БКА праводзіўся па ўсіх куткох Беларусі ў засягу цывільнае ўлады. Практычна яна абмяжоўвалася па пунктах, неапанаваных партызанскім рухам.

Камандзер Наваградзкага Эскадрону, які спаўняў адначасова функцыі Акруговага Намесьніка, у паразуменьні зь мясцовым актывам наважыўся скарыстаць з гэтае нагоды, каб пашырыць эскадрон да велічыні баталёну. З гэтай мэтай былі адкамандыраваныя на паветы, а найменна ў Любчу й Карэлічы, паасобныя зьвязы ці групы дзеля выбару лепшага элемэнту ў батальён, а таксама дзеля забясьпечаньня ходу мабілізацыі. У Любчу было адкамандавана каля 30 жаўнераў на чале з лейтэнантам К. У ліку падахвіцэраў быў таксама Д., малады, палкі й энэргічны жаўнер, што выйшаў з кадраў наваградзкае сэмінарыі. Партызаны даволі часта непакоілі ваколічныя вёскі. Апошнім часам яны сыстэматычна грабілі Падзагор’е, Воўкаразь і нат Далятычы. Мясцовая паліцыя й нямецкая жандармэрыя запрапанавалі лейт. К. супольную акцыю. Ня надта ахвотна ехалі эскадронаўцы на супольную акцыю, асабліва з гэтымі апошнімі, але пусьціць іх самых, дык наробяць яшчэ больш шкоды, чымся карысьці.

Лейт. К. дае сваю згоду. Распрацоўваецца супольны плян дзеяньня. Аб’ект: Воўкаразь. Наш зьвяз пайшоў дарогай на Зarop’e, паліцыя й жандары на Далятычы. Кантакт мелі навязаць на вышыні зарасьляў на ўзгорку, на паўночны захад ад Загор’я. Ужо ў Загор’і чуліся стрэлы. Паліцыя ўвязалася ў бой з партызанамі. Наш зьвяз, мінуўшы вёску, разгарнуўся ў баявы парадак да наступу.

— Паадзіночна скокамі наперад маарш! — пакацілася па лініі. Спраўна пасоўваўся ланцуг эскадронаўцаў наперад. Стрэлы з боку ворага пачалі радзець. Было відаць, як партызаны адзін па адным зьнікалі за ўзгоркам.



— На ўзгорак бягом маарш! …Прыгнуўшыся, з заціснутымі стрэльбамі ў руках, рынуліся эскадронаўцы на ўзгорак. Партызаны ў міжчасе хаваліся ў забудовах Воўкаразі. Зьвяз хутка дасягнуў вёскі. Партызаны зьніклі ў ляску за вёскай. Далейшая пагоня была бессансоўнай.

— Рукі ўгару! — пачулася раптам на адным панадворку. З-за хаты паказаўся партызан з паднятымі рукамі, а за ім двух нашых жаўнераў. У міжчасе ўвайшлі ў вёску немцы й любчанская паліцыя.

Усе сталі вакол камандзера зьвязу, які выпытваў палоннага.

— Скуль ты?

— З Бору, — быў адказ.

— Чаму пайшоў у партызаны? — пытаў далей лейтэнант.

— Падчас апошняе акцыі немцы спалілі вёску. Шмат пастралялі цывільнага жыхарства, якое нічога супольнага з партызанамі ня мела. Іншых забралі на працу ў Нямеччыну, а некаторым удалося ўцячы ў лес. Я быў паміж гэтых апошніх.

Вакол запала глыбокае маўчаньне.

— Я не бальшавік, — нясьмела пачаў зноў палонны, — я быў першы, які супрацівіўся калектывізацыі. Я ненавіджу бальшавікоў, але хто дасьць мне сяньня ахову? Усяроўна прыходзіцца гінуць. Толькі ня мучце, — папрасіў ён глуха.

У міжчасе прыбліжыўся вахтмайстар зь любчанскай жандармэрыі.

— Ah, Gefangener, gut, gut,[11] хлопцы. Давай яго сюды, мы зь ім расправімся.

У лейтэнанта загарэліся вочы.

— Падахвіцэр Д., — гукнуў ён, — адкажы вахтмайстру!

Падахвіцэр Д., відаць зь вялікай натугай, але стрымана паінфармаваў, што гэта палонны не жандармэрыі, а наш, ды што мы маем асобныя інструкцыі адносна абыходжаньня з палоннымі. — Гэта наш палонны і мы зробім зь ім, што нам спадабаецца, — закончыў ён цьвёрда.

11

— А, палонны, добра, добра.