Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 20 из 47

Празь некалькі дзён мяне ўзноў выклікалі на допыт, і я пабачыў ката Гіньзьберга. Я прырыхтаваўся да найжахлівейшага катаваньня й баяўся, што ня вытрымаю яго й падпішуся. У глыбіні душы я адчуваў, што аднойчы ўсё роўна падпішу, і мяне тады праклянуць, заб’юць, сашлюць. Я ўжо больш ня мог трываць фізычны й духоўны зьдзек.

Надзіва, Гіньзьберг нават не ўздымаў на мяне голасу, быў спакойным, стрыманым, але ягоныя словы праціналі мяне наскрозь. Ён сказаў, што такіх людзей, як я, трэба забіваць. Ён выцягнуў пісталет і сказаў, што аднойчы яны вывязуць мяне за Менск, заб’юць адной куляй, і ніхто не даведаецца, што са мной сталася. Цяпер я ведаю, што мяне зьбіраліся адвезьці ў Курапаты, парослую лесам тэрыторыю недалёка ад Менску, дзе сотні й тысячы беларусаў былі забітыя за злачынствы, якіх яны не ўчынялі, але ў якіх падазраваліся за любоў да радзімы, сваёй мовы й культуры й за супрацьстаяньне жорсткай сыстэме, створанай Сталіным. Толькі ў 1987 — 1988 гадах масавыя могілкі ў Курапатах былі адкапаныя, і ў іх былі знойдзеныя 30 тысяч чалавек, застрэленых у галаву.

Я разумеў, што доўга не пражыву, што хутка нешта здарыцца. Мяне альбо заб’юць, альбо сашлюць у Сібір. Былі пэўныя моманты, калі мне, здавалася, было ўжо напляваць. Я губляў вагу й задыхваўся. Я рабіў гімнастыку, але мае мышцы атрафіраваліся. Я яшчэ ня ведаў, што ў мяне вадкасьць у левым лёгкім. Я папрасіў ахоўніка адвесьці мяне да ўрача, але салдат адказаў мне, што ўрач будзе толькі празь некалькі дзён і я тады магу да яго зьвярнуцца. Аднойчы дзьверы камеры расчыніліся, увайшла лекарка — жанчына ў форме КГБ — і спыталася, што мяне турбуе. Я адказаў, што адчуваю боль у грудзях, зь левага боку, і што, калі я дышу, то здаецца, што ў мяне вада ў лёгкім. Лекарка агледзела мяне й параіла не турбавацца, бо гэта хутка пройдзе. Я спытаў, што яна мае на ўвазе, але яна прамоўчала — проста павярнулася й выйшла. Можа, ёй ужо было вядома, што мяне расстраляюць? Ці гэта проста савецкая медыцына такая? Можа, гэта нармалёва й савецкія лекары заўсёды так ставяцца да пацыентаў? І чаго я чакаў? Каб мяне накіравалі ў лазарэт, дзе я атрымаў бы чысты ложак і мяне агледзеў бы сапраўдны лекар?

Канечне ж, мне не палепшала. Наадварот, у мяне зморшчылася скура, у маім арганізме больш не было тлушчу, я адчуваў, што ў мяне вада ў грудзях, і мне балюча было дыхаць.

Прайшло некалькі дзён. Я йзноў пачаў гуляць сам з сабой у шахматы, чытаў і вучыў напамяць вершы.

Напрыканцы траўня альбо ў пачатку чэрвеня ўвайшоў ахоўнік і загадаў ісьці за ім. Мяне прывялі ў незнаёмы пакой, дзе за сталом сядзелі тры гэбісты. Мне загадалі сесьці. Адзін зь іх узяў аркуш паперы й пачаў чытаць услых. Ён назваў маё імя, дату нараджэньня, а потым абвесьціў абвінавачаньне ў шпіянажы, арганізацыі шпіёнскага кола на карысць Нямеччыны, распаўсюджваньні антысавецкай прапаганды, падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня ў Беларусі, а таксама прыгавор да расстрэлу. Гэныя словы зьвінелі ў мяне ў вушах. Мне было дваццаць гадоў, і мяне зьбіраліся забіць за злачынствы, якіх я ніколі не рабіў. Я толькі вярнуўся на радзіму, каб вучыцца далей і стаць лекарам. Няўжо, гэта й было злачынствам? Другі гэбіст спытаўся, ці маю я што сказаць. Я адказаў, што ўжо ўсё паведаміў ім. Тады ён загадаў мне падпісаць прыгавор. Я спытаўся, ці азначае гэта прызнаньне ў пералічаных злачынствах. Гэбіст адказаў, што ў загадзе напісана, што я азнаёмлены з абвінавачаньнямі. Ён дадаў, што я буду расстраляны ўзводам. Я падпісаў. Тады мне паведамілі, што я маю трыццаць дзён, каб напісаць Сталіну прашэньне аб памілаваньні й зьмяненьні прыгавора на дваццаць пяць гадоў у працоўным лягеры. Да мяне вярнулася надзея. У мяне было яшчэ трыццаць дзён.

Мяне адвялі назад у маю камеру, дзе я сабраў свае рэчы, а потым закінулі ў іншую камеру, адмысловую — для сьмертнікаў. Тамака ўжо было каля дзевяці чалавек, якія выглядалі старэй за мяне. Адзін зь іх спытаўся, як мяне клічуць, колькі мне гадоў, які прыгавор і ці прасіў я аб памілаваньні. Я адказаў, што, на мой погляд, лягер лепш за сьмерць, бо ў нас будзе шанец выжыць.

Я ўладкаваўся каля інжынера, гадоў пяцідзесяці, які быў моцна прыгнечаным. Сярод ночы ён прачнуўся, пачаў плакаць і біцца галавой аб сьцяну. Ён распавёў мне, што быў вымушаны разьвесьціся з жонкай, кінуць траіх дзяцей, бо яго абвінавацілі ў злачынствах супраць Савецкага Саюза. Цяпер жыцьцё было для яго бессэнсоўным. Я вырашыў пазнаёміцца зь ім бліжэй. Я выцягнуў свае шахматы й запрасіў інжынера згуляць раз-другі й пагутарыць.

Я чытаў на сьцяне ймёны, даты, абвінавачаньні тых, хто сядзеў тутака да нас. Іх было поўна, яны былі асуджаныя на сьмерць за злачынствы, якіх не рабілі й дзень пры дні чакалі непазьбежнага.



Аднойчы раніцай нас пабудзілі выбухі. Мы не ўяўлялі, што гэна магло быць. Нехта выказаў здагадку, што гэна ваенныя вучэньні. Калі так, то яны мусілі быць надта сур’ёзнымі, бо сьцены нашай камеры дрыжэлі. Гэна была раніца 22 чэрвеня 1941 года.

Да нас у камеру ўвайшоў хлопец, гадоў васемнаццаці, і паведаміў: «Таварышы! Немцы бамбяць Менск!» Значыць, пачалася вайна. Мой мозг ажывіўся. Зьявілася надзея, але затым — страх. Магчыма, гэбісты расстраляюць нас усіх і мы не пасьпеем атрымаць памілаваньне ад Сталіна.

Наступнай ноччу бамбілі праз кожныя пятнаццаць хвілінаў. На досьвітку ўвайшоў ахоўнік і загадаў усім выйсьці. Няўжо нас расстраляюць? Нас вывелі ў двор астрога, а потым — на вуліцы Менску. Горад гарэў. Некалькі будынкаў непадалёк ад турмы былі разбураныя. Як толькі мы выйшлі за межы астрога, мы пабачылі яшчэ адну калёну зьняволеных — недзе каля дзесяці тысячаў чалавек.

Зь неба пачуўся жахлівы віск, і нехта закрычаў, каб усе паляглі на зямлю, бо зараз немцы будуць бамбіць вуліцы. Над намі праляцелі самалёты й паскідалі бомбаў у розных накірунках. Я падпільнаваў магчымасьць прыстаць да іншага натоўпу зьняволеных і забіўся глыбока між імі. Недзе праз паўгадзіны ахоўнік загадаў усім замаўчаць, і нехта з гучнагаварыцелем закрычаў, што зьняволеныя з «амерыканкі» мусяць выйсьці, інакш іх расстраляюць. Я сказаў самому сабе, што змагу выжыць, толькі калі застануся ў новым натоўпе, што й зрабіў.

Мы павольна пайшлі калёнай ва ўсходнім накірунку — да мястэчка Чэрвень, якое знаходзілася кілямэтрах у шасьцідзесяці ад Менску. Калі мы йшлі, я зразумеў, што такое «бліцкрыг». Чырвоная Армія не была падрыхтаванай да вайны й адступала ў беспарадку. Калі я ўпершыню пабачыў нямецкія танкі, яны знаходзіліся ў савецкім тыле. Фронту не йснавала.

Была сонечная летняя раніца — яшчэ ніякай сьпякоты й лёгкі ветрык. Як гэта цудоўна — дыхаць сьвежым паветрам! Мяне трымалі ў камеры каля шасьці месяцаў. Мне не дазволілі рабіць гімнастыку ў двары, і я пакідаў камеру, толькі калі хадзіў на допыты. Нарэсьце я выйшаў з турмы!

Калёна, якая расьцягнулася на некалькі кілямэтраў, павольна рухался наперад з ахоўнікамі справа й зьлева. Рабілася ўсё цяплей, нават горача. Раптам нам усім загадалі збочыцць з дарогі, каб адпачыць. Праз колькі часу мы рушылі йзноў. Слабейшым загадалі застацца пры дарозе, а потым расстралялі, калі іх мінула калёна. Вось тады я парадаваўся, што рабіў зарадку. Нягледзячы на вадкасьць у лёгкім, я працягваў ісьці. Я трымаўся калёны, каб мяне не забілі пры дарозе. Раптам я зразумеў сваю памылку: на мне было паліто, якое маці падарыла мне на Ражаство — з футраным каўнерам, а гэта адрозьнівала мяне ад астатніх. Да мяне падышоў ахоўнік і спытаўся, ці не з «амерыканкі» я. Я адмоўна пакруціў галавой, але ён сказаў, што пазнаў мяне й загадаў мне збочыць з дарогі. Мы чакалі, пакуль калёна пройдзе, але, дзякаваць Богу, нешта іншае адзьцягнула ўвагу ахоўніка, і ён кінуў мяне. Я хуценька ўціснуўся ў калёну.

Нарэсьце, мы прыйшлі ў чэрвеньскую турму, і нас пастроілі ў двары. Тамака не хапала месца для такой колькасьці людзей. Камісар КГБ аб’явіў у гучнагаварыцель, што зараз усіх правераць пайменна й адпаведна са злачынствамі, у якіх іх абвінавачваюць. Паколькі я бачыў, як адступае Чырвоная Армія, я ня мог паверыць, што ў аховы меюцца з сабой нейкія дакументы на зьняволеных.