Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 17 из 47

Наступным днём яны знайшлі маю маці ў лячомніцы, дзе яна працавала. Мне пераказвалі потым, што маці толькі-толькі выйшла з аперацыйнага пакоя й, калі ёй перадалі, што тэлефануюць зь Любчы, яна радасна пабегла да апарата, бо спадзявалася, што гэна я. Аднак гэна была ейная сястра, Люба, і яна паведаміла маці дрэнныя весткі. Маці зьбялела й замоўкла, потым спыталася, дзе дакладна я знаходжуся, паклала слухаўку, а затым пабегла ў міліцыю, каб атрымаць даведку пра мяне. Яна расказала дзяжурнаму афіцэру пра мой арышт мінулай ноччу ў Любчы й спыталася, дзе мяне трымаюць. Афіцэр адказаў, што яму нічога не вядома пра арышт і папрасіў больш не турбаваць яго. Але маці настойвала й дадала, што мяне арыштаваў КГБ, і што яна патрабуе, каб афіцэр патэлефанаваў каму-небудзь і спытаўся, што са мной здарылася. Ён загадаў ёй пакінуць яго ў спакоі, калі яна ня хоча непрыемнасьцяў, бо ім вядома пра ейны ўдзел у Грамадзе, беларускай нацыяналістычнай арганізацыі. Афіцэр папярэдзіў, што ёй лепш пакінуць іх дабравольна, інакш яе таксама возьмуць на допыт, і сілай выкінуў маці з участка. (Грамада зьяўлялася больш культурнай, чым палітычнай арганізацыяй, якая мела на мэце захаваньне беларускай мовы й культуры й якая, відаць, была нейкім чынам зьвязаная з Камуністычнай партыяй, якая выкарыстоўвала Грамаду як буфер для сваёй дзейнасьці. Аднак згодна з мэмуарамі майго дзядзькі Базыля, Грамада была чыста нацыяналістычнай арганізацыяй, якая ня мела нічога агульнага з камуністамі.) Маці села на бліжэйшы цягнік на Любчу й пайшла ў мясцовы КГБ. Яна прадставілася дзяжурнаму й паведаміла, што, наколькі яна разумее, яны мінулай ноччу арыштавалі ейнага сына. Дзяжурны пацьвердзіў гэна й дадаў, што ня можа нічога казаць, пакуль ня высьветліцца, якія абвінавачаньні мне прад’яўляюць. Маці заўважыла, што яны ня маюць права затрымліваць мяне, калі ў іх няма пэўных абвінавачаньняў, і папрасіла перадаць мне пакет з грашмі, але ёй адмовілі. Тады маці пайшла да дзеда й, відаць, упершыню ў жыцьці залілася сьлязьмі.

Я здолеў заснуць, але ноччы адчыніліся дзьверы й было названае маё ймя. Мяне выклікалі з камеры. Я выйшаў, і мне загадалі апрануць паліто й начапілі наручнікі. Затым мяне вывелі ў цёмны двор, дзе ўжо чакаў грузавік. Там сядзелі два салдаты й адзін зьняволены.

Гэнай студзеньскай ноччу ярка сьвяцілі зоркі, бо было марозна. Наручнікі вельмі хутка пахаладнелі. Калі мы ехалі, у мяне ад марозу гарэў твар. Празь некалькі гадзінаў мы прыехалі ў Менск — сталіцу Беларускай Савецкай Сацыялісттычнай Рэспублікі. Мы спыніліся каля вялікіх варотаў, якія зачыніліся, як толькі мы заехалі ў двор. Мяне адвялі ў будынак, упіхнулі ў нейкі пакой і абшукалі. Затым мне растлумачылі, што мяне прывезьлі ў Менск для далейшага расьсьледваньня. Мяне абвінавацілі ў тым, што я лёкай беларускай нацыянальнай буржуазіі. Мяне таксама абвінавацілі ў нелегальным пераходзе мяжы, контррэвалюцыйнай дзейнасьці, шпіянажы на карысьць Нямеччыны, захоўваньні зброі й падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня супраць Савецкага Саюза. Мне загадалі падпісаць паперу, дзе казалася, што я прачытаў абвінавачаньні супраць мяне. Я адказаў, што ня буду падпісваць лухту. Мне загадалі замаўчаць і не адкрываць рота, пакуль мне не загадаюць. Мне паведамілі, што допыты будуць працягненыя, і, калі расьсьледваньне скончыцца, мне паведамяць пра вынікі.

Мяне павялі па шматлікіх лесьвіцах і я здагадаўся, што астрог быў пабудаваны кругам, з пляцам усярэдзіне. Гэна быў паўцёмны трох-чатырохпавярховы будынак, з ахоўнікамі на кожным паверсе. Ахоўнікі зазіралі ў камерныя вочкі, каб праверыць зьняволеных. Мяне ўпіхнулі ў 17 камеру, і дзьверы за мной зачыніліся. Цяпер ужо знаёмы жахлівы грукат дзьвярэй адрэзаў мяне ад навакольнага сьвету.

Я агледзеў камеру. Над дзьвярыма вісела моцная лямпачка, якая асьвятляла мой ложак. У адным куце стаяў стол, прыкручаны да сьцяны, і крэсла, а ў другім — параша. Камера была футаў чатырох-пяці ўшыркі й недзе дзесяці — у даўжыню. Высока ў сьцяне знаходзілася вакно, але яно было зачыненае знадворку, і толькі ў самым версе была ледзь заўважная шчыліна. Стаяла ноч, і цяжка было разабрацца, колькі сьвятла трапляла праз вакно ўдзень. Я стаяў спіной да дзьвярэй, аглядаў камеру й думаў, колькі яшчэ мне прыдзецца пакутваць у йзаляцыі. Вочка ў дзьвярах адчынілася, і нехта гаркнуў, што я мушу распрануцца й пакласьціся спаць. Ложак трэба было адкінуць ад сьцяны, як у цягніку. Матрац быў саламяным, але мелася падушка. Я заснуў, але раптам прачнуўся, бо па мне нешта паўзло. Гэна былі клапы — сотні клапоў. Я падняўся з ложка, каб атрэсьці іх зь сябе. Потым я лёг на падлогу, але той самы голас загадаў мне йзноў пакласьціся ў ложак.



Раніцай я паскардзіўся, што мяне змучылі клапы, і мне далі нейкае прыстасаваньне, з дапамогай якога іх можна было выгнаць з ложка й шчылінаў у сьцяне, дзе яны хаваліся. Да таго ж зьмянілі матрацы, і наступнай ноччу клапы мяне ўжо не турбавалі. Мне далі вады й нейкага адсырэлага ліпкага хлеба. Хлеб трэба было расьцягнуць на цэлы дзень, бо на палудзень і на вячэру яго не давалі. Я сеў у куце за стол і скамянеў. Я больш нічога не адчуваў. Жыцьцё, здавалася, скончылася, мары разьбіліся, спадзяваньні ня спраўдзіліся. Я думаў пра сваю маці, пра сямью й разважаў, нашто трэба было ўцякаць зь Нямеччыны.

Калі ўзышло сонца, я заўважыў, што шчыліна ў вакне была сантымэтра два-тры. Сонца асьвятляла сьцяну, і я стаў пазначаць на ёй ня толькі дні, але й час сьвітанку, паўднё й захад сонца. Прынамсі, я ведаў час.

Гэнай ноччу, каля дзесяці, мне загадалі легчы спаць, але праз гадзіну ахоўнік адчыніў дзьверы й загадаў ісьці за ім. Мяне павялі празь лябірынт калідораў і некалькі разоў я мусіў паварочвацца тварам да сьцяны. Я тады адчуваў, што нас нехта мінае, магчыма, іншыя зьняволеныя. Мяне прывялі ў пакой бяз вокнаў са сталом і крэслам перад ім, як і раней. Увайшоў і прыязна заўсьміхаўся малады чалавек. Ён быў гладка паголеным і, увогуле, вельмі чысьценькім і акуратным. Ён зрабіў на мяне прыемнае ўражаньне й назваў мяне Барысам Дзьмітрычам. Ён сказаў мне, што мы аднагодкі й што ён хацеў бы называць мяне таварышам, каб падкрэсьліць, што мы зь ім роўныя. Ва ўсякім разе, ў мяне ёсьць шанец стаць роўным. Шанец служыць Савецкаму Саюзу й абараняць яго, як гэта рабіў ён. Ён запэўніў мяне, што гэтыя ганаровыя абавязкі дапамогуць мне зрабіць кар’еру. Але пакуль ён устрымаецца ад таго, каб называць мяне таварышам, але будзе з павагай зьвяртацца да мяне «Барыс Дзьмітрыч». Ён спадзяваўся, што маё сумленьне яшчэ прачнецца й я раскаюся ва ўсіх памылках, што зрабіў. Ён дадаў, што разумее, што я мусіў перажыць у нямецкім лягеры, і ўяўляе, як немцы зьдзекваліся зь мяне, але ўсё цяпер залежала ад мяне. Я цяпер, быццам бы, меў шанец атрымаць прабачэньне й пачаць усё з пачатку.

Я заўважыў перамену ў ягоным голасе, і выдавала на тое, што гэбіст зараз ізноў пачне задаваць пытаньні. Я сказаў, што мяне ўжо дапрошвалі некалькі гадзінаў і што мне няма чаго дадаць. Ён спытаўся, ці ёсьць я пляменьнікам Базылю Рагулю. Сьледчы хацеў ведаць падрабязнасьці пра майго дзядзьку, які ня надта спагадліва ставіўся да камуністаў, калі быў польскім сэнатарам. Я сказаў, што ведаю толькі, што дзядзька змагаўся за правы беларусаў як этнічнай меншасьці ў Польшчы й адседзеў за гэна два гады ў віленскай турме. Гэбіст заўважыў, што ўжо ведае ўсё гэта, а таксама тое, што мой дзядзька ніколі ня меў дачыненьня да прагрэсіўнай кампартыі Заходняй Беларусі. Я адказаў, што ня ведаю, наколькі гэная партыя ёсьць прагрэсіўнай, але я ведаю, што ў нас мелася папулярная партыя Грамада, якая прываблівала шмат патрыётаў, бо змагалася супраць зьнявагі беларускага народа ў Польшчы. Гэбіст паведаміў мне, што Грамада падтрымлівалася кампартыяй і што мой дзядзька адмовіўся ад гэнай дапамогі. Я адказаў, што мне гэна невядома. (Я памятаю, як дзядзька аднойчы сказаў мне, што яму прапаноўвалі далучыцца да Грамады, але ён адмовіўся, бо лічыў яе мастом да камунізму. Ён адказаў гэным людзям, што ён не камуніст і што ён мае права мець уласныя палітычныя погляды. Ён дадаў: «Калі я не зьбіраюся на другі бок ракі, то мне не патрэбны й мост».) Канечне, я ня мог распавесьці гэнага сьледчаму, бо тады майго дзядзьку б арыштавалі й пачалі дапытваць, як і мяне. Таму я проста заўважыў, што мой дзядзька падабаўся народу, бо падтрымліваў ідэю беларускага нацыянальнага адраджэньня, а таму яго выбралі ў польскі парлямант, а потым і ў сенат.