Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 15 из 47

Начальнік КГБ спытаўся, ці не хацеў бы я вучыць новых рэкрутаў хадзіць на лыжах. Я адказаў, што заняты ў школе, але магу дапамагаць па выходных і пасьля паўдня, калі буду вольны. Ён запрасіў мяне прайсьці ў кабінет, каб далей абмеркаваць гэную справу, і загадаў таварышу Сакалову пачакаць палову гадзіны. Начальнік вельмі ветліва запрасіў мяне ў пакой, ля дзьвярэй якога стаялі два салдаты зь вінтоўкамі. Я быў зьдзіўлены, але ўсё яшчэ нічога не падазраваў. Мне загадалі сесьці, хаця я й выказаў жаданьне пастаяць. Калі я сеў, гэбіст запусьціў рукі ў мае кішэні, выцягнуў некаторыя дакументы й паведаміў, што я арыштаваны. Я быў агаломшаны. Я спытаў, за што, і начальнік адказаў, што гэта будзе вядома празь некалькі дзён. Я хацеў ведаць, у чым мяне абвінавачваюць альбо падазраюць. Мне адказалі, што ні ў чым, але я мушу застацца ў іхнай установе на ноч.

Мяне разьмесьцілі ў цёмным пакоі, футаў чатырох-шасьці. Я ня мог спаць. Мае думкі круціліся вакол савецкага панятку «вызваленьня». Тыя людзі, якім не давяралі, сыстэматычна, бясьсьледна зьнікалі. Цяпер надышла мая чарга. Уся гэная вайна, усе гэныя ўцёкі — нашто яны былі? Я ўзгадаў чалавека, якога мы пабудзілі, калі перайшлі мяжу: «Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце зь імі, каб вызваліць нас». Я быў маладым, дваццацігадовым ідэалістам, і я быў моцна расчараваны.

Ноччы мне прынесьлі колькі хлеба й кавы. Нараніцу мая стрыечная сястра Ніна прынесла мне крыху паесьці, бялізну, швэдар і настаяла на тым, каб разьвітацца. Каля 7:30 раніцы два ахоўнікі адвялі мяне на чыгуначную станцыю. У цягніку я сядзеў паміж імі, і яны загадалі мне маўчаць і ні з кім не размаўляць, нават калі пабачу знаёмых. Я меў права адказваць на прывітаньні, але толькі не ўступаць у размову. Калі я аслухаюся, то ахоўнікі мелі права ўжыць сілу, каб прымусіць мяне маўчаць. Гэта гучала даволі дзіўна, быццам яны размаўлялі са злачынцам.

Спачатку мяне адвезьлі ў Наваградак, а потым — у астрог у Баранавічах. Шнуркі й папругу ў мяне забралі, і нагавіцы боўталіся ў мяне на клубах. Таксама ў мяне адабралі гадзіньнік, ярлык ваеннапалоннага й усе паперы, якія меліся. Мяне ўкінулі ў камеру, і я апынуўся каля цэбру з экскрэментамі, які мянялі, калі ён напаўняўся. Як навічку мне дасталося самае пачэснае месца.

Было недзе пяць вечара, калі прынесьлі вячэру, якая складалася з надта салонай вэнджанай рыбы й нейкага кшталту вадкага ячневага супу. Хутка соль пачала паліць мне горла, бы агнём, але піць не было чага. Я пагрукаў у дзьверы й папрасіў вады. Мне адказалі, што дадуць вады, калі надыдзе на тое час, і рыкнулі, каб маўчаў. Раптам дзьверы адчыніліся, і было названае маё імя. Мне загадалі йсьці за ахоўнікамі. Я выйшаў, і яны папярэдзілі мяне, каб я трымаў галаву апушчанай і адварочваўся, калі нехта будзе праходзіць. Яны дадалі, што я мушу выконваць іхныя загады, бо інакш са мной можа здарыцца ўсё, што заўгодна.



Як высьветлілася, мяне вялі ў пакой для допытаў. Ён аказаўся амаль пустым — там былі толькі стол, крэсла й савецкі сьцяг. Крэсла стаяла перад сталом і нагадвала, хутчэй, крэсла з бара. Мне загадалі сесьці. Я пачуваўся ня надта каб утульна. Нехта ўвайшоў. Я зірнуў угору й пабачыў маёра КГБ. Ахоўнікі выйшлі, і мужчына спытаўся, ці не хачу я цыгарэту. Я адказаў, што нам давалі надта салоную ежу й мне больш хацелася б вады. Гэбіст сказаў, што я атрымаю ўсё, што захачу, пасьля таго, як ён высьветліць колькі пытаньняў. Ён спытаў маё імя, імя маёй маці, чым яна займаецца й усё пра маю сямью. На ўсё гэта спатрэбілася недзе каля гадзіны, і мяне ўсё мацней мучыла смага. Я сказаў, што ў мяне перасохла ў горле і што мне было б лягчэй гаварыць, калі б я папіў. Маёр параіў ня быць такім нецярплівым, таму што хутка мне дадуць вады. Ён затым пачаў пытацца, як я трапіў у Любчу й ці зьяўляюся я ваеннапалонным. Я распавёў сваю гісторыю й нагадаў, што ім і так добра вядома, што я ваеннапалонны, бо яны забралі мае ярлыкі. Маёр паглядзеў на мяне й сказаў, што, хаця ён не мусіць называць «таварышам» чалавека, які можа быць шпіёнам, але ён верыць, што я не шпіён, і таму назаве мяне «таварышам». Маёр папрасіў мяне расказаць пра палон. І я распавёў яму ўсё, хаця й апусьціў той факт, што пераходзіў мяжу задам-напярод, а таксама папярэджаньні палякаў. Я сказаў, што палякі, наадварот, падбухторвалі мяне ўцячы дамоў і вярнуцца з саветамі, каб вызваліць іх ад немцаў.

Пасьля гадзінаў дзьвюх допыту маёр пакінуў мяне й увайшоў другі гэбіст, які вельмі ветліва павітаў мяне. Ён сказаў мне, што ёсьць навічком, але прагледзеў ужо маю гісторыю наконт таго, як я перайшоў мяжу. Ён хацеў ведаць дэталі, а таксама, чаму я не паведаміў уладам пра сваё вяртаньне, калі апынуўся ў Беларусі. Я паўтарыў, што не лічыў гэна неабходным, бо ўцёк зь нямецкага палону на радзіму. Я пачуваўся вольным у сваёй роднай краіне й хацеў дабрацца дадому, як мага хутчэй. Я паведаміў, што, як толькі я прыехаў у Наваградак, я пайшоў у гарадзкую адміністрацыю, атрымаў дакументы й зьбіраўся паступаць ва ўніверсітэт у Львове. Я яшчэ раз распавёў гіторыю пра тое, як апынуўся настаўнікам у Любчы. Гэбіст на гэна заўважыў, што ўсё правільна, але немцы, магчыма, парушаюць пагадненьне, падпісанае Молатавым і Рыбентропам, і засылаюць у Беларусь шпіёнаў і агітатараў, каб падарваць палітычную стабільнасьць у Савецкім Саюзе. Я пацікавіўся, пытаецца ён альбо сьвярджае гэна як факт. Гэбіст параіў мне падумаць над тым, што ён сказаў, і спытаўся, ці не заўважыў я чаго-небудзь падазронага, што выдавала б на тое, што немцы зьбіраюцца напасьці на Савецкі Саюз. Я ветліва адказаў, што быў ваеннапалонным і што мы не абмяркоўвалі там ваенную стратэгію Нямеччыны, і таму я не магу пацьвердзіць ягоныя падазрэньні. Гэбіст прамаўчаў. Ён прабег вачмі па запісах маёра. У роце ў мяне зусім перасохла, мне рабілася млосна й я пачуваўся няўтульна на гэным крэсьле. Я папрасіў дазволу пайсьці ў прыбіральню, дзе я спадзяваўся папіць вады. Гэбіст даў мне дазвол, але, надзіва, ніякай вады там не было. Аднак я ўсё адно быў рады прайсьціся, разьмяцца, бо ў мяне ўсё цела здраньцьвела ад пастаяннага сядзеньня.

Калі я вярнуўся, мне загадалі сесьці йзноў, так, каб ногі не даставалі да зямлі, і пакласьці рукі на калені. Уся вага майго цела сканцэнтравалася цяпер на задзе, да таго ж я сядзеў на цьвёрдым няўтульным крэсьле. Празь нейкі час гэбіст схапіў графін з вадой і пачаў піць так, што вада цякла ў яго па падбародзьдзі й крапала на кашулю. Гэны кат назваў мяне «Барысам Дзьмітрычам», што лічылася ветлівай формай, і запытаў, ці не хачу я папіць вады. Калі я адказаў станоўча, ён сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне, то атрымаю вады і мяне вызваляць. Я не разумеў, як чалавека могуць выпусьціць, калі ён прызнае, што зьяўляецца шпіёнам і займаецца контррэвалюцыйнай дзейнасьцю, што да таго ж і няпраўда. Я з выклікам адказаў, што не хачу піць і што мне няма ў чым прызнавацца. Я апусьціў галаву й вырашыў больш нічога не казаць. Мінуў пэўны час, калі гэбіст спытаўся, ці не хачу я пацьвердзіць сваё жаданьне служыць Савецкаму Саюзу і такім чынам атрымаць свабоду. Я спытаўся, што яшчэ яны ад мяне хочуць. Як яшчэ я магу запэўніць іх, што хачу служыць Савецкаму Саюзу лепш, чым я гэта ўжо рабіў. Я працаваў настаўнікам, займаўся з вучнямі спортам і рабіў усё магчымае для выхаваньня моладзі, што задаволіла б любую дзяржаву. Гэбіст заўважыў, што гэта файна, але было б яшчэ лепш, калі б я пагадзіўся даносіць на сваіх дзядзькоў Барыса й Шчатырку, каб запэўніць дзяржаву ў сваёй надзейнасьці. Я быў агаломшаны і сказаў, што, калі я пагаджуся, нават ён ня дасьць мне рукі, бо данос — гэта найбруднейшая справа. Тым больш што й даносіць не было пра што, бо яны ёсьць лаяльнымі грамадзянамі Савецкага Саюза й адданымі настаўнікамі. Я даў гэбісту зразумець, што ня стану шпіёнам у саёй сямьі. Вочы ў гэнага нахабніка шырока адкрыліся. Ён сказаў мне, што найлепшае, што я магу зрабіць для сваёй краіны, — гэта даносіць на антысаветчыкаў, і пацікавіўся, ці не лічу я працу на карысьць Савецкага Саюза ніжэй сваёй годнасьці. Ён распавёў мне пра Марозава, сямігадовага хлопчыка, які стаў героем Савецкага Саюза, бо данёс на сваіх бацькоў-контррэвалюцыянераў. Іх расстралялі, а ён стаў героем. Я падзякаваў, але заўважыў, што не лічу Марозава героем і не шукаю для сябе геройства такога кшталту. Сьледчы адказаў, што я яшчэ пашкадую, што адмовіўся, але, калі я перадумаю, то мушу паведаміць аб гэтым.