Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 47

Цяжка зразумець, як дакладна паўстала такая сытуацыя. Талстой аднойчы заўважыў, што ён баіцца зьяўленьня Чынгіс Хана з тэлефонам. Сталін якраз і стаў новым Чынгіс Ханам, у распараджэньні якога знаходзіліся сучасныя тэхнічныя сродкі. Ён кантраляваў Усходнюю Эўропу й пераўтварыў яе, па сутнасьці, у турму, дзе былі падаўленыя ўсе свабоды. Ягоная вядомая канстытуцыя, якая гарантавала права збораў і свабоду слова зьяўлялася фарсам. Фіранкамі. На самой справе, гэта толькі Камуністычнай партыі было гарантаванае вяршэнства ў палітыцы, эканоміцы, навуцы й іншых сфэрах жыцьця. Эканоміка была цэнтралізаваная ў Маскве й, як вынік, пагаршалася год ад году. Усе тавары, якія раней можна было набыць у Заходняй Беларусі, вельмі хутка зьніклі. Салдаты Чырвонай Арміі, агенты акупантаў (настаўнікі, адміністратары, партыйцы) былі замежнікамі — у асноўным з Расеі. Яны ніколі ня ўмелі размаўляць па-беларуску й невідушча падпарадкоўваліся свайму начальству ў Маскве. Беларускі ўрад у Менску складаўся з марыянетак Масквы. Напачатку, напрыканцы 1920-х гадоў, беларускі рух перажыў уздым, але быў спынены чысткамі 1930 — 32 гадоў. Лідэры руху былі рэпрасаваныя, і большасьць зь іх — забітыя. Некаторыя памерлі ў савецкім ГУЛАГу. Мала хто выжыў. Я ўзгадаў, як чуў у Польшчы, што савецкая ўлада забівае сваіх уласных дзеячоў і што тыя прызнаюць сваю віну й, здаецца, паміраюць дабравольна. Тады я думаў, што гэна была антысавецкая прапаганда, створаная палякамі. Аднак цяпер я пабачыў, што, магчыма, памыляўся.

Мае маці адкрыта выказала свае страхі й хваляваньні. Яна загадала мне пайсьці да гарадзкіх уладаў, каб зарэгістравацца й атрымаць дакументы. Яна баялася, што маёй гісторыі не павераць і я магу апынуцца ў астрозе альбо ў лягеры на ўсходзе Савецкага Саюза.

Каля шасьці вечара вярнулася медсястра. Яна была высокай, хударлявай, з прыгожай таліяй й маленькім задком у шчынкай спадніцы. У яе былі маленькія грудзі, і, здаецца, я мог бачыць саскі пад сіняй кашуляй. У яе былі карыя вочы й тонкія выгнутыя бровы. Яна была пекнай, але нечага не хапала. У ёй не было жыцьця.

Калі яна ўвайшла, маці прадставіла мяне, і медсястра зьлёгку ўсьміхнулася, хаця выдавала на тое, што я яе не зацікавіў. Потым яна павярнулася й пайшла ў свой пакой. Празь нейкі час яна зьявілася йзноў, папіла з намі гарбаты й вярнулася да сябе.

Паколькі ў кватэры цяпер знаходзідася медсястра, размова зьмянілася. Мы з маці пачалі гаварыць пра нашую сямью ў Любчы й абмяркоўваць, што мне лепш зрабіць: застацца тутака альбо падацца туды. Я сказаў, што, хутчэй, паеду ў Львоў, які знаходзіўся тады ў Савецкай Украіне, дзе меўся ўніверсітэт і дзе мае сябры, Язэп Сажыч і Янка Хутар, вывучалі медыцыну. Я хацеў, каб мяне залічылі да верасьня.

На наступны дзень я рана падняўся й пайшоў наведаць аднаго добрага сябра, зь якім мы вучыліся ў польскай гімназіі — Янку Плескача. Янка быў на дзьве клясы старэй за мяне, але ў нас былі вельмі давяральныя адносіны й мы заўсёды адкрыта абмяркоўвалі нашае стаўленьне да палітычнай сытуацыі ў Польшчы. Янка зьяўляўся антыкамуністам і выступаў за свабоду слова й правы чалавека. Ён змагаўся за правы беларускіх меншасьцяў, кшталту жыдоў. Ён зрабіў накід гісторыі Беларусі, дзе падкрэсьліваў, што нашая краіна захоўвала вернасьць дэмакратыі й заўсёды давала прытулак тым, хто спрабаваў унікнуць перасьледу, напрыклад, французскіх пратэстантаў і гішпанскіх жыдоў. Янка моцна зьдзівіўся, калі пабачыў мяне, бо чуў, што я загінуў на фронце. Я запэўніў яго, што ёсьць жывым і здаровым і надта прагну вярнуцца да вучобы, каб займацца медыцынай, і што зь нецярпеньнем чакаю таго дня, калі Беларусь будзе йзноў вольнай. Янка сур’ёзна паглядзеў на мяне й запрасіў прысесьці. Ён растлумачыў мне, што інфармацыя, якую ён зараз паведаміць мне, зьяўляецца прыватнай і што яго арэштуюць і адправяць у Сібір, калі нехта даведаецца, што ён гэтай інфармацыяй валодае. Янка коратка абмаляваў мне сытуацыю, якая панавала ў Беларусі, што было падобным да таго, што распавяла мне маці. Ён пацьвердзіў, што саветы падаўляюць вальнадумства й зьнічтажаюць усіх і ўсё, што нейкім чынам зьвязана зь беларускім нацыяналізмам. Ён паведаміў, што студэнты, якіх польская паліцыя акрэсьліла як камуністаў, былі арыштаваныя й зьніклі. Янка лічыў, што я моцна памыліўся, што вярнуўся. Ён параіў мне пайсьці ў гарадскую адміністрацыю й пабачыцца зь дзяўчынай пад прозьвішчам Абрамовіч. Яна вучылася ў адной клясе са мной у польскай гімназіі й, паколькі была жыдоўкай, хутка атрымала адміністратыўны пост у гарадзкіх ворганах кіраваньня. Савецкі ўрад і КГБ выказвалі шмат сымпатыі да жыдоў, што разыходзілася з антысеміцкай палітыкай пры Польшчы. Саветы абвесьцілі жыдоў раўнапраўнымі грамадзянамі, якія атрымалі нават болей правоў за ўсіх астатніх, бо яны цяпер займалі амаль усе адміністратыўныя й больш-менш уплывовыя пасты.



Я накіраваўся ў пашпартны стол, дзе працавала Абрамовіч, і яна вельмі ўзрадавалася, калі пабачыла мяне. Калі я паведаміў ёй, што зьяўляюся ваеннапалонным, яна дала мне знак, каб я маўчаў і ня ўзгадваў нічога пра свае ўцёкі. Яна параіла мне зманіць, што я прыбыў зь іншага горада й хацеў бы зарэгістравацца ў Наваградку. Праз колькі хвілінаў я атрымаў пашпарт са сваім прозьвішчам і адрэсай і зрабіўся паўнапраўным грамадзянінам Савецкай Беларусі. Абрамовіч запрапанавала сустрэцца крыху пазьней, каб абмеркаваць некаторыя дэталі. Тым самым вечарам мы сустрэліся ў рэстарацыі, і Абрамовіч папярэдзіла мяне, што мы ня можам гаварыць пра палітычную сытуацыю, і ўвесь час нэрвова азіралася па баках. Мы замовілі каву й гутарылі пра нашае мінулае ў польскай гімназіі й пра асабістае жыцьцё Абрамовіч. Яна была заручаная з адным з маіх прыяцеляў. Значна пазьней, калі я пабачыў Абрамовіч наступным разам, яна йшла ў калёне, якую эсэсаўцы вялі на растрэл.

Перад тым, як я выехаў у Львоў, мы з маці зьезьдзілі ў Любчу, каб пабачыцца з раднёй і пабываць на бацькавай магіле. Да мяне вярнуліся дзіцячыя ўспаміны пра папярэднія прыезды. Калі я быў малым, я шкадаваў, што ў мяне няма бацькі, але цяпер я ўжо быў дарослым і адчуваў, што не разумею, чаго мне не хапала. Маці, са сьлязьмі на вачах, павярнулася да мяне й сказала, што яна спадзяецца, што я буду гэткім жа, як і мой бацька. Яна сказала, што будзе маліцца за мяне, каб я патрапіў на медыцынскі факультэт і спраўдзіў сваю мару стаць лекарам. На той момант я быў упэўнены, што не падвяду яе. Я глядзеў на ейнае маленькае цела, якое было такім моцным, і яна ў той дзень пераўтварылася ў волата ў маіх вачах. Я так любіў і паважаў яе. Яна столькім ахвяравала, каб дапамагчы мне. Мая маці была ня вельмі рэлігіёзнай. Яна наведвала царкву раз на год, на вялікодную службу. У ейным пакоі вісела йкона, і перад ёй — лампадка. Ікона заставалася вісець і пры польскай, і пры савецкай акупацыі. У большасьці хат іконы зьніклі, калі прыйшлі саветы. Было вельмі лёгка пазнаць тых сьлепакоў, якія раней наведвалі царкву кожную нядзелю й былі вельмі рэлігіёзнымі, але раптам, калі ўлада стала савецкай, прыбралі йконы, кінулі хадзіць да царквы й сталі атэістамі. Мая ж маці, як хадзіла да царквы раз на год раней, так і працягвала рабіць гэта й за саветамі. Яна была жанчынай зь цьвёрдымі прынцыпамі.

Мы вярнуліся ў Наваградак, і я сеў у цягнік, каб пабачыцца са сваімі сябрамі ў Львове.

На жаль, я спазьніўся на медыцынскі факультэт. Мае сябры параілі мне запісацца на які-небудзь іншы, хаця яны й баяліся, што я разгублюся ў такім вялікім горадзе, як Львоў, і не змагу жыць тамака без апекі. У выніку, яны прапанавалі мне вярнуцца ў Беларусь, хаця й разумелі, што ў Наваградку вельмі хутка змогуць вылічыць, адкуль я зьявіўся, і рэпрасаваць. Да мяне таксама даходзілі ўжо чуткі, што ўсе, хто вярнуўся з Германіі, лічыліся ненадзейнымі й высылаліся ў Сібір. Нягледзячы на ўсё гэта, мы зь сябрамі прабавілі некалькі цудоўных дзён разам у Львове. Мы размаўлялі адкрыта, бо давяралі адзін аднаму, і сыйшліся на тым, што камуністычная рэчаіснаьць ёсьць турмой, дзе пралетарыят — раб савецкай сыстэмы. Мы падзівіліся таму, як Сталін здолеў унушыць страх і пакорнасьць мільёнам людзей.