Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 8 из 9



...А я не хачу нiчога браць i не бяру нiчога. Нi ў кога. Вось мяне... i празываюць белай варонаю. А чаму? Напэўна, нiкому не хочацца прызнавацца ва ўласнай дурноце? За ўвесь час, пражыты на Зямлi, я так i не зразумеў, чаму таго чалавека, якi выконвае ўсе прадпiсаннi, распараджэннi i законы, лiчаць выключэннем з правiлаў? Якiх правiлаў? Так нi ад кога i не дазнаўся. Напэўна, я ўжо атрафiраваўся i мае даследчыя высiлкi пайшлi на глум. Не, я ўжо не даследчык. Мне ўвесь час так i карцiць умяшацца ў тую цi iншую справу. Разумею, я - назiральнiк, нi аб якiм умяшаннi i гаворкi не можа быць. Жыць жа па-за зямнымi законамi - гэта амаральна. Але людзi жывуць. Як яны жывуць - не ўцямлю. Не, напiсаныя iмi законы - не для iх. Не, гэта глухiя нетры, у якiх я заблудзiўся, як той казаў, канчаткова. Спрабую яшчэ хоць што зрабiць, каб зразумець чалавецтва, але, напэўна, мае мiзэрныя спробы ўжо нiчога не дадуць. Я стаў стары, стаў кансерватарам. Гэтаму мяне навучылi людзi. Мне цяжка збавiцца ад неадчэпнай iдэi, што я ўжо не назiральнiк, а сапраўдны зямлянiн з усiмi ўласцiвымi яму адхiленнямi ад нормы...

Дык як жа абысцiся з Iлжэсалдаценкавым? Лiквiдаваць няцяжка. Ды як на гэта паглядзiць сапраўдны Салдаценкаў? Яны сустрэлiся толькi сёння. Але гэта не мая прыхамаць. Павiнен жа я быў ведаць, хто ёсць хто? А што далей зрабiць?

15. Салдаценкаў

Не, ён не звiхнуты, як здалося мне спачатку, калi Фiлiпоўскi з'явiўся на ўзлеску, куды мы з Iлжэмiкалаем выйшлi ўдвух. Проста Фiлiпоўскi быў тым непрыемным тыпам, якiя яшчэ трапляюцца ў нас. З iм немагчыма гаварыць. Усё рассыпаўся ў камплiментах i са мной, i з Iлжэмiкалаем. Я паспрабаваў быў пажартаваць, ды зразумеў, што з iм немагчыма ў жартаўлiвым тоне размаўляць. Усё разумее непасрэдна. Мяне яшчэ злавала гэтая яго iдыёцкая паслужлiвасць, цi што. Ды хiба толькi мяне. I Лжэмiкалай зразумеў гэта, бо не хацеў нават гаварыць з Фiлiпоўскiм, якi iшоў за намi ледзь не подскакам, трасучы сваiм вялiзным пузам. Быццам хтосьцi зверху прадпiсаў яму жыць па паперцы. Здавалася, што ў гэтым кепскага? Але гэта нiяк нi з чым не вязалася.

Раптам Фiлiпоўскi ўсклiкнуў. Мы разам з Iлжэмiкалаем спынiлiся i азiрнулiся. На нейкае iмгненне мне здалося, што Фiлiпоўскi зусiм расплыўся, што яго з'еў велiзарны жывот. Гэтага аказалася даволi, каб я не ўбачыў, як знiк Iлжэмiкалай. Калi азiрнуўся па баках, убачыў толькi густую пасму туману, што, выгiнаючыся, нiбы рэптылiя, змяiлася з палянкi, на якой стаялi мы, у глыб лесу.

- Куды дзеўся Лжэмiкалай? - спалохана запытаўся я ў Фiлiпоўскага, якi паспеў падысцi да мяне амаль ушчыльную.

- Вы ў мяне пытаецеся?

- Мусiць, вам нешта вядома.

- Мне?.. - паспрабаваў здзiвiцца Фiлiпоўскi, i мне здалося, што ён усё ж нешта ведае, бо яго вочы былi нiбы за непранiкальнай заслонай.

- Так, так, - незразумела сказаў Фiлiпоўскi i, узяўшы мяне пад руку, пацягнуў з лесу на невялiчкую сцежку. - Вас ужо, Мiкалай Мiкалаевiч, прачакалiся там, на турбазе. Усе шукаюць. I даволi даўно.

- Дык куды ж дзеўся Лжэмiкалай? - усё яшчэ дапытваўся я.

- Ды не было такога. Не было, i ўсё, - сказаў ён i паспрабаваў перавесцi гаворку зусiм на iншае. Стаў гаварыць пра надвор'е, нешта пра дажджы, што зарадзiлi недарэчы якраз на гэтым тыднi.

- Вы кiньце зубы мне загаворваць, Канстанцiн Iванавiч, - сказаў я. - Ну няхай, Iлжэмiкалая не было. Але што вы скажаце пра Клаўдзю, якую змярцвiў iдыёцкi туман?

- Пра якi туман вы кажаце, Мiкалай Мiкалаевiч? Пры чым тут туман? - усё больш дзiвiўся Фiлiпоўскi. - Так. Туман быў i ёсць. Хiба мала тут туманаў? А Клаўдзя... Клаўдзя на турбазе. Дапамагае кухарцы нашай абед гатаваць. Якi туман? Вы нешта блытаеце, Мiкалай Мiкалаевiч.

- А агурочкi? - Я ўважлiва назiраў за выразам твару Фiлiпоўскага, якi пры слове "агурочак", як мне здалося, спачатку пазелянеў, потым збялеў.

- Агурочкi? - Фiлiпоўскi паiдыёцку ўсмiхнуўся. - Дык i гэтага...

- Вы хацелi сказаць - не было, - перасцярог я яго.

- Сапраўды, - узрадавана сказаў ён.

- А гэта? - Я дастаў з кiшэнi невялiкi, з кволымi цёмна-зялёнымi пухiркамi лясны агурочак.



Фiлiпоўскi нiчога не сказаў i, нiбы рыба, выкiнутая з вады на бераг, пачаў сутаргава глытаць ротам паветра. Потым нечакана змянiўся, выхапiў у мяне з рук неабвержны рэчавы доказ, запхнуў увесь агурочак у свой вялiзны рот i хутка засоўгаў скiвiцамi.

- Не было нiякiх агурочкаў, не было, - нахабна лгаў ён, яшчэ перажоўваючы тое, што iмгненне таму назад было агурочкам. - Вы яго прыдумалi, Мiкалай Мiкалаевiч. Прыдумалi.

Што я мог сказаць на гэта? Чым даказаць адваротнае?

- Хадземце, а то на абед спознiмся, - раптам замiтусiўся Фiлiпоўскi i, як нiчога i не было, падцягнуўшы свае безразмерныя нагавiцы i паспрабаваўшы схаваць за iмi сваё неабдымнае пуза, патрухаў па дарожцы ў бок турбазы.

16. Яшчэ раз Салдаценкаў

Клаўдзя i праўда была жывая. Як я ўзрадаваўся, калi ўбачыў яе фiгурку недалёка ад увахода на турбазу.

- Ну, вы тут разбiрайцеся, а мне няма калi, - нечакана заспяшаўся Фiлiпоўскi, як толькi мы падышлi да турбазы. - I не забудзьцеся, Мiкалай Мiкалаевiч, што абед у нас у трынаццаць сорак пяць. Не спазнiцеся, калi ласка, Мiкалай Мiкалаевiч.

- Не спазнюся, - каб хоць неяк адчапiцца ад гэтага надакучлiвага i незразумелага ва ўсiм старога, сказаў я. Мне карцела хутчэй сустрэцца з Клаўдзяй. Пагаварыць i нарэшце прапанаваць руку i сэрца незанятага мужчыны. Усё-такi яна нiчога, прыгожая. Гэта рэзкасць пройдзе. I сарамлiвасць таксама. Яна - цяплiчная раслiна, цяплiчная кветка незвычайнай прыгажосцi. Трэба яе толькi выгадаваць, своечасова палiць... - расквiтнее...

- Клава, - аклiкнуў я дзяўчыну, калi Фiлiпоўскi нарэшце схаваўся ў сваiм заканурку - пафарбаваным у фiялетавае домiку.

Клава, убачыўшы мяне, адразу ж папрыгажэла, быццам я для яе быў той лакмусавай паперынай, якая трапiла ў патрэбнае асяроддзе... Ды i яна мяне любiць - зразумеў я, калi падышоў да яе.

- Як жывеш? - толькi i спытаўся я.

Яна ўздыхнула:

- Усё добра.

Я хацеў быў распытаць у Клавы, цi была яна ў лесе, цi гаварыла са мною тады. Цi лавiў яе подлы туман. Але потым перадумаў. Навошта! Было - не было. Хiба гэта галоўнае? Вось яна, Клава, жывая i стаiць побач са мной. Я адчуваю цяпло яе цела, размаўляю з ёй.

- Табе, напэўна, трэба дапамагчы кухарцы прыгатаваць на стол?

- Ага.

- Я пайшоў, - сказаў я неяк будзённа. - Мне яшчэ трэба з Канстанцiнам Iванавiчам пагаварыць.