Страница 3 из 9
- Як трэба - то ты нясi. А я дахаты праз лог. Так зручней.
- Асцярожна, не паслiзнiся, - сказала я наўздагон.
- Вось дзiва! Не ўпершыню, - памаладзелым голасам бадзёра адказала бабка Сцепанiда i, падхапiўшы рукой даўжэзную цёмную спаднiцу сваю, стала спускацца па пратаптанай i размоклай ад дажджу сцежцы ўнiз.
3. Фiлiпоўскi
Ванна была поўная цёплай вады. Я ўжо плюхнуў у яе паўфлакона крцэну. Адзiнага, чаго вадзе не ставала, - лiстоў дма. Але i на Зямлi не было з чаго сiнтэзаваць. З гэтым я павiнен быў мiрыцца.
Нарэшце можна плюхнуцца ў ванну. Усе падначаленыя занятыя сваiмi справамi. "Iнструкцыя дазваляе адпачыць, - падумаў я, акуратна павесiўшы на вешалку штаны. - Не дома, дык хоць такi камфорт. У Моцы i такога няма. Пакутуе, бядак. Сам вiнаваты. У пустыню напрасiўся, дурань. Няхай наракае на сябе."
Падышоў да ванны. Вада была - цуд. Крыху блакiтнаватая роўнядзь яе, зацягнутая вясёлкавымi мудрагелiстымi лiнiямi, улагоджвала мой засмучаны позiрк. Над ваннай, амаль каля нiзкай пабеленай столi, вiсела ледзь прыкметнае туманнае воблачка.
Я ўдыхнуў прыемны водар крцэну i ступiў у ваду. Асеў, расплываючыся, амаль адразу, як толькi вада пяшчотна паглынула мае ногi.
Усё было добра, калi б я не адчуў спачатку пякоты, а потым i непрыемнага паколвання ў перапонках. Я жахнуўся: няўжо захварэў? Гэтага яшчэ толькi не ставала. У мяне ўсё атрафiруецца! Напэўна, хутка не змагу ўжо пераходзiць у нармальны стан! Але гэта ж страшна! У душы, схаванай пад пенiстым пагорачкам, пахаладзела. Не, гэта не абяцанае перад камандзiроўкай райскае жыццё. А як Дорненц распiнаўся ў лагуне для выбраных! Палову лагуны пасля паспяховага завяршэння назiранняў наабяцаў. Распiсваў, што Зямля, маўляў, адна з з тых цудоўных планетаў, дзе вады нашмат болей, чым сушы. У гэтым яго праўда. А ў астатнiм...
Так, мквацракi растуць тут на сушы цудоўна. Але ж патрэбны яшчэ i плывучыя дма. А яны ператвараюцца тут чорт яго ведае ў што. На блiжэйшым возеры нейкая тонкая бязлiстая водарасць. Цi то так падзейнiчала на дма паўтарачнае зямное прыцягненне, цi то само свяцiла? Дый вада на Зямлi халодная для нас. Трываць, вядома, можна, калi адаптуешся...
Адно не зразумею, навошта назiраць за зямлянамi? Зразумела, дома ўстаноўка была такая, разлiкi вучоных... Але хiба нам суша патрэбная? Толькi пару невялiкiх агародзiкаў для мквацракаў. Вада! Шмат вады! Вада гэтая ёсць. Што яшчэ?
Забруджаная, праўда, даволi моцна. Ды гэта можна выправiць. Фiльтры ачысткi, i праз зямных гадоў пяцьдзесят вада стане цудам. Нашы баяцца, што зямляне, даведаўшыся пра нас, зжывуць усiх са свету. Таму i назiраем, вывучаем, як той казаў. Цяжка мне тут упраўляцца. Пераўвасобiцца ў iх зямное аблiчча - паўбяды. А вось зразумець iх... Адбыць бы гэтую ссылку чортаву ды дадому.
Якое гэта хараство - дом! Жонка, мусiць, замаркоцiлася. Я ўжо не кажу пра дзяцей. Больш за шаснаццаць гадоў у гэтай зямной глухаманi гiбею. Назiральнiк з мяне тут нiякi. А мяркуючы па пасланнях з Цэнтра, увогуле дрэнны. Узялi б ды адклiкалi дадому. Дык не. Мучуся ў гэтым чортавым аблiччы з гэтымi сентыментальнымi зямлянамi. Толькi хоць што не па-iхняму - адразу ў амбiцыю. А якiх намаганняў мне каштуе форму трымаць! Па мне дык лепей распластацца кiсялём ды паплёхацца ў роднай лагуне. Яны, зямляне, нейкiя дзiўныя. Паспрабуй iх зразумець. Столькi гадоў тут, а зруху а нi на грош. Хутчэй самому звiхнуцца можна, з глузду з'ехаць, чым ключык да кожнага падабраць. Хiба толькi што навучыўся па-iхняму гаварыць. Узяў бы ды парачку сваiх парад iм падкiнуў. Дык умешвацца ў зямное жыццё нельга...
4. Фiлiпоўскi i Кароўская
Настойлiвы працяглы грук у дзверы паўтарыўся.
"Вось жа, святло ў калiдоры забыўся патушыць, - пакрыўдзiўся на сябе Фiлiпоўскi. - Каго гэта нясе ў такi час? Толькi думаў паўтары зямныя гадзiны адпачыць, дык не", - незадаволена праплюхаў ён у ванне перапонкамi. Пусцiўшы пару вясёлкавых бурбалак, ён яшчэ iмгненне любаваўся iмi. Потым матэрыялiзаваў зямное цела i вылез з ванны, вырваў злiўны корак, каб не пакiнуць рэчавых доказаў. Са шкадаваннем паглядзеў на раствор.Ён, якi толькi што напамiнаў часцiнку роднай лагуны, мерна вылiваўся праз злiўную адтулiну. Уздыхнуўшы, Фiлiпоўскi адвярнуўся ад ванны i нацягнуў штаны. Басанож прашлёпаў у калiдор. Зняў з вешалкi пiнжак, накiнуў яго на мокрыя голыя плечы, адчынiў дзверы ў непагадзь.
- Ганна Максiмаўна! Добры вечар, - адразу ж расплыўся ўсмешкай, убачыўшы Кароўскую. Але ўсмешка гэтая ўмомант выветрылася з яго твару. Ён зноў стаў сур'ёзны i быў трохi заклапочаны.
"А божухна, што ж гэта я раблю? У якiм выглядзе з'явiўся перад Кароўскай? - падумаў ён. - Не, гэта вынiкi маёй працяглай камандзiроўкi. Ужываюся ў вобраз? Але мне гэтага нельга рабiць! Я ж толькi назiральнiк!"
- Добры дзень, Канстанцiн Iванавiч, - як з небыцця пачуўся тонкi голас Кароўскай. - Вам тэлеграма зноў прыйшла, напэўна, з Данецка. - Кароўская адчула, што чырванее. Чаму, яна i сама не ведала. Можа, таму, што яе нiхто ў вёсцы, акрамя Фiлiпоўскага, не называў па iмi i па бацьку.
- Божа мой, Ганна Максiмаўна, выбачайце, што я ў такiм выглядзе да вас выйшаў... А вы ў такую гразь...
- Дык жа тэлеграма, Канстанцiн Iванавiч. Тэрмiновая...
- Пачакала б да заўтра, - мякка сказаў Фiлiпоўскi. - Дарэчы, з днём нараджэння вас, Ганна Максiмаўна. Даруйце, што падарунка не прызапасiў, прабачальна сказаў Фiлiпоўскi.
- Дзякуй, Канстанцiн Iванавiч, - радасна вымавiла Кароўская i запунсавела яшчэ мацней. - А адкуль вы ведаеце, што ў мяне сёння дзень нараджэння? зацiкаўлена спыталася.
Фiлiпоўскi ўжо набраў поўныя лёгкiя паветра, каб расказаць, як раптам увесь падцягнуўся:
- Але, але, Ганна Максiмаўна, тэлеграма. Дзякуй, - распiсваючыся на адарваным ад тэлеграмы карашку, ён раптам прамармытаў: - Атрыманая ў 15.34. Значыць, па iнструкцыi сюды яе павiнны былi даставiць не ў 18.27, а ў 16.04. Ён узняў на Кароўскую здзiўленыя вочы...
- Я не магла раней, работы было многа, Канстанцiн Iванавiч, апраўдваючыся, пралепятала Кароўская.
- Так, так, - няўважлiва вымавiў ён, чытаючы тэлеграму.
- Да пабачэння, - пакрыўджана сказала Кароўская, утаропiўшыся ў яго дзiўны, незразумелы твар, якi расплываўся, бы чарнiльная пляма ад аўтаручкi. Сказала i, рэзка павярнуўшыся, пайшла праз брамку турбазы.