Страница 1 из 1
Уладзiмiр Караткевiч
Вершы
* * *
Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мiльярды двухногiх.
За ўсiх, хто ўздымае цяжкiя разоры,
Хто ў гарачым пекле металу,
За ўсiх, хто змагаецца з небам i морам,
За жывых, i за тых, што сканалi.
За ўсiх, хто крывёю пiша
Ў нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога.
За ўсiх, хто курчыцца ў полымi вёсак,
Хто ратуе краiну ад краху,
За ўсiх, хто бясстрашна глядзiць у нябёсы
З барыкады,
З пушчы
I з плахi.
Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,
З яе усмешкаю ветлай,
I ўсё ж узводзiць - нясцерпна далёкi
Храм наш агульны i светлы.
А калi ён горда даззяе ў зенiце
Непарушны - ўзнясецца ў неба,
Вы з распятага сэрца кроплю вазьмiце.
Апошнюю.
Болей не трэба.
I няхай яна збоку, недзе на ганку,
Дагарае й дзяцей не страшыць
На гранiце любовi,
На гранiце свiтанку,
На гранiце велiчы вашай.
"На Беларусi Бог жыве"
"На Беларусi Бог жыве"
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
I адвечны зор карагод.
Тую праўду сцвярджае
Упартасць хваль,
I продкаў запавет,
I мовы залатая сталь,
I нашых дум сусвет.
Тую праўду сцвярджае
Ўсё зноў i зноў
Ўсiм лёсам,
Няхай спакваля,
У хмарах дубоў,
У вясёлках агнёў
Купальская наша зямля.
I няхай давядзе мне
Iншая кроў,
Што брашу,
Як сабачы сын,
А няма нiдзе
Вярнейшых сяброў
I прыгажэйшых жанчын.
Гэта край раскрытых душ i дзвярэй,
Гэты край
Твой дом i сабор...
Ў нас дваццаць з лiшнiм тысяч рэк,
Адзiнаццаць тысяч азёр.
Нам ёсць што пiць,
З падмосткаў лiць,
Чым палi свае акрапiць,
А як давядзе, то ёсць нам дзе
I ворага ўтапiць.
I тая памяць жыве не ў царкве,
А ў кожнай жыве галаве:
"На Беларусi Бог жыве..."
I хай сабе жыве.
А калi ён шле на нас кару i гнеў,
Ну што ж, - мы з iм свае:
Ў вяршынi самых гонкiх дрэў
Маланка з неба б'е.
У вяршынi маленькiх i нiцых дрэў
Маланка нiколi не б'е.
I пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
"На Беларусi Бог жыве",
I няхай да веку жыве.
* * *
Радок бяззбройны i бясспрэчны
Слабым - адзiна верны шчыт.
I не знiкаць паэтам вечна,
У вечнай песнi жывучы.
Калi пайду з юдолi гора,
Не скончыўшы найлепшы сказ,
То божы свет мяне паўторыць,
Як паўтараў ужо няраз.
Як моры, зоры i азёры,
Якiя ў вечнасць забяру.
Свет шчодры.
Свет мяне паўторыць...
Ну, а не свет,
дык Беларусь.
Мне - досыць...
* * *
Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але тут нам жыць i канаць,
Тут пад кожным навекi здабытым бугром
Нашы продкi забiтыя спяць.
Яны аддалi нам меч i касу,
Слова з вуснаў, цяпер нямых...
I нам немагчыма пайсцi адсюль
I пакiнуць са смерцю iх.
* * *
Нават сцюжным зiмовым вечарам
Або ўвосень, як злiва лье,
Як цябе я на вулiцы стрэчу
Падгiнаюцца ногi мае.
Што казаць пра майскае ранне,
Калi ў росах салоўка б'е?
Што скажу я табе, каханы?..
Падгiнаюцца ногi мае.
Што скажу са сваёй гаротай?
Хаты побач, а...
кроч не кроч,
Будзе тое ж:
салоўка, журбота,
Цыгарэты агеньчык ля плота
I маўчанне ў цёплую ноч.
Будзе тое ж:
начныя лукi
Без свiтання.
Салоўка пяе.
Пакахай жа, вазьмi на рукi
Падгiнаюцца ногi мае.
* * *
Блякла-сiняе неба i чырвань галiн.
Уздыхае ветрык. Спадае лiст.
Асцярожна сонца з голых асiн
Выпаўзае на цiхi сiнiчы свiст.
Ледзь хiстаюцца ў небе галiны бяроз.
Лёг спакой на iржышчы. Гумённы дым.
Ярам рушыць павольна з дрывамi воз,
I сарока няспынна стракоча над iм.
У разведку за возам ляцiць яна,
Трэба край адшукаць, дзе пякуць блiны,
Дзе кайстра, дзе ў ёўнi жыве цеплыня,
Дзе заснула сытасць да новай вясны.
* * *
О любоў мая, Беларусь!
Над туманным начным стаўком
Пралятае самотная гусь,
Разразаючы люстра крылом.
. . . . . . . .
Разразаючы неба крылом.
* * *
Можна ўсё: пусцiць каханне дымам,
Ўзяць i занядбаць мiнулы шлях.
Але толькi не любiць Радзiмы
З чорнаю павязкай на вушах,
З чорнаю павязкаю на вуснах,
З чорнаю павязкай на вачах.
Толькi слухаць словы нездрадлiвыя,
Толькi не тлумiць яе маной,
Бо адным мы вiнны, пакуль жывы,
Перад нашаю вялiкай нiвай:
Праўдай абавязаны мы ёй.
Iсцiнай.
Адзiнаю.
Адной.