Страница 2 из 2
Прыгожыя мары-летуценнi раптоўна перабiлiся. Крынiчка пачула, як пад ёю здрыганулася зямля, цяжкая глыба адарвалася ад гары-маткi i загарадзiла ёй дарогу.
- Я не праб'юся! Я не праб'юся! - прашаптала крынiчка.
- Хутчэй, хутчэй, дачушка, ты здолееш прабiцца! - з матчынай любасцю i страхам перад дарагой стратай трывожна казала гара.
- Я не праб'юся!.. Што ж? На новую дарогу. - I ў другi бок пабегла крынiчка.
Заплакала гара буйнымi росамi... Асiрацела старая гара, пераляцеў кудысь салавейка, пасохлi прыгожыя краскi, i жоўтымi пяскамi засыпаў вецер прыгожую дарожку крынiчкi.
Нарадзiлiся i пацяклi другiя крынiчкi, утвараючы новае жыццё, а гэтае, калiсь шумлiвае i вясёлае, месца пачало замiраць i глухнуць. I толькi гара з абветранымi схiламi яшчэ сведчыла аб даўнейшых часах поўнага жыцця. Нават трава не расла тут, i толькi непатрабавальны сiвец, якi прывык да цяжкiх умоў жыцця, сям-там раскiдаўся крупiнкамi па гары.
Прайшоў час.
Была ранiца. Сонейка пачынала новы дзень. Цiха ўздымаўся над лагчынамi туман, крычалi дзесь гусi. Лесавы жаваранак ужо снаваў у небе i вiтаў яснае сонца. Ён так i застаўся тут, каля гэтай гары-сiраты, i толькi адзiн разганяў яе журбу; часамi ўсмешка засмучанай радасцi асвячала яе жоўтыя схiлы.
Скончыўшы песню, жаваранак сеў на камень, што ляжаў на самым версе гары, i сказаў:
- Паслухай, мацi, а да цябе прыйшлi дарагiя госцi, толькi яны баяцца зiрнуць табе ў вочы.
На купiнках сiўца блiшчалi, як слёзы, буйныя кроплi расы.
- Ах, мiлая матуля, - загаманiлi кроплi, - мы прыйшлi, бо вельмi ж смуцiлiся па табе ў далёкiх невядомых краях. Мы - часткi твае роднай крынiчкi, што цякла з твайго сэрца. Даруй жа нам, матка, што мы не паслухалi цябе. - I расказалi аб сваiм бадзяннi.
Аб чым маглi сказаць яны, падумайце самi.
Гара ж iм сказала:
- За тое, што вы не паслухалi свае маткi i кiнулi сваю радзiму, вы будзеце вечна кружыцца па свеце i нiколi не збудзеце сваёй жальбы па родных кутках, i нiдзе не будзеце мець вы прытулку на свеце.
Прыгрэла сонейка, заззялi кропелькi дарагiмi каменнямi i знiклi.
Куды ж яны дзелiся? Куды?