Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 22



- Зараз я намалюю табе некалькi прыгожых карцiнак! Можаш глядзець у мяне з-за пляча. Адно не штурхай мяне пад руку. Спачатку я намалюю, як тата ловiць рыбу. Ён выйшаў у мяне не дужа падобны, але мама пазнае, бо я намалявала, што дзiда ў яго зламалася.

А цяпер я намалюю другую дзiду, тую, якая яму трэба, чорную. У мяне выйшла, нiбыта яна выцяла тату ў спiну, але гэта таму, што твой зуб акулы слiзгануў, ды i кавалак бяросты малаваты.

Вось дзiда, якую ты павiнен прынесцi. А от гэта я. Я стаю i пасылаю цябе па дзiду. Валасы ў мяне не тырчаць на ўсе бакi, як я намалявала, але гэтак лягчэй маляваць.

Цяпер я намалюю цябе. Я думаю, што папраўдзе ты вельмi прыгожы, але не магу ж я зрабiць цябе на карцiнцы прыгажуном, таму, калi ласка, не злуйся на мяне. Ты не злуешся?

Незнаёмы (а ён быў цяварац) усмiхнуўся. Ён падумаў: "Мусiбыць, дзесьцi зараз адбываецца вялiкi бой, i гэтае незвычайнае дзiця, якое ўзяло ў мяне заварожаны зуб акулы i не распухла i не лопнула, загадвае мне паклiкаць усё племя вялiкага правадыра да яго на падмогу. Ён вялiкi правадыр, iнакш ён не сядзеў бы да мяне спiнай".

- Глядзi, - сказала Тафi, вельмi старанна выводзячы на кары свой малюнак. - Цяпер я намалявала цябе. Я суну тую дзiду, якая гэтак патрэбна тату, табе ў руку, каб ты не забыўся прынесцi яе. Цяпер я пакажу табе, дзе жыве мая мама. Iдзi, пакуль не дойдзеш да двух дрэў (вось гэтыя дрэвы), потым падымiся на гару (вось гэтая гара), i тады ты выйдзеш на Бабровае балота, у iм поўна-поўна баброў. Я не ўмею маляваць баброў, але я намалявала iхнiя галоўкi. Бо толькi галоўкi ты i ўбачыш, як будзеш iсцi па балоце. Ды, глядзi, не збоч. Як скончыцца балота, тут адразу i будзе наша пячора. Папраўдзе яна не такая вялiкая. як пагорак, але я не ўмею маляваць вельмi маленькiя рэчы. От мая мама. Яна выйшла з пячоры. Яна прыгожая. Яна прыгажэйшая за ўсiх мам, якiя толькi ёсць на свеце, але яна не пакрыўдзiцца, што я намалявала яе непрыгожай. Цяпер, на выпадак, калi ты забудзеш, я намалявала збоку i тую дзiду, якая патрэбна тату. На самай справе яна ўсярэдзiне, але ты пакажы карцiнку маме, i мама дасць табе гэтую дзiду. Я намалявала, як яна ўзняла рукi, бо я ведаю, што яна будзе рада бачыць цябе... Прыгожая карцiнка, праўда? Ты добра зразумеў цi мне растлумачыць яшчэ раз?

Незнаёмы (а ён быў цяварац) паглядзеў на карцiнку i закiваў галавою. Ён сказаў сам сабе: "Калi я не прывяду племя гэтага вялiкага правадыра яму на падмогу, яго заб'юць ворагi, якiя падкрадваюцца з дзiдамi з усiх бакоў. Цяпер я разумею, чаму вялiкi правадыр прыкiнуўся, нiбыта не звяртае на мяне ўвагi. Ён баiцца, што ворагi прытаiлiся ў кустах i што яны ўбачаць, як ён дае мне даручэннi. Таму ён адвярнуўся i даў магчымасць мудраму i дзiвоснаму дзiцяцi намаляваць гэтую страшную карцiнку, каб я зразумеў, у якой бядзе ён апынуўся. Я пайду i прывяду яму на выручку ўсё яго племя".

Ён нават не папытаўся ў Тафi дарогi, а рынуўся, як вецер, у кусты з бяростай у руцэ. А Тафi села сабе на беразе, вельмi задаволеная.

- Што гэта ты рабiла, Тафi? - спытаў Цегумай.

Ён адрамантаваў дзiду i цяпер асцярожна памахваў ёю ўправа i ўлева.

- Гэта мой сакрэт, любенькi татачка, - адказала Тафi. - Калi ты не будзеш распытваць мяне, ты хутка даведаешся, у чым справа, i гэта вельмi цябе здзiвiць. Ты не можаш сабе ўявiць, якi гэта будзе сюрпрыз для цябе! Паабяцай мне, што ты будзеш рады.



- Добра, - сказаў Цегумай i ўзяўся лавiць рыбу.

Незнаёмы (цi ведаеш ты, што ён быў цяварац?) усё бег i бег з карцiнкай у руках i прабег некалькi мiляў i раптам зусiм выпадкова натрапiў на Цешумай Тэвiндра. Яна стаяла каля ўвахода ў пячору i пляткарыла з дагiстарычнымi дамамi, якiя прыйшлi да яе ў госцi на дагiстарычнае снеданне.

Тафi была вельмi падобная на Цешумай, асаблiва вачамi i верхняй часткай твару, таму Незнаёмы - сама сапраўдны цяварац - пачцiва ўсмiхнуўся i ўручыў Цешумай бяросту. Ён гэтак хутка бег па балоце, што засопся, а ногi ў яго былi паабдзiраны калючым цярноўнiкам, але ён усё яшчэ стараўся быць ветлiвым.

Як толькi Цешумай зiрнула на карцiнку, яна заверашчала i рынулася на Незнаёмага. Астатнiя дагiстарычныя дамы разам павалiлi яго на зямлю i ўсе шасцёра ўселiся на яго ў радок, а Цешумай узялася выскубваць у яго з галавы цэлыя жмуты валасоў.

- Усё зусiм зразумела i проста, - сказала яна. - Гэты незнаёмы мужчына праткнуў майго Цегумая дзiдай i гэтак напужаў Тафi, што ў яе валасы сталi дыбам. Але гэтага яму было мала, i ён прынёс мне страшную карцiнку, каб пахвалiцца сваiмi злачынствамi. Глядзiце, - i яна паказала карцiнку ўсiм дагiстарычным дамам, што цярплiва сядзелi на Незнаёмым, - вось мой Цегумай, у яго зламаная рука. Вось дзiда, якую ўваткнулi яму ў спiну, а вось чалавек, якi збiраецца кiнуць у Цегумая дзiду, а вось другi чалавек, якi кiдае ў яго дзiду з пячоры. А вось тут цэлая шайка лiхадзеяў (Тафi намалявала баброў, але яны былi больш падобныя на людзей) падкрадваецца ззаду да Цегумая... Усё гэта жахлiва, жахлiва!

- Жахлiва! - згадзiлiся дагiстарычныя дамы i выпэцкалi Незнаёмаму ўсю галаву граззю (што вельмi здзiвiла яго) i загрукалi ў баявы барабан.

I на стук барабана прыйшлi ўсе правадыры цегумайскага племенi з усiмi сваiмi гетманамi, даламанамi, негусамi. За iмi крочылi прарокi, знахары, жрацы, шаманы, бонзы - i ўсе яны ў адзiн голас парашылi: адсячы Незнаёмаму галаву, але хай ён спачатку завядзе iх да ракi i пакажа, куды ён схаваў няшчасную Тафi.

Мiж тым Незнаёмы (хоць ён i быў цяварац) вельмi моцна ўзлаваўся на дамаў. Яны панабiвалi яму ў валасы камякоў гразi, яны правалаклi яго па вострых камянях, шасцёра з iх доўга сядзелi на iм; яны бiлi i малацiлi яго так, што ён ледзьве дыхаў, i хоць iхняя мова была яму незразумелая, няцяжка было здагадацца, што яны лаюць яго сама брыдкай лаянкай. I ўсё-такi ён не сказаў нiводнага слова, а калi сабралася цегумайскае племя, ён павёў гэтых людзей да ракi Вагай, i там яны ўбачылi Тафi. Яна сядзела i пляла вянок са стакротак, а бацька яе Цегумай цэлiўся дзiдай, якую яму ўжо ўдалося адрамантаваць, у невялiкага карпа, што плыў у рацэ.

- Хутка ж ты вярнуўся! - усклiкнула Тафi. - Але чаму ты прывёў з сабою гэтулькi народу? Татачка, вось мой сюрпрыз. Праўда, ты здзiўлены?

- Вельмi, - сказаў Цегумай. - Але ўсё маё сённяшняе паляванне прапала. Чаго, чаго, растлумач мне, збеглася сюды ўсё наша слаўнае племя?