Страница 5 из 22
- Вось табе i першая выгада! - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. Ну, памяркуй сам: мог бы ты зрабiць што-небудзь такое сваiм ранейшым маленечкiм носам? Дарэчы, цi не хочаш есцi?
I Слонiк, сам не ведаючы, як у яго гэта атрымалася, пацягнуўся хобатам да зямлi, сарваў добры пучок травы, шлёпнуў iм аб пярэднiя ногi, каб сцерушыць з яго пыл, i зараз жа сунуў сабе ў рот.
- Вось табе i другая выгада! - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. Паспрабаваў бы ты зрабiць гэта сваiм ранейшым маленечкiм носам! Дарэчы, цi заўважыў ты, што сонца пачало надта прыпякаць?
- Бадай што i так! - сказаў Слонiк.
I, сам не ведаючы, як у яго гэта атрымалася, зачэрпнуў сваiм хобатам з соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракi Лiмпапо iлу i шлёпнуў яго сабе на галаву; iл расплыўся мокрай аладкай, i за вушы Слонiку пацяклi цэлыя ручаi вады.
- Вось табе трэцяя выгада! - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. Паспрабаваў бы ты зрабiць гэта сваiм ранейшым маленечкiм носам! I, дарэчы, што ты цяпер думаеш наконт грымакоў?
- Выбачайце, калi ласка, - сказаў Слонiк, - але я, сапраўды, не люблю грымакоў.
- А ўсыпаць каму-небудзь iншаму? - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей.
- Гэта я з радасцю! - сказаў Слонiк.
- Ты яшчэ не ведаеш свайго носа! - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. - Гэта проста скарб, а не нос. Усыпле каму хочаш.
- Дзякуй вам, - сказаў Слонiк, - я прыму гэта да ведама. А цяпер мне пара дамоў. Я пайду да мiлых сваякоў i праверу мой нос.
I пайшоў Слонiк па Афрыцы, забаўляючыся i памахваючы хобатам.
Захочацца яму фруктаў - ён зрывае фрукты проста з дрэва, а не стаiць i не чакае, як раней, каб яны звалiлiся на зямлю.
Захочацца яму траўкi - ён iрве яе проста з зямлi, а не бухаецца на каленi, як бывала.
Мухi назаляюць яму - ён сарве з дрэва галiнку i махае ёю, як веерам. Прыпякае сонца - ён апусцiць свой хобат у раку, i вось на галаве ў яго халодная, мокрая нашлёпка. Сумна яму аднаму бадзяцца без справы па Афрыцы - ён iграе хобатам песнi, i хобат у яго званчэйшы за сотню медных труб.
Ён знарок звярнуў з дарогi, каб адшукаць таўстуху Бегемоцiху, добра ўсыпаць ёй i праверыць, цi праўду сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, пра яго новы нос. Набiўшы Бегемоцiху, ён пайшоў па ранейшай дарозе i падбiраў з зямлi тыя шкарлупiны дыняў, якiя раскiдваў па дарозе да Лiмпапо, - бо ён быў Ахайным Таўстаскурым.
Сцямнела ўжо, калi ў адзiн прыгожы вечар ён прыйшоў дамоў да сваiх мiлых сваякоў. Ён згарнуў хобат у кальцо i сказаў:
- Добры вечар! Як маецеся?
Яны страшэнна ўзрадавалiся яму i зараз жа ў адзiн голас сказалi:
- Хадзi, хадзi сюды, мы дамо табе грымакоў за нясцерпную тваю дапытлiвасць.
- Эх вы! - сказаў Слонiк. - Многа вы разумееце ў грымаках! Вось я дык сапраўды разумею ў гэтай справе. Хочаце, пакажу?
I ён разгарнуў свой хобат, i зараз жа два яго мiлыя брацiкi паляцелi ад яго дагары нагамi.
- Клянёмся бананамi! - закрычалi яны. - Дзе гэта ты так навастрыўся i што ў цябе такое з носам?
- Гэты нос у мяне новы, i даў мне яго Кракадзiл на соннай, смуроднай, мутна-зялёнай рацэ Лiмпапо, - сказаў Слонiк. - Я завёў з iм гутарку пра тое, што ён есць у абед, i ён падарыў мне на памяць новы нос.
- Брыдкi нос! - сказаў валасаты, калматы дзядзька Павiян.
- Можа, i так, - сказаў Слонiк, - але карысны!
I ён схапiў валасатага дзядзьку Павiяна за валасатую нагу, разгайдаў i закiнуў яго ў асiнае гняздо.
I так расхадзiўся гэты сярдзiты Слонiк, што набiў усiх сваiх мiлых сваякоў. Бiў ён iх, бiў, так што iм горача зрабiлася. Тыя вытрашчылi на яго вочы ад здзiўлення. Ён выскуб у даўгавязай цёткi Страўсiхi ледзь не ўсё пер'е з хваста; ён ухапiў даўганогага дзядзьку Жырафа за заднюю нагу i павалок яго па цярновых кустах; з гiканнем пачаў ён пускаць пузыры прама ў вуха сваёй тоўстай цётцы Бегемоцiсе, калi тая драмала ў вадзе пасля абеду, але нiкому не дазваляў крыўдзiць птушку Калакола.
Справа дайшла да таго, што ўсе яго сваякi - хто раней, хто пазней - пайшлi да соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракi Лiмпапо, акружанай дрэвамi, якiя наганяюць на людзей трасцу, каб i iм падарыў Кракадзiл па такiм самым носе.
Вярнуўшыся, сваякi ўжо болей не бiлiся, i ад таго часу, мой хлопчык, ва ўсiх сланоў, якiх ты калi-небудзь убачыш, ды i ў тых, якiх ты нiколi не ўбачыш, ва ўсiх такi самы хобат, як у гэтага дапытлiвага Слонiка.
Ёсць у мяне шасцёра слуг,
Рухавых, баявых,
I ўсё, што бачыў я наўкруг,
Я ведаю ад iх.
Яны па знаку па майму
З'яўляюцца ў бядзе.
Слуг гэтых клiчуць: Як, Чаму,
Хто, Што, Калi i Дзе.
Я слуг па морах, па лясах
Ганяю, крычучы.
Пасля заўжды працую сам,
А iм даю спачын.
Я ранiцой, калi ўстаю,
Бяруся працаваць,
А iм свабоду я даю,
Няхай крыху паспяць.
Але ў мяне ёсць мiлы друг,
Асоба вось адна.
Ёй служаць сотнi тысяч слуг
Спакою ўсiм няма.
Яна ганяе, як сабак,
Улетку i ўзiму
Пяць тысяч Дзе, сем тысяч Як
I сто тысяч Чаму!
АДКУЛЬ УЗЯЛIСЯ БРАНЯНОСЦЫ
Мiлы хлопчык, я зноў раскажу табе казку пра Далёкiя i Даўнiя Часы. Жыў тады Злючка-Калючка Вожык. Жыў ён на мутнай рацэ Амазонцы, еў слiмакоў i розную драбязу. I была ў яго сяброўка, Чарапаха Няспешная, якая таксама жыла на мутнай рацэ Амазонцы, ела розную драбязу i зялёную салату. Усё iшло добра, цi ж няпраўда, мiлы хлопчык?
Але ў тую самую пару, у Далёкiя i Даўнiя Часы, жыў на мутнай рацэ Амазонцы Плямiсты Ягуар. Ён еў усё, што яму ўдасца злавiць. Не ўдасца злавiць аленя ён з'есць малпу; не ўдасца злавiць малпу - з'есць лягушку цi казюльку. А ўжо калi няма нi лягушак, нi казюляк - ён iдзе да сваёй мацi Ягуарыхi, i тая растлумачвае яму, як трэба лавiць чарапах i вожыкаў.
Зграбна памахваючы грацыёзным хвастом, мацi навучала яго:
- Калi, сынок, ты знойдзеш Вожыка, хутчэй кiнь яго ў ваду. Вожык сам сабою выпрастаецца ў вадзе. А калi знойдзеш Чарапаху, выдрапай яе лапай з панцыра.
I ўсё iшло добра, мой мiлы хлопчык.
Была прыгожая ноч на мутнай рацэ Амазонцы. Плямiсты Ягуар убачыў, што пад ствалом паваленага дрэва сядзяць побач Злючка-Калючка Вожык i Чарапаха Няспешная. Выратавацца, уцякаючы, яны не маглi, i вось Злючка-Калючка Вожык згарнуўся клубочкам, бо iнакш ён не быў бы Вожык, а Чарапаха Няспешная ўцягнула ногi i галаву пад свой панцыр, таму што яна была Чарапаха.