Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 21 из 22



Нагайна скруцiлася ў клубок i з усёй сiлы наляцела на яго. А ён адскочыў угору - i назад. Зноў, i зноў, i зноў паўтаралiся яе напады, i кожны раз яе галава стукалася з размаху аб цыноўку, i яна зноў скручвалася, як пружына ў гадзiннiку. Рыкi-Цiкi танцаваў па крузе, жадаючы абысцi яе ззаду, але Нагайна кожны раз паварочвалася, каб сустрэць яго тварам у твар, - i ад гэтага яе хвост шалясцеў па цыноўцы, як сухое лiсце пад ветрам.

Ён i забыўся пра яйка. Яно ўсё яшчэ ляжала на верандзе, i Нагайна падкрадвалася да яго ўсё блiжэй i блiжэй. I нарэшце, калi Рыкi-Цiкi прыпынiўся, каб аддыхнуць крыху, яна падхапiла яйка i, слiзгануўшы па сходках веранды, панеслася як страла па дарожцы. Рыкi-Цiкi - за ёй. Калi кобра ўцякае ад смерцi, яна выгiнаецца так, як дубец, якiм хвошчуць конскую шыю.

Рыкi-Цiкi ведаў, што ён павiнен дагнаць яе, iнакш усе трывогi пачнуцца спачатку. Яна неслася да цярноўнiку, каб шмыгнуць у густую траву, i Рыкi-Цiкi, прабягаючы, пачуў, што Дарзi ўсё яшчэ распявае сваю недарэчную пераможную песню. Але жонка Дарзi была разумнейшая за яго. Яна вылецела з гнязда i залапатала крыламi над галавой Нагайны. Калi б Дарзi прыляцеў ёй на дапамогу, яны, можа, прымусiлi б кобру звярнуць з дарогi. Цяпер жа Нагайна толькi крышку апусцiла свой капюшон i паўзла далей нацянькi. Але гэта лёгкая затрымка наблiзiла да яе Рыкi-Цiкi, i, калi яна шмыгнула ў нару, дзе жылi яна i Наг, белыя зубы Рыкi ўчапiлiся ёй у хвост, i Рыкi працiснуўся туды следам за ёю, а, дапраўды, не ўсякi мангуст, нават сама разумны i стары, адважыцца пайсцi за кобрай у нару. У нары было цёмна, i Рыкi-Цiкi не мог адгадаць, дзе яна пашыраецца настолькi, што Нагайна павернецца i ўджалiць яго. Таму ён люта ўчапiўся ў яе хвост i, карыстаючыся лапамi, як тармазамi, з усёй моцы ўпiраўся ў мокрую цёплую зямлю.

Хутка трава перастала хiстацца каля ўвахода ў нару, i Дарзi сказаў:

- Загiнуў Рыкi-Цiкi! Мы павiнны праспяваць яму пахавальную песню. Бясстрашны Рыкi-Цiкi загiнуў. Нагайна заб'е яго ў сваiм падзямеллi. У гэтым няма нiякага сумнення.

I ён заспяваў вельмi сумную песню, якую склаў у той жа момант, але толькi ён дайшоў да сама сумнага месца, як трава над нарой заварушылася зноў, i адтуль, увесь заквэцаны ў гразь, выбраўся, аблiзваючы вусы, Рыкi-Цiкi. Дарзi ўскрыкнуў не вельмi голасна i спынiў сваю песню.

Рыкi-Цiкi абтрос з сябе пыл i чхнуў.

- Усё скончана, - сказаў ён. - Удава нiколi ўжо не выйдзе адтуль.

I чырвоныя мурашкi, што жывуць памiж сцяблоў травы, пачалi спускацца ў нару, каб даведацца, цi праўду ён гаворыць.

Рыкi-Цiкi скруцiўся ў клубок i тут жа, у траве, не сыходзячы з месца, заснуў - i спаў, i спаў, i спаў да самага вечара, бо нялёгкая была яго работа ў той дзень.

А калi прачнуўся, ён сказаў:

- Цяпер я пайду дадому. Ты, Дарзi, паведамi кавалю, а ён паведамiць усяму саду, што Нагайна памерла ўжо.

Каваль - гэта птушка. Гукi, якiя выходзяць з яе горла, зусiм як удары малаточка па медным тазе. Гэта таму, што яна служыць за вяшчальнiка ў кожным iндускiм садзе i паведамляе навiны кожнаму, хто хоча слухаць яе.

Iдучы па садовай дарожцы, Рыкi-Цiкi пачуў яе першую трэль - як удары ў маленькi абедзенны гонг. Гэта азначала: "Маўчыце i слухайце!" А потым звонка i цвёрда:

- Дзiнг-донг-ток! Наг памёр! Донг! Нагайна памерла! Дзiнг-донг-ток!

I адразу ўсе птушкi ў садзе заспявалi i ўсе жабы заквакалi, бо Наг i Нагайна жэрлi i птушак i жаб.

Калi Рыкi-Цiкi падышоў пад дом, Тэдзi, i Тэдзева матка (яна ўсё яшчэ была вельмi белая), i Тэдзеў бацька кiнулiся яму насустрач i ледзь не заплакалi. У гэты вечар яму надавалi столькi ўсякай ежы, што ён i еў бы больш, ды не мог, а калi прыйшоў час спаць, ён усеўся Тэдзi на плячо i выправiўся ў ложак разам з iм. Там убачыла яго Тэдзева мацi, якая прыйшла праведаць сына ўвечары.

- Гэта наш збаўца! - сказала яна мужу. - Падумай толькi: ён выратаваў i Тэдзi, i цябе, i мяне.

Рыкi-Цiкi адразу ж прачнуўся i нават падскочыў, бо сон у мангустаў вельмi чуткi.

- А, гэта вы! - сказаў ён. - Чаго ж вам яшчэ непакоiцца: нiводнай жывой кобры не асталося, а каб i асталося - дык я ж тут.

Рыкi-Цiкi меў права ганарыцца сабою. Але ўсё ж ён вельмi не задаваўся i, як сапраўдны мангуст, ахоўваў гэты сад i зубам, i кiпцем, i скачком, i наскокам, так, што нiводная кобра не смела паткнуцца сюды цераз агароджу.

Хвалебная песня, якую птушка-кравец Дарзi спяваў у славу Рыкi-Цiкi-Тавi

Хто яшчэ гэтак жыве

У небе я песнi пяю.

Тут, на зямлi, я - кравец

Гнёзды i шыю, i ўю.

Тут, на зямлi, i ў небе над ёй

Шыю я, ўю i пяю!

* * *

Радуйся, мацi! Цяпер

Над птушанём не дрыжы:

Наг - крыважэрлiвы звер

Ў цеснай магiле ляжыць.



Крывасмок, што таiўся ў ружах,

У цеснай магiле ляжыць.

* * *

Хто быў - спявайце грамчэй!

Карай для гадзiны злой.

- Рыкi - яскравасць вачэй,

Цiкi - бясстрашны герой,

Рыкi-Цiкi-Цiкi, герой наш вялiкi,

Наш агнявокi герой!

* * *

Слава знiшчальнiку змей,

Радасць прынёсшаму нам.

Песню спявай, салавей.

Не, заспяваю я сам.

Славу пяю я вялiкаму Рыкi,

Кiпцям яго смелым, зубам яго белым,

Агнёва-чырвоным вачам!

(Тут песня перарываецца, бо Рыкi-Цiкi-Тавi перашкодзiў спеваку далей спяваць яе.)

КАЗКА ПРА СТАРОГА КЕНГУРУ

Не заўсёды Кенгуру быў гэтакi, як цяпер, а быў ён Iнакшы - Маленькi i на чатырох нагах. Ён быў шэры i калматы i страшэнна фанабэрлiвы. Ён скакаў па камянiстых пагорках у самай сярэдзiне Аўстралii i аднойчы з'явiўся перад Малодшым Богам па iменi Нка.

З'явiўся ён да Нка ў шэсць перад снеданнем i кажа:

- Зрабi мяне непадобным на ўсiх астатнiх жывёлiн, ды не пазней як да пяцi гадзiн дня.

Усхапiўся Нка са свайго пясочнага трона i закрычаў:

- Iдзi прэч!

А Кенгуру быў шэры i калматы i страшэнна фанабэрлiвы: ён паскакаў на скалiстым выступе ў самай сярэдзiне Аўстралii i падаўся да Сярэдняга Бога Нкiнга.

З'явiўся ён да Нкiнга ў восем пасля снедання i кажа:

- Зрабi мяне непадобным на ўсiх астатнiх жывёлiн i каб мяне ведалi ўсюды, ды не пазней як да пяцi гадзiн дня.

Выскачыў Нкiнга са сваёй нары ў гушчары i закрычаў:

- Iдзi прэч!

А Кенгуру быў шэры i калматы i страшэнна фанабэрлiвы: ён паскакаў на пясчанай водмелi ў самай сярэдзiне Аўстралii i падаўся да Старшага Бога Нконга.

З'явiўся ён да Нконга ў дзесяць яшчэ да абеду i кажа:

- Зрабi мяне непадобным на ўсiх астатнiх жывелiн i каб мяне ведалi ўсюды i ўвесь час за мною ганялiся, ды не пазней як да пяцi гадзiн дня.