Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 19 из 22



- Праўда твая, Чучундра. Мне трэба было б пагаманiць з тваёй Чуа.

Ён пракраўся ў Тэдзеў пакой для ўмывання, але там нiкога не было. Адтуль ён прабраўся ва ўмывальны пакой Тэдзевай маткi. Там у атынкаванай гладкай сцяне, каля самай падлогi, была вынята цаглiна для спуску вады, i калi Рыкi прабiраўся па каменнаму беражку таго паглыбення, у якое ўстаўлена ванна, ён пачуў, як за сцяной у ззяннi месяца шэпчуцца Наг i Нагайна.

- Калi ў доме перастануць жыць людзi, - гаварыла Нагайна мужу, - ён таксама пойдзе адсюль, i сад зноў будзе наш. Iдзi ж, не хвалюйся i памятай, што перш-наперш ты павiнен укусiць Вялiкага Чалавека, якi забiў Карайт. А потым вяртайся да мяне, i мы ўдваiх прыкончым Рыкi-Цiкi.

- Але цi будзе нам якая, хоць найменшая, карысць, калi мы заб'ём iх?

- Ды што ты! Вялiзная! Калi дом быў пусты, хiба тут вялiся мангусты? Пакуль у доме нiхто не жыве, мы з табою - цары ўсяго саду: ты цар, я царыца. I не забудзься, што калi на градзе з дынямi вылупяцца з яек нашы дзецi (а гэта можа здарыцца i заўтра), iм патрэбен будзе спакой i ўтульнасць.

- Пра гэта я i не падумаў, - сказаў Наг. - Добра, я iду. Але, здаецца, няма нiякага сэнсу выклiкаць на бой Рыкi-Цiкi. Я заб'ю Вялiкага Чалавека i яго жонку, а таксама, калi мне ўдасца, яго сына - i выпаўзу цiхенька. Тады дом стане пусты, i Рыкi-Цiкi сам пойдзе адсюль.

Рыкi-Цiкi ажно ўвесь дрыжаў ад абурэння i злосцi.

У адтулiну прасунулася галава Нага, а за ёй i ўсе пяць футаў яго халоднага тулава. Рыкi-Цiкi хоць i быў разлютаваны, але ўсё ж жахнуўся, калi ўбачыў, якая вялiзная гэта кобра. Наг скруцiўся ў кальцо, падняў галаву i прыглядаўся да цемры ваннага пакоя - Рыкi-Цiкi мог бачыць, як цьмяна паблiскваюць яго вочы.

"Калi я заб'ю яго цяпер, - меркаваў Рыкi-Цiкi, - пра гэта зараз жа даведаецца Нагайна. Бiцца ж у адкрытым месцы мне вельмi нявыгадна: Наг можа мяне адолець. Што мне рабiць?"

Наг пагойдваўся ўправа i ўлева, а потым Рыкi-Цiкi пачуў, як ён п'е ваду з вялiкага збана, якiм карысталiся, налiваючы ванну.

- Цудоўна! - сказаў Наг, прагнаўшы смагу. - У Вялiкага Чалавека быў кiй, калi ён выбег, каб забiць Карайт. Можа, гэты кiй пры iм i цяпер. Але калi сёння ўранку ён прыйдзе сюды мыцца, ён будзе, вядома, без кiя... Нагайна... ты чуеш мяне?.. Я пачакаю яго тут у халадку да ранiцы.

Нагу нiхто не адказаў, i Рыкi-Цiкi зразумеў, што Нагайна адпаўзла. Наг абвiўся вакол вялiкага збана каля самай падлогi i заснуў. А Рыкi-Цiкi стаяў цiха, як смерць. Праз гадзiну ён пачаў пасоўвацца да збана - мускул за мускулам. Рыкi прыглядаўся да шырокай спiны Нага i думаў, куды ўшпiлiцца зубамi.

"Калi я ў першы ж момант не перакушу яму шыю - у яго ўсё яшчэ хопiць сiлы змагацца са мной, а калi ён пачне змагацца - о, Рыкi!.."

Ён паглядзеў, якая тоўстая шыя ў Нага, - не, яму з гэткай шыяй не справiцца. А грызнуць дзе-небудзь блiжэй да хваста - толькi яшчэ горш раззлаваць ворага.

"Астаецца галава, - вырашыў ён. - Галава над самым капюшонам. I калi ўжо ўчапiцца ў яе, дык не выпускаць нiзавошта..."

I ён скочыў. Галава змяi ляжала крышку наводшыб: пракусiўшы яе зубамi, Рыкi-Цiкi мог прыперцiся спiнаю да выступу глiнянага збана i не даць галаве падняцца з зямлi. Такiм чынам ён выйграваў толькi секунду, але ўжо гэтую секунду ён выкарыстаў як толькi мог. А потым яго падхапiла i бразнула вобземлю, i пачало шкуматаць на ўсе бакi, як пацука шкуматае сабака, i ўгору, i ўнiз, i вялiкiмi кругамi, але вочы ў яго былi чырвоныя, i ён не адвалiўся ад змяi, калi яна малацiла iм па падлозе, раскiдаючы ва ўсе бакi бляшаныя тазiкi, мыльнiцы, шчоткi, i бiла яго аб берагi металiчнай ванны.

Ён сцiскаў скiвiцы ўсё мацней i мацней, таму што хоць i думаў, што прыйшла яго смерць, але вырашыў сустрэць яе, не расцiскаючы зубоў. Гэтага патрабаваў гонар яго роду.

Галава ў яго кружылася, яму рабiлася моташна, i ён адчуваў сябе так, быццам увесь быў пабiты на кавалкi. Раптам у яго за спiной быццам грукнуў пярун, i гарачы вiхор наляцеў на яго i збiў яго з ног, а чырвоны агонь абсмалiў яму шэрстку. Гэта Вялiкi Чалавек, пабуджаны шумам, прыбег з паляўнiчай стрэльбай, стрэлiў адразу з абодвух ствалоў i папаў Нагу ў тое месца, дзе канчаецца ягоны капюшон. Рыкi-Цiкi ляжаў, не расцiскаючы зубоў, i вочы ў яго былi заплюшчаныя, бо ён лiчыў сябе за мёртвага. Але змяiная галава ўжо больш не варушылася. Вялiкi Чалавек падняў Рыкi з падлогi i сказаў:



- Гэта зноў мангуст. Той самы. На гэты раз, Элiс, ён выратаваў ад смерцi нас: i цябе, i мяне.

Тут увайшла Тэдзева мацi з вельмi белым тварам i ўбачыла тое, што асталося ад Нага, а Рыкi-Цiкi сяк-так давалокся да Тэдзевай спальнi i ўсю ноч толькi i рабiў, што пацягваўся, быццам хочучы праверыць, цi праўда, што яго цела разбiта на сорак кавалкаў, цi гэта яму толькi так здалося ў бойцы.

Калi прыйшла ранiца, ён увесь нiбы адубеў, але быў вельмi задаволены сваiмi ўчынкамi.

"Цяпер я павiнен прыкончыць Нагайну, а гэта цяжэй, чым справiцца з тузiнам Нагаў... А тут яшчэ яйкi гэтыя, пра якiя яна гаварыла. Я нават не ведаю, калi з iх будуць вылузвацца змеяняты... Пайду i пагаманю з Дарзi".

Не чакаючы снедання, Рыкi-Цiкi з усiх ног кiнуўся ў куст цярноўнiку. Дарзi сядзеў у гняздзе i з усёй моцы распяваў вясёлую пераможную песню.

Увесь сад ужо ведаў пра пагiбель Нага, бо прыбiральшчык выкiнуў яго цела на сметнiк.

- Ах ты, дурны жмут пер'я! - сказаў Рыкi-Цiкi злосна. - Хiба цяпер пара для песень?

- Памёр, памёр, памёр Наг! - залiваўся Дарзi. - Адважны Рыкi-Цiкi ўчапiўся ў яго зубамi i не выпусцiў! А Вялiкi Чалавек прынёс кiй, якi робiць бам, перабiў Нага напалам, напалам, напалам! Нiколi ўжо Нагу не жэрцi маiх дзетак!

- Усё гэта так, - сказаў Рыкi-Цiкi. - Але дзе ж Нагайна?

I ён уважлiва агледзеўся на ўсе бакi.

А Дарзi далей залiваўся:

- Нагайна прыйшла да рыштка, па якому сцякае вада, i паклiкала Нага Нагайна да сябе, але прыбiральшчык узяў Нага на канец кiя i выкiнуў Нага на сметнiк.

Слаўся ж, слаўся, вялiкi чырванавокi герой Рыкi-Цiкi...

I Дарзi зноў паўтарыў сваю пераможную песню.

- Дабрацца б мне да твайго гнязда, я выкiнуў бы адтуль усiх птушанят! закрычаў Рыкi-Цiкi. - Хiба ты не ведаеш, што на ўсё свой час? Табе добра спяваць наверсе, а мне тут унiзе ваяваць. Дык сцiхнi ж ты хоць на хвiлiну.

- Добра! Я гатоў сцiхнуць для цябе - для героя, для цудоўнага Рыкi! Што хоча Пераможца лютага Нага?

- Трэцi раз у цябе пытаюся: дзе Нагайна?