Страница 8 из 46
- Паслухай, дзiцяня! - сказаў мядзведзь, i голас яго прагрымеў, як гром у навальнiчную ноч. - Я навучыў цябе Закону Джунгляў - аднаму для ўсiх Народаў Джунгляў, апрача Малпiнага Народа, якi жыве на дрэвах. Яны не маюць Закону. У iх няма свае мовы, адны толькi ўкрадзеныя словы, якiя яны пераймаюць у iншых, калi падслухоўваюць, i падглядваюць, i падпiльноўваюць, седзячы на дрэвах. Iх звычаi - не нашы звычаi. Яны жывуць без важака. Яны нiчога не памятаюць. Яны балбочуць i выхваляюцца, нiбыта яны вялiкi народ i задумалi вялiкiя справы ў джунглях, але вось упадзе арэх, i яны ўжо смяюцца i пра ўсё забылiся. Нiхто ў джунглях не водзiцца з iмi. Мы не п'ём там, дзе п'юць малпы, не ходзiм туды, куды ходзяць малпы, не палюем там, дзе яны палююць, не памiраем там, дзе яны памiраюць. Хiба ты чуў ад мяне хоць бы слова пра Бандар-Логаў?
- Не, - адказаў Маўглi шэптам, бо лес прыцiх, пасля таго як Балу скончыў сваю прамову.
- Народ Джунгляў не хоча iх ведаць i нiколi пра iх не гаворыць. Iх вельмi многа, яны злосныя, брудныя, бессаромныя i хочуць толькi таго, каб Народ Джунгляў звярнуў на iх увагу. Але мы не заўважаем iх, нават калi яны кiдаюць арэхi i сыплюць бруд нам на галаву.
Не паспеў ён дагаварыць, як цэлы дождж арэхаў i сукоў пасыпаўся на iх з дрэў; пачулiся кашаль, вiск i сярдзiтыя скачкi высока над iмi, сярод тонкiх галiн.
- З Малпiным Народам забаронена вадзiцца, - сказаў Балу, - забаронена Законам. Не забывайся пра гэта!
- Ыгы, забаронена, - сказала Багiра. - Але я ўсё-такi думаю, што Балу павiнен быў папярэдзiць цябе.
- Я?.. Я? Як мне магло прыйсцi ў галаву, што ён будзе вадзiцца з такою дрэнню? Малпiн Народ! Тфу!
Зноў арэхi дажджом пасыпалiся iм на галовы, i мядзведзь з пантэрай уцяклi, прыхапiўшы з сабою Маўглi. Балу гаварыў пра малпаў шчырую праўду. Яны жылi на верхавiнах дрэў, а паколькi звяры рэдка глядзяць угору, дык Малпам i Народу Джунгляў не даводзiлася сустракацца. Але калi малпам трапляў у рукi хворы воўк, або паранены тыгр, або мядзведзь, яны мучылi слабых i дзеля пацехi кiдалi ў звяроў палкамi i арэхамi, спадзеючыся, што iх заўважаць. Яны пачыналi выць, выкрыквалi недарэчныя песнi, клiкалi Народ Джунгляў да сябе на дрэвы бiцца, усчыналi за дробязi сваркi мiж сабой i кiдалi мёртвых малпаў абы-дзе, напаказ усяму Народу Джунгляў. Яны ўвесь час збiралiся завесцi i свайго важака, i свае законы i звычаi, але так i не завялi, бо памяць у iх была кароткая, не далей учарашняга дня. Урэшце яны памiрылiся на тым, што прыдумалi прымаўку: "Усе джунглi будуць думаць заўтра так, як малпы думаюць сёння", i вельмi гэтым суцяшалiся. Нiхто са звяроў не мог да iх дабрацца, i нiхто не звяртаў на iх увагi - вось чаму яны так узрадавалiся, калi Маўглi пачаў гуляць з iмi, а Балу на яго раззлаваўся.
Нiякай iншай мэты ў iх не было - у малпаў нiколi не бывае мэты, - але адна з iх прыдумала, як ёй здалося, пацешную штуку i аб'явiла ўсiм астатнiм, што Маўглi можа быць карысны для ўсяго iхняга племенi, бо ўмее сплятаць галiны, каб баранiцца ад ветру, i калi яго злавiць, дык ён навучыць гэтаму i малпаў. Зразумела, Маўглi, як сын дрывасека, шмат што ведаў, сам не памятаючы адкуль, i ўмеў будаваць буданы з галля, сам не знаючы, як гэта ў яго выходзiць. А Малпiн Народ падглядваў за iм з дрэў i парашыў, што гэта цiкавая гульня. На гэты раз, гаварылi малпы, у iх i сапраўды будзе важак, i яны стануць сама мудрым народам у джунглях, такiм мудрым, што ўсе iх заўважаць i пазайздросцяць iм. I таму яны цiхенька кралiся за Балу i Багiрай, пакуль не надышоў час адпачынку апоўднi i Маўглi, якому было вельмi сорамна, не лёг спаць памiж пантэрай i мядзведзем; ён парашыў, што больш не будзе важдацца з Малпiным Народам.
I тут праз сон ён адчуў нечыя рукi на сваiх плячах i нагах - цвёрдыя, дужыя маленькiя рукi, - потым па твары захвасталi галiны, а потым ён здзiўлена ўбачыў мiж разгайданых верхавiн зямлю ўнiзе i Балу, якi глуха роў, абуджаючы джунглi, а Багiра скачкамi падымалася ўверх па ствале дрэва, ашчэрыўшы белыя зубы. Малпы радасна завылi i пераскочылi ўгору на тонкiя галiны, куды Багiра пабаялася лезцi за iмi.
- Яна нас заўважыла! Багiра нас заўважыла! Усе джунглi ў захапленнi ад нашага спрыту i нашага розуму! - крычалi малпы.
Потым яны прыпусцiлi бягом, а бег малпаў па верхавiнах дрэў - эта штосьцi такое, што немагчыма апiсаць. У iх ёсць там свае дарогi i скрыжаваннi, свае пад'ёмы i спускi, пракладзеныя на вышынi пяцiдзесяцi, сямiдзесяцi, а то i ста футаў ад зямлi, i па гэтых дарогах яны падарожнiчаюць, калi трэба, нават уночы. Дзве сама дужыя малпы падхапiлi Маўглi пад пахi i памчалiся разам з iм па верхавiнах дрэў скачкамi даўжынёй дваццаць футаў. Без яго яны маглi б рухацца ў два разы хутчэй, але хлопчык сваiм цяжарам затрымлiваў iх. Як нi кружылася ў Маўглi галава, ён усё ж меў асалоду ад шалёных скачкоў, хоць зямля, што мiльгала далёка ўнiзе, палохала яго i сэрца замiрала ад кожнага страшнага рыўка i штуршка пры пералёце над правалам з аднаго дрэва на другое. Два вартавыя ўзляталi разам з iм на верхавiну дрэва так высока, што тонкiя галiны трашчалi i гнулiся пад iмi, а потым з кашлем i вухканнем кiдалiся ў паветра, уперад i ўнiз, i павiсалi на суседнiм дрэве, чапляючыся за нiжнiя сукi рукамi i нагамi. Iншы раз Маўглi бачыў перад сабой цэлае мора зялёных джунгляў, як чалавек на мачце бачыць перад сабой акiянскi прастор, потым галiны i лiсце зноў пачыналi хвастаць яго па твары, i ён са сваiмi двума вартавымi спускаўся амаль да самай зямлi. Так, скачкамi, з трэскам i вухканнем, усё малпiнае племя iмчалася па дрэвавых дарогах разам са сваiм палоннiкам Маўглi.
Напачатку ён баяўся, што яго ўпусцяць, потым раззлаваўся, але зразумеў, што змагацца нельга, потым пачаў думаць. Перш за ўсё трэба было паслаць пра сябе вестачку Багiры i Балу. Малпы рухалiся з такой хуткасцю, што яго сябры не маглi iх дагнаць i вельмi адставалi. Унiз не варта было i глядзець - яму вiдаць былi толькi верхнiя бакi сукоў, - таму ён пачаў глядзець угору i ўбачыў высока ў сiнi неба каршуна Чыля, якi лунаў над джунглямi, апiсваў кругi, чакаючы чыёй-небудзь смерцi. Чыль бачыў, што малпы нешта нясуць, i спусцiўся нiжэй, каб разведаць, цi не прыдатна iх ноша для яды. Ён свiснуў ад здзiўлення, калi ўбачыў, што малпы валакуць па верхавiнках дрэў Маўглi, i пачуў ад яго Запаветнае Слова Каршуна: "Мы з табой адной крывi, ты i я!" Разгайданыя вяршалiны закрылi ад яго хлопчыка, але Чыль паспеў слiзгануць да блiжняга дрэва, i перад iм зноў вынырнуў маленькi смуглы твар.