Страница 40 из 46
- З чыйго дазволу вы з'явiлiся сюды? - спытаў Маўглi.
- Усе джунглi - нашы джунглi, - быў адказ, i той, хто гэта сказаў, ашчэрыў белыя зубы.
Маўглi з усмешкай паглядзеў унiз, дасканала пераймаючы рэзкую траскатню Чыкаi, пацука-скакуна са стэпаў Дэкана: гэтым самым ён даваў сабакам зразумець, што лiчыць iх такiмi ж пацукамi. Чарада стоўпiлася вакол дрэва, i важак раз'юшана забрахаў, абазваўшы Маўглi малпай. Замест адказу Маўглi выставiў унiз голую нагу i паварушыў гладкiмi пальцамi якраз над галавой важака. Гэтага было дастаткова, i нават больш чым дастаткова, каб абудзiць тупую лютасць сабак. Тыя, у каго растуць валасы памiж пальцамi, не любяць, каб iм пра гэта напамiналi. Маўглi адхапiў нагу, калi важак падскочыў угору, i сказаў ласкава:
- Сабака, руды сабака! Вымятайся назад да сябе ў Дэкан есцi яшчарак. Iдзi да свайго брата Чыкаi, сабака, сабака, руды сабака! У цябе поўсць памiж пальцамi! - I ён яшчэ раз паварушыў нагою.
- Спусцiся ўнiз, пакуль мы не замарылi цябе голадам, безвалосая малпа! завыла чарада, а гэтага якраз i дамагаўся Маўглi.
Ён лёг, выцягнуўся ўздоўж сука i прытулiўся шчакою да кары, аслабанiў правую руку i хвiлiн пяць выдаваў сабакам усё, што ён пра iх ведае i думае: пра iх самiх, пра iхнiя норавы i звычаi, пра iх сябровак i шчанят.
Няма на свеце мовы больш ядавiтай i калючай, чым тая, на якой гаворыць Народ Джунгляў, калi хоча зняважыць i выказаць пагарду. Падумаўшы крыху, вы i самi зразумееце, чаму гэта так. Маўглi i сам гаварыў Каа, што ў яго назбiралася шмат калючак пад языком, i паступова, павольна, але дакладна ён давёў маўклiвых сабак да таго, што яны забурчалi, потым забрахалi, потым хрыпла завылi, ажно захлiпаючыся. Яны спрабавалi адказваць на яго кпiны, але гэта было ўсё адно, як калi б ваўчаня адказвала раз'юшанаму Каа. Увесь гэты час Маўглi трымаў правую руку сагнутай у локцi, гатовы да дзеяння, а ногi моцна сцiскалi сук. Вялiкi цёмна-руды важак шмат разоў падскакваў у паветра, але Маўглi не спяшаўся, бо баяўся прамахнуцца. Нарэшце, ад лютасцi перасягнуўшы самога сябе, важак падскочыў футаў на сем, на восем угору ад зямлi. Тады рука Маўглi ўскiнулася, як галава змяi, што жыве на дрэвах, схапiла рудога сабаку за каршэнь, i сук затросся i сагнуўся пад яго цяжарам так, што Маўглi ледзь не звалiўся на зямлю. Але ён не разняў рукi i памаленьку ўсцягнуў рудога сабаку, якi павiс, нiбы дохлы шакал, да сябе на сук. Левай рукою Маўглi дастаў нож i, адсекшы руды калматы хвост, шпурнуў важака назад на зямлю.
Толькi гэтага i хацеў Маўглi. Цяпер сабакi не пабягуць па следзе Ванталы, пакуль не прыкончаць Маўглi або пакуль Маўглi не прыкончыць iх. Ён бачыў, як сабакi паселi ў кружок, дрыгаючы сцёгнамi, што азначала намер помсцiць да смерцi, i таму забраўся на развiлiну, што знаходзiлася трохi вышэй, прыхiлiўся зручней спiной да дрэва i заснуў.
Гадзiны праз тры цi чатыры ён прачнуўся i палiчыў сабак. Усе яны былi тут, маўклiвыя, лютыя, бязлiтасныя, з раз'юшанымi вачамi. Сонца ўжо заходзiла. Праз паўгадзiны Маленькi Народ Скалаў павiнен быў закончыць дзённыя турботы, а, як вам вядома, Дзiкiя Сабакi кепска б'юцца ў змроку.
- Мне не патрэбны такiя верныя вартаўнiкi, - сказаў Маўглi, становячыся на суку, - але я гэтага не забуду. Вы сапраўдныя сабакi, толькi, як мне здаецца, занадта ж падобныя адзiн на аднаго. Вось таму я i не аддам пажыральнiку яшчарак яго хваста. Хiба ты не задаволены, руды сабака?
- Я сам выпушчу табе кiшкi! - прахрыпеў важак, кусаючы ад злосцi камель дрэва.
- Не, ты падумай, мудры пацук Дэкана: цяпер народзiцца многа куртатых рудых шчанят з чырвоным абрубкам замест хваста. Iдзi дадому, рыжы сабака, i крычы ўсюды, што гэта зрабiла малпа. Не хочаш? Тады хадзем са мною, i я навучу цябе розуму!
Ён пераскочыў, як малпа, на суседняе дрэва, i потым зноў на суседняе, i зноў, i зноў, а чарада бегла за iм, задзёршы прагныя пысы. Час ад часу ён рабiў выгляд, нiбыта падае, i сабакi натыкалiся адзiн на аднаго, спяшаючыся прыкончыць яго. Гэта было дзiўнае вiдовiшча - хлопчык з нажом, якi паблiскваў у промнях захаду, што пранiкалi мiж верхнiх галiн, а ўнiзе - маўклiвая чарада рудых, нiбы ахопленых агнём, сабак. Перабраўшыся на апошняе дрэва, Маўглi ўзяў часнок i як след нацёрся iм з галавы да пят, а сабакi пагардлiва загарланiлi:
- Малпа з воўчай моваю, цi не думаеш ты ўжо замесцi свой след? Усё адно мы будзем гнаць цябе да смерцi!
- Вазьмi свой хвост, - сказаў Маўглi i шпурнуў абрубак у бок, процiлеглы таму, куды ён збiраўся бегчы.
Чарада адскочыла, пачуўшы пах крывi.
- А цяпер бяжыце за мною - да смерцi!
Ён саслiзнуў з дрэва i як вiхор памчаўся да Пчалiных Скалаў, перш чым сабакi зразумелi, што ён збiраецца рабiць.
Яны глуха завылi i кiнулiся бегчы нязграбнай, размашыстай рыссю, якая можа ўрэшце даканаць каго хочаш. Маўглi ведаў, што чарада сабак бяжыць куды больш павольна, чым воўчая чарада, iнакш ён нiколi б не адважыўся на двухмiльны прабег на вачах у сабак. Яны былi ўпэўнены, што хлопчык урэшце дастанецца iм, а ён быў упэўнены, што можа забаўляцца з iмi, як хоча. Уся задача заключалася ў тым, каб трымаць чараду дастаткова блiзка ззаду сябе i не даць ёй звярнуць убок раней часу. Ён бег спрытна, роўна i пругка, а за iм, менш чым за пяць крокаў, - куртаты важак. Уся ж чарада расцягнулася больш як на чвэрць мiлi, страцiўшы розум i аслепшы ад прагi крывi. Маўглi правяраў адлегласць на слых i зберагаў сiлы напаследак, каб прамчацца па Пчалiных Скалах.
Маленькi Народ заснуў на самым змярканнi, бо начныя кветкi ўжо не цвiлi, але як толькi першыя крокi Маўглi затупацелi па гулкiм грунце, ён пачуў такi шум, быццам пад iм загула ўся зямля. Тады ён пабег, як нiколi ў жыццi не бегаў, па дарозе спiхнуўшы нагой адну, другую, трэцюю кучкi камянёў у цёмныя, з салодкiм пахам цяснiны, пачуў гул, падобны на гул мора пад скляпеннем пячоры, убачыў краем вока, што паветра за iм пачарнела, убачыў плынь Вайнгангi далёка ўнiзе i пляскатую трохвугольную галаву ў вадзе, скочыў уперад з усяе сiлы i ўпаў у ваду-ратаўнiцу, задыхаючыся i святкуючы перамогу. Нiводнага пчалiнага ўкусу не было на яго целе, бо часнок адпудзiў Маленькi Народ на тыя некалькi секунд, калi Маўглi iмчаўся па скалах.
Калi Маўглi вынырнуў, яго падтрымлiваў Каа, а з выступу скалы падалi ў раку, як гiры, вялiкiя глыбы, аблепленыя пчоламi, i як толькi глыба дакраналася да вады, пчолы ўзляталi ўгору, а труп сабакi, кружачыся, плыў унiз па цячэннi. Над скаламi раз-пораз чуўся раз'юшаны брэх, якi патанаў у гуле, падобным на гром, у гудзе крыльцаў Маленькага Народа Скалаў. Некаторыя сабакi звалiлiся ў яры, якiя злучалiся з падземнымi пячорамi, i там задыхалiся, бiлiся, ляскалi зубамi сярод абваленых сотаў i, нарэшце, ледзь жывыя, аблепленыя раямi пчол, выбягалi з якога-небудзь ходу да ракi, каб скацiцца ўнiз, на чорныя груды смецця. Некаторыя ўпалi на дрэвы, што раслi на скалах, i пчолы абляпiлi iх усiх чыста; але большасць, ашалеўшы ад пчалiных укусаў, кiдалiся ў ваду, а Вайнганга, як сказаў Каа, была прагная рака.