Страница 37 из 46
Акела таксама ведаў сёе-тое пра Дзiкiх Сабак. Ён спакойна сказаў Маўглi:
- Лепш памерцi ў Чарадзе, чым без важака i аднаму. Гэта будзе слаўнае паляванне, а для мяне - апошняе. Але ты - чалавек, i ў цябе яшчэ шмат начэй i дзён наперадзе, Маленькi Брат. Iдзi на поўнач, заляж там, i калi хто з ваўкоў застанецца жывы пасля таго, як пойдуць адсюль сабакi, ён прынясе табе вестку пра бiтву.
- Ага, не ведаю толькi, - сказаў Маўглi без усмешкi, - цi пайсцi мне ў балота лавiць там дробную рыбу i спаць на дрэве, цi прасiць дапамогi ў малпаў i грызцi арэхi, пакуль Чарада будзе бiцца ўнiзе.
- Гэта не на жыццё, а на смерць, - сказаў Акела. - Ты яшчэ не ведаеш гэтых рудых забойцаў. Нават Паласаты...
- Аова! Аова! - пакрыўджана крыкнуў Маўглi. - Адну паласатую малпу я забiў. Цяпер паслухай: жылi-былi Воўк, мой бацька, i Ваўчыха, мая мацi, а яшчэ жыў-быў стары шэры Воўк (не надта мудры: ён цяпер пасiвеў), якi быў для мяне бацькам i мацi. I таму, - ён узвысiў голас, - я кажу: як прыйдуць сабакi, калi толькi яны прыйдуць, Маўглi i Вольны Народ будуць заадно ў гэтым паляваннi. Я кажу - клянуся буйвалам, што выкупiў мяне, буйвалам, што аддала за мяне Багiра ў тыя днi, пра якiя вы ў Чарадзе забылi, - я кажу, i няхай чуюць мае словы рака i дрэвы i запомняць iх, калi я забудуся, - я кажу, што вось гэты мой нож будзе зубам Чарады. Па-мойму, ён яшчэ не прытупiўся. Вось маё Слова, i я яго сказаў!
- Ты не ведаеш сабак, чалавек з воўчай мовай! - крыкнуў Вантала. - Я хачу толькi заплацiць iм Доўг Крывi, перш чым яны разарвуць мяне. Яны рухаюцца павольна i знiшчаюць усё на сваiм шляху, але праз два днi ў мяне прыбавiцца сiлы, i я пачну плацiць iм Доўг Крывi. А вам, Вольны Народ, раю ўцякаць на поўнач i жыць галаднавата да таго часу, пакуль не пойдуць адсюль рудыя сабакi.
- Паслухайце Адзiнца! - усклiкнуў Маўглi са смехам. - Вольны Народ, мы павiнны ўцякаць на поўнач, харчавацца яшчаркамi i пацукамi з водмеляў, каб як-небудзь не сустрэцца з сабакамi. Яны спустошаць усе нашы лясы, а мы будзем хавацца на поўначы да таго часу, пакуль яны не надумаюцца аддаць нам наша дабро! Яны сабакi, i сабачыя дзецi - рудыя, жаўтапузыя, бяздомныя, у iх поўсць расце памiж пальцамi. Так, вядома, мы, Вольны Народ, павiнны ўцякаць адсюль i выпрошваць у народаў поўначы аб'едкi i розную падлу. Выбiрайце ж, выбiрайце. Слаўнае будзе паляванне! За Чараду, за ўсю Чараду, за ваўчыц i ваўчанят у логаве i на волi, за сяброўку, якая гонiць лань, за сама маленькае ваўчаня ў пячоры мы прымаем бой!
Чарада адказала кароткiм аглушальным брэхам, якi прагрымеў у цемры, нiбы трэск падаючага дрэва.
- Мы прымаем бой! - прабрахалi ваўкi.
- Заставайцеся тут, - сказаў Маўглi сваёй чацвёрцы. - Нам спатрэбiцца кожны зуб. А Пхао з Акелам няхай рыхтуюцца да бою. Я iду лiчыць сабак.
- Гэта смерць! - крыкнуў Вантала i прыўзняўся. - Што можа зрабiць гэткае галышаня супраць рудых сабак? Нават Паласаты i той...
- Ты i праўда чужынец, - адгукнуўся Маўглi. - Але мы яшчэ пагаворым, калi сабакi будуць перабiты. Добрага палявання ўсiм вам!
Ён памчаўся ў цемру, увесь ахоплены шалёнай весялосцю, амаль не гледзячы, куды ступае, i, як i трэба было чакаць, расцягнуўся на ўвесь рост, спатыкнуўшыся аб Каа, якi пiльнаваў аленевую сцежку паблiз ракi.
- Кш-ша! - сярдзiта сказаў Каа. - Хiба можна так тупацець i пляскаць у джунглях, зводзячы на нiшто паляванне ўсёй ночы, ды яшчэ калi дзiчына гэтак хутка бегае?
- Вiна мая, - сказаў Маўглi, падымаючыся на ногi. - Праўда, я шукаў цябе, Пляскатагаловы, але кожны раз, як я цябе бачу, ты становiшся жаўжэйшы i таўсцейшы на даўжыню маёй рукi. Няма другога такога, як ты, ва ўсiх джунглях, о мудры, дужы i прыгожы Каа!
- А куды ж вядзе гэты след? - Голас Каа палагаднеў. - Не мiнула i месяца з таго часу, як адзiн чалавек з нажом кiдаў у мяне камянямi i шыпеў на мяне, як злосны лясны кот, за тое, што я заснуў на адкрытым месцы.
- Ага, i распудзiў аленяў на ўсе чатыры бакi, а Маўглi быў на паляваннi, а Пляскатагаловы зусiм аглух i не чуў, як яму свiсталi, каб ён аслабанiў аленеву сцежку, - спакойна адказаў Маўглi, сядаючы сярод стракатых кольцаў.
- А цяпер гэты чалавек прыходзiць з ласкавымi, лiслiвымi словамi да гэтага ж Пляскатагаловага i кажа яму, што ён мудры, i дужы, i прыгожы, i Пляскатагаловы верыць яму i скручваецца ў кальцо, каб зрабiць зручнае сядзенне для таго, хто кiдаў у яго камянямi... Цяпер табе добра? Хiба Багiра можа гэтак выгодна скруцiцца?
Каа, як звычайна, выгнуўся, нiбы мяккi гамак, пад цяжарам Маўглi. Хлопчык працягнуў у цемры руку, абняў гiбкую, падобную на трос шыю Каа i прыгнуў яго галаву да сябе на плячо, а потым расказаў яму ўсё, што адбылося ў джунглях гэтай ноччу.- Я, можа, i мудры, - сказаў Каа пасля таго, як выслухаў расказ, а што глухi, дык гэта праўда. Iнакш я пачуў бы пхiял. Не дзiва, што траваеды гэтак занепакоiлiся. Колькi ж усяго сабак?
- Я яшчэ не бачыў. Я прыйшоў адразу да цябе. Ты старэйшы за Хатхi. Затое, о Каа, - тут Маўглi закруцiўся ад радасцi, - гэта будзе слаўнае паляванне! Мала хто з нас убачыць новы маладзiк.
- I ты таксама сюды ўмяшаўся? Не забывайся, што ты чалавек. Не забывайся таксама, якая чарада цябе выгнала. Няхай ваўкi ганяюць сабак. Ты чалавек.
- Леташнiя арэхi сталi сёлета чорнай зямлёю, - адказаў Маўглi. - Гэта праўда, што я чалавек, але сёння ноччу я сказаў, што я воўк. Гэта ў мяне ў крывi. Я заклiкаў раку i дрэвы, каб яны запомнiлi мае словы. Я паляўнiчы Вольнага Народа, Каа, i застануся iм, пакуль не сыдуць адсюль сабакi...
- Вольны Народ! - прабурчаў Каа. - Вольныя зладзеi! А ты звязаў сябе смяротным вузлом на ўспамiн аб ваўках, якiя памерлi! Кепскае гэта паляванне!
- Гэта маё Слова, i я ўжо сказаў яго. Дрэвы ведаюць, i ведае рака. Пакуль не сыдуць адсюль сабакi, маё Слова не вернецца да мяне.
- Сшшш! Ад гэтага змяняюцца ўсе сляды. Я думаў узяць цябе з сабою на паўночныя балоты, але Слова - хай сабе нават Слова маленькага голага, безвалосага чалавечка - ёсць Слова. Цяпер i я, Каа, кажу...
- Падумай як след, Пляскатагаловы, каб i табе не звязаць сябе смяротным вузлом. Мне не трэба ад цябе Слова, я i так ведаю...
- Няхай будзе гэтак, - сказаў Каа. - Я не буду даваць Слова. Але што ты думаеш рабiць, калi прыйдуць рудыя сабакi?
- Яны павiнны пераплысцi Вайнгангу. Я хачу сустрэць iх на водмелях, а за мною была б Чарада. Нажом i зубамi мы прымусiлi б iх адступiць унiз па цячэннi ракi i крыху астудзiлi б iм глоткi.