Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 37



Марудна цягнулiся хвiлiны, на працягу якiх абодва мужчыны саромелiся ўзняць адзiн на аднаго вочы. Настаўнiк спытаў амаль шэптам:

- Вы сапраўды лiчыце, што яна ўжо не такая?

Кантэн збянтэжыўся. Адкуль ён ведаў? Хiба можна было зразумець, што з ёй сталася, па звычайных лiстах, якiя Марыя-Луiза пiсала дадому?

- Па яе лiстах, - спрабаваў ён давесцi настаўнiку, - вельмi цяжка даведацца, што яна цяпер думае пра гэта. Яна часта пiша нам пра сябе, пiша, што, магчыма, пераедзе ў Парыж.

Стары гаварыў гэта павольна, рабiў паўзы, у час якiх настаўнiк кiваў галавою, быццам згаджаючыся, i цвярдзiў адно:

- А як жа, а як жа...

I толькi калi Кантэн нарэшце замаўчаў, хлопец глыбока ўздыхнуў, быццам збiраўся сказаць нешта вельмi цяжкае. Але загаварыў ён голасам упэўненым, нават цвёрдым:

- Ведаеце, я некалькi разоў пасылаў ёй лiсты пасля вакацый... Яна мне адказвала... Нядоўга, праўда, але адказвала...

Ён апусцiў вочы i зноў уздыхнуў.

- I што, - спытаў Кантэн, - яна вам больш не пiша?

- За апошнiя два месяцы я нiчога ад яе не атрымлiваў, - панура адказаў настаўнiк.

Дэнiза слухала iх размову з вялiкай увагай. Твар яе быў напружаны, вочы блiшчалi, аднак гэты бляск патух адразу, калi на парозе з'явiлася мацi.

Кантэн моцна закашляўся, а настаўнiк ступiў да дзвярэй i сказаў:

- Пайду... Не хачу вас больш турбаваць... Да пабачэння, пан Кантэн... Да пабачэння...

Iзабэла ўжо ўвайшла ў дом, але трымала дзверы прачыненымi. I як толькi настаўнiк параўняўся з ёю, яна шырока расхiнула дзверы перад яго носам. Настаўнiк яшчэ раз няскладна павярнуўся i, звяртаючыся да ўсiх, сказаў:

- Да пабачэння... Зычу вам добрых Каляд!

3

- Добрых Каляд i добрай дарогi! Каб мароз вас памарозiў, каб ажно ў вас аблупiўся зад!

Iзабэла сказала гэта даволi гучна, гледзячы на дзверы, за якiмi толькi што знiк настаўнiк.



Кантэну карцела сказаць ёй, што яна пераходзiць мяжу, але ён стрымаўся, бо ведаў: адно яго слова - i яна завядзецца яшчэ горш. Ён спадзяваўся, што жонка спынiлася на гэтым, ён нават быў упэўнены, калi ўбачыў, што тая паклала ў ракавiну пусты збанок, а потым панесла ў склеп кошык з яйкамi. Але калi яна зноў вярнулася, яму не трэба было падымаць на яе вочы, бо яна магла прачытаць там усе яго думкi да адной. Кантэн пашкадаваў аб гэтым i адразу павярнуўся спiной да жонкi, хацеў падысцi да акна. Але не паспеў ён зрабiць i двух крокаў, як пачулася бурчанне Iзабэлы. Перадражнiваючы настаўнiка, тая пачала гаварыць:

- Я вельмi люблю снег... Гэта так прыемна, калi iдзе снег... Я люблю хадзiць па iм... Ой, людцы, вы бачылi гэткага дурня?!. Можа, ён i па гаўне хадзiў бы з такою асалодаю?!. Калi б ён папрацаваў, як мы, дык не гаварыў бы такога глупства! Ён - лайдак, ды яшчэ пыльным мяшком прыбiты...

Кантэн сцяў зубы. Гэтак далёка яго жонка зайшла ўпершыню. Стары прадчуваў скандал яшчэ тады, калi настаўнiк толькi заходзiў у дом. Сапраўды, хлопец меў добрае цярпенне, каб вытрымаць усё гэта. Не кожны дазволiць так з сабою абысцiся. Ён жа не глухi. Усё чуў, гэта факт! Канечне, каб не Марыя-Луiза... З-за яе ён мог вытрымаць усё. Ён не быў баязлiўцам. Гэта было вiдаць па яго пагляду. У настаўнiкавых вачах свяцiўся гонар, але там яшчэ было i нешта пакутнiцкае, як у ахвяр на бiблейскiх малюнках. Кантэн не стрымаўся на гэты раз. Ён рэзка павярнуўся да жонкi i крыкнуў ёй злосна:

- Сцiхнi! Ты ўжо занадта!..

Гэта прымусiла Iзабэлу замаўчаць на нейкую хвiлiну, але не больш. Яе худы твар напружыўся, левае павека прыкрыла напалову карычневае вока, ад чаго жончын погляд зрабiўся яшчэ больш жорсткiм. Неўзабаве на твары з'явiлася фальшывая ўсмешка. Тонкiя вусны выгнулiся i адкрылi чорную дзiрку на месцы, дзе выпаў клык. Увесь выгляд Iзабэлы сведчыў пра тое, што яна асмялела.

- А як жа, - зашыпела яна, - ён жа настаўнiк. На-стаў-нiк! Гэтага дастаткова, каб нiхто не меў права зачапiць яго. Гэтага дастаткова таксама, каб лiчыць яго разумным. - Яна павысiла голас. - Ды ўжо ж! Са мной гэты нумар не пройдзе! Досыць мне твайго глупства! Ты нiкога лепшага не бачыш вакол сябе, бо сам некалi марыў стаць настаўнiкам! Ты звар'яцеў пад старасць! Гэты чалавек адняў у цябе розум! Падумаеш, настаўнiк! А калi б твая дачка выйшла замуж за сама дурнога з настаўнiкаў, ты, мусiць, быў бы на сёмым небе ад шчасця?!

Кантэн ведаў, што яна можа гаварыць гэтак доўга. Ён не адзiн раз выпрабаваў гэта на сабе. Словы сыпалiся i сыпалiся з яе без перапынку. Але яны яго не краналi, бо датычылiся толькi яго аднаго. Яны былi адны i тыя. Ён чуў iх, можа, сотню разоў, таму ўзяў за звычку не спрачацца. Але сёння жонка пачала ганьбiць настаўнiка i здзекавацца з яго пачуццяў да Марыi-Луiзы, i Кантэн не змог стрымацца:

- Можаш гаварыць што хочаш, але iх жанiцьба - найлепшы сродак вярнуць да нас дачку.

Гэтыя простыя словы Кантэна быццам сцебанулi Iзабэлу. Яна кiнула сваю работу i з пагрозлiвым выглядам пачала наступаць на мужа. Яе голас ажно трымцеў ад гневу:

- I як толькi табе не сорамна! Пахаваць нашу дзяўчынку ў гэтай яме Кантэнаў?! Жукамi-гнаевiкамi жылi яны тут няведама колькi пакаленняў, а ты жадаеш такога лёсу сваёй роднай дачцэ?! Яна ж ледзь выдралася з гэтага бруду! А табе найвышэйшае шчасце - пасада настаўнiка! Ды яшчэ тут!

Кантэн скарыстаў момант, пакуль жонка пераводзiла дыханне, i ўставiў слова:

- Так будзе лепш усiм нам. А то можна падумаць, што наша дачка ў Амерыцы. Што гэта значыць: адзiн тыдзень вакацый за два гады! Цi не занадта мала!

Здавалася, што Iзабэла крыху супакоiлася. Больш цвёрдым голасам, якi, аднак, не пераставаў дрыжаць, яна прамовiла:

- Ты ж добра памятаеш, што яна табе казала: яна ахвяруе некалькi гадоў, каб атрымаць становiшча, якое i не снiлася твайму балбесу, няхай ён нават стане iнспектарам школ.

Яе голас задрыжаў яшчэ мацней, калi яна ўспомнiла настаўнiка. Кантэн адчуў, што жонка глядзiць на яго з нядобрай жаласцю. Вiдаць, яна лiчыць яго за вялiкага дурня, бо ён не разумее, у чым шчасце яго дачкi. Яна лiчыць яго за сапраўднага эгаiста.

- Сама галоўнае, - прамовiў Кантэн, - што ад гэтага будзе карысць яе здароўю.

- Няўжо ж я сама не думаю пра гэта? Няўжо ж мне лёгка не бачыць па гэтулькi часу сваю дачку? Я нават не ведаю, хварэе яна цi не. Цябе паслухаць, дык я зусiм яе не шкадую!

У апошнiх жончыных словах Кантэну пачулiся гнеў i адчай. Вядома, яна таксама пакутавала без Марыi-Луiзы, але гэтая яе звычка павышаць голас заўсёды адбiвала ў Кантэна ахвоту суцяшаць яе.