Страница 24 из 37
Кантэн не адказвае. Ён быццам прырос да падлогi. Стаiць па-ранейшаму насупраць дзвярэй i слухае гэту жанчыну.
- Разумееце, - тлумачыла тая, - не вельмi прыемна, калi ноччу выбiваешся з сiл, а ранiцай у цябе адбiраюць заробленыя грошы.
Цяпер Кантэн зразумеў, чым займалася гэта жанчына, i ў яго адразу прапала жаданне гаварыць або нешта рабiць.
- Дык што, вы пакiнеце ў мяне што-небудзь Марыi-Луiзе?
- Не, - глуха прамармытаў Кантэн. - Я павiнен убачыць яе.
- Ну, гэта будзе нялёгка. Яна збiраецца ехаць у Парыж. Бо тут, не ведаю, дзе яна зможа ўладкавацца, хоць яна марна часу не трацiць. Яна працаўнiца! Гэта не тая дзяўчына, якая бавiцца!.. Дарэчы, яна мае рацыю. Напрыклад, я толькi дабра жадаю ёй. Чым хутчэй яна паедзе адсюль, тым лепш будзе для яе. Але мне шкада яе будзе. Яна добрая сяброўка. Такiх мала.
Жанчына замоўкла, i Кантэн адчуў, як у яго задрыжалi ногi. Галава зрабiлася цяжкай, але ён не звяртаў на гэта ўвагi. Кантэн адчуваў, што яму робiцца вельмi горача. Пот з яго кацiўся градам. I калi жанчына адчыняла свае дзверы, ён хуценька, быццам падаючы сiгнал няшчасця, прагаварыў:
- Мне вельмi трэба пабачыць яе! Мне трэба абавязкова знайсцi яе сёння!
- Схадзiце да Фернана. Яна там сталуецца, калi бывае адна. Я вам нiчога не гарантую, але паспрабуйце. Можа, вам пашанцуе ўбачыць там яе апоўднi.
- У Фернана?
- Вы не ведаеце, дзе гэта?
Кантэн адмоўна круцiць галавой. Ён адчуў у горле камяк ваты. Жанчына сказала яму адрас.
- Дзякуй вам, - ледзь змог ён выцiснуць з сябе.
I пайшоў прэч. Ён дайшоў да пляцоўкi i тут пачуў, як у замку павярнуўся ключ, адчынiлiся i зачынiлiся дзверы.
Кантэн азiрнуўся. Калiдор быў пусты.
17
Кантэну здавалася, што ён вельмi доўга спускаецца ўнiз. Ён не чуў ног пад сабою. Правая рука чаплялася за парэнчы. Пот цёк цурком па твары. Кантэн адчуваў, як ён цячэ i па спiне. Ад гэтага Кантэну раптам зрабiлася вельмi холадна: ажно заляскалi зубы, ажно замуцiла.
Нарэшце ён сышоў унiз, выйшаў на вулiцу, увесь час паўтараючы сам сабе адрас рэстарацыi, у якой, дасць бог, ён спаткае сваю дачку. Тут Кантэн спынiўся, абапёрся спiною на дзверы, каб крыху перадыхнуць.
Божа мой! Чаго ён так раскiс, быццам нейкi слабак?
Кантэн выпрастаўся i паглядзеў вакол сябе. На другiм баку вулiцы ён заўважыў кафэ i накiраваўся туды рашучай хадою.
Кантэн ажно падскочыў, калi побач прасiгналiла машына. У руку павеяла холадам, i хтосьцi крыкнуў:
- Куды прэш, вёска! Глядзi пад ногi!
I машына паехала далей.
- Вёска! Вёска! Ну i што з таго?
Кантэн зайшоў у кафэ, сеў за першы столiк i заказаў шклянку гарэлкi. Ён выпiў яе залпам, расплацiўся i адразу выйшаў на вулiцу. У iм толькi што прачнуўся незнаёмы яму дагэтуль чалавек, якi вымушаў яго рухацца, дзейнiчаць.
Марыя-Луiза... Яго дачка Марыя-Луiза, аказваецца, шлюха! Божа мой, цi можа такое быць? Тут нешта не так... I ўсё ж такi! А можа, iснуюць дзве Марыi-Луiзы Кантэн? Але ж яны не могуць жыць па адным адрасе.
Дык што, ён з'яўляецца бацькам такой самай шлюхi, такой самай подсцiлкi, як тая, якую ён бачыў учора вечарам або сёння ранiцай? Ну гэта, чорт вазьмi, мы яшчэ паглядзiм! Кантэн - вёска! Кантэн - недарэка! Кантэн - слабак, якi ўсё сцерпiць ад сваiх дзяцей!
Ён раптам успомнiў, як жонка некалi сказала яму:
- Твая Марыя-Луiза наробiць табе ў рот, i ты скажаш дзякуй.
Ён сцiскаў кулакi. Хай толькi ён знойдзе яе! Хай толькi яна трапiць яму ў рукi! Можа, у яе знойдзецца абаронца, але Кантэн яшчэ не стары. А потым, яшчэ ёсць палiцыя. Палiцыя? Як ён пра гэта раней не падумаў? Туды трэба было звярнуцца адразу. Там гэтых дзевак павiнны добра ведаць. Прынамсi, ён зможа атрымаць даведку. Ён будзе ведаць праўду. Яму вернуць яго дачку або пасадзяць яе ў папраўчы дом.
Дзе ён бачыў палiцэйскi пост? Гэта было ўчора вечарам. Кантэн успомнiў блакiтную светлавую шыльду з белымi лiтарамi "Палiцыя". Там стаяў паставы з аўтаматам. Але дзе гэта было? Кантэн цяпер не мог успомнiць. Дарэчы, а дзе цяпер ён знаходзiцца?
Кантэн прачытаў на шыльдачцы "Вулiца Бiржавая". Гэта яму нiчога не гаварыла, i Кантэн вырашыў пашукаць палiцэйскага. Ён прайшоў яшчэ крыху ўперад i ўбачыў ля скрыжавання паставога. Кантэн спытаўся ў яго, дзе знаходзiцца камiсарыят палiцыi.
- А якi вам патрэбен?
Кантэн не ведаў, што адказаць. Тады мужчына ў белым кепi сказаў:
- Гэта залежыць ад таго, якi вам патрэбен. Напрыклад, вы згубiлi рэч, то вам трэба iсцi на вулiцу Сэн-Жан.
- Не, - прамовiў Кантэн, - гэта справа асабiстая i тэрмiновая.
- Вы не адсюль? Нетутэйшы?
- Але.
- Значыць, вам трэба iсцi ва ўчастак. Плошча Антанэн Пансэ. Вы ўбачыце самi, гэта побач з паштамтам, калi iдзеш у бок Рэйна.
Паставы вызвалiў руку з-пад пелерыны i паказаў Кантэну кiрунак, у якiм трэба iсцi. Кантэн выслухаў яго тлумачэннi, падзякаваў i пайшоў.
Цяпер на вулiцах народу было менш, i ён мог крочыць шпарчэй. Кантэн ступаў шырока, часта перахоплiваў пакунак то адной, то другою рукой, раз-пораз папраўляў капялюш, якi спаўзаў з мокрай галавы. Iдучы, ён ледзь стрымлiваў у сабе гнеў. Гэты гнеў надасць яму сiлы, калi ён скажа палiцэйскаму: "Я шукаю сваю дачку-прастытутку". I ён ведаў, як нялёгка будзе сказаць гэта. Ён зразумеў гэта яшчэ тады, калi звярнуўся да паставога i не змог растлумачыць, чаго ён хоча.
Чаго ён хоча? Ён хоча знайсцi сваю дачку Марыю-Луiзу. Дзяўчынку, якую ён адну адпусцiў у гэты вялiкi горад, а яна згубiлася. Што з ёй тут здарылася? Невядома! Хто вiнаваты? Можа, гэты агiдны Раберцi альбо гэта жанчына з блакiтнымi валасамi? Трэба iх арыштаваць? Кiнуць у турму? А разам з iмi i гэту шлюху, што жыве на адной лесвiчнай пляцоўцы з Марыяй-Луiзай? Можа, якраз яна i сапсавала малую?
- Добрая сяброўка... Мне будзе не хапаць яе...
Яна сама, вiдаць, не раз абкрадала яго дачку. А выдумала пра нейкага злодзея. Кантэну карцела пабiцца з кiм-небудзь. За некалькi хвiлiн ён ператварыўся ў зусiм iншага чалавека. Цяпер ён глядзеў на сустрэчных з нянавiсцю. Кантэн спадзяваўся ўгадаць на iх тварах нейкую вiну. Усе маладыя хлопцы здавалiся яму злодзеямi i мелi звычкi сутэнёраў. Чаму фараоны не арыштуюць усю гэту сволач? Чаму гэтыя падонкi гуляюць на волi? Каб псаваць сумленных дзяўчат? А фараоны не звяртаюць нават увагi на iх. Яны стаяць побач па двое, па трое на рагу вулiц i толькi перашкаджаюць вам пераходзiць там, дзе вам пажадаецца. А ў гэты час, замест таго каб займацца справай, дзяўчаткi гандлююць сваiм целам. Кажуць, што i сярод палiцэйскiх ёсць сутэнёры. Цяпер Кантэну няцяжка ў гэта паверыць. Але калi яно сапраўды гэтак, цi можа ён тады спадзявацца на дапамогу камiсара палiцыi?