Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 23 из 37



Кантэн больш не глядзеў з агiдаю на горад. Што яму? Ён жа тут праездам. Ён тут выпадковы глядач, якога гэты свет мала кранае. Праз некалькi гадзiн ён пакiне яго i забярэ з сабою Марыю-Луiзу. Кантэн вернецца да сваёй зямлi, да свайго дому, да свайго спакою, i, успамiнаючы пра горад, ён будзе помнiць, як кепска яму там было. А калi Кантэну не пашанцуе з надвор'ем цi з ураджаем, ён скажа сабе: "Кантэн, успомнi Лiён" i адразу адчуе сябе сама шчаслiвым чалавекам на свеце.

Яму раптам моцна захацелася есцi. Кантэн зайшоў у булачную i купiў дзве мяккiя цёплыя булачкi. Яны былi вельмi смачныя, але адрознiвалiся ад сапраўднага хлеба, якi трэба есцi кожны дзень, калi многа працуеш фiзiчна.

Тут ён заўважыў, што заблудзiўся. Побач стаяў палiцэйскi, i Кантэн спытаўся ў яго, дзе знаходзiцца вулiца Сухога Дрэва. Вулiца Сухога Дрэва была недалёка. Аказваецца, сам таго не ведаючы, Кантэн iшоў у правiльным кiрунку.

- Кантэн, - сказаў ён, смеючыся, сам сабе, - хутка ты станеш сапраўдным гараджанiнам. Табе трэба прадаць свой дом i зямлю i пераехаць на вулiцу Сухога Дрэва. Твае дочкi i жонка будуць радыя.

Кантэн выйшаў на патрэбную вулiцу i тут убачыў кансьержку, якая выходзiла з бакалейнай крамы. Яна не звярнула на старога нiякай увагi, i Кантэн нават узрадаваўся, што яна зайшла ў другую краму. Цяпер ён быў упэўнены, што не спаткае яе на лесвiцы.

Удзень пад'езд выглядаў iнакш. Вiдаць, з той прычыны, што сюды цадзiлася праз шкляны дах бледнае святло. Кантэн павольна адольваў паверх за паверхам. Ён хацеў так разлiчыць сiлу, каб нiдзе не спыняцца i ў той жа час не збiцца з дыхання. Яму не было чаго спяшацца. Нават калi Марыя-Луiза выйдзе раней, ён спаткае яе на лесвiцы.

Калi ён падняўся на апошнюю пляцоўку i выняў свой гадзiннiк, на iм было амаль дзевяць гадзiн. Яго сэрца шалёна бiлася, але, мабыць, не толькi ад таго, што ён так доўга падымаўся. Насустрач яму выйшла дама ў гадах, яна збiралася спускацца ўнiз разам з маленькiм хлапчуком, якi адразу ўхапiўся за парэнчы. Кантэн ветлiва павiтаўся з ёю, а дама папрасiла прабачэння за тое, што хлопчык ледзь не збiў яго з ног.

Кантэн вырашыў пастаяць крыху. Ён будзе чакаць Марыю-Луiзу тут. Цяпер яна нiкуды не дзенецца. Рана цi позна яна выйдзе яму насустрач. Кантэна ахапiла вялiкае хваляванне, але ён стрымлiваў яго. Паступова сэрца пачало бiцца ў нармальным рытме. Кантэн набраўся рашучасцi i стараўся асвойтацца ў гэтым доўгiм калiдоры з паадставанымi плiткамi на падлозе.

Раптам яму прыйшла думка пастукаць у дзверы. Ён пастаяў з хвiлiну, чуйна прыслухоўваючыся да гукаў у вялiзнай будынiне. Сюды даходзiў толькi прыглушаны гарадскi гул.

Яго сэрца зноў шалёна забiлася. Кантэн глыбока ўздыхнуў, быццам збiраўся нырнуць пад ваду, затрымаў дыханне i нерашуча пастукаў.

Цiшыня.

Горад таксама маўчаў.

За дзвярыма нiкога не чуваць. Было нешта трывожнае ў гэтым маўчаннi, якое панавала ва ўсiм будынку. Можа, пастукаць яшчэ раз, ды мацней? Раз ён тут, ён ужо не будзе спускацца. Яму здалося, што ён пастукаў моцна, а на самай справе ён зрабiў гэта вельмi цiха, i калi Марыя-Луiза яшчэ спiць... Калi яна яшчэ спiць, цi мае ён права будзiць яе? Не даць ёй адпачыць, бо яна працуе так позна вечарам? Вiдаць, яна не забылася сваёй добрай звычкi спаць з шырока адчыненым акном, схаваўшы нос пад коўдру?

Кантэн не адважыўся пастукаць яшчэ раз. Ён вярнуўся на лесвiчную пляцоўку i чакаў, гатовы спускацца ўнiз, калi хто-небудзь будзе падымацца альбо выйдзе з пакоя. Ён пачакае яшчэ паўгадзiны. Ён так вырашыў. Ён дасць малой паспаць яшчэ паўгадзiны.

Прайшло, можа, з чвэрць гадзiны. Кантэн чуў крокi ўзад-уперад па лесвiцы, грукат дзвярэй, галасы, i кожны раз ён падскокваў, быццам яго маглi застаць на месцы злачынства.

Цяпер зноў нехта падымаецца. Ён чуе крокi жанчыны. Жанчына падымаецца павольна, спыняецца, iдзе далей. Гэта не Марыя-Луiза. Яна не магла яшчэ выйсцi. I потым, у гэтых кроках адчуваецца занадта многа стомы i ляноты. Перавесiўшыся цераз парэнчы, Кантэн заўважае футравае палiто, бледную руку на дрэве i нават вельмi светлыя валасы.

Не, гэта не Марыя-Луiза. Гэта не можа быць яна. Кантэн чакае яшчэ, каб упэўнiцца, што гэта жанчына iдзе сюды. Яна спыняецца на чацвертым паверсе, яе рука застаецца на парэнчы. Потым яна iдзе вышэй. Кантэн трацiць галаву. Ён думае спускацца, пасля раптам паварочваецца i бяжыць да дзвярэй Марыi-Луiзы.

Кантэн стукае. Маўчанне. Крокi на лесвiцы ўсё блiжэй i блiжэй. Ён стукае мацней. Зноў няма адказу. У гэты момант на пляцоўцы паўстае жанчына ў футравым палiце. Валасы яе i праўда вельмi светлыя.

Жанчына спыняецца i моўчкi глядзiць на Кантэна. Той нерухома стаiць ля дзвярэй, трымаючы руку ў паветры, i нагадвае вучня, якi просiцца адказаць урок.

Жанчына вагаецца нейкi момант, потым робiць два крокi да Кантэна, моцна прыцiскаючы да грудзей сумку, якую дагэтуль яна несла ў руках. Стук яе абцасаў аб плiтачную падлогу нагадвае грымоты ў цiшынi калiдора.

- Вы шукаеце Марыю-Луiзу?



Голас жанчыны сур'ёзны i хрыплаваты.

- Але, мадам.

Жанчына стомлена ўсмiхаецца i перапытвае:

- Вы ўпэўнены, што вам трэба яна?

Кантэн не ведае, што адказаць. Жанчына робiць яшчэ два крокi. Яе абганяе моцны пах духоў. Кантэн усё маўчыць. Ён толькi машынальна перакладае пакунак з адной рукi ў другую.

Жанчына падыходзiць яшчэ блiжэй. Яе моцна нафарбаваны твар мае выраз вялiкай стомы. Яна ўважлiва аглядае Кантэна з ног да галавы, затрымаўшы позiрк на пакунку, i, змянiўшы тон, гаворыць:

- Дык вы кажаце, вам патрэбна Марыя-Луiза? Мне здаецца, што сёння яе не будзе.

Гэтыя словы аглушваюць Кантэна. Ледзь чутным голасам ён пытаецца:

- Яна ўжо выйшла?

Жанчына смяецца. Але яе смех не звiнiць, а рыпiць, як нямазаныя колы.

- Так, яна выйшла, толькi не сёння.

- Вы хочаце сказаць, што яна яшчэ не вярнулася?

- Калi вам так падабаецца.

Кантэн кусае вусны. Нават цяпер ён нiчога не разумее. Яму карцiць зноў пастукаць у дзверы, за якiмi знаходзiцца яго дачка, але гэта жанчына ўсё глядзiць на яго, i ён пытаецца:

- Вы не ведаеце, дзе я магу знайсцi яе?

- Вам трэба нешта перадаць ёй?

Кантэн маўчыць. Ён не ведае, што ёй адказаць.

Жанчына працягвае:

- Вы ведаеце, я вельмi спужалася, калi ўбачыла вас тут, ля дзвярэй. Я не баязлiўка, аднак... На тым тыднi ў адной маёй сяброўкi вось так ранiцай вырвалi з рук сумку, калi яна вярталася дадому. У такiм жа недарэчным будынку, як гэты. Уявiце самi, ёсць тыпы, якiя забiраюць усё, што iм трапляе пад руку.