Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 17 из 37

Кантэн цвярдзiў сабе гэта i адганяў iншыя думкi. Аднак нешта пачынала грызцi яго сэрца, i ён ужо не мог даць гэтаму рады.

Ён усё крочыў па набярэжнай. Крочыў, а ў грудзях калола ў такт крокам.

Тут холад быў не такi, як дома. I ноч была не такая. Было бачна куды больш прадметаў, але ўсе яны здавалiся пустымi, быццам пазбаўленымi сэнсу. Гэта была адна з тых начэй, у якiя трацiш упэўненасць у мэце. Крочыш i не ведаеш, цi ёсць у канцы шляху маленькi цёплы дамок, аб якiм ты марыў тысячу гадоў.

Праходзячы пад свяцiльняй, Кантэн расшпiлiў футра i паглядзеў на гадзiннiк. Было крыху больш чым сем з паловаю. Пэўна, Iзабэла i Дэнiза скончылi мыць посуд. Цяпер яны вядуць гутарку пра яго i Марыю-Луiзу. Яны ўяўляюць, што ён сядзiць з дачкой у рэстарацыi або ў яе пакоi. Iзабэла пытаецца, цi добра малая зачынiла хлеў, куратнiкi, гумно, хоць ведае, што перад сном праверыць усё сама. Абедзве яны сядзяць ля агню i прыслухоўваюцца да гукаў, якiя даносяцца з двара. Дэнiза запалiла лямпачку ў ясельках i расказвае пра сваю старэйшую сястру:

- Калi мы былi малыя, яна часта расказвала мне пра дом, у якiм яна будзе жыць, як вырасце. Гэты дом будзе падобны на яселькi, у iм будзе такое ж маленькае акенца, праз якое можна будзе глядзець, як на вулiцы iдзе снег. Цi мае яна такi дамок у Лiёне?

Кантэн зноў спынiўся. Гэтыя простыя словы Дэнiзы раптам выклiкалi ў яго такое хваляванне, што ажно перахапiла дыханне.

- Марыя-Луiза! Гэта немагчыма...

Ён сказаў гэта ўголас i, спалохаўшыся, азiрнуўся: цi не падслухаў хто-небудзь. Ззаду нiкога не было.

Кантэн iшоў доўга, пакуль нарэшце не апынуўся ля вакзала.

Кантэн не ведаў ужо, iсцi яму далей цi вяртацца. Ён пераклаў свой пакунак з-пад левай рукi пад правую. Вiдаць, Дэнiза казала i пра гэты пакунак. Кантэн чуў яе бесперапынныя пытаннi i незадаволеныя жончыны адказы.

- Яна прыедзе з татам, праўда?

- Але. Будзем чакаць.

- Яны прыедуць сёння вечарам цi заўтра?

- Нiчога не ведаю. Чакай вось, як я.

- Навошта ты дала яму гэты падарунак, раз Марыя-Луiза сама прыедзе?

- Дэнiза, я ўжо стамiлася ад тваiх пытанняў!

- Я таксама падрыхтавала Марыi-Луiзе невялiкi падарунак.



- Дзе ён?

- Пакажу потым.

Кантэн добра ўяўляў сабе, аб чым яны гаварылi. Там усё iшло сваiм ходам, без нечаканасцей. Менавiта гэтак i павiнна быць у яго доме, над якiм уладарылi цёмная ноч i ледзяны паўночны вецер, але там утульна i цёпла ад дроў, якiя гараць у печы. Гэты агонь свецiцца ў начы. Астатняе ахоплена зiмой. Праз шчылiны ў аканiцах лiецца залатое святло, якое можна заўважыць, як толькi мiнеш апошнi паварот дарогi.

Кантэну карцела апынуцца ў той начы. Яна прыцягвала яго гэтак жа моцна, як горад адштурхоўваў. Бясколерная цемень гарадской ночы не была падобнай на тую, у якой панавалi нябачныя ручаiны туману i ветру.

Ён думаў пра сваю жывёлу, пра цёплы i жывы пах хлява, пра рэдкiя, але цёплыя i прыемныя пахi ў скляпах. Кожны склеп меў свой пах. Там, дзе ляжалi вялiкiя вiнныя бочкi, пахла дрэвам i вiном з прысмакам браджэння, якi ачышчае горла. А там, дзе паскладаныя бутэлькi, быў iнакшы пах. Гэты пах паступова напаўняе ваш рот слiнай. Побач знаходзiлiся загарадкi з бульбай, гароднiнай, яблыкамi. Усе гэтыя пахi Кантэн насiў у сабе. Ён пазнаваў iх адразу i нiколi не блытаў. Цяпер ён востра адчуваў кожны гэты пах. Потым перад вачыма зноў з'явiлася кухня, i Дэнiза не адставала ад мацi з пытаннямi:

- Дзе яны цяпер, як ты думаеш?

- Калi не ў рэстарацыi, то, напэўна, у Марыi-Луiзы. У горадзе вячэраюць не так рана, як у нас. Бацька будзе спаць на канапе... Яны будуць гутарыць дапазна...

Кантэн паглядзеў навокал сябе. Яму хацелася крычаць, клiкаць Марыю-Луiзу. Падумаць толькi, яна тут, у горадзе, а ён не можа яе знайсцi! Ён нават у думках не мог дапусцiць, што некалi трапiць у гэткае становiшча. Кантэну здавалася, што ён знаходзiцца адначасова дома i ў горадзе. Гэта раздваенне прымушала яго моцна пакутаваць. А ў глыбiнi душы нараджалася нейкая глухая радасць. Ён ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца балючым смехам, якi сцяў яго горла.

Кантэн зняў з галавы капялюш, расшпiлiў футра i дастаў насоўку, каб выцерцi пот, якi iмгненна пакрыў яго твар. Ад холаду, якi раптоўна ахапiў яго галаву i цела, яму зрабiлася лепш. Ён сутаргава ўдыхнуў паветра. Галава злёгку кружылася, i Кантэн падумаў, што гэта, мабыць, з голаду. Але пры адной толькi думцы пра ежу, пра рэстарацыю, пра краму яго нудзiла.

Калi ён зноў выйшаў у цэнтр горада, народу там было значна менш. Пасля таго як яму ўдалося стрымаць гэты атрутны смех, у яго было ўражанне, што ўсю яго iстоту напаўняе жоўць. I цяпер узнiкла жаданне плюнуць, каб хутчэй вызвалiцца ад гэтай непрыемнай хваробы, якая засела, вiдаць, значна глыбей, чым у яго горле.

Ён iшоў куды вочы глядзяць i неўзабаве спынiўся перад дзвярыма салона Раберцi. Яго вiтрыны былi асветленыя, усярэдзiне таксама гарэла святло. За перагародкамi з матавага шкла па-ранейшаму рухалiся ценi. Кантэн стаяў перад парогам i глядзеў на пусты ўваход, пакуль з адных дзвярэй не выйшла жанчына. Тады ён, не думаючы, хуценька пайшоў прэч, пакуль не завярнуў за блiжэйшы вугал. Далей ён пайшоў звычайным крокам. Ён усведамляў, што тое, што ён робiць, не мае нiякага сэнсу, аднак ён не быў поўным гаспадаром сваiх дзеянняў. Ён казаў сабе, што гэта ўсё ад горада, у якiм яму было душна, ад гэтай вельмi слiзкай зямлi, на якой ён не адчуваў упэўненасцi ў сваiх нагах.

У яго не было жадання падымацца яшчэ раз на пяты паверх, у пакой Марыi-Луiзы, але ён чамусьцi зноў апынуўся на вулiцы Сухога Дрэва. Калi ён увайшоў у калiдор, то ўжо больш не вагаўся, а хуценька прайшоў мiма пакоя кансьержкi, лёгка ўзбег на лесвiчную пляцоўку трэцяга паверха.

Тут ён вымушаны быў спынiцца. Яму не хапала паветра. Каленi задрыжалi, i ён ухапiўся за парэнчы. Ён намагаўся дыхаць павольна i глыбока, i ў той жа час баяўся, што адны з дзвярэй могуць адчынiцца.

Гэтыя двое дзвярэй былi зроблены са старога дубу, пакрытыя лакам. Ручкi, званкi, замочныя шчылiны i шыльдачкi з медзi былi начышчаныя да бляску. Метал так блiшчаў, што ён спачатку прачытаў на шыльдачцы "Саванэн" замест "Савiнэн", але гэтага было дастаткова, каб Кантэн прыгадаў план па вiнаграду ў сваёй мясцовасцi.

Крыху адпачыўшы, ён падняўся на пяты паверх i пастукаў у дзверы Марыi-Луiзы. Але там зноў нiхто не адказаў.