Страница 13 из 37
Нарэшце дзяўчына наблiзiлася да старога. Яму здавалася, што яна ледзь стрымлiвае смех. Хуценька загаварыла:
- Я спыталася ў калегi, якi працуе тут больш, чым я. Ён сказаў мне, што мадэмуазель Кантэн сапраўды працавала тут, але больш як год назад звольнiлася.
- Больш як год назад? - перапытаў Кантэн i нахмурыўся.
Цяпер ён быў перакананы, што яны смяюцца з яго. Але што гэта дзяўчына i той малакасос з дзявочай шыяй маюць супраць яго дачкi? Што яна iм зрабiла?
- Вы кажаце, больш як год назад...
Гэта ўсё, што ён змог прашаптаць.
- Але, - сказала дзяўчына i тут жа дадала: - Яна павiнна быць у салоне Трыанон... Ведаеце, дзе гэта?
- Не, - адказаў Кантэн, - я не жыву ў Лiёне.
Дзяўчына ўсмiхнулася, агледзеўшы яго з ног да галавы. Кантэну карцела сказаць ёй, што лепш быць селянiнам, чым такой лялькай, як яна, яму хацелася паказаць ёй свае працавiтыя рукi. Але ён моцна сцяў зубы i паспрабаваў уявiць на месцы гэтай дзяўчыны сваю дачку. Няўжо Марыя-Луiза таксама вось такою зрабiлася?
Дзяўчына двойчы паўтарыла адрас i растлумачыла, як яму iсцi. Кантэн ужо павярнуўся да выхаду, калi яна дадала:
- Вы лёгка знойдзеце, здаецца, гэта на другiм паверсе.
Стары падзякаваў i выйшаў на вулiцу. Дзяўчына нейкi час стаяла на парозе i глядзела яму ўслед.
Па ходнiках бясконцай плынню цёк чалавечы натоўп. Кантэн спынiўся i ўздыхнуў на поўныя грудзi. Ад свежага ледзянога паветра яму рабiлася лепш.
9
Стаяў Кантэн доўга. Яму здавалася, што ён толькi што пабыў у нейкiм нерэальным свеце. Ён адчуваў на сабе гэты невыносны пах, якiм прапахла яго адзенне i ад якога сушыла ў горле. Гэты свет быў незнаёмы яму, але Кантэн нiяк не мог пазбавiцца ад уражання, што некалi ён ужо перажыў гэткую сустрэчу, што ён ужо быў у гэтым салоне, бачыў занадта маляваны твар гэтай малой i слабую шыю малакасоса, апранутага ў занадта кароткi халат. Яму было пагана ад той душнай атмасферы, якая была ў салоне, аднак яго чамусьцi мала здзiвiла тое, што яму там сказалi. Ён нават не здзiвiўся, калi даведаўся, што Марыя-Луiза больш як год там не працуе. Гэта азначала, што ў лiпенi, калi яна прыязджала дадому, Марыя-Луiза казала iм няпраўду.
Цяпер ён крочыў у адваротным напрамку, шукаючы вулiцу, пра якую яму гаварыла дзяўчына. Думкi раiлiся ў галаве.
Чаму Марыя-Луiза не сказала iм, што перайшла на iншае месца? А можа, гэты малакасос зманiў? У яго такi непрыемны твар. Можа, ён пасмяяўся з Кантэна? Можа, гэта з-за яго звольнiлася Марыя-Луiза? Бо ён здзекаваўся з яе сялянскага паходжання. Ён i з Кантэна смяяўся. Гэта было вiдаць па тым, як ён глядзеў на яго футравае палiто. А ўсмешка дзяўчыны, калi яна вярнулася, каб прадоўжыць размову! Цi ж яна не вiнаватая хоць крышачку ў тым, што Марыя-Луiза паехала адсюль? Цi ж яна не разносiла плёткi разам з гэтым малакасосам, каб дамагчыся звальнення Марыi-Луiзы? А потым заняла яе месца. Але спачатку трэба даведацца, цi звольнiлi Марыю-Луiзу. Можа, усё гэта выдумкi. Бо не магла яна сказаць бацькам няпраўду.
А што, калi дапусцiць, што яна сапраўды звольнiлася? Яна ж такая гордая! Магла i не сказаць пра гэта. Мучылася, галадала, пакуль шукала новае месца, але трывала. А гонар не дазваляў ёй папрасiць у бацькоў дапамогi. А яны злавалi на яе, што так рэдка прыязджае. Нават настаўнiк. Каб жа ён ведаў!
Ад гневу, якi змяшаўся з пачуццём гонару за дачку, Кантэн сцяў вусны так моцна, што на падбароддзi з'явiлiся складкi.
Ён абыходзiў больш-менш удала групы прахожых i няспынна паўтараў адрас салона Трыанон. Вулiца павiнна быць вузейшай. Салон знаходзiцца на другiм паверсе. Вiдаць, ён бяднейшы, i Марыi-Луiзе плацяць менш, таму ёй даводзiцца быць вельмi ашчаднай, каб па-ранейшаму высылаць падарункi сястры i рабiць выгляд, што яе становiшча паляпшаецца.
Чым больш Кантэн думаў пра гэта, тым больш яго гнеў узрастаў, набываў форму i напрамак. Успомнiлася жонка, якая ўвесь час папракала яго за тое, што ён нi разу не наважыўся наведаць дачку.
- Яны яе эксплуатуюць. Яна адна... Дзяўчынка зусiм адна, а табе напляваць. Толькi думаеш пра свае землi, пра свае кнiгi ды як пагутарыць з гэтым iдыётам-настаўнiкам.
Дык гэта па яго вiне пакутавала Марыя-Луiза; каб ён паслухаў Iзабэлу, гэты Раберцi не пасмеў бы так зрабiць. I малакасос таксама. Пачуццё не падманула Iзабэлу. Яна прадчувала, што рабiлася з дачкой, добрае цi кепскае. I казала гэта. Апошнiм часам яна не пераставала цвярдзiць:
- Я прадчуваю, што нешта з ёй не так. А ты сядзiш тут! Цябе нiчога не кранае, быццам яна чужая табе!
Кантэн чуў гэта сотню разоў, таму не звяртаў на гэта больш увагi. А сёння ён раптоўна адчуў, што яго жонка мела рацыю.
Ён нечакана спынiўся на рагу вулiцы. Дагэтуль ён iшоў i думаў, таму не звяртаў увагi на дарогу. Ён фантазiраваў. Ён пабудаваў усю гэту гiсторыю нi з чога i цяпер, мабыць, быў далёка ад праўды.
Ён скалануўся, каб вызвалiцца ад сваiх думак. Урэшце, у яе маглi быць свае прычыны, раз яна змянiла месца. Ён нiчога аб гэтым не ведае. Яму нiчога не застаецца, як шукаць гэты салон Трыанон.
Кантэн спытаўся, дзе знаходзiцца вулiца Лучнiкаў, i пакрочыў далей.
Гэты павярховы салон павiнен быць значны. Цi няхай ён будзе меншы, але больш сур'ёзны. Лягчэй будзе пабачыць гаспадароў.
Кантэн намагаўся ўявiць сабе цырульны салон на паверсе. Ён ведаў толькi адну цырульню, там, у Лонсе. Гэта была змрочная i шэрая старая халупа бацькi Адрыена. На жаль, нiчога лепшага, чым гэта чорнае i закуранае памяшканне, ён не мог сабе ўявiць.
Ён лёгка адшукаў вулiцу Лучнiкаў i пакрочыў уздоўж яе, узiраючыся ў нумары дамоў. Некаторыя нумары нельга было разабраць, бо яго асляплялi яркiя светлавыя надпiсы, iншыя былi закрыты брызентам. Разы са два да яго падыходзiлi прастытуткi, i Кантэн быў вельмi здзiўлены, што бачыць iх у цэнтры горада ў такi час, калi на вулiцах поўна людзей. Гэта быў адзiн з сама фешэнебельных кварталаў. Тут знаходзiлася шмат багатых крамаў. Кантэн чамусьцi ўспомнiў, як некалi да яго суседа прыязджаў на адпачынак адзiн чалавек. Ён расказваў, што сама галоўны зводнiк Лiёна - вельмi багаты i паважаны камерсант. Стары са злосцю прагнаў гэты ўспамiн, якi прыйшоў яму ў галаву якраз у той момант, калi ён збiраўся ўбачыць сваю дачку. Ён намагаўся ўспомнiць усё тое, што некалi прачытаў аб гэтым або iншым горадзе. Гэтыя ўспамiны ўтварылi нейкую дзiўную мешанiну, i цяпер Кантэн бачыў у кожнай вулiцы, у кожным будынку добрае i кепскае.