Страница 3 из 4
Прагудзеў гудок. Да краю комiна быў прымацаваны блок з вяроўкай. Кола пачало круцiцца, натужлiва заскрыпела на iм вяроўка: гэта дзяўчаты знiзу падавалi муляру вядро вапны. Андрэй адагнаў мары, паспрабаваў нагамi, цi моцна пад iм ляжаць дошкi, узяў вядро, кельму i прыступiў да працы.
Але як толькi паклаў першую цаглiну, яго вочы пацягнула ў бок сталоўкi. Далей Андрэй клаў цэглу, ахоплены марамi. То яму здавалася, што ён з Люсяй iдзе ў сваёй вёсцы па лузе, дзе iскрыць на сонцы не то раса на травах, не то крышталь са сталоўкi. То яму здавалася, што яго комiн знаходзiцца дзесьцi сярод хмар, на iм стаiць ён i яна. Гэты малюнак ён так выразна бачыў, што нават адчуваў цяпло Люсiнага подыху.
IV
Аднаго дня, яшчэ задоўга да абеду, Люся рыхтавалася да сустрэчы са сваiм "тынкоўшчыкам".
У гэты дзень дзяўчыне з самага рання не шанцавала. Спачатку яна разбiла цэлы паднос пасуды i расплакалася. Потым, забегшы за цёцiну шырмачку, Люся аб жалеза, якiм былi акаваны скрынi, парвала панчоху. Стала шукаць iголку i, як на бяду, яе нi ў кога не было. Нарэшце кухар паклiкаў дзяўчыну, зняў свой белы каўпак, дастаў з яго iголку i, даючы, сказаў:
- На. Яшчэ салдацкая. А другi раз каб сваю мела, глядзi. А то дзяўчына i без iголкi.
Уладзiлася справа i з талеркамi, жанчыны яе запэўнiлi, што пасуда б'ецца абавязкова на шчасце! А цёця Глаша ад сябе дадала, што заступiцца перад Сямёнам Макаравiчам, каб ён гэтыя талеркi спiсаў.
Ужо, здаецца, усё было добра. Надзя адна абслугоўвала залу. Раптам дзяўчыне стрэлiла ў галаву, што яна ад плачу змянiлася ў твары. Люся пабегла да шафкi, у якой афiцыянткi клалi свё адзенне. У гэтай шафцы Мiра пакiнула аб сабе ўспамiн - памаду. Люся ўзяла яе i пабегла за шырму.
Калi з падфарбаванымi вуснамi, шчокамi i брывамi Люся выйшла з-за шырмы, жанчыны ўспляснулi рукамi: так той было не да твару. Але дзяўчына спадабалася сама сабе i не хацела нiкога слухаць.
Увайшоў Андрэй. Люся крыху пачакала, каб той усеўся, а потым выйшла ў залу. Хлопец узняў ад меню вочы, глянуў на дзяўчыну i сумеўся. Ён заморгаў вачыма, нават азiрнуўся навокал, потым зноў накiраваў свой позiрк на афiцыянтку.
Люся дагэтуль нiколi не фарбавала твару. Зараз ад фарбы яна не стуляла губ, i яны так i заставалiся ў яе адтапыранымi, нiбы дзяўчына збiралася свiстаць, нiбы губы ў яе былi апухлыя. На шчоках вiднелiся плямы пудры. Адчуўшы сябе няёмка, дзяўчына ўставiлася ў меню. З нафарбаванымi вуснамi яна не магла гаварыць. У такiм смешным выглядзе Люся i стаяла перад Андрэем.
У сталоўцы абедала яшчэ некалькi рабочых, якiя працавалi разам з Мiронiшыным сынам. Адзiн з iх, убачыўшы Люсю, пырснуў ад смеху. Хлопец падумаў, што ўсё гэта зроблена назнарок i цяпер з яго насмiхаюцца. Ён грозна кашлянуў i, не паднiмаючы вачэй, пачаў заказваць абед. Афiцыянтка стаяла i толькi кiвала галавой.
Вярнуўшыся на кухню, дзяўчына забегла за шырму i расплакалася. Зараз яна плакала так, што яе нiхто не мог суцешыць. А калi Надзя пачала дапытвацца, чаго яна плача, Люся пабегла да шафкi, схапiла сваё адзенне i ўцякла са сталоўкi.
У гэты дзень Люся не вярнулася, i Надзi зноў адной прыйшлося абслугоўваць усiх клiентаў.
Дзяўчаты, якiя ля комiна дапамагалi Андрэю, неяк даведалiся пра "таямнiцу" свайго муляра. I калi ён прыйшоў са сталоўкi змрочны, як лес цёмнай ноччу, пачалi строiць з яго жарты. Але ён, нiбы глухi, палез па жалезных скабах да сябе на комiн, не адказаўшы iм нiводным словам. Дзяўчаты не пакiнулi яго ў спакоi i там. Разуўшы сяброўку, якая моцна спала, у вядры ад вапны падалi яму наверх чаравiкi з запiскай: "Падарунак ад афiцыянткi". Андрэй, праўда, адправiў чаравiкi ўнiз, натаптаўшы ў iх раствору. Аднак гэта яго не развесялiла. Назаўтра муляр абедаў у другой сталоўцы. Вяртаючыся з абеду, Андрэй спаткаў... Люсю. Яна была апранута ў старэнькае палiто i абвязана цёплай хусткай. Дзяўчына iшла са старой жанчынай, захутанай у такую ж, як i Люся, хустку. Ён здагадаўся, што гэта Люсiна мацi. Бо старая iшла з дзяўчынай так, як звычайна хадзiлi па горадзе з дочкамi старыя з яго вёскi: пусцiўшы дачку ўперад, а самi тэпаючы ззаду i шчаслiва заглядаючы сустрэчным людзям у вочы, намагаючыся разгадаць, цi падабаецца людзям iх дзiця.
Убачыўшы муляра, Люся скiравала ў завулак, пакiнуўшы мацi адну. Нiчога не разумеючы, Андрэй спынiўся, пастаяў i пайшоў на працу, чамусьцi ўжо ў лепшым настроi.
V
Без Люсi чагосьцi не хапала ў сталоўцы. Часцей бурчала цёця Глаша. Жанчына, якая мыла пасуду, сварылася з Надзяй. Настрой жанчын перадаваўся нават клiентам, ад чаго i яны былi якiясьцi iншыя.
Аднаго разу, калi ў зале сталы былi пустыя, праз акенца выглянуў кухар. Ён падпёр шчаку кулаком, уздыхнуў i сказаў да буфетчыцы:
- Эх, няма нашай Люськi! "Дзядзя Гры-ыша, - дакладна да смешнага перадаваў ён iнтанацыю голасу дзяўчыны, - я падлiчыла гэтаму клiенту, што ля акна, а ў яго за абед атрымалася адзiн рубель i адна капейка, гы?!." Нiчога такога, здаецца, i не скажа, а табе адразу весялей жыць на свеце... Хе, што мы вартыя без яе?
Але буфетчыца прамаўчала.
У цёцi Глашы быў сёння цяжкi дзень. Яшчэ з самага рання прыходзiла пастарэлая, з сiнякамi пад вачыма Мiра. Яна папрасiлася зноў на працу. Буфетчыцы прыйшлося доўга слухаць плач Мiры, чытаць ёй мараль i патрабаваць абяцання, што надалей Мiра будзе працаваць добра. Ды гэта яшчэ было паўбяды. Галоўнае, сапраўды ўсiм iм не хапала Люсi. Толькi праз некалькi хвiлiн буфетчыца адазвалася на словы кухара.
- От, горкае дзiця! Каб так надаваў, надаваў венiкам!.. Дзе ўжо той Сямён Макаравiч? Хутчэй бы вяртаўся з таго адпачынку ды камандаваў сам! прабурчала яна за прылаўкам.
- А ты не можаш камандаваць? - дапiкаў кухар. - А яшчэ i бралася! Эх, Глашка, Глашка, цi бабская гэта справа?
- А ты пiльнуй сваiх катлоў, а то зноў у малочным супе клiенты знойдуць капусту! - абрынулася на яго жанчына.
Галава кухара знiкла з акенца.
Буфетчыца паклiкала да сябе Надзю, каб параiцца наконт таго, як вярнуць на працу Люсю. Але Надзя наогул яшчэ нiколi не дала дзельнай парады, i таму толькi пацiскала плячыма. Цёця Глаша тады нi за што нi пра што аблаяла афiцыянтку, адпусцiла яе i стала ламаць галаву адна.
Калi ў сталовую нясмела заглянуў муляр i пачаў асцярожна азiрацца, цёця Глаша паклiкала яго, бесцырымонна i сурова сказала: