Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 15 из 30

Як выглядала, ні Гімнастка, ні хто-небудзь яшчэ з танцораў, апроч мяне, не заўважыў нябеснай госці. Адно Котка наструнілася і наставіла поўсць так, што стала добра відаць ейная абсалютна круглая ружовая плямка-пячатка, выпаленая некім ці нечым на падчарэў’і справа. Але праз хвілю наша пільная чатырохногая танцорка ўжо ўсім сваім выглядам паказвала, што ніякае небяспекі яна не адчула.

Птушка не замінала танцу, і ён ні на момант не перапыняўся — ні тады, калі мы мяняліся месцамі, ні тады, калі, працятыя сціхотнай самотаю, браліся за рукі. Толькі перад тым як — быццам на нечы загад — мы павінны былі абняць адно аднаго за плечы, зрабіўшы нашае кола зусім вузкім, птушка паднялася ў паветра. Трымаючыся кірунку агульнага руху і не выпускаючы аеравай сцяблінкі, яна пачала лётаць над намі нізкімі коламі — нібы таксама брала ўдзел у танцы.

Калі невідочныя музыкі, папярэджваючы нас пра небяспеку, зайгралі зусім ціха і мы яшчэ раз узяліся за рукі, каб далей танчыць, заплюшчыўшы вочы, птушка зноў апусцілася на плячо Гімнасткі. Няўжо наша зялёнапёрая госця наперад ведала, што цяпер яна найбольш патрэбная менавіта дзяўчынцы, што на сваіх цёплых спружыністых ступачках найчасцей датанцоўвала да самага краю?

Птушка заставалася з намі да той хвіліны, калі напрыканцы мы ўскінулі рукі да зорак…

14

У наступны, спякотны, як і папярэднія, дзень нарэшце ўдалося надвячоркам сустрэцца з возерам.

Заўсёдна адплыўшы падалей ад невялікага пляжу і базы вадналыжнікаў, я перавярнуўся на спіну, раскінуў рукі ды, унармаваўшы дыханне, пакінуў вачам толькі неба. Па ім плыла ўсяго адна круглявая белая аблачынка. Манада, — падумаў я. Маё небездакорнае параўнанне, магчыма, упадабаў бы знаёмы філосаф, які аднойчы, седзячы ў позе лотаса, паведаміў: Людзі ўжо не цікавяць. Выключна аблокі. Мяне, адрозна ад філосафа, пакуль што займалі і людзі, а таксама падобныя да іх істоты, прынамсі адна, сустрэча з якой чакала ўвечары.

Небу, цікавасць да якога пакуль не зрабілася непадзельнай — нібыта яно прачытала мае думкі, — заманулася трохі пазабаўляцца. Чародка аблокаў, што з’явілася з-за зубчатага краю лесу, неўзабаве пачала пераўтварацца ў невялікі бестыярый: першая аблачына набыла абрысы грыфона, другая выдавала на кентаўра, за ім даволі шпарка рухаўся велізарны вусень, які ўвачавідкі дзяліўся на мудрагелістыя часткі, якія мелі нешта агульнае з маімі танцорамі на даху і нават з начным госцем…

Ідучы лясной дарогаю, я быў гатовы да першых эксперыментаў. З часам разлічыў дакладна і на нашым трэцім паверсе быў, маючы ў запасе прыкладна гадзіну.

Пад правую руку Чорнаму чалавеку, калі ён зойме заўсёднае месца, я паклаў томік Марка Аўрэлія. З супервокладкі ў скептычным здумленні пазіраў сам барадаты мысляр, які нібы падказваў разгарнуць кнігу на сотай старонцы.

Вока прабеглася пачаткамі абзацаў: Не аддавайся цалкам палёту свайго ўяўлення… Куды б ні патрапіў, можаш быць шчаслівы… Гучала надзіва жыццесцвярджальна.

Другі эксперымент здаваўся больш складаным. На іншым краі канапы я, запрашаючы Чорнага чалавека ацаніць плён маіх трохдзённых намаганняў, пакінуў акуратны стосік спярэшчаных дробнымі радкамі аркушаў, спачатку падступна ператасаваўшы іх, як калоду карт.

Трэці тэст можна назваць хуліганістым: на стальніцу насупроць звыклага госцевага месца быў пастаўлены келіх віна.

У той вечар я не зачыніў перад сном ніводных дзвярэй. Прычынаю паслужыла не дапітая новая пляшка шыразу, пасля якой планавалася весці цвярозы — ажно да апошняга сказу — лад жыцця. І, пагатоў, не сюжэт з вечаровага выпуску тэленавінаў, дзе светласкуры кат ісламістаў, відавочны еўрапеец, рыхтаваўся адсекчы галовы тром палонным лівійцам, такім чынам закрываючы ім шлях у мусульманскі рай з гурыямі ў вечназялёных садах. Рэч у іншым: я ўжо ўспрымаў Чорнага чалавека часткаю майго свету, непазбежнасцю, з якой наканавана суіснаваць, не губляючы годнасці, а нават гумару і самаіроніі.

15





Марк Аўрэлій сустрэў уранні разгорнутым на той самай старонцы. Аркушы ў стосіку не былі раскладзеныя па парадку, а віна ў келіху паменела роўна на столькі, колькі паспелі выпіць дробныя мушкі, што прыляцелі ад кухоннай вазы з садавінай і прывіталі мяне, шчасліва боўтаючыся ў шыразавай нірване.

Зрабілася, далібог, смешна з таго, што яшчэ ўчора мае, далікатна кажучы, навылёт сумнеўныя эксперыменты ўспрымаліся сур’ёзна і важка. Можна ўявіць, што начны візітант, пашамацеўшы кнігай, не даўмеецца пакінуць яе на тым самым разгорце… Зрэшты, метафізічным стварэнням, да якіх ён, бясспрэчна, належаў, зусім неабавязкова перагортваць старонкі, каб даведацца іхні змест, гэтаксама як і няма ніякай рахубы раскладаць паводле нумарацыі пераблытаныя старонкі, каб прачытаць першыя раздзелы аповесці.

Тым не менш я ўцягнуўся ў гульню і штодня прыдумляў нешта новае. Напрыклад, у стосе старонак чарнавіка кожную цотную клаў дагары нагамі або хаваў кожную няцотную паміж тамамі Эдгара По. Трэба, дарэчы, зацеміць, што пакінутая на пісьмовым стале мабілка, адрозна ад першае ночы, ніколі не разраджалася, сведчачы, што тады тое здарылася выпадкова.

Неяк па дарозе з возера памяць падсунула задаўненую гісторыю пра знаёмага мастака, з якім калега вёў зацятую вайну за майстэрню. Стратэгічнай зброяй быў абраны блакітны парашок, якім пасыпалася падлога ў калідоры. На парашку адбіваліся сляды жаночых туфлікаў, што давала падставы абвінавачваць канкурэнта ў амаральных паводзінах. Ідэю з парашком — хоць і звабліва было б убачыць сляды шырокіх пантофляў з загнутымі мыскамі — я адкінуў, злавіўшы сябе на думцы, што калі б Чорны чалавек сёння, вядома, па-свойму, метафізічна, не матэрыялізаваўся, мне б яго не хапала.

16

Безумоўна, вашае права не даваць мне веры, не чытаць далей або дачытаць і лічыць аўтара ціхім вар’ятам з літаратурнымі схільнасцямі. Але, на шчасце, тая гісторыя ў спякотным ліпені мінулага года напраўду здарылася, што нейкім чынам пацвярджае і сам гэты тэкст.

17

Аповесць, між тым, напоўнілася героямі ды падзеямі і жыла сваімі барвамі, пахамі і гукамі. Апошніх атрымлівалася меней, чым зазвычай, бо самнамбулы танчылі ў поўнай, калі не лічыць посвісту ластаўчыных крылаў, маўкліні.

Не сказаў бы, што пяро лётала па паперы, аднак яно не буксавала, не захрасала ў небяспечнай субстанцыі тэксту, не прыводзіла нявызнанымі сцежкамі да тупіковага завулка з крапівой і дзядоўнікам, куды прагнецца закінуць ненавісны рукапіс, каб назаўсёды забыць пра яго.

Чорны чалавек наўрад ці, як уявілася напачатку, дапамагаў. Ён, мо таму, што з’яўляўся ўвечары, не падказваў нечаканых сюжэтных хадоў, але і не пярэчыў напісанаму. Аднаго разу ён не сядзеў на канапе, як раней, а прылёг на яе нагамі да дзвярэй, закінуўшы рукі за голаў. Колькі разоў, трохі лякаючы мяне, ён стаяў у сутонні насупроць кніжных паліцаў. Але ніколі не пакідаў кабінета, дзе на начныя гадзіны рабіўся паўнаўладным гаспадаром. Ён не ўмешваўся, а толькі прысутнічаў. Тут хавалася свая таямніца, і я думаў, што без Чорнага чалавека жыццё плыло б сумнавата. Больш за тое: я пачаў адчуваць да пунктуальнага госця нешта кшталту ўдзячнасці, што, зрэшты, не замінала працягваць гуляцца ў свае дзіцячыя, па сутнасці, эксперыменты.

Дайшло да таго, што — у апошні момант, калі Чорны чалавек ужо быў у дарозе, — я паставіў на пісьмовы стол знойдзеную ў сястры недапітую бутэльку каньяку з двума кілішкамі і хуценька напісаў цыдулку: Дабранач! Калі захочацца, наліце і гаспадару.

Бліжэйшыя падзеі паказалі, як легкадумна я паводзіўся.

18

Таго дня падчас выправы на возера мне заманулася замест традыцыйнага заплыву ўсцяж берагавой лініі здзейсніць невялікае падарожжа на другі бок, дзе, паводле маіх разлікаў, зацвілі белыя лілеі.